Фрыдэрык Шапэн
Фрыдэрык Шапэн | |
Fryderyk Chopin | |
Адзіная вядомая фатаграфія Шапэна, 1849 | |
Дата нараджэньня | 1 сакавіка (паводле іншых зьвестак — 22 лютага) 1810 |
---|---|
Месца нараджэньня | Жэлязова-Воля, Варшаўскае герцагства |
Дата сьмерці | 17 кастрычніка 1849 (39 гадоў) |
Месца сьмерці | Парыж, Францыя |
Прычына сьмерці | сухоты[1] |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Польшча, Францыя |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар, піяніст |
Навуковая сфэра | акадэмічная музыка[d], музыка рамантызму[d], накцюрн[d], баляда, эцюд[d], мазурка, waltz[d], палянэз, impromptu[d], прэлюдыя[d], вальс і клясычная музыка |
Жанры | рамантызм |
Інструмэнты | фартэпіяна |
Бацька | Нікаля Шапен[d][3][4] |
Маці | Тэкля Юсціна Шапен[d][3][4] |
Подпіс | |
Фры́дэрык Франсуа́ Шапэ́н (па-француску: Frédéric François Chopin [ʃɔpɛ̃][5]; па-польску: Fryderyk Franciszek Chopin [ˈʂɔpɛn̪], Фрыдэ́рык Франці́шэк Шо́пэн[6], па-ангельску: Frédéric François Chopin [`ʃopæn, ʃo`pæn; ˋʃoupæŋ, ˋʃɒpæ:][7]; 1 сакавіка (па некаторых крыніцах — 22 лютага) 1810, вёска Жэлязова-Воля, каля Варшавы — 17 кастрычніка 1849, Парыж) — польскі кампазытар і піяніст-віртуоз. Аўтар шматлікіх твораў для фартэпіяна. Найбуйнейшы прадстаўнік польскага музычнага мастацтва. Па-новаму вытлумачыў многія жанры: адрадзіў на рамантычнай аснове прэлюдыю, стварыў фартэпіянную баляду, апаэтызаваў і драматызаваў танцы — мазурку, палянэз, вальс; ператварыў скерца ў самастойны музычны твор. Узбагаціў гармонію і фартэпіянную фактуру; спалучаў клясычнасьць формы з мэлядычным багацьцем і фантазіяй.
2 канцэрты (1829 год, 1830 год), 3 санаты (1822—44), фантазія (1841 год), 4 баляды (1835—42), 4 скерца (1832—42), экспромты, накцюрны, эцюды і іншыя творы для фартэпіяна; песьні. У яго фартэпіянным выкананьні глыбіня і шчырасьць пачуцьцяў спалучаліся з выкшталцонасьцю, тэхнічнай дасканаласьцю.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне і сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька Шапэна — Нікаля Шапэн, француз, сын лятарынскага селяніна, эміграваў у Польшчу ў 1787 годзе ва ўзросьце шаснаццаці год. У Францыі ён быў ахрышчаны як «Нікаля», але, жывучы ў Польшчы, ён карыстаўся польскай формай свайго імя — «Мікалай». Цяжка сказаць, што вымусіла яго пакінуць Францыю, але ў Польшчы ён знайшоў новую бацькаўшчыну і прымаў актыўны ўдзел у яе гістарычным лёсе. Нікаля Шапэн разам з польскімі патрыётамі прымаў удзел у барацьбе за незалежнасьць Польшчы. Пасьля задушэньня паўстаньня Тадэвуша Касьцюшка і канчатковага падзела Рэчы Паспалітай (1795 год) Нікаля Шапэн, капітан войска Касьцюшка, нягледзячы на хісткасьць свайго палажэньня, вырашыў застацца ў Польшчы. Чалавек шырокага разумовага далягляду і адукацыі, ён займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю, навучаючы дзяцей з арыстакратычных сем’яў, і ўрэшце заваяваў рэпутацыю аднаго з найлепшых пэдагогаў Варшавы. Аднымі з такіх дзяцей, былі дзеці графа Скарбка, да якога Нікаля Шапэн быў запрошаны ў 1802 годзе ў маёнтак Скарбкаў Жэлязова-Воля. Там ён сустрэўся з далёкай сваячкай Скарбкаў, — Юстынай Кшыжаноўскай, зь якой пазьней пабраўся шлюбам[8]. Вясельле адбылося 2 чэрвеня 1806 году ў прыхадзкой царкве XVI ст. у Брохаве. Па захаваўшыхся зьвестках, маці кампазытара была надзвычай музыкальнай, выдатна іграла на фартэпіяна, была надзеленая прыгожым голасам. Сваёй маці Фрыдэрык абавязаны першымі музычнымі ўражаньнямі, прывітай зь дзяцінства прыязнасьцю да народных песьняў. Інтэлігентнасьць і чуласьць бацькоў зьлітавалі ўсіх чальцоў сям’і любоўю і спрыялі разьвіцьцю адораных дзяцей.
Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фрыдэрык Шапэн нарадзіўся ў маёнтку Жэлязова-Воля за 46 км на захад ад Варшавы ў тагачасным Варшаўскім герцагстве. Запіс у мэтрычнай кнізе (знойдзены ў 1892) падае 22 лютага 1810 году за дату нараджэньня кампазытара[9], але на іншую дату, 1 сакавіка, прыходзілася сьвяткаваньне яго нараджэньня сярод шчыльнага сямейнага кола[10]; і, паводле пісьма самога Шапэна, якое ён адрасаваў 16 студзеня 1833 году старшыні польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы[11], ён «нарадзіўся 1 сакавіка 1810 у вёсцы Жэлязова-Воля ў правінцыі Мазовія»[12]. Ён быў другім дзіцёнкам і адзіным сынам у сям’і. Ён быў ахрышчаны 23 красавіка 1810 году ў той жа царкве ў Брохаве, дзе калісьці ажаніліся яго бацькі. Мэтрычная кніга падае яго асабістае імя пасьля хрышчэньня як «Fridericus Franciscus»[9]; па-польску яго імя гучала «Fryderyk Franciszek».
У кастрычніку 1810 году, калі Шапэну было сем месяцаў, сям’я пераехала ў Варшаву з-за таго, што яго айцец прыняў прапанову знакамітага лексыкографа Самюэля Ліндэ выкладаць францускую мову ў Варшаўскім ліцэі. Школа месьцілася ў Саксонскім палацы і з гэтага часу сям’я Шапэнаў пражывала на яго прымежнай тэрыторыі. У 1817 годзе вялікі князь Канстанцін Паўлавіч рэквізаваў Саксонскі палац для ваенных мэтаў і Варшаўскі ліцэй перамясьціўся ў Казімежаўскі палац[13], які тады належаў да новазаснаванага Варшаўскага ўнівэрсытэта. Сям’я жыла ў шырокім пакоі на другім паверсе сумежнага дома. Шапэн наведваў Варшаўскі ліцэй з 1823 па 1826 гг.
Польскі дух, культура і мова запоўнілі дом Шапэна і ў выніку ён ніколі, нават ў Парыжы, ня быў здольны ў поўнай меры авалодаць францускай мовай[14][15]. Біёграф Льюіс Энолт пазычыў фразу Жорж Санд, каб апісаць Шапэна «больш польскім, чым Польшча»[16].
Іншыя ў сям’і Шапэнаў былі гэтаксама схільныя да музыкі. Айцец Фрыдэрыка іграў на флейце і скрыпцы; яго маці іграла на піяніна і давала дзецям урокі ў элітным пансыянаце, які падтрымліваўся сям’ёй маладога кампазытара. У выніку Фрыдэрык ужо ў малым узросьце стаў добра знаёмым з музыкай у яе самых разнастайных формах[14].
Ужо ў дзіцячыя гады Шапэн праявіў незвычайныя музычныя здольнасьці. Ён быў аточаны асаблівай увагай і клопатам. Гэтаксама, як і Моцарт, ён захапляў усіх навакольных сваёй музычнай «апантанасьцю», незьнікаемай фантазіяй у імправізацыях, прыраджоным піянізмам. Яго ўспрымальнасьць і музычная ўражлівасьць выявіліся бурна і незвычайна. Ён мог плакаць, слухаючы музыку, ускокваць ноччу, каб падабраць на фартэпіяна мэлёдыю ці акорд, які запомніў. Музыкант і сучасьнік Шапэна Юзэф Сікорскі ўзгадвае ў сваіх «Успамінах пра Шапэна» (польск. Wspomnienie Chopina) што, яшчэ дзяцём, Шапэн плакаў падчас ігры сваёй маці на фартэпіяна. У шасьцігадовым узросьце, ён ужо спрабаваў паўтараць, тое што ён чуў, і ствараць свае ўласныя мэлёдыі[17]. Ён атрымаў свае першыя фартэпіянныя ўрокі не ад сваёй маці, а ад сваёй старэйшай сястры Людвікі[14].
Першыя фартэпіянныя канцэрты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першым прафэсійным настаўнікам Шапэна па фартэпіяна, з 1816 па 1822 гг., быў чэх Войцех Жыўні[18]. Хоць музычнае майстэрства юнага музыканта хутка пераўзыйшло майстэрства яго настаўніка, Шапэн пазьней выказваўся пра Жыўнага зь вялікай прыязнасьцю. Сямігадовы «маленькі Шапэн» (Szopenek) пачаў даваць публічныя канцэрты, якія пазьней выклікалі параўнаньні маладога піяніста з Моцартам, у дзіцячым узросьце, і Бэтговэным[14].
Сёлета, сямігадовы Шапэн напісаў два палянэзы, у соль міноры і сі-бэмоль мажоры. Першы быў апублікаваны ў гравюрнай майстэрні айца Ізыдора Юзэфа Цыбульскага (кампазытара, гравёра, дырэктара арганнай школы і аднаго зь нешматлікіх выдаўцоў тагачаснай Польшчы); другі палянэз захаваўся ў форме рукапіса, падрыхтаванага Нікаля Шапэнам. Казалася, што гэтых два невялікіх творы супернічалі ня толькі з папулярнымі палянэзамі вядучых польскіх кампазытараў, але і са знакамітымі палянэзамі Міхала Клеафаса Агінскага. Істотнае разьвіцьцё мэлядычных і гарманічных інвэнцыяў і фартэпіяннай тэхнікі адлюстравалася ў наступным вядомым палянэзе Шапэна ў ля-бэмоль мажоры, які юны музыкант прэзэнтаваў на імяніны Войцеха Жыўнага ў 1821 годзе ў якасьці падарунка[14].
У адзінаццацігадовым узросьце Шапэн выступаў у прысутнасьці расейскага імпэратара Аляксандра I, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве, каб адкрыць Сейм (польскі парлямэнт)[17].
Будучы дзіцём, Шапэну была ўласьцівая кемлівасьць, якая, як казалі, паглынала і выкарыстоўвала ўсё дзеля яе разьвіцьця. Ён рана паказаў выдатныя здольнасьці ў назіраньні і красьленьні, праніклівую дасьціпнасьць, пачуцьцё гумару і незвычайны талент да перайманьня[14]. Гісторыя зь яго школьных гадоў распавядае, як настаўнік быў прыемна зьдзіўлены цудоўным партрэтам, які Шапэн намаляваў са свайго кіраўніка ў клясе.
У гэтыя гады Шапэн быў некалькі разоў запрошаны ў Бэльвэдэрскі палац у Варшаве ў якасьці музычнага партнэра вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, неўзабаве захапіўшы зласьлівага князя сваёй фартэпіяннай ігрой[14] (празь некалькі год, вялікі князь зьбягаў з Бэльвэдэра адразу пасьля пачатку лістападаўскага паўстаньня 1830—1831 гадоў, уцякаючы ад польскіх кадэтаў, якія, з мэтай захапіць яго, перасьледвалі князя цераз Лазенскоўскі парк да сваіх баракаў).
У 1820-я гг., калі дзесяцігадовы Шапэн наведваў Варшаўскі ліцэй і Варшаўскую кансэрваторыю, кожныя вакацыі ён праводзіў далёка ад Варшавы: у Шафраніі (1824 — напэўна яго першае ўласнае падарожжа — і 1825), Душнікі (1826), Памэранія (1827) і Саньнікі (1828)[19].
У вёсцы Шафранія (дзе ён знаходзіўся ў якасьці госьця Юльюша Дзеваноўскага, айца ліцэйскага таварыша Дамініка Дзеваноўскага)[20] і ў іншых месцах яго адпачынку Шапэн пазнаёміўся з народнымі мэлёдыямі, якія ён пазьней пераўтварыў у арыгінальныя кампазыцыі. Яго лісты з Шафраніі (так званыя лісты «Шафранскага кур’ера»), наўмысна напісаныя ў афіцыёзным стылі, зьяўляліся ўзорам вельмі сучаснай і жывой польскай мовы, якія пазабавілі яго сям’ю сваёй парадыйнасьцю на варшаўскія газэты і выявілі літаратурны талент юнага Шапэна.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шапэн, які адукоўваўся дома да трынаццаці год, стаў вучнем Варшаўскага ліцэя ў 1823 годзе, працягваючы аднак фартэпіянныя ўрокі пад кіраўніцтвам Жыўнага. У 1825 годзе, падчас прадстаўленьня твора Ігнацы Машэлеса, ён выступіў перад аўдыторыяй са сваёй вольнай імправізацыяй і быў абвешчаны «найлепшым піяністам Варшавы»[14].
Увосені 1826 году Шапэн распачаў трохгадовы курс адукацыі з сылескім кампазытарам Юзэфам Эльснэрам у Варшаўскай кансэрваторыі, якая зьяўлялася філіяй Варшаўскага ўнівэрсытэту. Першая сустрэча Шапэна з Эльснэрам мусіла мець месца не раней за 1822 год; дакладна вядома, што на працягу 1823 году Шапэн быў пад нефармальным кіраўніцтвам Эльснэра і ў 1826 годзе Шапэн афіцыйна пачаў вывучаць з Эльснэрам музычную тэорыю, генэрал-бас і музычную кампазыцыю.
На першым гадавым іспыце Эльснэр заўважыў выбітны талент і музычны геній Шапэна. Як і Жыўны, Эльснэр толькі назіраў, не ўплываючы і не выпраўляючы, разьвіцьцё квітнеючага талента маладога Фрыдэрыка. Эльснэравы вучэбны стыль быў заснаваны на яго нежаданьні «утрымліваць» Шапэна «вузкімі, акадэмічнымі, састарэўшымі» правіламі і на яго рашэньні дазволіць маладому артысту пасталець «згодна з законамі яго ўласнай прыроды».
У 1827 годзе сям’я Шапэнаў пераехала на кватэру ўздоўж вуліцы ля Варшаўскага ўнівэрсытэту, якую яны здымалі ў палацы Чапскіх у Кракаўскім прадмесьці (дзе цяпер месьціцца Варшаўская акадэмія мастацтваў). Тут бацькі Шапэна ізноў пачалі трымаць свой элітны пансыянат для студэнтаў-мальчыкаў. Юны Шапэн будзе жыць тут да 1830 году, пакуль ня зьедзе ў Варшаву. У 1837—1839 артыст і паэт Цыпрыян Норвід будзе жыць тут падчас навучаньня маляваньню ў Акадэміі прыгожых мастацтваў; пазьней ён напіша свой знакаміты верш «Фартэпіяна Шапэна», які распавядае пра выпадак яго зьнішчэньня расейскімі войскамі ў 1863 годзе[21]. Салён сям’і Шапэнаў (salonik Chopinów) на дадзены момант зьяўляецца адчыненым для любой аўдыторыі музэем; гэта быў менавіта гэты чалён, дзе Шапэн упершыню сыграў большасьць сваіх раньніх твораў.
Парыж
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шапэн прыехаў у Парыж напрыканцы верасьня 1831 году, у няпэўным стане адносна сваёй будучыні тут. У Парыжы Шапэн займеў добрыя стасункі зь вядомымі польскімі эмігрантамі, улучна з прынцам Адамам Ежы Чартарыскім і паэтам Адамам Міцкевічам. Кола знаёмстваў Шапэна ўзбагацілася такімі постацямі як пісьменьнік Гайнрых Гайнэ, мастак Эжэн Дэлякруа, найбуйнейшыя піяністы таго часу Фрыдрых Калькбрэнэр, Фэрдынанд Гілер і Франц Ліст, кампазытары Гектар Бэрліёз, Фэлікс Мэндэльсон, Шарль-Валентын Алькан і Вінчэнца Бэліні. Свой першы канцэрт у Парыжы ён даў 26 лютага 1832 году.
Жорж Санд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жорж Санд (Занд) — псэўданім францускай пісьменьніцы Аўроры Дудэван (Амандын-Аўрора-Люсіль Дупэн, баранэса Дудэван), зь якой Шапэн пазнаёміўся ў 1836 годзе. Нягледзячы на першапачатковае адмоўнае ўражаньне, трохі пазьней кампазытар распачаў зь ёй рамантычныя стасункі. У 1845 годзе Жорж Санд выдала кнігу Лукрэцыя Флярыяні, галоўныя героі ў якой — заможная акторка й балесны прынц, якіх можна інтэрпрэтаваць як Санд і Шапэна.
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1848 годзе Шапэн вярнуўся ў Парыж. Ня ў змозе больш даваць урокі, Шапэн вымушаны быў прыняць шчодрую дапамогу ад сваёй шатляндзкай прыхільніцы Джэйн Стырлінг (па-ангельску: Jane Stirling). Даглядаць хворага прыехала з Польшчы сястра кампазытара, Людвіка; не абыходзілі яго ўвагай і францускія сябры. Шапэн памёр ад сухотаў у сваёй парыскай кватэры на Вандомскім пляцы. Паводле яго жаданьня на адпяваньні ў царкве св. Мадлен прагучалі фрагмэнты Рэквіему Моцарта.
Шапэн пахаваны на парыскіх могілках Пэр-Ляшэз. Сэрца Шапэна паводле яго тэстамэнту было перавезенае на радзіму і спачывае ў Базыліцы сьвятога Крыжа у Варшаве
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шапэн — кампазытар, надзвычай папулярны для выкананьня сярод піяністаў. Кожны, хто мае хоць нейкае дачыненьне да йгры на фартэпіяна, сутыкаецца з праблемай інтэрпрэтацыі твораў Шапэна.
Раз на пяць гадоў у Варшаве адбываецца Міжнародны конкурс піяністаў імя Шапэна, на якім выконваюцца выключна творы гэтага кампазытара, адзін з найпрэстыжнейшых у сьвеце. За доўгую гісторыю гэты конкурс адкрыў імёны найвыбітнейшых піяністаў, такіх як Марта Аргерыч, Маўрыцыё Паліні (анг. Maurizio Pollini), Крыстыян Цымерман (анг. Krystian Zimerman), Іва Пагарэліч (анг. Ivo Pogorelić), Фу Ц’Онґ (анг. Fou Ts'ong) і шмат якіх іншых. У 1995 годзе на гэтым конкурсе бліскуча выступіў беларускі піяніст Андрэй Паначэўны, які ў выніку быў узнагароджаны ганаровым дыплёмам.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ува ўсіх творах Шапэна выкарыстоўваецца фартэпіяна. Большасьць кампазыцыяў напісаныя для фартэпіяна сола, маюцца таксама творы для фартэпіяна з скрыпкаю, віялянчэльлю і з аркестрам. Захавалася блізу 230 твораў Фрыдэрыка Шапэна, некаторыя юнацкія творы загубленыя.
Творы для фартэпіяна сола
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Баляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Баляда соль мінор, тв.23 (створаная 1835-36)
- Баляда Фа мажор, тв.38 (1836-39)
- Баляда Ля-бэмоль мажор, тв.47 (1841)
- Баляда фа мінор, тв.52 (1942-43)
Эцюды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 12 эцюдаў, тв.10 (1829-32)
- 12 Эцюдаў, тв.25 (1832-36)
- 3 Новыя Эцюды (1839)
Фантазіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фантазія фа мінор, тв.49
- Палянэз-фантазія Ля-бэмоль мажор, тв.61
Экспромты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мазуркі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палянэзы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэлюдыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 24 Прэлюдыі, тв.28 (1836-39)
- Прэлюдыя до-дыез мінор, тв.45 (1841)
- Прэлюдыя Ля-бэмоль мажор (1834, апублікаваная ў 1918)
Ронда
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скерца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Санаты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Саната для фартэпіяна до мінор, тв.4 (1828)
- Саната для фартэпіяна сі-бэмоль мінор, тв.35 (1837-39)
- Саната для фартэпіяна сі мінор, тв.58 (1844)
Вальсы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творы для фартэпіяна з аркестрам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Варыяцыі на тэму Моцарта Là ci darem la mano Сі-бэмоль мажор, тв.2 (1827)
- Фантазія на польскія тэмы Ля мажор, тв.13 (1828)
- Rondo à la Krakowiak Фа мажор, тв.14 (1828)
- Канцэрт №1 мі мінор, тв.11 (1830)
- Канцэрт №2 фа мінор, тв.21 (1829—1830)
- Andante Spianato і Вялікі бліскучы палянэз Мі-бэмоль мажор, тв.22 (1830—1831)
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Расеі праводзіцца Маскоўскі міжнародны конкурс юных піяністаў імя Шапэна. Іменем Шапэна названая Польская балтыйская філярмонія ў Гданьску.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://naukawpolsce.pap.pl/aktualnosci/news%2C86728%2Cekspert-chopin-pod-koniec-zycia-cierpial-na-zapalenie-osierdzia-bedace
- ^ https://www.newyorker.com/culture/culture-desk/chopins-heart
- ^ а б в https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Chopin-Fryderyk-Franciszek;3885797.html
- ^ а б Catalog of the German National Library (ням.)
- ^ Францускае напісаньне прозьвішча — Chopin — вынікае з прозьвішча яго бацькі, француза па нацыянальнасьці, см. Wincenty Łopaciński Chopin, Mikołaj / Polski słownik biograficzny, vol. III. — Kraków.: Polska Akademia Umiejętnosści, 1937, pp. 426-27.
- ^ Аднак Фрыдэры́ка Францішэ́ка Шапэ́на, Польский язык. Методические указания (Ударение), Музыкальная шкатулка от Шопена
- ^ oldict.com Online Dictionary
- ^ Zdzisław Jachimecki, "Chopin, Fryderyk Franciszek, " Polski słownik biograficzny, vol. III, 1937, p. 420.
- ^ а б Запіс аб хрышчэньні Шапэна (па-лацінску, датаваны 23 красавіка), прыход сьвятога Роха ў Брохаве, Польшча, падае 22 лютага за дату нараджэньня Шапэна: http://diaph16.free.fr/chopin//actenaissancechopin.png
- ^ Barbara Life / Biography – general outline (анг.). Fryderyk Chopin Society. Праверана 26 лютага 2010 г.
- ^ Bibliothèque Polonaise de Paris (фр.)
- ^ Selected Correspondence of Fryderyk Chopin, abridged from Fryderyk Chopin’s correspondence, collected and annoted by Bronislaw Edward Sydow, translated by Arthur Hedley, McGraw-Hill, 1963, p. 116
- ^ Fryderyk Chopin Information Centre
- ^ а б в г д е ё ж Jachimecki, p. 420.
- ^ Benita Eisler, Chopin’s Funeral, Abacus, 2004, p. 29
- ^ Bauer, Marion Music Through the Ages – A Narrative for Student and Layma. — Books.google.com, March 2007. — P. 248. — ISBN 9781406739411
- ^ а б Hedley, Encyclopædia Britannica, p. 263.
- ^ Ambroży Mieroszewski’s portrait of Wojciech Żywny, 1829.
- ^ Artur Szklener, «Fryckowe lato: czyli wakacyjne muzykowanie Chopina» («Fritz’s Summers: Chopin’s Musical Vacations»), Magazyn Chopin: Miesięcznik Narodowego Instytutu Fryderyka Chopina (Chopin Magazine: Monthly of the Fryderyk Chopin National Institute), no. 4, 2010, p. 8.
- ^ https://web.archive.org/web/20121028143151/http://en.chopin.nifc.pl/chopin/persons/detail/id/6608
- ^ Jan Zygmunt Jakubowski, ed., Literatura polska od średniowiecza do pozytywizmu (Polish Literature from the Middle Ages to Positivism), pp. 514-15.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімер Дубоўка. У зьвязку з пытаньнем аб беларускіх мэлёдыях у творчасьці Шопэна. Думкі і нататкі. // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 1. — С. 145—148.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фрыдэрык Шапэн — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Памерлі 17 кастрычніка
- Памерлі ў 1849 годзе
- Пахаваныя ў Парыжы
- Пахаваныя на могілках Пэр-Ляшэз
- Пахаваныя ў Варшаве
- Выпускнікі Музычнага ўнівэрсытэту імя Фрыдэрыка Шапэна
- Выпускнікі Варшаўскага ўнівэрсытэту
- Нарадзіліся ў 1810 годзе
- Нарадзіліся ў Мазавецкім ваяводзтве
- Польскія кампазытары
- Францускія кампазытары
- Фрыдэрык Шапэн
- Францускія піяністы
- Рамантызм
- Рамантычныя кампазытары
- Асобы на марках
- Памерлі ў Парыжы
- Памерлі ад сухотаў