Перайсьці да зьместу

Усходняя Беласточчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Усходняя Беласточчына — гісторыка-культурны рэґіён, што месьціцца на паўночным усходзе Польшчы, ля мяжы зь Беларусьсю, на сутыку этнічных тэрыторыяў беларусаў ды палякаў у басэйнах Заходняга Бугу й Нарава.

Да этнакультурнага арэалу беларусаў на тэрыторыі Польшчы на падставе распаўсюджаньня беларускіх гаворак, а таксама ўдзельнай долі беларусаў у складзе насельніцтва паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2002 можна цалкам аднесьці тэрыторыю Гайнаўскага павету, усходнюю частку Бельскага павету (зь местам Бельск-Падляскі), а таксама тэрыторыю Беластоцкага павету на ўсход ад даліны ракі Нараў на яе субмэрыдыянальным адрэзку. У гэты арэал уваходзіць і Беласток — паселішча з найбольшаю колькасьцю беларусаў сярод усіх местаў Польшчы. Да этнакультурнага арэалу беларусаў мае далучацца большая частка Саколкаўскага павету (без заходніх ґмінаў): з увагі на распаўсюджаньне тут дыялектаў найбольш блізкіх да літаратурнае беларускай мовы, трывалыя гістарычныя сувязі гэтае тэрыторыі зь Беларусьсю. Нарэшце, да азначанага рэґіёну адносіцца ўсходняя частка Сямяціцкага павету.

Такім чынам, плошча рэґіёну, які атрымаў назву Ўсходняя Беласточчына, складае ля 8 тыс. км². З поўначы на поўдзень гэта тэрыторыя працягнулася на 150—170 км, з захаду на ўсход — на 50-60 км.

Па ўсходняе мяжы Беласточчыны праходзіць дзяржаўная мяжа між Беларусьсю (Гарадзенская й Берасьцейская вобласьці) і Польшчаю. Частка гэтае мяжы пралягае па прыродных рубяжах: (водападзел Нёману й Віслы, рака Сьвіслач, лясны масіў Белавескае пушчы); але яны не абцяжарваюць кантакты між дзьвюма краінамі. На поўначы Беласточчына мяжуе з Сувалшчынаю па рацэ Бобра і забалочанай Бобранскай катлавіне. Заходнюю мяжу беларускага этнакультурнага арэалу можна правесьці ад Бобры на поўдзень уздоўж ракі Бярозаўка, далей з усходу ад даліны Нарва на яе субмэрыдыянальным адрэзку, з захаду ад Бельска-Падляскага і Сямяцічаў да ракі Буг.

Землі на захадзе этнічнае тэрыторыі беларусаў гістарычна маюць назву Падляшша, або Падлясьсе. На мяжы I—II тысячагодзьдзяў Падляшша было зонаю расьсяленьня балцкага племені яцьвягаў, побач зь якімі жылі славяне: дрыгавічы, валыняне (бужане), мазуры.

Усходнеславянскае насельніцтва наплывала сюды з двох галоўных кірункаў: усходняга і паўднёва-ўсходняга. Вынікі гэтага адрозьненьня відаць да сёньняшняга дня. Паўночныя дыялекты (на поўнач ад Нарва) чыста беларускія, ужываюць іх насельніцтва, якое называюць «літвінамі». У паўднёвых, «падляшуцкіх», дыялектах заўважаюцца падабенствы да ўкраінскіх.

У XI—XIII стагодзьдзях Падляшша было аб’ектам спрэчкаў між галіцка-валынскімі, літоўскімі, польскімі князямі і Тэўтонскім ордэнам. У XIII ст. землі на поўдзень ад ракі Нараў увайшлі ў склад Галіцка-Валынскага княства. Да гэтага мазаўшане, літвіны і крыжакі ў выніку вайсковых паходаў вынішчылі ўжо яцьвягаў. Тэрыторыі на поўнач ад Нарва былі падпарадкавныя літоўскім князям.

У XIII—XIV стагодзьдзях Падляшша ўвайшло да складу Вялікага Княства Літоўскага. Мазовія тым часам стала часткаб Кароны (Польшчы). У 1382-83 дайшло і да вайсковых дзеяў між Польшчаю й ВКЛ за валоданьне Падляшшам. Свае прэтэнзіі на Падляшша мелі ў гэты пэрыяд і крыжакі.

Замкавая гара ў Дарагічыне

Ужо ў XI—XIII стагодзьдзях на Падляшшы зьявіліся месты: Дарагічын, Мельнік, Бельск, Бранск. У першай палове XIV ст. быў заснаваны Беласток. З 1413 Падляшша знаходзілася ў складзе Троцкага ваяводзтва ВКЛ. У 1520 створанае Падляскае ваяводзтва з цэнтрам у Дарагічыне.

З XV ст. пачынаецца вайскова-палітычнае зьбліжэньне ВКЛ і Каралеўства Польскага. У 1562 ў Бельску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся плян будучае Люблінскае уніі. У 1564 тут на сойме абвешчаны Бельскі прывілей, нормы якога ўвайшлі ў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году.

Паводле Люблінскае ўніі, падпісанай у 1569, ВКЛ і Польшча аб’ядноўваліся ў канфэдэрацыю — Рэч Паспалітую. Напярэдадні Заходняе Падляшша (Дарагічынская, Мельніцкая й Бельская землі) было перададзенае да складу Польшчы. У той жа час Усходняе Падляшша (Берасьцейская зямля) засталося ў складзе ВКЛ. Дакладныя межы між Усходнім і Заходнім Падляшшам пры гэтым не былі вызначаныя, а паўночна-ўсходнія раёны сучаснае Беласточчыны засталіся ў складзе Троцкага ваяводзтва ВКЛ.

Супрасьльскі дабравешчанскі манастыр (сучасны выгляд)

У позьнім сярэднявеччы Беласточчына адыграла вялікую ролю ў беларускім этнакультурным працэсе. Супрасьльскі манастыр, заснаваны напрыканцы XV ст., стаў духоўным цэнтрам беларускага праваслаўя, меў друкарню і багацейшую бібліятэку. У Заблудаве ў 1567 была заснаваная друкарня, дзе працавалі першадрукары Іван Фёдараў ды Пётра Мсьціславец. Ім належыць гонар выданьня «Заблудаўскага эванґельля» (1569) — аднаго з найбольш выдатных помнікаў старажытнабеларускага пісьменства і друку. У 1573 друкарня перанесеная ў Супрасьль, а затым — у Беласток.

У XVI—XVII стагодзьдзях на Падляшшы хутка расьлі месты (Беласток, Бельск-Падляскі й інш.), разьвіваўся гандаль і рамёствы, выкарчоўваліся лясы і ўзьнікалі новыя селішчы. Пад ахову былі ўзятыя каралеўскія пушчы (Белавеская, Кнышынская, Аўґустоўская).

Аднак жа з другое паловы XVII ст. назіраецца заняпад гаспадарчага і культурнага жыцьця, справакаваны паходамі швэдзкіх войскаў, нападамі татараў. У XVIII ст. ў сувязі з заняпадам шматлікіх местаў закладваліся новыя, галоўным чынам прыватныя, якія ўсё ж не займелі важнага значэньня (выключэньнем сталі бадай што Сямяцічы). Буйнешым жа й найважнейшым местам Падляшша ў гэты час становіцца Беласток.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Беласток і Падляскія землі далучаныя да складу Прусіі (Белавеская пушча тым часам адыйшла да Расеі). Беласток стаў цэнтрам аднаго з прускіх дэпартамэнтаў.

Пасьля паразы Прусіі ў вайне з Францыяю паводле Тыльзыцкага міру Беласточчына далучылася да складу Расейскае імпэрыі. У 1808 тут была створаная асобнаяя Беластоцкая вобласьць, неўзабаве ў 1842 скасаваная й далучаная да Гарадзенскае ґубэрні.

Беласток заставаўся найбольш значным гаспадарчым цэнтрам рэґіёну і на працягу XIX ст. Напачатку XX ст. колькасьць насельніцтва места наблізілася да 100 тыс. чал. (зь іх каля 2/3 складалі габрэі). А. Смоліч характарызуе тагачасны Беласток як «найбольшае хвабрычнае места Беларусі». Акрамя таго, прамысловасьць (у першую чаргу, суконная) разьвівалася ў шэрагу невялікіх мястэчккаў блізь Беластока: Супрасьлі, Заблудаве, Хорашчы, Міхалове, Гарадку і інш. Паводле заселенасьці тэрыторыі і шчыльнасьці насельніцтва Беласточчына пераўзыходзіла іншыя рэґіёны Беларусі. Тут склалася ўзорная сельская гаспадарка, арыентаваная на вырошчваньне азімых (пшаніцы й жыта), бульбы, гародніны, садавіны, тэхнічных культураў (лён, хмель, табака) і прадукцыйную жывёлагадоўлю. У 1906 была заснаваная першая беларуская арґанізацыя на Беласточчыне: Бельская арґанізацыя Беларускае сацыялістычнае грамады.

У 1915 падчас Першае сусьветнае вайны Беласточчына акупіяваная нямецкімі войскамі. Затым у выніку польска-савецкае вайны гэты край паводле Рыскага міру ў 1921 увайшоў у склад Польшчы. У 1920-я — 30-я рр. на Беласточчыне дзейнічалі палітычныя і грамадзкія арґанізацыі, што аб’ядноўвалі беларусаў (КПЗБ, БСРГ, БХД), палякаў, габрэяў. У гэты пэрыяд праявіў сябе партызанскі рух, адбываліся выступы працоўных.

У верасьні 1939, пасьля пачатку Другое сусьветнае вайны на Беласточчыну ўступілі войскі Чырвонае Арміі. У Беластоку быў скліканы Народны сход Заходняй Беларусі, які абвясьціў яе далучэньне да Беларускае ССР; 4 сьнежня 1939 ў складзе БССР была ўтвораная Беластоцкая вобласьць. У 1939-41 на Беласточчыне актывізавалася беларускае культурнае жыцьцё, пачаў дзеяць шэраг беларускіх тэатральных і музычных калектываў, у гэты час быў створаны Дзяржаўны польскі тэатар БССР. Акрэсьлены пэрыяд быў, аднак, адзначыны і рэпрэсіямі, дэпартацыяю часткі насельніцтва.

23 чэрвеня 1941 Беласток акупіяваны нямецкімі войскамі. Акупацыя прынесла вялізарную шкоду, асабліва жорстка вынішчалася габрэйскае насельніцтва Беласточчыны. Супраціў акупантам аказвала Беластоцкая вобласная антыфашыстоўская арґанізацыя, вайсковыя фармаваньні Арміі Краёвае, у 1943 адбылося паўстаньне ў Беластоцкім ґета. У ліпені 1944 войскі 2-га Беларускага фронту адбілі Беласточчыну.

У 1944—1945 роках паводле пагадненьня між савецкім і польскім урадамі Беласточчына зноў перададзеная да Польшчы, у складзе якое было адноўленае Беластоцкае ваяводзтва. У 1944-46 дзясяткі тысячаў беларусаў пераселеныя адсюль у БССР, аднак і пасьля гэтага ў рэґіёне заставалася шматлікае беларускае насельніцтва. Пасьля вайны арґанізаваная нацыянальна-культурная дзейнасьць беларусаў на Беласточчыне пачалася з аднаўленьня тут беларускага школьніцтва. У 1956 было створанае Беларускае Грамадзка-культурнае Таварыства ў Польшчы, беларускаю моваю пачала выдавацца ґазэта «Ніва», з 1957 выдаецца «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа», створаныя беларускія ліцэі ў Бельску-Падляскім і Гайнаўцы.

З канца 1980-х рр. беларускае грамадзка-культурнае жыцьцё на Беласточчыне прыкметна актывізуецца. У 1980-я рр. адчынены Гайнаўскі музэй помнікаў беларускай культуры, заснаванае Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. У 1990-я рр. створаны Беларускі саюз у РП, Саюз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства, Аб’яднаньне беларускіх журналістаў і іншыя грамадзкія арґанізацыі, беларускаю моваю выйшаў шэраг новых выданьняў.

Дзьвюхмоўная шыльда пры ўезьдзе ў вёску Маліньнікі, Бельскі павет

У 1999 ў Польшчы ўведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, паводле якога Беластоцкае ваяводзтва скасаванае і далучылася да Падляскага ваяводзтва з цэнтрам у Беластоку. Цяпер беларусы засяляюць пераважна ўсходнія і паўднёва-ўсходнія раёны названага ваяводзтва.

У Белавескай пушчы

Для акрэсьленае тэрыторыі характэрны раўнінны рэльеф, умераны клімат. Беласточчыну перасякаюць даволі значныя рэкі, якія адносяцца да басэйну Балтыйскага мора. Тэрыторыя амаль цалкам належыць да вадазбору Віслы, толькі ля мяжы зь Беларусьсю асобныя вадатокі належаць басэйну Нёману. Асноўныя рэкі Беласточчыны: Буг, Нараў, Супрасьль, Бобра, Нурэц. Найбольшае па плошчы вадасховішча — Семяноўка, на Нарве, ля мяжы Польшчы й Беларусі; яно было напоўнена вадою ў 1992-93 р.

Глебы Беласточчыны ападзоленыя, у параўнаньні зь іншымі рэґіёнамі Польшчы не адрозьніваюцца высокаю ўрадлівасьцю. Землі сельскагаспадарчага прызначэньня займаюць каля 60% тэрыторыі. Тут да нашага часу захаваліся яшчэ значныя лясныя масівы, між якіх асабліва вылучаюцца Белавеская й Кнышынская пушчы. Рэґіён цалкам належыць да функцыянальнага абшару «Зялёных лёгкіх Польшчы», які ахоплівае найбольш экаляґічна чыстыя і каштоўныя ў прыродных адносінах тэрыторыі краіны.

Гаспадарчы розьвітак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беласточчына месіцьцца на чыгуначных і аўтамабільных шляхах, галоўны транспартны калідор перасякае яе з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад.

Гаспадарка рэґіёну аґрарна-прамысловая, вырошчваць тут збожжавыя культуры, бульбу, цукровыя буракі, рапс, лён, займаюцца жывёлагадоўляю.

Найбольшыя месты, занчныя прамысловыя і культурныя цэнтры дадзенага рэґіёну: Беласток, Гайнаўка й Бельск-Падляскі. Розьвітак атрымалі машынабудаваньне, дрэваапрацаваньне, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў, лёгкая і харчовая прамысловасьць.

Дынамічна разьвіваецца невытворчая сфэра. Для рэґіёну вялікае значэньне мае памежны гандаль, банкаўскі і страхавы сэктары.

Дужа пэрспэктыўным сэктарам эканомікі ё турыстычны: перадусім, эка- і аґратурызм.

Беларусы на Беласточчыне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ядро Ўсходняе Беласточыны як этнакультурнага арэалу беларусаў утвараюць тэрыторыі, што ляжаць на ўсход і паўднёвы ўсход ад Беластоку, дзе пераважае праваслаўнае насельніцтва (належыць да Польскае аўтакефальнае праваслаўнае царквы). Прыналежнасьць да праваслаўя стала важнаю прычынаю захаваньня нацыянальнае тоеснасьці сярод беларусаў Польшчы. Перавага прыхільнікаў каталіцкае веры на Сакольшчыне спрыяла таму, што гэта тэрыторыя стала пэрыфэрыяю для беларусаў.

Навучаньне беларускай мове ў школах Беласточчыны

На прыкладзе арґанізацыі навучаньня беларускай мове ў школах Усходняе Беласточчыны відаць, што беларускае школьніцтва мае 2 асноўныя цэнтры, Бельск-Падляскі й Гайнаўка, дзе месьцяцца ліцэі адпаведнага профілю. Па-за гэтым арэалам у шэрагу выпадкаў (у тым ліку ў Беластоку) ё тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці вучняў, для якіх праводзяцца заняткі па беларускай мове. У той жа час агульная колькасьць вучняў, ахопленых навучаньнем беларускай мовы, памяншаецца (з 3753 вучняў у 2002/2003 навучальным годзе да 3544 у 2005/2006). Апошняя тэндэнцыя найбольш выразная ў невялікіх вясковых школах Гайнаўскага павету, дзе яна абумоўленая зьмяншэньнем колькасьці дзяцей.

Гайнаўскі павет, які вылучаецца найбольшаю ўдзельнаю вагою беларусаў, мае найхутчэйшыя тэмпы натуральнага зьмяншэньня насельніцтва ў выніку малое нараджальнасьці й высокае сьмяротнасьці, трывае ад міґрацыйнага адтоку. Тым часам найбольш дынамічна сярод местаў апісанага рэґіёну разьвіваецца Беласток — самае вялікае места ўсяе паўночна-ўсходняе Польшчы, важны адміністрацыйны, гаспадарчы і культурны цэнтар.

Найвышэйшаю канцэнтрацыяю беларускага насельніцтва адрозьніваюцца месты Беласток, Гайнаўка і Бельск-Падляскі (паводле вынікаў перапісу 2002 адпаведна — 7,4, 6,0, 5,6 тыс. чал.), яны сталі цэнтрамі грамадзка-культурнага жыцьця беларусаў.

Ва Ўсходняй Беласточчыне дзейнічае больш за 10 грамадзкіх арґанізацыяў, што аб’ядноўваюць беларусаў.

Беларускаю моваю выдаецца тыднёвік «Ніва», беларускаю друкуюцца матэрыялы ў іншых пэрыядычных выданьнях («Czasopis», «Białoruskie Zeszyty Historyczne» і інш.). Беларускія пісьменьнікі Беласточчыны (Сакрат Яновіч, Віктар Швед, Мікола Гайдук, Міра Лукша і інш.) праявілі сябе ў самых розных літаратурных жанрах. Літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Белавежа» спрыяе розьвітку беларускае літаратуры ў Польшчы, выдала больш за 100 кніг.

У этэр Беластоцкага радыё выходзяць праґрамы падрыхтаваныя беларускаю рэдакцыяю.

Пасьпяхова працуе катэдра беларускае культуры ў Беластоцкім унівэрсытэце.

Беларускі музэй у Гайнаўцы

Дзейнічае Беларускі музэй у Гайнаўцы. Ґрунт экспанатаў музэю складаюць сельскагаспадарчыя прылады працы, творы народнага мастацтва і культурныя здабыткі беларусаў у Польшчы.

На Беласточчыне існуюць шматлікія беларускія мастацкія калектывы, клюбы, арґанізуюцца культурна-мастацкія фэсты, сьвяты. Шторок адбываецца фэст «Беларуская песьня» (Беласток), «Басовішча — Фэст музыкі маладое Беларусі» (Гарадок), «Бардаўская восень» (Бельск-Падляскі), сьвята «Купальле» (Белавежа).

Дасьледаваньнем гісторыі і культуры беларусаў займаюцца мясцовыя навукоўцы Я. Мірановіч, А. Мірановіч, Алег Латышонак, В. Харужы і інш.

  • Беларусы: этнаграфія, дэмаграфія, дыяспара, канфесіі: Атлас / Рэдкал.: С. А. Польскі і інш., — Мн., 1996.
  • Кундрат Ю. Беласточчына як частка этнакультурнага арэала беларусаў / Ю. І. Кундрат // Геаграфія: праблемы выкладання: Штокв. навук.-метад. часоп. / Заснав.: Рэд. часоп. «Адукацыя і выхаванне» ― 2007. ― № 6. ― С. 50―53.
  • Латышонак А. Карысны перапіс // Ніва, № 4 (2489), 2004.
  • Смоліч А. Географія Беларусі. — 4-е выд. — Мн.: Беларусь, 1993.
  • Ширяев Е. Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. — Мн., 1991.
  • Informacja dotycząca nauczania języka mniejszości narodowych w województwie podlaskim w roku szkolnym 2002/2003. — Kuratorium Oświaty w Białymstoku. 2002.
  • Kowalski M. Polacy na Białorusi, Białorusini w Polsce — obraz pogranicza dwóch narodów. — Warszawa, IGiPZ PAN, 2002.
  • Szkoły prowadzące dodatkowe nauczanie języka białoruskiego w roku szkolnym 2005/2006. — Kuratorium Oświaty w Białymstoku. 2005.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]