Крэйдавы пэрыяд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Крэйдавы пэрыяд (сыстэма), крэйда — трэці й апошні пэрыяд мэзазойскай эры. Пачаўся 145 мільёнаў рокаў таму, працягваўся 79 мільёнаў рокаў. Канец пэрыяду адзначаны крэйдава-палеагенавым выміраньнем.

Фізычна-геаграфічныя ўмовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам крэйдавага пэрыяду кантынэнты, разыходзячыся ў бакі па распадзе Пангеі, паступова прымалі сучаснае становішча. Утварыліся Атлянтычны ды Індыйскі акіяны, колішняя Панталяса зрабілася цяперашнім Ціхім. Ішоў працэс мэзазойскага гораўтварэньня, дзякуючы якому ўтварыліся сярод іншых нэвадыйскія й лярамідзкія структуры Кардыльераў. Позьняя крэйда характарызуецца максымальным узроўнем акіянічнай трансгрэсіі, у выніку якой сучасная Эўропа была падзеленая на асобныя астравы, а ў Паўночнай Амэрыцы ўтварылася Заходняе Ўнутранае мора, якое падзяліла кантынэнт на заходнюю (Лярамідыя) ды ўсходнюю (Апалачыя) часткі.

Сярэдняя тэмпэратура пэрыяду была роўная 18 стопням, узровень тлену ў атмасфэры дасягаў 30%.[1][2]

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле колькасьці ды разнастайнасьці прыродных багацьцяў крэйдавы пэрыяд займае адно зь першых месцаў у фанэразоі. З магматызмам павязаныя адны з найвялікшых на Зямлі рудаўтварэньняў. Пераважная іх частка належыць да Ціхаакіянскае геасынкліналі, у межах якой знаходзяцца руды каляровых мэталаў. Ува Ўсходняй Азіі да крэайдавых адкладаў належыць алавянны пас. Канец позьняй крэйды таксама багаты на медна-парфіравыя радовішчы (Аляска, Чылі, Чукотка, Камчатка, Балканы, Каўказ). Вялікая доля сусьветных запасаў нафты й газу таксама мае крэыйдавы ўзрост. Паводле адкладаў вугольля крэйда трохі саступае пермі, але ідзе ўровень з карбонам. Утварэньне баксытаў, павязанае з зонай цёплага вільготнага клімату, уласьцівае для Эўразіі, дзе месьцяцца дзьве баксытаносныя правінцыі — Міжземнаморская й Сыбірска-Казахстанская. Вялікія радовішчы баксытаў таксама маюцца ў Паўночнай Амэрыцы, Чылі, Аўстраліі, роўнікавай частцы Афрыкі. У падобных умовах утварыліся й жалезныя руды Заходняе Сыбіры, Гарцу й Паўночнае Афрыкі. Найбольшыя адклады гіпсу ды соляў павязаныя з нэакомам, тады як фасфарытаў — з сэнонам.

Арганічны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біясфэра крэйдавага пэрыяду мела шмат агульнага зь юрскай. Галоўныя ролі сярод расьлінаў і жывёлаў працягвалі адыгрываць суадносна голанасенныя ды паўзуны. Разам з тым зь сярэдзіны пэрыяду пачынаюцца зьмены ў экасыстэмах. Цягам гэтак званай апцка-альбскае зялёнае рэвалюцыі за адносна невялікі прамежак часу адбываецца масавае засяленьне зямлі пакрытанасеннымі расьлінамі, у выніку чаго флёра позьняй крэйды ўжо мела кайназойскае аблічча. Сярод залежных ад расьлінаў вусякоў зьнікаюць мэзазойскія групы, шырока распаўсюджваюцца новыя — лускакрылыя, балонкавакрылыя, двухкрылыя. У моры ў сярэдзіне пэрыяду выміраюць іхтыязаўры, на зьмену ім прыходзяць мазазаўры (марскія прадстаўнікі лускаватых). У паветры птушкі паступова выцясьняюць птэразаўраў, якія застаюцца толькі ў буйнапамернай клясе. Дыназаўры адаптуюцца да новай расьліннасьці, лік іх таксонаў працягвае павялічвацца да кампанскага веку. Сярод сысуноў зьяўляюцца сумкавыя й пляцэнтарныя.

У канцы маастрыхцкага веку адбываецца крэйдава-палеагенавае выміраньне, у выніку якога зьнікаюць дыназаўры, птэразаўры, плезыязаўры, мазазаўры, аманіты, бэлемніты, энанцыёрнісавыя птушкі й некаторыя іншыя жывёлы, у тым ліку значная частка плянктону. Хутчэй за ўсё, яно было вылкікана комплексам чыньнікаў. Да астэроіднай гіпотэзы большасьць палеантолягаў ставіцца скептчына. У папулярнай літаратуры гэтая крыза звычайна падаецца як адзіная ды найбольш жахлівая катастрофа падобнага маштабу цягам усяе гісторыі плянэты, але насамрэч крэйдава-палеагенавае выміраньне саступала па памерах перма-трыясаваму ўдвая, прыкладна супадаючы маштабамі з ардовіцка-сылюрыскім ды трыясава-юрскім выміраньнямі.

Стратыграфічны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крэйдавы пэрыяд падзяляецца на дзьве эпохі й дванаццаць вякоў.

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Беларусі выяўленыя адклады ўсіх вякоў крэйдавага пэрыяду, апроч бэрыяскага. Палеагеаграфічныя ўмовы розьніліся ў залежнасьці ад эпохі.

У пачатку крэйды асноўная частка Беларусі была сушай, неглыбокі марскі басэйн займаў толькі паўднёвы ўсход краіны. У ім да сярэдзіны апту адкладваліся пясчанікі, гліны ды алеўрыты, арганічны сьвет рэпрэзэнтавалі ў асноўным фарамініфэры. У сярэдзіне апту мора адышло з паўднёвага ўсходу Беларусі, якая да канца альбу ўяўляла сабой акумуляцыйную раўніну. У рэках і азёрах назапашваліся кантынэнтальныя пясчана-гліністыя адклады. Найбольшая магутнасьць адкладаў ніжняй крэйды складае 76 мэтраў.

Позьнекрэйдавай эпосе ўласьціва паніжэньне ўзроўню кантынэнтаў і агульным наступам мора. У канцы альбу — пачатку сэнаману мора захапляе паўднёвую частку Беларусі, дзе пачынаюць адкладвацца пяскі, вапняковыя ды вапнякова-гліністыя ілы, якія пазьней пераўтварыліся на крэйдава-мэргелевыя пароды. Пачынаючы з каньяцкага веку плошча марскога басэйну паступова скарачаецца, і пад канец маастрыхту ўся тэрыторыя рэспублікі зноў апынулася на сушы. Адклады маастрыхту маюць абмежаванае распаўсюджаньне на паўднёвым усходзе й паўднёвым захадзе Беларусі. Найбольшая магутнасьць позьнекрэйдавых адкладаў складае 293 мэтры на паўднёвым усходзе й 279 мэтраў на паўднёвым захадзе. У беларускіх адкладах позьняй крэйды шырока прадстаўленыя фарамініфэры, якія маюць важнае значэньне для стратыграфіі гэтых адкладаў. Сярод карысных выкапняў ва ўсходняй частцы краіны выяўленыя радовішчы мэргелева-крэйдавых пародаў, фасфарытаў ды крэмнезёмаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.
  • Еськов К. Ю. Удивительная палеонтология: История Земли и жизни на ней. ЭНАС, 2008 г. — 312 стр.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]