Панама (горад)
| Панама | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| Дата заснаваньня | 25 жніўня 1519 | ||||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||||
| Кіраўнік адміністрацыі | Маер Мазрачы[d][2] | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча |
| ||||
| Вышыня НУМ | 20 м[3] | ||||
| Часавы пас | UTC-5 | ||||
| Каардынаты | 8°58′16″ пн. ш. 79°32′05″ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць |
| ||||
| Афіцыйная мова | гішпанская мова | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | 507 | ||||
| Паштовы індэкс | 0801 | ||||
| Сайт | mupa.gob.pa (гішп.) | ||||
| Панама на мапе Панамы Панама | |||||
Панама (па-гішпанску: Ciudad de Panamá) — сталіца і найбуйнейшы горад Панамы[4][5]. Насельніцтва гораду складае 410 354 чалавек (2023), пры гэтым у панамскай аглямэрацыі жыве больш за 2 мільёны жыхароў. Горад разьмешчаны ля ціхаакіянскага ўваходу ў Панамскі канал. Горад ёсьць палітычным і адміністрацыйным цэнтрам краіны, а таксама цэнтрам банкаўскай справы і гандлю[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Горад быў заснаваны 15 жніўня 1519 году Пэдра Арыясам дэ Авіляй, таксама вядомым як Пэдрарыяс Давіля. Празь некалькі гадоў па заснаваньні горад стаў адпраўным пунктам для дасьледаваньняў і заваяваньня Пэру і транзытным пунктам для перапраўкі золата і срэбра, якія накіроўваліся назад у Гішпанію празь пярэсмык. У 1520 годзе генуэскія купцы кантралявалі порт і гандаль рэгіёну, галоўным чынам дзеля гандлю рабамі, дзякуючы саступцы, дадзенай гішпанцамі, для якіх Генуэская рэспубліка была галоўным банкаўскім хабам[7][8]. У 1671 годзе Гэнры Морган з атрадам у 1400 чалавек напаў і разрабаваў горад, які пасьля быў зьнішчаны пажарам. Руіны старога гораду захаваліся дагэтуль і ёсьць папулярнай турыстычнай славутасьцю, вядомай як Панама-Віеха. Горад быў адноўлены ў 1673 годзе на новым месцы, прыкладна за 8 км на паўднёвы захад ад першапачатковага места. Гэтае месца цяпер вядомае як Каска-Віеха.

За год да пачатку Каліфарнійскай залатой ліхаманкі была створаная Панамская чыгуначная кампанія, але чыгунка пачала паўнавартасную эксплюатацыю толькі ў 1855 годзе. Паміж 1848 і 1869 гадамі, калі ў ЗША было завершанае будаўніцтва першай транскантынэнтальнай чыгункі, блізу 375 тысяч чалавек перасеклі пярэсмык з Атлянтычнага ў Ціхі акіян, а ў адваротным кірунку трапілі 225 тысяч чалавек. Гэты рух значна павялічыў дабрабыт гораду ў гэты час. Па абвяшчэньні незалежнасьці ад Калюмбіі 3 лістапада 1903 году францускі інжынэр Філіп Бюно-Варыльля быў прызначаны надзвычайным пасланьнікам і паўнамоцным міністрам. Бюно-Варыльля вёў перамовы па дамове 1903 году, якая прадугледжвала перадачу ЗША адрэзак зямлі шырынёю 10 міляў дзеля канала, аднаразовы плацёж Панаме ў памеры 10 мільёнаў даляраў і штогадовы ануітэт у памеры 250 тысяч даляраў. ЗША таксама пагадзіліся гарантаваць незалежнасьць Панамы. Панамскі канал, завершаны ў 1914 годзе, сымбалізаваў тэхналягічны патэнцыял і эканамічную моц ЗША. Не зважаючы на тое, што кантроль ЗША над каналам у рэшце рэшт стаў раздражняльнікам у амэрыкана-панамскіх дачыненьнях, у той час ён быў абвешчаны буйным дасягненьнем у замежнай палітыцы ЗША[9].

Будаўніцтва Панамскага канала мела вялікую карысьць для інфраструктуры і эканомікі. Асабліва варта адзначыць паляпшэньне ў ахове здароўя і санітарыі, выкліканае амэрыканскай прысутнасьцю ў зоне канала. Ўільям Горгас, галоўны санітарны лекар на будаўніцтве канала, аказаў асабліва вялікі ўплыў. Ён выказаў гіпотэзу, што хваробы распаўсюджваюцца празь вялікую колькасьць камароў, якія жывуць у гэтым раёне, і загадаў правесьці фумігацыю дамоў і ачыстку вады. Гэта прывяло да ліквідацыі выпадкаў захворваньняў на жоўтую ліхаманку да лістапада 1905 году, а таксама да рэзкага зьніжэньня ўзроўню захворваньня на малярыю[10]. Аднак большасьць рабочых, якія былі прыцягнутыя да будаўніцтва канала, былі прывезеныя з краінаў Карыбскага басэйна, што стварыла беспрэцэдэнтную расавую і сацыяльную напружанасьць у горадзе. За час Другой сусьветнай вайны будаўніцтва вайсковых базаў і прысутнасьць вялікай колькасьці амэрыканскіх вайскоўцаў і грамадзянскага пэрсаналу прывялі да чарговай хвалі беспрэцэдэнтнага падвышэньня дабрабыту мяшчанаў. Уласна самі панамцы мелі абмежаваны дасяг або наагул яго ня мелі да многіх раёнаў у зоне канала, якія мяжуюць з сталічнай агламэрацыяй. Некаторыя з гэтых раёнаў былі ператвораныя на вайсковыя базы, даступнымі толькі для вайскоўцаў ЗША. Узьнікла пэўная напружанасьць паміж народам Панамы і грамадзянамі ЗША, якія базаваліся ў зоне Панамскага канала. Гэта вылілася ў падзеі 9 студзеня 1964 году, вядомыя як Дзень пакутнікаў.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Як эканамічны і фінансавы цэнтар краіны, эканоміка гораду грунтуецца на паслугах, вялікую ўвагу надаючы банкаўскай справе, гандлю і турызму[11]. Эканоміка значна залежыць ад гандлёвай і суднаходнай дзейнасьці, павязаных з функцыянаваньнем Панамскага канала і партовымі збудаваньнямі, разьмешчанымі ў Бальбоа. Статус Панамы як зоны канвэргенцыі капіталу з усяго сьвету дзякуючы каналу дапамог гораду зарэкамендаваць сябе як выдатнае месца для афшорнага банкаўскага абслугоўваньня і падатковага раю. Такім чынам, эканоміка абапіраецца на бухгальтараў і праўнікаў, якія дапамагаюць глябальным карпарацыям[12]. Горад атрымаў плён ад значнага эканамічнага росту ў апошнія гады, галоўным чынам дзякуючы сталаму пашырэньню Панамскага канала, павелічэньню інвэстыцыяў у нерухомасьць і адносна стабільнаму банкаўскаму сэктару[13]. У горадзе працуюць каля васьмідзесяці банкаў, прынамсі пятнаццаць зь якіх ёсьць мясцовымі. На Панаму прыпадае блізу 55% ВУП краіны, у першую чаргу праз тое, што большасьць панамскіх прадпрыемстваў зарэгістраваныя ў горадзе або ягонай аглямэрацыі[14]. Места ўважаецца за прыпыначны пункт для іншых напрамкаў у краіне, а таксама транзытны пункт і турыстычны цэнтар сам па сабе.
Турызм ёсьць адным з найважнейшых відаў эканамічнай дзейнасьці з пункту гледжаньня атрымання прыбытку. Гэты сэктар эканомікі значна павялічыўся з моманту перадачы зоны Панамскага канала ў канцы ХХ стагодзьдзя. Колькасьць гатэльных нумароў павялічылася больш чым у дзесяць разоў, а колькасьць штогадовых наведвальнікаў павялічылася з 457 тысяч чалавек у 1999 годзе да 1,4 мільёнаў наведнікаў у 2011 годзе[15]. Узровень запаўняльнасьці гатэляў гораду заўсёды быў адносна высокім, дасягнуўшы ў 2008 годзе другога паводле велічыні сярод усіх гарадоў па-за межамі ЗША пасьля аўстралійскага Пэрту і Дубаю[16]. Аднак з 2009 году ўзровень запаўняльнасьці гатэляў зьнізіўся, верагодна, праз адкрыцьцё мноства новых раскошных гатэляў[17]. Некалькі міжнародных гатэльных сетак, як то Le Méridien, Radisson і RIU, адкрылі або плянуюць адкрыць новыя гатэлі ў горадзе[18]. Самым высокім будынкам гораду ёсьць Трамп-Оўшэн-клаб.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ archINFORM (ням.) — 1994.
- ↑ https://mupa.gob.pa/alcalde-de-panama/
- ↑ https://it-ch.topographic-map.com/map-s5fss8/Panam%C3%A0/?zoom=19¢er=8.97077%2C-79.53417&popup=8.97087%2C-79.53423
- ↑ «Diccionario panhispánico de dudas. Apéndice 5: Lista de países y capitales, con sus gentilicios». Real Academia de la Lengua Española.
- ↑ Real Academia Española y Asociación de Academias de la Lengua Española, «Lista de países y capitales, con sus gentilicios», Ortografía de la lengua española, Madrid, Espasa Española, Real Academia (2010). «Panamá.1 País de América». Espasa. — С. 726. — ISBN 978-84-670-3426-4.
- ↑ «Investing in Panama». BusinessPanama.
- ↑ «I Genovesi d'Oltremare i primi coloni moderni». Giustiniani.
- ↑ «15. Casa de los Genoveses». Patronato Panamá Viejo.
- ↑ «Building the Panama Canal 1903—1904». Office of the Historian.
- ↑ «Panama Canal». History.
- ↑ «Panama Useful Facts». Panama Tours.
- ↑ Semple, Kirk (6.04.2016). «Panama Papers Leak Casts Light on a Law Firm Founded on Secrecy». The New York Times.
- ↑ «Panama economy grew 2.4 percent in 2009». Reuters.
- ↑ «Municipio de Panamá». Municipio.
- ↑ Neville, Tim (3.05.2013). «Panama City Rising». The New York Times.
- ↑ «Panama City Has The Second Highest Hotel Occupancy Outside Of The United States». Panama Real Estate Investment.
- ↑ «Hotel occupancy rates see sharp drop». Global Edge.
- ↑ «Twenty-two Hotels are Under Construction in Panama». El Panama Hotel.