Перайсьці да зьместу

Наша Ніва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Наша Ніва (1991)»)
Наша Ніва
лац. Naša Niva
Тып штотыднёвік (серада)
Фармат А3, 16 палосаў
Выдавец ПВУП «Суродзічы»
Краіна Беларусь
Галоўны рэдактар Ягор Марціновіч
Заснаваная 1906 г., адноўленая ў 1991 г.
Закрытая 2018
Мова беларуская
Штаб-кватэра
Наклад 8051 (№11 (800), 20 сакавіка 2013)
ISSN 1819-1614
Афіцыйны сайт nashaniva.com
Рэгістрацыйныя зьвесткі Пасьведчаньне аб рэгістрацыі № 581 ад 14 сакавіка 2007 году, выдадзенае Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Наша Ніва ў Вікісховішчы

«На́ша Ні́ва» — беларуская газэта і інфармацыйны інтэрнэт-партал. Выдаецца ў Менску (з 1996 году), ад пачатку выдавалася ў Вільні ў 1906—1915, 1920 і з 1991 году. У 1997 годзе зьявіўся сайт nn.by, з 2006 году інтэрнэт-вэрсія «Нашай Нівы» эвалюцыянавала ў фармат інтэрнэт-платформы, якая ў 2016 годзе канчаткова замяніла сабой папяровую газэту.

«Наша Ніва» — народная агульнабеларуская газэта, асяродак і рухавік нацыянальнага жыцьця, якая шмат зрабіла дзеля разьвіцьця беларускай літаратуры, выпрацоўваньня нормаў літаратурнай мовы і правапісу. Тут апавяданьнем «Музыка» дэбютаваў Максім Багдановіч, з публікацыяў на яе старонках пачалі свой творчы шлях Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Канстанцыя Буйло, Зьмітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок ды іншыя. У «Нашай Ніве» ўпершыню пабачылі сьвет урыўкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа, паэмы «Курган» і «Бандароўна» Янкі Купалы, які ў 1914—1915 гадох быў рэдактарам газэты[1]. 1906—1915 гады ў беларускай гістарыяграфіі называюцца «нашаніўскім пэрыядам».

Газэта «Наша Ніва» ўтварылася ў 1906 годзе, і спачатку фактычна была органам Беларускае сацыялістычнае грамады. Думка пра стварэньне беларускай газэты ўзьнікла ў сяброў БСГ ў канцы лета 1906 году, калі партыя знаходзілася на нелегальным становішчы і ёй патрэбна было пачаць легальную справу. 1 верасьня 1906 году ў Вільні выйшаў пілётны нумар першае беларускае газэты «Наша доля». Зь пяці выдадзеных нумароў «Нашай долі» чатыры былі канфіскаваныя ўладамі Расейскай імпэрыі. За «заклік да ўзброенага паўстаньня для перамены дзяржаўнага ладу» Віленская судовая палата пастанавіла «выданьне газэты „Наша доля“ забараніць назаўсёды», а рэдактара газэты пакараць адным годам турэмнага зьняволеньня. Тым ня менш, ужо празь месяц (паводле некаторых зьвестак — нават яшчэ ў час выданьня «Нашай долі») удалося пачаць выпуск другой беларускай газэты.

Праект аздобы «Нашай Нівы» Язэпа Драздовіча

«Наша Ніва» пачала выходзіць 10 (23) лістапада 1906 году[2]. Выдаўцамі газэты лічыліся прыватныя асобы, бо БСГ дагэтуль знаходзілася на нелегальным становішчы. Першым выдаўцом і рэдактарам быў Аляксандар Уласаў. Адным з ідэолягаў выданьня — Іван Луцкевіч, стваральнік славутага віленскага Беларускага музэю і фундатар шматлікіх палітычных і культурных праектаў. Побач зь ім працаваў ягоны брат, ідэоляг Беларускай сацыялістычнай грамады Антон Луцкевіч. З 1909 году сакратаром газэты, а ў 1912—1913 гадох фактычным яе рэдактарам стаў Вацлаў Ластоўскі. З «Нашай Нівай» разам працаваў клясык літаратуры Якуб Колас. Максім Багдановіч і Зьмітрок Бядуля таксама дэбютавалі ў «Нашай Ніве». А славуты нацыянальны паэт Янка Купала ў лютым 1914 году стаў яе рэдактарам і кіраваў газэтай да восені 1915 году[2].

Першы нумар «Нашай Нівы», 23 лістапада 1906 г.

Газэта была разьлічаная пераважна на вясковага чытача і нацыянальную інтэлігенцыю. Галоўнае месца ў ёй адводзілася матэрыялам, якія прысьвячаліся актуальнаму жыцьцю Беларусі, падзеям у жыцьці беларускага нацыянальнага руху. Яе выданьне суправаджалася рэнэсансам інтэлектуальнага жыцьця, у ёй друкавалася цэлая пляяда пісьменьнікаў, якія сталі клясыкамі беларускай літаратуры — сярод іх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.

Перашкоды з боку расейскіх уладаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першая старонка ад 20 сакавіка 1914 г. з поклічам «Жыве Беларусь!» у артыкуле «Пуцяводная ідэя»

З самага пачатку існаваньня «Нашай Нівы» ўлады Расейскай імпэрыі пільна сачылі за яе зьместам. Існавалі адмысловыя органы, якія кантралявалі выданьне газэт і кнігаў, нацыянальным выданьням надавалася асаблівая ўвага. У Вільні гэтым займаўся Віленскі цэнзурны камітэт. У 1906 годзе характарыстыка «Нашай Нівы» зьмяшчаецца ў спэцыяльным дакумэнце, складзеным цэнзурным камітэтам па патрабаваньні ахоўчага аддзяленьня паліцыі. Дакумэнт апісвае і іншыя газеты, якія выходзілі тады ў Вільні (іх было 57). «43. „Наша Ніва“. Спачатку крыху больш памяркоўная, чым „Наша доля“, стала затым зьмяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што некалькі разоў канфіскоўвалі наклад»[3].

У першай палове 1907 году на старонках «Нашай Нівы» зьявіліся матэрыялы «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зэляндыі» ды іншыя, на якія адразу зьвярнула ўвагу цэнзура і палічыла іх небясьпечнымі для існага дзяржаўнага ладу. На два нумары газэты быў накладзены арышт[4].

Рэдакцыя Нашай Нівы на вуліцы Завальнай у Вільні, 1907 г.

За рэдакцыяй газэты, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага жыцьця і сходаў нацыянальна сьвядомай інтэлігенцыі, вялося сталае сачэньне паліцыяй. Акрамя таго, сачэньне вялося з дапамогай паштовай службы і нават Праваслаўнай царквы.

Рэдакцыя газэты Нашай Нівы, да 1915 г.

Актыўную прапагандысцкую кампанію супраць беларускага руху і газэты вялі афіцыйныя расейскія каляніяльныя выданьні «Виленский вестник», «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Крестьянин» ды іншыя; а таксама сталічныя выданьні «Окраины России», «Россия» і «Новое время».

У 1914 годзе пачалася Першая сусьветная вайна. Ва ўмовах ваеннага становішча і жорсткай цэнзуры «Наша Ніва» хоць і заняла ў дачыненьні вайны варожую пазыцыю, але мусіла была плаціць ваенныя падаткі і адмовіцца ад прапаганды ідэі Беларускай дзяржаўнасьці. Тым ня менш, амаль кожны нумар у выніку дзеяньняў расейскай ваеннай цэнзуры выходзіў з купюрамі. За публікацыю антыўрадавых матэрыялаў асобыя нумары «Нашай Нівы» працягваліся канфіскоўвацца. На яе забаранялася падпісвацца настаўнікам і вучням Віленскай навучальнай акругі, паштовым, вайсковым і іншым чынам. Рэзка пагоршыліся фінансавыя ўмовы газэты.

Шмат беларусаў былі мабілізаваныя ў армію, сярод іх і супрацоўнікі «Нашай Нівы». Шмат падпісантаў былі адрэзаныя фронтам, які няўхільна набліжаўся да Вільні. Выданьне газэты ў такіх умовах станавілася немагчымым.

7 жніўня 1915 году выйшаў апошні нумар штотыднёвіка з подпісам Янкі Купалы. У верасьні войскі Нямецкай імпэрыі занялі Вільню.

Пэрыяд паміж закрыцьцём і адраджэньнем

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Газэта не была адноўленая ані ў час існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ані ў Беларускай ССР.

У 1920 годзе была спроба адрадзіць газэту ў Вільні. У пэрыяд з 28 кастрычніка па 20 сьнежня 1920 году выйшла 9 нумароў. Газэта асьвятляла падзеі, зьвязаныя з акупацыяй Беларусі польскімі войскамі і рыхтаваньнем яе падзелу між суседнімі дзяржавамі. Шмат увагі зьвярталася на палітычную будучыню Беларусі, на неад’емнасьць права беларусаў на ўласную сувэрэнную дзяржаву. Пісалася пра стварэньне Сярэдняй Літвы. Нэгатыўна выказвалася пра дзеяньні Булак-Балаховіча. Газэта была забароненая польскай вайсковай цэнзурай.

Насуперак абвінавачваньням у рэвалюцыйнасьці, якія гучалі з боку расейскай улады да кастрычніцкага перавароту 1917 году і нягледзячы на яскрава сацыялістычную скіраванасьць газэты, за часамі СССР «Наша Ніва» ў прапагандзе атрымала азначэньне, як «контррэвалюцыйнае», «лібэральна-буржуазнае», «нацыяналістычнае» выданьне. Упершыню гэта было зроблена падчас спэцыяльнай дыскусіі аб «Нашай Ніве» на паседжаньні Таварыства гісторыкаў-марксыстаў у 1931 годзе.

У часы «перабудовы» на новай хвалі нацыянальнага абуджэньня і адраджэньня пачалі зьяўляцца ініцыятывы рэабілітацыі «Нашай Нівы». Выданьне газэта адрадзілася ў траўні 1991 году ў Вільні. Першым галоўным рэдактарам стаў Сяргей Дубавец. Адноўленае выданьне заняло вынятковае месца сярод іншых беларускіх пэрыёдыкаў. «Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласьцівых многіх беларускамоўным выданьням савецкае пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўнівэрсальныя тэмы, зьявілася вялікая колькасьць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемадачыненьняў народаў рэгіёну.

У Беларусі ішлі складаныя працэсы будаваньня нацыі, аднак у 1995 годзе ў краіне ўсталяваўся аўтарытарны прарасейскі рэжым Лукашэнкі. Час патрабаваў стварэньня паўнавартых СМІ. Таму ў 1996 годзе рэдакцыю газэты пастанавілі перанесьці ў Менск. «Наша Ніва» зноў стала ўласна газэтаю, якая надала вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і сьвеце.

У 1998 годзе зьменены ўладамі Закон аб друку дазволіў спыняць выданьне газэтаў без пастановы суду па двух папярэджаньняў. 29 траўня таго ж году газэта «Наша Ніва» атрымала папярэджаньне ад Дзяржаўнага камітэту па друку за «скажэннне агульнапрытых нормаў выкарыстоўваемай мовы»[5]. У адказ на гэта рэдакцыя падала ў Вышэйшы гаспадарчы суд заяву, дзе запатрабавала скасаваць гэтае папярэджаньне. На судовым паседжаньні сябар-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Аляксандар Булыка, прафэсары Браніслаў Плотнікаў, Павал Сьцяцко, Генадзь Цыхун і загаднік катэдры БДПУ імя Максіма Танка Павал Міхайлаў засьведчылі, што выкарыстаньне клясычнага правапісу не парушае агульнапрынятых нормаў беларускай мовы[6]. У выніку, 22 сьнежня 1998 году суд скасаваў выдадзенае раней папярэджаньне на падставе таго, што ў беларускім заканадаўстве ня ўтрымліваецца патрабаваньняў абавязковага ўжываньня менавіта афіцыйных правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі, замацаваўшы за газэтай «Наша Ніва» права выдавацца клясычным правапісам[7].

Ад 2000 году рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераняў Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006 гадох), газэта вярнулася да штотыднёвае пэрыядычнасьці. Адбылася трансфармацыя «Нашай Нівы» з выданьня літаратурна-інтэлектуальнага ў выданьне грамадзка-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовым. Ад 2002 году аб’ём газэты павялічыўся з 12 да 16 старонак, ад 2005 году — да 24-х. На сваім піку тыраж газэты дасягае 8000 асобнікаў.

У лістападзе 2005 году рэжым Лукашэнкі выдаліў з падпіснога каталёгу РУП «Белпошта» «Нашу Ніву», разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданьняў[8]. З таго часу газэта мусіла распаўсюджвацца самастойна, сродкамі энтузіястаў, яна перайшла ў кішэнны фармат і павялічыла колькасьць старонак да 48-мі. У 2006 годзе ў некалькіх гарадах Беларусі прайшоў шэраг флэшмобаў у падтрымку «Нашай Нівы».

Рэдакцыя засяродзілася на разьвіцьці інтэрнэт-сайту nn.by. Ад 2006 году інтэрнэт-вэрсія «Наша Ніва» эвалюцыянавала ў фармат інтэрнэт-плятформы, прыстасоўваючы тэхналёгію выданьня да эпохі электронных СМІ. У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» стаў самым папулярным рэсурсам на беларускай мове. Паводле статыстыкі Гугл Аналітыкс у 2016—2017 гадох у сярэднім штомесяц сайт НН заходзіла каля 600 000 унікальных наведнікаў, праглядаючы каля 7 000 000 старонак. Прыкладна 84% наведнікаў — зь Беларусі, 49% — зь Менску.

З 2006 году да рэдактарства газэты далучыўся Андрэй Скурко. Андрэй Дынько стаў рэдактарам сайту nn.by. Тым часам Алесь Кудрыцкі стварыў сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка стаў Зьміцер Панкавец.

У канцы лістапада 2008 году зьявілася інфармацыя пра магчымасьць вяртаньня газэты «Наша Ніва» ў дзяржаўную сетку распаўсюджваньня і падпісныя каталёгі «Белпошты»[9]. 4 сьнежня 2008 году газэта зьявілася ў вольным продажы. Тыднёвік упершыню надрукаваны ў колеры. Ад гэтага нумару, «Наша Ніва» пачала выходзіць афіцыйным правапісам (школьным — як пазначыла сама рэдакцыя газэты). Наклад першага «афіцыйнага» нумару (45 за 2008 год) вырас ў 2,5 разы: да 5200 асобнікаў у параўнаньні з накладам у 2200 асобнікаў папярэдняга нумару 44 за 2008 год. Да забароны ў канцы 2005 году наклад газэты складаў 3200 асобнікаў[10]. Да 1 студзеня 2009 году гэтая лічба вырасла да 6000[11].

Ад аднаўленьня ў 1991 годзе і да № 595 (45) за 4 сьнежня 2008 году «Наша Ніва» друкавалася клясычным правапісам. Аднак, на сайце газэты перадрук паведамленьняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў зь іншых беларускамоўных выданьняў афіцыйным правапісам разьмяшчаўся і раней. Выкарыстаньне газэтай клясычнага правапісу стала падставай для дыскусіяў як сярод аўтараў НН, так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газэты ў сувязі з абавязковым пераводам выданьня з 1 верасьня 2010 году на афіцыйны правапіс згодна з прынятым Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законам «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» (напярэдадні прыняцьця гэтага закону ў кастрычніку 2007 году прызначаны Лукашэнкам міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў, што мэта дакумэнту — забарона «супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы» клясычнага правапісу[12]). У 2007 годзе заснавальнік газэты і першы яе рэдактар Сяргей Дубавец прызнаў ранейшую правільнасьць, але далейшую беспэрспэктыўнасьць выбару газэты на карысьць клясычнага правапісу.

Ад 1 ліпеня 2016 году «Наша Ніва» выходзіла ў фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надавалася разьвіцьцю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце публікаваліся ў дзьвюх вэрсіях (на беларускай і расейскай мовах). З 1 сакавіка 2017 году, замест Андрэя Скурко, на пасаду галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» заступіў Ягор Марціновіч.

6 чэрвеня 2018 году рэдакцыя абвясьціла пра выхад апошняга папяровага нумару выданьня і пераход цалкам у электронны фармат. «„Наша Ніва“ паказала ўсім прыклад, як адаптавацца да новай эпохі. У маі 2018 году NN.BY наведалі 475 тысячаў карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак. А бываюць месяцы значных падзей, і тады лічбы большыя нават удвая. Гэта непараўнальна з аўдыторыяй папяровай газэты. У далейшым друкаваньні яе не засталося практычнага сэнсу. Хоць, здаючы апошні выпуск, мы з настальгіяй і захапленьнем разглядвалі нашы старыя першыя палосы»[13].

У жніўні 2020 году рэжым Лукашэнкі заблякаваў доступ да сайту nn.by на тэрыторыі Беларусі з прычыны асьвятленьня парталам пратэстаў беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня[14]. 23 верасьня 2020 году супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі зрабілі ператрус у кватэры галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады і носьбіты інфармацыі[15]. Яго дапыталі ў Сьледчым камітэце, па чым на тры дні пасадзілі ў адзіночную камэру[15]. Апроч таго, супраць Ягора Марціновіча распачалі крымінальную справу «за паклёп»[15]. Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненьні да «Нашае Нівы»[15].

8 ліпеня 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі правялі вобшук у галоўных супрацоўнікаў «Нашай Нівы»[16], па чым арыштавалі Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы Андрэя Скурко, галоўную бухгальтарку Вольгу Раковіч і галоўнага рэдактара дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асьцярожна: дзеці!» й «Дуду» Андрэя Дынько нібыта за арганізацыю пратэстаў[17][18], прытым, паводле інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара зьбівалі па затрыманьні[19]. Былі затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы»[17]. З таго дня дамэннае імя перастала працаваць, а сайт nn.by адкрыць немагчыма[17][19]. Міністэрства інфармацыі рэжыму Лукашэнкі пакарала рэдакцыю за «забароненую інфармацыю», якая была на сайце[16]. 12 ліпеня 2021 году сумеснай заяваю дзесяці арганізацыяў, у тым ліку «Вясны», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускага ПЕН-цэнтру, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі вязьнямі[20][21].

Выданьне працягнула працаваць у сацыяльных сетках (у тым ліку Telegram), а сайт «Нашай Нівы» пачаў дзейнічаць пад адрасам nashaniva.com (доступ зь Беларусі заблякаваны).

У лістападзе 2021 году суд менскага Цэнтральнага раёну абвясьціў Telegram-канал «Нашай Нівы» і яе сацыяльныя сеткі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У студзені 2022 году КДБ абвясьціў інтэрнэт-рэсурсы «Нашай Нівы» «экстрэмісцкім фармаваннем»[22]. Падобнае сыстэматычнае выкарыстаньне антыэкстрэмісцкага заканадаўства Беларусі мае на мэце даць фармальную падставу Аляксандру Лукашэнку пазбаўляць свабоды і абвяшчаць крымінальнымі злачынцамі сваіх супраціўнікаў[23].

15 сакавіка 2022 году Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч атрымалі па два з паловай гады калёніі за нявыплату камунальных паслугаў[24].

У 2009 годзе першы галоўны рэдактар адноўленай «Нашай нівы» Сяргей Дубавец адзначыў, што тагачасная рэдакцыя выданьня (галоўны рэдактар Андрэй Скурко) займалася «прапагандай гомасэксуалізму»[25].

У сьнежні 2017 году «Наша Ніва» згадвалася сярод незалежных мас-мэдыяў, якія, як высьветлілася, выдалілі з сваіх сайтаў старыя паведамленьні пра арышт бізнэсоўца Віктара Пракапені ў 2015 годзе. Выдаленьні адбываліся па тым, як да гэтых мас-мэдыяў зьвярталіся прадстаўнікі Віктара Пракапені. Сытуацыя выклікала актыўнае абмеркаваньне ў беларускіх мэдыя і сярод журналісцкай супольнасьці[26][27][28].

7 жніўня 2023 году на сайце выданьня зьявіўся артыкул[29], падпісаны «Ф. Раўбіч», з маніпуляцыйнымі выказваньня датычна Беларускай Вікіпэдыі (сярод іншага, аўтар не ўпамінуў захопу асноўнага беларускага адрасу «be.wikipedia.org» прыхільнікамі наркамаўкі), а таксама хамскімі выказваньнямі ў бок прыхільнікаў клясычнага правапісу беларускай мовытолькі схіленыя ў беларушчыну маладыя людзі, якія дрэнна валодаюць нацыянальнай мовай, думаюць, што знойдуць сябе ў альтэрнатыўным правапісе»).

Факсымільныя выданьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Факсымільныя выданьні нумароў газэты за 1906—1911 гады выйшлі ў выдавецтвах «Навука і тэхніка» (1992, выпуск 1: 1906—1908, наклад — 3000 асобнікаў), «Беларуская навука» (1996, выпуск 2: 1909, наклад — 1000 асобнікаў), «Тэхналёгія» (у 1999 годзе выпуск 3: 1910 і ў 2003 — выпуск 4: 1911, накладам па 1000 асобнікаў кожны)[30].

Узнагароды і прэміі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 344.
  2. ^ а б Пра газэту «Наша Ніва»
  3. ^ Смолкін М. Плямы царскай цэнзуры // Полымя. № 3, 1966.
  4. ^ Ал. Шлюбскі. Да гісторыі канфіскацыі «Нашай Нівы». // Полымя : часопіс. — 1925. — № 4. — С. 185—189.
  5. ^ Вячорка В. Як 20 гадоў таму тарашкевіца перамагла дзяржаву ў судзе, Радыё Свабода, 21 траўня 2018 г.
  6. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 197.
  7. ^ Решение Высшего Хозяйственного Суда Республики Беларусь от 22.12.98 г № 2—1/98 по иску редакции газеты «Наша Нива» (г. Минск) к ответчику — Государственному комитету Республики Беларусь по печати — о признании недействительным предупреждения от 29 мая 1998 г. № 26 Архіўная копія
  8. ^ Лунёва Л. (15 лістапада 2005) «Наша Ніва» таксама выдаленая з падпіснога каталёгу. Радыё «Свабода»Праверана 26 сакавіка 2013 г.
  9. ^ Улады вяртаюць «НН» і «Народную волю» ў распаўсюд, Наша Ніва, 21 лiстапада 2008 г.
  10. ^ Ад Рэдакцыі // Наша Ніва. № 45, 4 сьнежня 2008.
  11. ^ Тыраж штотыднёвіка «Наша Ніва» дасягнуў 6000 ас., Наша Ніва, 12 студзеня 2009 г.
  12. ^ Кары за «няправільны» правапіс вызначыць Савет міністраў, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 25 чэрвеня 2008 г.
  13. ^ «Нам удалося ўсё»: «Наша Ніва» цалкам пераходзіць у інтэрнэт
  14. ^ Information Ministry about blocked websites: Creating conflict between society and state (анг.). Белсат (2020-09-08).
  15. ^ а б в г Kritik an Lukaschenkos Medienpolitik (ням.). Рэпартэры бязь межаў (2020-10-06). Праверана 2020-10-06 г. Архіўная копія ад 2020-10-06 г.
  16. ^ а б МГ. Налёт на мэдыі па ўсёй краіне // Тэлеканал «Белсат», 8 ліпеня 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2021 г.
  17. ^ а б в Massive crackdown on independent media throughout Belarus (анг.). Белсат (2021-07-08). Праверана 2021-07-08 г.
  18. ^ Силовики пришли в издание «Наша Ніва»: у сотрудников и в офисе провели обыски, сайт недоступен (обновляется) (рас.). ZERKALO.IO (2021-07-08). Праверана 2021-07-08 г.
  19. ^ а б «Мы давно к этому готовились». Что будет с «Нашай Нівай» после блокировки сайта и ареста сотрудников (рас.). ZERKALO.IO (2021-07-12). Праверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-13 г.
  20. ^ Илья Коваль. (2021-07-13) В Беларуси ряд сотрудников издания "Наша Нива" признали политзаключенными (рас.). Нямецкая хваляПраверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-13 г.
  21. ^ Праваабаронцы прызналі палітвязнямі чатырох супрацоўнікаў "Нашай Нівы" (бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-07-12). Праверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-12 г.
  22. ^ «Наша Нiва» цяпер — экстрэмісцкае фарміраванне Новы час Праверана 2022-01-31 г.
  23. ^ БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова Праверана 2021-12-22 г.
  24. ^ Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко далі па два з паловай года калоніі (бел.). Новы час (2022-03-15). Праверана 2022-04-01 г.
  25. ^ Сяргей Дубавец. «Наша Ніва» і гомікі // naviny.by, 4 лютага 2009 г. Праверана 4 траўня 2018 г.
  26. ^ «Пракапеня — герой, які ўскрыў гнайнік». Медыяаналітык распавёў, як заўважыў знікненне матэрыялаў у СМІ пра бізнесоўца, Белсат, 27 сьнежня 2017 г.
  27. ^ Алесь Пілецкі, «Ніхто нічога страшнага не зрабіў». Рэдактары незалежных СМІ пра выдаленьне матэрыялаў пра Віктара Пракапеню, Радыё Свабода, 27 сьнежня 2017 г.
  28. ^ Вольга Жарнасек. Цэнзура Пракапені // Тэлеканал «Белсат», 27 сьнежня 2017 г. Архіўная копія ад 10 верасьня 2018 г. Праверана 12 ліпеня 2021 г.
  29. ^ Раўбіч Ф. Ад захаплення дызайнам да абурэння правапісам — у сеціве спрачаюцца пра альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт, Наша Ніва, 7 жінўня 2023 г.
  30. ^ Калекцыя газэты «Наша Ніва» ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
  31. ^ Главный редактор белорусскоязычной еженедельной газеты "Наша ніва" Андрей Дынько стал лауреатом ежегодной международной премии "Свобода высказывания" (рас.). naviny.by (2006-11-22). Праверана 2020-08-02 г. Архіўная копія ад 2020-10-03 г.
  32. ^ Белорусский журналист Андрей Дынько удостоен премии Еврокомиссии имени Лоренцо Натали (рас.). TUT.BYПраверана 2020-08-08 г.
  33. ^ "Наша Ніва" получила международное признание (рас.). Нямецкая хваля (2007-06-21). Праверана 2020-08-02 г.
  34. ^ Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам (бел.). Радыё Свабода (2010-02-20). Праверана 2021-03-20 г. Архіўная копія ад 2021-03-20 г.
  35. ^ Шеф-редактор "Нашай нівы" победил в журналистском конкурсе Belarus in Focus (рас.) БелаПАН. Салідарнасьць (2013-03-16). Праверана 2020-08-24 г.
  36. ^ Наталья Радина и Егор Мартинович стали лауреатами премии "Свобода прессы" организации "Репортеры без границ" (рас.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (2015-12-11). Праверана 2020-08-02 г.
  37. ^ Журналисты "НН" Мартинович, Гордиенко и Панковец — среди победителей конкурса "Вольнае слова" (рас.) Наша Ніва Праверана 2020-08-08 г. Архіўная копія ад 2015-05-07 г.
  38. ^ Ольга Кепински. (2021-08-12) Все награды Free Media Awards присуждены белорусским журналистам (рас.). euronews(be)Праверана 2021-08-12 г. Архіўная копія ад 2021-08-12 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]