Бурштын (каштоўны камень)
| Бурштын | |
Беларускі бурштын, знойдзены каля Пінску падчас мэліярацыі | |
| Агульныя | |
|---|---|
| Катэгорыя | Мінэрал |
| Формула (структурнай адзінкі) | C10H16O |
| Выгляд | |
| Колер | мядова-жоўты, аранжавы, чырвона-аранжавы |
| Шкала Моаса (цьвёрдасьць) | 2—2,5 |
| Бляск | смаляны |
| Празрыстасьць | ад празрыстага да непразрыстага |
| Шчыльнасьць | 1,05—1,3 |
| Аптычныя ўласьцівасьці | |
| Паказчык пераламленьня | 1,538—1,543 |
Буршты́н (ад ням. bernstein), або, янта́р (ад лет. gintaras, лат. dzintars) — выкапнёвая акамянелая смала вымерлых голанасенных дрэваў, пераважна палеагенавага пэрыяду. Каштоўны камень, вядомы з нэалітычных часоў. Вядома некалькі відаў бурштыну, найбольш распаўсюджаны (у тым ліку і на Беларусі) — сукцыніт. Бывае самых розных колераў, але найбольш звычайны — мядова-жоўты. Сам па сабе бурштын празрысты; замутненьні і непразрыстасьць зьвязаныя з наяўнасьцю вялікай колькасьці (да мільёну на кубічны мілімэтр) дробных (да 1 мкм) пухіркоў паветра. З пункту погляду хіміі — каркасны палімэр складанай будовы, які месьціць у сябе 2,9—8,2% бурштынавай кісьліны НООС-СН2-СН2-СООН. У бурштыне сустракаюцца ўключэньні патанулых у ім старажытных істот, часьцей за ўсё вусякоў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Бурштын быў шырока вядомы старажытным народам ад Рыму да Індыі. У старажытнай Грэцыі яго называлі «электрон» (грэц. ἤλεκτρον). Філёзафу Талесу прыпісваецца адкрыцьцё таго, што бурштын, калі яго пацерці, здольны прыцягваць да сябе лёгкія рэчы. Так людзі пазнаёміліся са статычнай электрычнасьцю, і само слова «электрычнасьць» паходзіць ад грэцкай назвы бурштыну. Старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» разам зь легендамі аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў, упершыню выказаў слушную думку, што бурштын — гэта акамянелая смала.
Батанічнае паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дрэвы, зь якіх утварыўся найбольш распаўсюджаны балтыйскі бурштын, расьлі каля 45 млн гадоў таму. Віды, да якіх яны належалі, пазьней вымерлі. Найбольш блізкае да іх сучаснае дрэва — японскі каямакі, ён жа сцыядапітыс (Sciadopitys verticillata).
Распаўсюджаньне і радовішчы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Найбольш значныя радовішчы бурштыну здаўна ляжалі ў землях балтыйскага племені прусаў (у XIII ст. заваяваныя Тэўтонскім ордэнам, пазьней належалі Нямеччыне, у 1945 г. захоплены Расеяй, уключаны ў Калінінградскую вобл.). Акрамя гэтага, бурштын сустракаецца ў прылеглых краінах — Летуве, Польшчы, Латвіі, Беларусі, Украіне. Іншыя, няроднасныя балтыйскаму, віды бурштыну можна знайсьці ў Румыніі, Італіі, М’янме і некаторых іншых краінах. Сярод гэтых відаў цікавы сіні бурштын з Дамініканскай рэспублікі.
Беларускі бурштын
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На Беларусі архэолягі знаходзяць старажытныя бурштынавыя ўпрыгожаньні, але не заўсёды вядома, ці зробленыя яны зь мясцовага бурштыну або з прывезенага ад узьбярэжжа Балтыкі. Аднак ёсьць літаратурныя зьвесткі аб знаходках бурштыну непасрэдна на нашай зямлі. Г. Ржанінскі ў 1742 г. апісваў, як на Палесьсі бурштын зьбіралі ўвесну, калі растае сьнег на палёх[1]. У 1880 г. у «Лясным часопісе» апавядаецца аб знаходках бурштыну каля Драгічына.
У 1969 г. гэолягі С. Маныкін і Э. Ляўкоў знайшлі карэнныя бурштынаносныя адклады палеагенавага пэрыяду. Хутка былі вызначаныя 3 раёны, пэрспэктыўныя на пошук радовічшаў бурштыну — Заходне-Беларускі (Гарадзенская вобл.), Палескі (ад Жабінкі да Пінска) і Мікашэвікца-Жыткавіцкі. У карэнных палеаген-нэагенавых бурштынаносных адкладах бурштын прымеркаваны да найбольш буйназярністай фракцыі пароды. Гэтыя карэнныя адклады звычайна залягаюць на глыбіні ад 25 да 80 м[2]
У 1989—1994 гг. у Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці выяўленае і дасьледаванае радовішча бурштыну Гатча. Слой, які месьціць у сябе бурштын, мае таўшчыню ад 0,5 да 4 м і зьвязаны з адкладамі старажытнага возера. Разьмеркаваньне бурштыну нераўнамэрнае, ад 1 да 200 г бурштыну на 1 м³ пароды. Каля 80—90% бурштыну мае ювэлірную якасьць.
Найбольшы кавалак бурштыну, знойдзены на Беларусі, мае вагу 800 г.[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Бордон В. Е., Матрунчик Л. И. «Окаменевшие слезы, или Сказание о янтаре Полесья». — Мн., 1989., с. 33
- ↑ Высоцкий Э. А., Демидович Л. А., Деревянкин Ю. А. «Геология и полезные ископаемые Республики Беларусь». — Мн., 1996., с. 140
- ↑ Бордон В. Е., Матрунчик Л. И. «Окаменевшие слезы, или Сказание о янтаре Полесья». — Мн., 1989., с. 34
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гурскі Б. М. «Як збудаваны і чым багатыя нетры Беларусі». — Мн., 1992. — 126 с.
- Высоцкий Э. А., Демидович Л. А., Деревянкин Ю. А. «Геология и полезные ископаемые Республики Беларусь». — Мн., 1996. — 184 с.
- Бордон В. Е., Матрунчик Л. И. «Окаменевшие слезы, или Сказание о янтаре Полесья». — Мн., 1989. — 111 с.