Перайсьці да зьместу

Бітум

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітум, які атрымоўваюць з нафты.

Бі́тум (ад па-лацінску: Bitumen — горная смала, нафта) — цьвёрды або смалападобны прадукт, які ўяўляе сабою сумесь вуглевадародаў і іхных азоцістых, тленавых, сярністых і мэталаўтрымальных вытворных. Бітумы не рашчынныя ў вадзе, цалкам або часткова рашчынныя ў бэнзоле, хляраформе, серкавугляродзе і іншых арганічных растваральніках. У залежнасьці ад дакладнага складу бітумы могуць быць глейкімі, то бок чорнай вадкасьцю або з выгляду цьвёрдай масай, якая на вельмі доўгіх прамежках часу паводзіць сябе як вадкасьць. Незалежна ад таго, ці знаходзіцца яно ў прыродных радовішчах, ці здабытае шляхам перапрацоўкі нафты, гэтае рэчыва адносяць да смолаў[1]. Найбуйнейшым прыродным радовішчам бітуму ў сьвеце ўважаецца возера Піч-Лэйк на паўднёвым захадзе Трынідаду, дзе, паводле ацэнак, утрымліваецца 10 мільёнаў тон бітуму[2]. Прыблізна 70% штогадовай вытворчасьці бітуму выкарыстоўваецца ў дарожным будаўніцтве, то бок у ягоным асноўным прызначэньні[3]. У гэтым выпадку бітум выкарыстоўваецца дзеля повязі часьцінак жвіру і ўтварае рэчыва, вядомае як асфальт. Іншым асноўным прыкладаньнем бітуму ёсьць бітумныя гідраізаляцыйныя матэрыялы, такія як руберойд і гермэтык для дахаў[4].

Здабыча бітуму з выявы твору «De Re Metallica» Георга Агрыкалы.

Бітум быў першым відам нафты ў гісторыі чалавецтва, якому было знайдзенае практычнае прыкладаньне. Гэта пацьвярджаюць археалягічныя знаходкі, то бок каменныя прылады з сьлядамі бітуму, якімі карысталіся яшчэ ў позьнім палеаліце.

Самыя старажытныя пісьмовыя згадкі аб выкарыстаньні бітуму паходзяць з Мэсапатаміі. Іх можна знайсьці ў шумэрскіх творах «Эпас пра Гільгамэша» і «Эпас аб Атрахасісу», якія датуюцца 3—2 тысячагодзьдзямі да н. э. У Бібліі таксама ёсьць згадкі пра бітум. У старажытным сьвеце іх выкарыстоўвалі ў мэдыцыне, у будаўніцтве як зьвязвальны рошчын, дзеля гідраізаляцыі і ў якасьці энэргетычнай сыравіны. Вадкія бітумы Мёртвага мора былі добра вядомыя ў старажытнасьці.

Менавіта з радовішчаў цяжкіх нафтаў і бітуму, якія ўсплываюць на паверхню зямлі, звычайна на берагах рэк, людзі ў старажытнасьці навучыліся атрымліваць «смалу» дзеля гермэтызацыі караблёў, будаўніцтва дамоў, а ў Старажытным Эгіпце — дзеля муміфікацыі. Існуе меркаваньне, што пры будаўніцтве знакамітай Бабілёнскай вежы ў якасьці цэмэнту выкарыстоўваўся бітум. А індзейцы, якія стагодзьдзямі жылі ў Канадзе ў басэйне ракі Атабаска, смалілі свае чоўны натуральным бітумам.

У XVIII стагодзьдзі буйныя радовішчы бітумных нафтавых пяскоў былі выяўленыя на поўначы Албэрты ў Канадзе. З трох радовішчаў у Албэрце радовішча Атабаска ёсьць найвялікшым. Спробныя распрацоўкі бітумных пяскоў вяліся тут яшчэ ў 1778 годзе, калі яны былі ўпершыню згаданыя эўрапейцамі. У 1920-я гады хімік Албэрцкага ўнівэрсытэту Карл Кларк выявіў, што пару можна выкарыстоўваць дзеля аддзяленьня бітуму ад пяску. Першая карпарацыя, якая пачала займацца здабычай бітуму ў Албэрце, была зафундаваная Робэртам Фіцсыманзам у 1927 годзе. Кампанія першай пасьпяхова здабывала бітум у прамысловых колькасьцях шляхам запампоўкі гарачай вады ў пяскі. Аднак гэты спосаб здабычы нафты аказаўся недастаткова рэнтабэльным. Пляны здабычы нафты зь бітумных пяскоў Албэрты ў значных маштабах пачалі распрацоўвацца толькі ў 1950-я гады.

Прыродны бітум зь Мёртвага мора.
Бітумныя паклады ля Клермон-Фэрану ў Францыі.

Большасьць бітумаў, якія выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах, робіцца з нафты[5]. Тым ня менш, вялікая колькасьць бітуму сустракаецца ў канцэнтраванай форме ў прыродзе. Такія паклады бітуму ўтвараюцца з рэшткаў старажытных мікраскапічных водарасьцяў і іншых некалі жывых істотаў. Гэтыя прыродныя радовішчы бітуму ўтварыліся ў каменнавугальны пэрыяд, калі ў многіх частках Зямлі панавалі гіганцкія багнавыя лясы[6]. Парэшткі арганізмаў траплялі ў бруд на дне акіяна або возера, дзе пад узьдзеяньнем цяпла вышэй за 50 °C і ціску яны ператвараліся ў такія матэрыялы, як то бітум, кераген або нафта. Лічыцца, што велізарныя паклады бітуму Албэрты ўзьніклі з жывога матэрыялу марскіх расьлінаў і жывёлаў, галоўным чынам водарасьцяў, якія загінулі мільёны гадоў таму, калі старажытны акіян пакрываў Албэрту. Прыродныя радовішчы бітуму ўлучаюць такія азёры, як возера Пітч-Лэйк у Трынідадзе і Табага і возера Бэрмудэс у Вэнэсуэле. Бітум падобны да арганічных рэчываў у вугляродзістых мэтэарытах[7]. Аднак дэталёвыя дасьледаваньні выявілі, што гэтыя матэрыялы розьняцца між сабою[8].

  1. «CPC Definition — C10C Working-up Pitch, Asphalt, Bitumen, Tar; Pyroligneous Acid». Classification Resources. United States Patent and Trademark Office.
  2. Nag, Oishimaya Sen (17.02.2021). «The unique pitch lakes of the world». World Atlas.
  3. «Asphalt Applications». Mineral Products.
  4. Sörensen, Anja; Wichert, Bodo (2009). «Asphalt and Bitumen». Ullmann’s Encyclopedia of Industrial Chemistry. Weinheim: Wiley-VCH. — doi:10.1002/14356007.a03_169.pub2. ISBN 978-3-527-30673-2.
  5. Speight, James G. (2015). «Asphalt Materials Science and Technology. Elsevier Science». — С. 82. — ISBN 978-0-12-800501-9.
  6. «What is Bitumen?». Highways Today.
  7. R Hayatsu; RG Scott; RE Winans. «Comparative structural study of meteoritic polymer with terrestrial geopolymers coal and kerogen (abstract)». Meteoritics. 18: 310.
  8. Kim; Yang (1998). «Carbon Isotope Analyses of Individual Hydrocarbon Molecules in Bituminous Coal, Oil Shale and Murchison Meteorite». Journal of Astronomy and Space Sciences. 15 (1): 163—174.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]