Вэстготы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міграцыя вэстготаў

Вэстготы або заходнія готы — германскае варварскае племя, якое пад час вялікага перасяленьня народаў эмігравала з усходу на тэрыторыю Заходняй Рымскай імпэрыі. Таксама, часткова насяляла тэрыторыю і ў Усходняй Рымскай імпэрыі (Бізантыі).

Уварваньне на Балканы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню эўрапейцы даведаліся пра вэстготаў, як пра асобны народ у 268 годзе, калі яны пачалі рабаваць балканскія правінцы Рымскай імпэрыі[1]. Вэстготы прайшлі правінцыі Панонію й Ілірыю, нават пагражалі самой Італіі. Але ўлетку таго ж году вэстготы атрымалі паразу, каля сучаснай італьянска-славенскай мяжы, а затым яшчэ ў бітве пры Нішы, у верасьні 268 году. На працягу наступных трох гадоў, у сэрыі кампаніяў імпэратараў Кляўдыюса II і Аўрэліяна, германцы былі вернутыя праз Дунай, дзе яны пасяліліся ў Дакіі, якую Аўрэліян пакінуў у 271 годзе. У Дакіі вэстготы прынялі арыянства, гэтая вера праіснавала ў гоцкім грамадзтве да 589 году, калі кароль Рэкарэд I перайшоў у каталіцызм.

Вэстготы засталіся ў Дакіі да 376 году, калі адзін зь іхніх лідэраў Фрытыгерн, зьвярнуўся да рымскага імпэратара Валента з просьбай аб магчымасьці пасяліцца на паўднёвым беразе Дуная, у якасьці фэдэратаў. Вэстготы спадзяваліся знайсьці сховішча ад гунаў, якія прыцісьнялі іх на захадзе, і знайшлі — рымскі імпэратар адказаў згодай. Аднак, імпэрскія афіцэры пачалі чыніць самаўпраўства й вэстготы паўсталі, спусташыўшы Тракію, на што Валент адказаў баявымі дзеяньнямі, з тым каб зьнішчыць вэстготаў, аднак, патрываў цяжкую паразу пад Адрыянапалем у 378 годзе[1]. З таго моманту, вэстготы ўвесь час змагаліся супраць рымлянаў, складаючы зьняважлівыя для рымлянаў перамір’і. Бітва пад Адрыянапалем была найважнейшай у гэтай вайне. Імпэратар Валент быў дрэнна дасьведчаны аб памерах гоцкага войска й уступіў у бітву, у якой сам быў забіты ў баю, а цэлае рымскае войска было зьнішчана. Такім чынам вэстготы дабіліся магчымасьці пасяліцца на тэрыторыі Рымскай імпэрыі.

Новы імпэратар Тэадосіюс I, у 381 годзе, склаў мір з вэстгоцкім правадыром Атанарыхам, які працягваўся да сьмерці Тэадосіюса, да 395 году. Атанарых, аднак, памёр у тым жа годзе й улада перайшла да Алярыха I. Тэадосіюсу ўспадкавалі ягоныя сыны — Аркадыюс, які кіраваў на ўсходзе, і Ганорыюс на захадзе. Алярых I быў здольным кіраўніком, у 396 годзе ён прадпрыняў спробы захапіць Атэны, але напад праваліўся. Потым ён паспрабаваў увайсьці ў Італію, але зноўку паход патрываў няўдачу. У 410 годзе Алярых здолеў захапіць і разрабаваць Рым. Празь некалькі дзён вэстготы пакінулі горад і адправіліся на поўдзень, у Афрыку, але Алярых I раптоўна памёр і паход быў адкладзены. Ягоны пераемнік Атаўльф, павёў свой народ у Галію. Гішпанія яшчэ ў 409 годзе адчула прыход свэваў, алянаў і вандалаў. У 418 годзе пад кіраўніцтвам Валія, вэстготы склалі з рымлянамі пагадненьне, паводле якога атрымалі дазвол на жыхарства ў Галіі, Аквітаніі і Нарбонскай Галіі пры ўмове, што вэстготы зьнішчаць іншыя варварскія народы на гэтых тэрыторыях. Тут вэстготы заснавалі царства са сваёй сталіцай у Тулюзе[1]. Зь цягам часу, з-за міжусобных войнаў паміж г.зв. варварскімі народамі, тэрыторыя каралеўства пашыралася.

Тулюскае каралеўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 451 годзе вэстготы адгулялі важную ролю падчас бітвы на Каталаўнскім полі, дзе пад кіраўніцтвам рымскага палкаводца Флявіюса Аэцыюса яны здабылі перамогу над гунамі, якімі кіраваў Атыла.

Затым вэстготы пашырылі свае межы на Пірэнэйскай паўвысьпе, дзе падпарадкавалі землі свэваў. Піка сваёй магутнасьці каралеўства дасягнула пры каралю Эйрыху, калі ў 475 годзе вэстгоцкая дзяржава атрымала поўную незалежнасьць ад Заходняй Рымскай імпэрыі, якая праз год распалася.

У той час (канец V стагодзьдзя) Эйрыхава дзяржава была самай магутнай дзяржавай сярод варварскіх краінаў. Нягледзячы на тое, што Рымская імпэрыя зьнікла, Эйрых пераняў ад яе дзяржаўныя і прававыя асновы заканадаўства. Першы вэстгоцкі кодэкс насіў імя Эйрыха[1].

У 507 годзе Тулюскае каралеўства было захоплена францкім каралём Хлёдвігам. У той час, кіраўніком вэстготаў быў сын Эйрыха — Алярых II, які быў забіты падчас канфлікту з Францыяй.

Таледзкае каралеўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля Атанагільдавай сьмерці (568 год), на сталец уступіў Леавігільд, які да 573 году панаваў сумесна са сваім братам Ліўвам. Леавігільд перанёс сталіцу дзяржавы ў сэрца Гішпаніі ў Таледа, памёр ён у 586 годзе. Новым каралём стаў ягоны сын Рэкарэд I, які пасьля бацькоўскай сьмерці прыняў каталіцызм. Гэты ўчынак спыніў разнагалосьсі паміж кіраўнічымі клясамі, вэстготаў і гішпанскіх рымлянаў, якія ў пераважнай большасьці вызнавалі рымскую царкву. Па прыкладу караля ў новую веру перайшла большасьць арыянскіх біскупаў і шляхты, аднак былі й тыя, хто выступаў супраць адчужэньня ад старой веры, асабліва ў Сэптыманіі, дзе ў 589 годзе выбухнула паўстаньне, якое неўзабаве хутка згасла. Палітыка Рэкарэда, вяла да аб’яднаньня й асыміляцыі вэстготаў і гішпанскіх рымлянаў у адзін народ.

VI стагодзьдзе адзначылася канчатковым аб’яднаньнем ібэрыйскай прасторы й пачаткам будаўніцтва новай гішпанскай асобы. Акрамя таго, стагодзьдзе адзначана й аб’яднаньнем царквы й дзяржавы. Кароль, у адрозьненьне ад бізантыйскай мадэлі, стаў вярхоўным главой царквы. Біскупы прызналі караля ў якасьці адзінага надзейнага гаранта законнасьці й парадку.

Вэстгоцкія каралі да самага падзеньня сваёй дзяржавы, вялі барацьбу за сталец. Пасьля сьмерці Рэкарэда, амаль усе каралі дахадзілі да ўлады з дапамогай сілы. Сысэбур (612—621 гады) здолеў затрымацца на пасадзе, некалькі гадоў, запомніўся неталерантнымі законамі супраць габрэяў. Сьвінтыла (621—631 гады) быў першым з каралёў, хто захапіў усю Гішпанію. Тым ня менш, змаганьне за трон з кожным годам усё больш раздрабляла вэстгоцкую дзяржаву.

Інтэрвэнцыя маўраў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праіснавала дзяржава да 711 году, калі кароль Родэрых патрываў паразу ад маўраў. Бітва пры Гвадалеце, якая адбылася 19 ліпеня 711 году, адзначыла пачатак заваёвы Гішпаніі маўрамі. Вялікая частка Ібэрыйскай паўвыспы была засвоена маўрамі ўжо ў 718 годзе.

У адказ на мусульманскае ўварваньне была распачатая Рэканкіста.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Самарџић, Н. Историја Шпаније. Визиготска Хиспанија. Плато, Београд, 2005.