Перайсьці да зьместу

Аўкштайцкі дыялект

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўкштайцкі дыялект
Aukštaičių tarmė
Ужываецца ў Летуве
Рэгіён «Аўкштайція», «Дзукія», «Сувалкія»
Колькасьць карыстальнікаў няма ацэнак
Клясыфікацыя Індаэўрапейскія мовы
Афіцыйны статус
Коды мовы
Мапа дыялектаў летувіскае мовы (Зінкявічус, Гірдэніс, 1965 г.). Гаворкі аўкштайцкага дыялекту пазначаюцца адценьнямі зялёнага й сіняга колераў. Больш падрабязную легенду гл. у апісаньні, націснуўшы на файл.

Аўкшта́йцкі дыяле́кт (лет. Aukštaičių tarmė) — у тэрміналёгіі летувіскіх мовазнаўцаў назва аднаго з дыялектаў летувіскае мовы, на якім размаўляюць у сучасных афіцыйных летувіскіх этнаграфічных рэгіёнах «Аўкштайція», «Дзукія» і «Сувалкія». Складае аснову літаратурнае летувіскае мовы. Частка гістарычнае жамойцкае мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды[1].

Паводле клясыфікацыі, прапанаванай летувіскімі лінгвістамі Зігмасам Зінкявічусам і Алексасам Гірдэнісам, аўкштайцкі дыялект падзяляецца на тры паддыялекты, якія адрозьніваюцца адзін ад аднаго паводле крытэру вымаўленьня зьмяшаных дыфтонгаў an, am, en, em і літараў з дыякрытычным знакам «агонэк», ą ды ę:

  • Заходнеаўкштайцкі. Ёсьць найбліжэйшым да стандартнае летувіскае мовы, захоўвае вымаўленьне дыфтонгаў і галосных. Сваім парадкам падзяляецца на дзьве гаворкі:
    • Ковенскую. Пашыраную перадусім у афіцыйным этнаграфічным рэгіёне «Сувалкія». У ёй выразна вылучаюцца даўжыня і кароткасьць галосных гукаў, а таксама націскныя канчаткі словаў.
    • Шавельскую. Мае пашырэньне ў паласе паміж рэгіёнамі «Жэмайція» і «Аўкштайція». У гэтай гаворцы існуе зьява амаль паўсюднага скарачэньня ненаціскнога падоўжанага галоснага (dumẽlis замест dūmelis (бел. «дымок»), vãgis замест vagys (бел. «злодзей»), lãpu замест lapų (бел. «лісьце»)) і перасоўваньня націску з канцу слова (напрыклад, ràsa замест rasà (бел. «расá»), tỹliu замест tyliù (бел. «я маўчу»), žmònos замест žmonõs (бел. «жонкі»)).
  • Паўднёвааўкштайцкі. У вымаўленьні захоўваюцца дыфтонгі, аднак ą ды ę замяняюцца на ų ды į (напрыклад, (žųsis замест žąsis (бел. «гусь»), skįsta замест skęsta – (бел. «тоне»)). Пашыраны ў асноўным у рэгіёне «Дзукія» і праз гэта вядомая пад назвай дзукійская.
  • Усходнеаўкштайцкі. Мае рысы зьмены некаторых дыфтонгаў (напрыклад, pasumda замест pasamdo (бел. «найманьне»), romstis замест ramstis (бел. «падтрымка»)) і некаторых галосных з знакам «агонэк» (напрыклад, grųštas або groštas замест grąžtas (бел. «сьвідраваць»), grįšt замест gręžti (бел. «сьвідраваць»)). Пашыраны галоўным парадкам у рэгіёне «Аўкштайція», падзяляецца на шэсьць падгаворак.
  1. ^ Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 209.
  • Janina Jašinskienė Tradicijos. Iliustruota Lietuvos enciklopedija. — Kaunas: Šviesa, 2005. — 55 с. — ISBN 5-430-04158-0