Правапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Артаграфія»)

Пра́вапіс (таксама артаграфія, ад грэцкага ορθογραφία, якое складаецца са словаў ορθος «правільны» і γράφειν «пісаць») — прызнаная ці рэкамэндаваная сыстэма правілаў перадачы маўленьня на пэўнай мове на пісьме з дапамогай альфабэту гэтай мовы і іншых знакаў.

Звычайна прызнаным зьяўляецца правапіс, які замацавала адпаведная дзяржаўная навуковая ўстанова (у Беларусі Інстытут мовазнаўства НАН) альбо аўтарытэтны навуковец, альбо той правапіс, якім карыстаецца значная частка носьбітаў мовы.

Правапіс замацоўваецца на аснове пэўных прынцыпаў, якія зьвязаныя з рознымі сфэрамі пісьмовай практыкі: пунктуацыя, вялікія і малыя літары, разьдзельнае і зьлітнае напісаньне словаў, запіс гукаў і іншыя.

Правапісы канкрэтных моваў клясыфікуюць галоўным чынам паводле спосабу запісу гукаў. Правапіс канкрэтнай мовы практычна ніколі не бывае заснаваны на адным такім спосабе (прынцыпе). Але зь некалькіх прынцыпаў адзін як правіла пераважае, паводле яго правапіс і набывае сваю характарыстыку.

Прынцыпы правапісу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтычны прынцып[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле гэтага правіла гукі мусілі б запісвацца дакладна так, як вымаўляюцца. Гэта значыць, што, напрыклад, слова «сьнег» мусіла б быць запісаным як «с’н'эх». Фанэтычны правапіс рэдка ў якой мове можа пераважаць (бадай, ледзь не адзіным прыкладам можа быць санскрыт, з агаворкай, што яго пісьмовы варыянт увялі ў той час, калі мова была ўжо мёртвай).

Фаналягічны прынцып[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі ў мовазнаўстве не былі адасобленыя фанэтыка і фаналёгія, правапісы, якія былі арганізаваныя паводле фаналягічных прынцыпаў, называлі фанэтычнымі. Фаналёгія займаецца не гукамі ў іхнім фізычным выражэньні, а гукамі, якія існуюць у сьвядомасьці маўленцы пэўнай мовы. Гэтыя абагульненыя гукі называюцца фанэмамі. Паводле фаналягічнага прынцыпу адна фанэма пішацца заўсёды аднолькава. Напрыклад, па-беларуску пішам «разьбіць», але «расьпісаць», таму што «с'» ў сьвядомасьці маўленцы — той жа гук, што і ў слове «сьнег», і адрозны ад гуку «з'» у слове «разьбіць»).

Марфалягічны прынцып[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле гэтага прынцыпу запісваюцца ня тыя фанэмы, якія сапраўды вымаўляюцца, а тыя, якія на іхнім месцы вымаўляліся ў асноўнай форме слова альбо ў вытворным слове. Напрыклад, у слове «касьба» пішацца «сь», а не «зь», таму што яно ўтворана ад слова «касіць», дзе вымаўляецца і пішацца фанэма «с'». У некаторых крыніцах марфалягічны прынцып называецца этымалягічным.

Этымалягічны прынцып[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэты прынцып таксама дасюль не пераважаў ні ў водным правапісе. Гэты прынцып — «паглыблены» марфалягічны. У ім, каб растлумачыць напісаньне пэўнага знаку, не дастаткова знайсьці вытворнае слова, таму што такога слова можа ня быць. Трэба ведаць этымалёгію слова.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]