Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў
Каардынаты: 53°41′42″ пн. ш. 23°47′45″ у. д. / 53.695° пн. ш. 23.79583° у. д.
«Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 8 верасьня 1970 (54 гады таму) |
Заснавальнікі | Акадэмія навук БССР |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Горадня, бульвар Ленінскага камсамолу, д. 50 |
Ключавыя фігуры | Ігар Семяненя, Андрэй Майсяёнак, Віктар Аверын |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | экстракты лекавых расьлінаў |
Паслугі | спэктраскапія і храматаграфія біялягічна актыўных рэчываў |
Лік супрацоўнікаў |
|
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
«Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» («ІББАЗ») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў Горадні ў верасьні 1970 году ў якасьці Аддзелу рэгуляцыі абмену рэчываў.
На 2018 год уваходзіла ў склад Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўлялі па спэцыяльнасьці біяхімія. «ІББАЗ» аказваў паслугі: 1) распрацоўкі расьлінных лекаў, 2) вылучэньня экстрактаў зь лекавых расьлінаў, 3) ачысткі біялягічна актыўных злучэньняў, 4) вадкасную і газавую храматаграфію і спэктраскапію біялягічна актыўных рэчываў[1].
Падразьдзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год УП «Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» налічвала 4 аддзелы: 1) біяхімічнай фармакалёгіі, 2) біярэгулятараў, 3) вітаміналёгіі і нутрыцэўтыкі, 4) біятэхналёгіі прыродных біялягічна актыўных злучэньняў[1]. Пры «ІББАЗ» працавала філія Рэспубліканскага цэнтру трансфэру тэхналёгіяў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 верасьня 1970 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Загад № 374 аб заснаваньні Аддзелу рэгуляцыі абмену рэчываў у Горадні. Аддзел увайшоў у склад Аддзяленьня хімічных і геалягічных навук АН БССР. Адразу запрацавала асьпірантура. На Аддзел усклалі задачы: 1) вывучэньня малекулярных мэханізмаў каталітычнага ўзьдзеяньня тыаміндыфасфату і ролі вітамінаў у рэгуляцыі абмену рэчываў; 2) дасьледаваньня ўзьдзеяньня антымэтабалітаў вітамінаў, атрыманых шляхам сынтэзу, і прыродных антывітамінных чыньнікаў у мэдыцыне і вэтэрынарыі. 6 верасьня 1985 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 274 «Аб стварэньні Інстытуту біяхіміі Акадэміі навук БССР» на аснове Аддзелу рэгуляцыі абмену рэчываў у Горадні. Паводле Пастановы, на Інстытут біяхіміі ўсклалі: 1) «вывучэньне мэханізму абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізму, асобных органаў, тканак, вузаў і фэрмэнтатыўных рэакцый і яго рэгуляцыі; 2) карэкцыю парушэньня абмену рэчываў з дапамогай прыродных злучэньняў і іх сынтэтычных аналягаў»[2].
У 1995 годзе Інстытут біяхіміі перавялі ў склад навастворанага Аддзяленьня мэдыка-біялягічных навук Акадэміі навук Беларусі. У 1995 годзе яго дасьледнікаў узнагародзілі прэміяй Акадэміі навук Беларусі. На 1998 год у Інстытуце працавала 10 лябараторыяў: 1) біяхіміі кафэрмэнтаў, 2) біяхіміі эндакрынных залозаў, 3) біяфізыкі, 4) экспэрымэнтальнай гепаталёгіі, 5) аналітычнай біяхіміі, 6) экалягічнай біяхіміі, 7) энзімалёгіі і біятэхналёгіі, 8) марфалёгіі і нэўрахіміі, 9) біяхімічнай фармакалёгіі, 10) біяхіміі сьпіртоў і альдэгідаў. У Інстытуце дасьледавалі: мэтабалізм вітаміну В1 (тыяміну) ва ўмовах гіпэр- і гіпавітамінозу; уласьцівасьці і будову ізаляваных вітаміназалежных фэрмэнтаў; морфабіялёгію кары наднырачнікаў жывёлаў пры стрэсе; малекулярныя мэханізмы дзеяньня цыклю картыкацытаў; мэтабалічныя перадумовы і наступствы ўжываньня алькаголю; біяхімічныя мэханізмы разьвіцьця алькагалізму. Інстытут біяхіміі распрацаваў уласныя спосабы папярэджаньня і лячэньня алькагалізму, выявіў біяхімічныя мэханізмы жыцьцядзейнасьці і накіраванай рэгуляцыі абмену рэчываў у цэнтральнай нэрвовай сыстэме, печані і злаякасных новаўтварэньнях амінакісьлямі і іх вытворнымі. На аснове дасьледаваньняў у Інстытуце біяхіміі распрацавалі адпаведныя лекі, высьветлілі ролю біясынтэзу кафэрмэнту А ва ўтварэньні ўнутрывузавага фонду кафэрмэнту і яго ацыляваных відаў. Таксама дасьледавалі біятрансфармацыю і лекавае ўзьдзеяньне вытворных пантатэнавай кісьлі ды распрацавалі на іх аснове лекі абмену рэчываў. На 1998 год у Інстытуце біяхіміі працавала 12 дактароў навук[2].
У 1999 годзе дасьледнікаў Інстытуту біяхіміі ўзнагародзілі прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). 8 лістапада 2005 году Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь адкрыў пры Інстытуце філію Рэспубліканскага цэнтру трансфэру тэхналёгіяў. 12 траўня 2006 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ зацьвердзіла Пастанову № 245, паводле якой назву зьмянілі на Інстытут фармакалёгіі і біяхіміі (ІФБ). Пагатоў ІФБ увайшоў у склад Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ і атрымаў наступныя задачы: фармацыя і таксыкалёгія чалавека і жывёлаў; распрацоўка і выпрабаваньне лекаў вузавага абмену рэчываў. У 2008 годзе супрацоўнікаў Інстытуту ўзнагародзілі прэміяй НАНБ. У 2009 годзе ІФБ стварыў у Менску ўнітарнае прадпрыемства «Акадэмфарм» для выпуску распрацаваных супрацьпухлінных, мінэральных і мэтабалічных лекаў, а таксама вітамінаў. 30 сьнежня 2011 году «Акадэмфарм» перадалі Інстытуту біяарганічнай хіміі ў Менску. У 2012 годзе ІФБ пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў» («ІББАЗ»), якое 26 верасьня 2013 году ўвайшло ў склад Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ. «ІББАЗ» даручылі вытворчасьць лекавых рэчываў, распрацоўку лекаў і біялягічна актыўных дадаткаў (БАД), вывучэньне разьвіцьця хваробаў печані, сардэчна-судзіннай і эндакрыннай сыстэмаў, алькагольнай залежнасьці і хваравітых станаў, зьвязаных зь нястачай незаменных мікраэлемэнтаў і дзеяньнем стрэсу.
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юры Астроўскі(be) (1970—1991)
- Андрэй Майсяёнак (в.а.; 1996—1998)
- Павал Пранько (2014)
- Ігар Семяненя (2018)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня мэдычных навук (Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 1 лістапада 2018 г.
- ^ а б Віктар Аверын. Інстытут біяхіміі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
Вонкавыя крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кантакты (рас.) // УП «Інстытут біяхіміі біялягічна актыўных злучэньняў», 2018 г. Праверана 1 лістапада 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |