Цэнтральная нэрвовая сыстэма
Цэнтра́льная нэрво́вая сыстэ́ма (ЦНС) — асноўная частка нэрвовай сыстэмы жывёлаў і чалавека, якая складаецца зь вялікай колькасьці нэрвовых вузаў (нэйронаў) і іх атожылкаў; прадстаўлена ў бесхрыбтовых сыстэмах цесна зьвязанымі паміж сабой нэрвовымі вузламі (гангліямі), у хрыбтовых жывёлаў і чалавека — млечам і галаўным мозгам.
Галоўная і спэцыфічная функцыя ЦНС — ажыцьцяўленьне простых і складаных высокадыфэрэнцаваных адбівальных рэакцыяў, якія атрымалі назву рэфлексаў. У найвышэйшых жывёлаў і чалавека нізкія і сярэднія аддзелы ЦНС — млеч (сьпінны мозг), даўгаваты мозг, сярэдні мозг, прамежкавы мозг і мозачак — рэгулююць дзейнасьць асобных органаў і сыстэмаў высокаразьвітага арганізму, ажыцьцяўляюць сувязь і ўзаемадзеяньне паміж імі, забясьпечваюць адзінства арганізму і цэласнасьць яго дзейнасьці. Найвышэйшы аддзел ЦНС — шкарупа вялікіх паўсфэраў галаўнога мозгу і найбліжэйшых падшкарупных ўтварэньняў — у асноўным рэгулюе сувязь і ўзаемаадносіны арганізму як адзінага цэлага з навакольным асяродзьдзем.