Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі
Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі | |
рас. Институт общей и неорганической химии | |
Абрэвіятура | ІАНХ |
---|---|
Папярэднік | Інстытут хіміі |
Дата ўтварэньня | 1 студзеня 1959 (65 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка спосабаў перапрацоўкі шматмінэральнай руды і стварэньне кампазыцыйных матэрыялаў |
Штаб-кватэра | Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 9, корп. 1 |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Каардынаты | 53°55′8″ пн. ш. 27°36′9″ у. д. / 53.91889° пн. ш. 27.6025° у. д.Каардынаты: 53°55′8″ пн. ш. 27°36′9″ у. д. / 53.91889° пн. ш. 27.6025° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Сяброўства | ДНВА «Хімічныя прадукты і тэхналёгіі» |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Кіраўнік | Анатоль Кулак |
Намесьніца ў навуковай працы | Людміла Аўсеенка |
Намесьнік у інавацыйнай працы | Аляксандар Рацько |
Навуковая сакратарка | Галіна Бондарава[1] |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Зьвязаныя кампаніі | Досьледная база «Сьвіслач» (Пухавіцкі раён) |
Колькасьць супрацоўнікаў | 92 (2022 год) |
Сайт | igic.bas-net.by |
Інстыту́т агу́льнай і неаргані́чнай хі́міі (анг. Institute of General and Inorganic Chemistry) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў студзені 1959 году.
На 2022 год ІАНХ уваходзіў у склад Аддзяленьня хіміі і навук аб зямлі НАНБ, дзе належаў Дзяржаўнаму навукова-вытворчаму аб’яднаньню «Хімічныя прадукты і тэхналёгіі»[2]. У Інстытуце распрацоўвалі спосабы перапрацоўкі шматмінэральнай руды, стваралі новыя віды мінэральных угнаеньняў і дасьледавалі структураўтварэньне ў аргана-мінэральных і нафтавых дыспэрсіях. Сярод іншага, стваралі кампызыцыйныя матэрыялы для грамадзянскага і дарожнага будаўніцтва і нафтаперапрацоўкі, распрацоўвалі неарганічныя адсарбэнты, каталітычна актыўныя і мэмбранныя матэрыялы для ачысткі вадкага асяродзьдзя, фотакаталізатары, неарганічныя біяматэрыялы і дадаткі для аховы ад падробкі дакумэнтаў і каштоўных папераў. Урэшце распрацоўвалі неарганічныя каагулянты і палімэрныя флякулянты для ачысткі сьцёкавай вады і абязводжваньня глініста-солевай дыспэрсіі, а таксама такія хімічныя дадаткі, як плястыфікатары, гідрафабізатары, рэгулятары цьвярдзеньня бэтону і будаўнічай рашчыны, гермэтызавальныя і гідраізаляцыйныя матэрыялы. У асьпірантуру прымалі на 2 спэцыяльнасьці: 1) калёідная хіміія, 2) фізычная хімія. У дактарантуру — на спэцыяльнасьць калёідная хімія[3]. У Інстытуце працавала 8 дасьледчых і 2 галіновыя лябараторыі. Сярод 92-х супрацоўнікаў налічвалася 69 дасьледнікаў, у тым ліку 22 кандыдаты і 5 дактароў навук.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі ўлучаў:
- 5 аддзелаў — 1) кампазыцыйных матэрыялаў у складзе 3-х лябараторыяў: а) магнавых злучэньняў, б) аргана-мінэральных і нафтавых дыспэрсіяў, в) палімэрзьмяшчальных дыспэрсных сыстэмаў; 2) мінэральных угнаеньняў у складзе 2-х лябараторыяў: а) калійных угнаеньняў, б) комплексных угнаеньняў; 3) спэцыяльных матэрыялаў; 4) фотахіміі і электрахіміі; 4) інфармацыйна-аналітычны патэнтны;
- 3 лябараторыі — 1) адсарбэнтаў і адсарбцыйных працэсаў, 2) хіміі лакафарбавых і вяжучых матэрыялаў, 3) фізыка-хімічных дасьледаваньняў і аграхімічных выпрабаваньняў[3].
- 2 досьледныя дзялянкі — 1) Досьледная база «Сьвіслач» (Пухавіцкі раён) для ўзбагачэньня шматмінэральнай сыравіны, 2) абсталяваньня і матэрыялаў водаачысткі.
Паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі выпускаў:
- эпаксідныя, эпаксі-поліэтэрыя і поліэтэрныя парашковыя фарбы для ўтварэньня супрацькаразійнага і электраізаляцыйнага пакрыцьця;
- абсталяваньне ачысткі вады ад жалеза, марганцу і серавадароду, а таксама вадкага і газавага асяродзьдзя ад калёіднага і мэханічнага дамешку;
- мэмбранныя і сарбцыйна-каталітычныя матэрыялы[3].
Сярод іншага, Інстытут выконваў:
- выпрабаваньне і распрацоўку рэагентнай апрацоўкі вады для абаротнага астуджэньня;
- выпрабаваньне якасьці хімічных матэрыялаў і рэагентаў на аснове бітуму і бітумнай эмульсіі, нафтапрадуктаў, ПАВ і палімэраў;
- абгрунтаваньне стварэньня горна-ўзбагачальнай вытворчасьці;
- распрацоўку перапрацоўкі шматмінэральнай калійнай руды[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 верасьня 1958 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 671, паводле якой Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Загад № 250 аб падзеле зь 1 студзеня 1959 году Інстытуту хіміі на 2 інстытуты: 1) Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі (ІАНХ), 2) Інстытут фізыка-арганічнай хіміі[4]. У ліпені 1959 году ІАНХ увайшоў у склад Адзяленьне фізыка-матэматычных, хімічных і геалягічных навук АН БССР. У 1963 годзе ІАНХ перадалі Аддзяленьню хімічных навук АН БССР. У 1991 годзе ІАНХ атрымаў прэмію ўраду СССР за распрацоўку шклоэмалевага пакрыцьця сталёвых трубаправодаў[5]. На 1996 год асноўнымі прадметамі навуковых дасьледаваньняў у Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі былі: сынтэз адсарбэнтаў і каталізатараў, паверхневыя зьявы і дыспэрсныя сыстэмы неарганічных матэрыялаў[6]. У 2003 годзе ІАНХ стварыў спосаб кандыцыяваньня грануляванага хлёрстага калю для «Беларуськалію» (Салігорск). У 2005 годзе распрацавалі пораўтваральнік для бэтону на заказ «Магілёўскага камбінату сылікатных вырабаў»[5].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаіл Паўлючэнка (1959—1965)
- Уладзімер Камароў (1966—1993)
- Мікалай Круцько (1993—2016)[4]
- Анатоль Кулак (зь 2016 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (рас.) // Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ Аддзяленьне хіміі і навук аб Зямлі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ а б в г Арганізацыі Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі (Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 13 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 12 чэрвеня 2019 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ а б Гісторыя (рас.) // Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ а б Дасягненьні (рас.) // Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ Агульнай і неарганічнай хіміі інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 88. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (рас.) // Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- Распрацоўкі (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |