Рэфэрэндум у Беларусі 1995 году
Рэфэрэндум у Беларусі 1995 году — імітацыя ўсенароднага галасаваньня, праведзеная 14 траўня 1995 году з ініцыятывы аўтарытарнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі[1]. Адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў[2] і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[3]. Вызначыў сымболіку рэжыму Лукашэнкі, афіцыйны статус расейскай мовы і стратэгічны кірунак на інтэграцыю з Расеяй. Засьведчыў аднаўленьне палітыкі русіфікацыі (этнацыду) беларусаў і расейскай акупацыі Беларусі.
Вынясеньне на рэфэрэндум пытаньняў аб мове і сымбалях парушала артыкулы 17, 78 і 148-2 Канстытуцыі Беларусі, а таксама закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)». Працэдура прызначэньня рэфэрэндуму адбывалася з парушэньнем закону «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» (паводле якога дэпутат ёсьць асобай недатыкальнай) і «Часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету», а таксама Крымінальнага кодэксу. Агітацыя ў пытаньнях рэфэрэндуму праводзілася з парушэньнямі законаў «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)», «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» і «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь». Галасаваньне праходзіла з парушэньнем закону «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)»[3][4].
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня прыняў Закон аб мовах, у абмеркаваньні якога ўдзельнічалі больш за 20 тысячаў чалавек[5]. У прэамбуле гэтага дакумэнта зазначалася, што пад пагрозай апынулася само існаваньне беларускай мовы[6], а ў самім законе беларуская мова прызнавалася дзяржаўнай. Такім чынам, матывацыяй прыняцьця гэтага закону была абарона беларускай мовы[5]. Увосень 1990 году ў Беларусі прынялі дзяржаўную праграму разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў, што было сьведчаньнем паступовага выкананьня Закону аб мовах. Дзяржаўны статус беларускай мовы таксама засьведчылі ў Канстытуцыі Беларусі 1994 году, пры гэтым расейская мова ў ёй вызначалася як мова міжнацыянальных зносінаў. Прынятыя акты практычна не пагоршылі веданьня расейскай мовы ў Беларусі (у Законе аб мовах прапісвалася, што «вывучэньне расейскай мовы ва ўсіх школах Беларусі зьяўляецца абавязковым»[7]), у той жа час за кошт далучэньня да беларускай мовы ў краіне значна павялічылася колькасьць дзьвюхмоўных людзей[5].
19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці афіцыйных дзяржаўных сымбаляў Беларусі. Згодна з артыкулам 97 Канстытуцыі БССР 1978 году (зь зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 1979 і 1989 гадоў) Вярхоўны Савет быў найвышэйшым і бесьперапынна дзейным органам дзяржаўнай улады, які мог прыняць да разгляду ўсякае пытаньне, якое ўваходзіла ў кампэтэнцыю рэспублікі. Пры разглядзе пытаньняў аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу і Пагоні статусу дзяржаўнай сымболікі Вярхоўны Савет вытрымаў усе неабходныя юрыдычныя патрабаваньні згодна зь дзейным заканадаўствам таго часу. Таму працэдура зацьверджаньня бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні ў якасьці дзяржаўных сымбаляў адзначаецца высокім узроўнем легітымнасьці[8].
Аднаўленьне палітыкі русіфікацыі і расейскай акупацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўныя артыкулы: Русіфікацыя Беларусі і Расейская акупацыя Беларусі
Увосень 1993 году ва ўладных колах Беларусі назіралася актывізацыя прарасейскіх настрояў, што выявілася ў працы Канстытуцыйнай Камісіі Вярхоўнага Савету: большасьць яе сябраў выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — прыбраць з тэксту Канстытуцыі Беларусі. Такую пастанову падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[9]. Яшчэ ўлетку 1993 году дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР, а ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ён насіў не дзяржаўны бел-чырвона-белы, а чырвона-зялёны дэпутацкі значак БССР. Разам з тым у сваёй афіцыйнай перадвыбарчай праграме Лукашэнка толькі дэкляраваў, што «забясьпечыць магчымасьць кожнаму чалавеку думаць на той мове, на якой ён гаворыць» (без канкрэтызацыі наконт дзяржаўнага статусу расейскай мовы), а згадкі пра магчымую зьмену сымболікі, увогуле, адсутнічалі[10]. Пры гэтым напярэдадні вырашальнага другога туру выбараў у час тэледэбатаў зь Вячаславам Кебічам Лукашэнка начапіў на пінжак значок з выявай бел-чырвона-белага сьцяга (апанэнт выступаў без значка)[11]. Улетку 1994 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх у другім туры перамогу атрымаў Лукашэнка (56% галасоў ад агульнай колькасьці выбарнікаў). З моманту ўступленьня на пасаду Лукашэнка і яго падначаленыя не карысталіся беларускай мовай пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў і такім чынам не выконвалі дзейных Канстытуцыі і Закону аб мовах[12]. А ўжо ў канцы 1994 году на сэсіі гарсавету ў Гомлі Лукашэнка, увогуле, у абразьлівай форме выказаўся пра беларускую мову і тых, хто на ёй размаўляе[13].
У лютым 1995 году Лукашэнка заявіў пра намер прыбраць беларускую нацыянальную сымболіку і надаць дзяржаўны статус расейскай мове, чым фактычна засьведчыў афіцыйнае аднаўленьне палітыкі русіфікацыі Беларусі. Такім чынам ён імкнуўся атрымаць падтрымку і грошы Расеі[14]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, гэтая ініцыятыва негалосна ішла ад саміх уладаў Расеі[13], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[15]. На карысьць гэтага сьведчыць той факт, што пры разглядзе ў парлямэнце прапанаваных на рэфэрэндум пытаньняў, сярод якіх таксама было пытаньне пра права прэзыдэнта на роспуск парлямэнту, Лукашэнка, вядомы сваёй прагай да абсалютнай улады, некалькі разоў заяўляў, што гатовы фактычна адмовіцца ад пытаньня пра роспуск палямэнту пры ўмове прыняцьця пытаньняў пра мову і сымболіку[16]. Разам з тым пазбаўленьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі і беларускай мовы дзяржаўнага статусу разглядалася як мэтанакіраваны ўдар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) дзеля ўмацаваньня асабістай улады Лукашэнкі[17]. Таксама адной з асноўных мэтаў быў раскол беларускага грамадзтва, каб грамадзкае супрацьстаяньне ў пытаньнях мовы і сымболікі адцягвала ўвагу беларусаў ад эканамічных і палітычных праблем[18].
Выказвалася меркаваньне, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[19]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[20], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[21] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[22][23]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[17][24][25], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Пазьней Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[21]:
Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. | ||
Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, пры гэтым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[26]. Такім чынам, афіцыйнае аднаўленьне палітыкі русіфікацыі ў 1995 годзе стала вынікам супадзеньня інтарэсаў уладаў Расеі, якія рэанімавалі імпэрскую ідэю, і Лукашэнкі, які меў спадзяваньні праз далучэньне Беларусі да Расеі замяніць яе нямоглага прэзыдэнта Барыса Ельцына[15].
Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету (1995)
18 сакавіка 1995 году ў газэце «Звязда» зьявіліся звароты, падпісаныя нібыта 74 дэпутатамі Вярхоўнага Савету (з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў) да Лукашэнкі, якія заклікалі да зьмены дзяржаўных сымбаляў і наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай. Пры гэтым адзін з названых падпісантаў дэпутат Барыс Савіцкі на сэсіі Вярхоўнага Савету заявіў, што не даваў згоды на выстаўленьне свайго подпісу пад зваротам[13]. Асобы астатніх: Міхаіл Качан, Барыс Гетц, В. Шукшын, Ульяна Крышталевіч, Аляксей Саенка, Павел Папоў, Ганна Бабарыкіна, Іван Ціханаў, Мікалай Даменікан, Уладзімер Скрыцкі, Зінаіда Пянькова, Мікалай Спранецкі, Міхаіл Сасноўскі, М. Копач, В. Пыцуха, Валянцін Сарокін, Алена Ўсьціновіч, Пётар Мінчанка, Аляксандар Шыдлавец, Якаў Халшчэўнікаў, Аляксандар Трацьцякоў, Мікалай Якубец, Станіслаў Ціткоў, Раіса Самусевіч, Пётар Катушкін, Аляксандар Пазюмка, Леанід Прывалаў, Уладзімер Герасімаў, Анатоль Новікаў, Мікалай Лакцюшын, Мікалай Дамашкевіч, Аляксандар Малахоўскі, Мікалай Гарэлік, Анатоль Вайцешык, Уладзімер Новікаў, Мікалай Канюшык, Васіль Марозаў, Пётар Скарабагацька, Уладзімер Кулакоў, Валеры Паўлаў, Надзея Ізвалава, Аляксандар Абухоў, Аляксандар Кічкайла, Аляксандар Авечкін, Анатоль Піскуноў, Валянцін Шкурко, Мікалай Судас, Мікалай Грынёў, Анатоль Сіўчыкаў, Генрых Яскевіч, Віктар Чырун, Міхаіл Жукоўскі, Анатоль Жук, Мікалай Дземянцей, Анатоль Дубоўскі, Анатоль Сакалоў, Яўген Радзецкі, Міхаіл Веславухаў, Уладзімер Уранюк, Іван Цітоў, Георгій Чэх, Баляслаў Шылько, Іван Цярэшка, Мікалай Гушаль, Ігар Нялюбін, Аляксандар Кузьмянкоў, Васіль Борыс, Іван Трусаў, Васіль Трафіменка, Аляксей Камай, Мікалай Коваль, Мікалай Скарынін, Яўген Бачароў. Паводле нацыянальнага складу сярод падпісантаў было ня менш як 18 чалавек расейцаў (або 25% ад усіх падпісантаў, што ў два разы больш за сярэднюю колькасьць расейцаў ад усяго насельніцтва Беларусі паводле перапісаў 1989 і 1999 гадоў), два ўкраінцы і адзін паляк, астатнія — беларусы[27]. Тым часам паводле прафэсійнага складу толькі адзін падпісант быў работнікам (бульдазэрыст з Лоева), астатнія — былыя і дзейныя кіраўнікі з савецкай адміністрацыі ў Беларусі[28].
23 і 24 сакавіка ў Вярхоўным Савеце праходзіла абмеркаваньне пытаньняў, унесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум. Старшыня парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў сярод аргумэнтаў супраць прызначэньня рэфэрэндуму зазначыў, што згодна зь дзейным заканадаўствам зьмяненьні і дапаўненьні ў Канстытуцыю ня могуць праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету, а таксама што на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Пытаньне аб статусе мовы трапляла пад гэтую катэгорыю і, такім чынам, вынясеньне яго на рэфэрэндум было неканстытуцыйным[29]. У адказ на гэта намесьнік старшыні Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Казючыц (былы першы сакратар Круглянскага райкаму КПБ) у падтрымку прапановы Лукашэнкі фактычна заявіў, што закон пры патрэбе можна не выконваць[30]. Сам Лукашэнка, які прысутнічаў у час абмеркаваньня, у сваім выступе працягваў сьцьвярджаць, што не парушае закону, не прыводзячы, аднак, ніякіх юрыдычных аргумэнтаў, пры гэтым у выпадку непрызначэньня рэфэрэндуму ён фактычна прыгразіў распусьціць парлямэнт[31].
Згодна з законам прэзыдэнт ня мог прызначаць рэфэрэндумы, а толькі ініцыяваць іх для разгляду Вярхоўным Саветам. 11 красавіка 1995 году ў парлямэнце праводзілася галасаваньне датычна прызначэньня рэфэрэндуму па 4 прапанаваных Лукашэнкам пытаньнях: аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай; аб зьмяненьні дзяржаўнай сымболікі; аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй; аб надзяленьні прэзыдэнта правам распускаць парлямэнт. На падставе высноваў парлямэнцкіх камісіяў дэпутаты адхілілі ўсе пытаньні[5], апроч пытаньня аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. У адказ на гэта Лукашэнка ў эмацыйнай форме заявіў, што пытаньні (мова, сымболіка, права роспуску парлямэнту і інтэграцыя з Расеяй) нібыта складалі «цэласны комплекс», які дэпутаты «парушылі», разглядаючы гэтыя пытаньні паасобку[32].
Напярэдадні галасаваньня 19 дэпутатаў абвясьцілі галадоўку (яшчэ два дэпутаты іх падтрымалі) як скрайні захад у зьвязку зь незаконнасьцю правядзеньня рэфэрэндуму і парушэньня заканадаўчых актаў з Канстытуцыяй. Увечары, па правале прапанаваных пытаньняў на галасаваньні, у сюжэце падкантрольнай Лукашэнку тэлевізіі прагучала заява, што «прэзыдэнт імкнуўся вырашыць праблему мірнымі шляхамі, але вычарпаў усе магчымасьці»[33]. А ўжо ў ноч з 11-га на 12 красавіка ў Дом ураду ўварваліся людзі ў масках і камуфляжнай форме, якія жорстка зьбілі дэпутатаў, праігнараваўшы статус іх недатыкальнасьці, і выкінулі з будынку Вярхоўнага Савету на вуліцу. Генэральная пракуратура выявіла ўдзел у апэрацыі некалькіх сотняў (апытала 190 з агульнай колькасьці каля 600 чалавек[34]) супрацоўнікаў сілавых структураў, уведзеных у тую ноч у будынак парлямэнту, але хто канкрэтна зьбіваў дэпутатаў — высьветліць ня здолела: служба аховы прэзыдэнта не адказала на афіцыйныя запыты і адмовілася прадставіць пракуратуры відэазапіс падзеяў[35]. Паводле пазьнейшага прызнаньня тагачаснага намесьніка старшыні КДБ Валерыя Кеза, дэпутатаў зьбівалі афіцэры спэцпадразьдзяленьня КДБ «Альфа»[36], тым часам апэрацыяй кіраваў асабіста Лукашэнка разам зь Сініцыным і Ціцянковым[37].
12 красавіка, па начным зьбіцьці дэпутатаў, будынак Дома ўраду атачылі супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі, а дэпутатаў у залю паседжаньняў прапускалі толькі паводле сьпісу, складзенага невядомымі асобамі[38]. Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што будзе пускаць на паседжаньні дэпутатаў у залежнасьці да таго, як яны «будуць сябе паводзіць»[39]. 13 красавіка рэшта дэпутатаў у атмасфэры страху[40] пад прымусам прыняла пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму[41]. У канцы паседжаньня Лукашэнка заявіў, што за дзяржаўны кошт запрашае ўсіх удзельнікаў паседжаньня на банкет з алькаголем[42].
Пытаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адпаведнасьці з пастановай № 3728-ХІІ «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньнях, прапанаваных Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забесьпячэньні» ў бюлетэнь для галасаваньня ўносіліся наступныя пытаньні:
- Ці згодныя Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
- Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь?
- Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
- Ці згодныя Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?
Першае, другое і трэцяе пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, вынікі якога афіцыйна вызначаліся канчатковым, а чацьвертае пытаньне — для прыняцьця кансультацыі, якая мае рэкамэндацыйны характар[41].
У бюлетэнях для галасаваньня адсутнічала выява сьцяга і гербу, якія ў фармулёўцы другога пытаньня вызчаналіся як «новы Дзяржаўны сьцяг» і «новы Дзяржаўны герб». З улікам таго, што прапанаваная Лукашэнкам сымболіка нагадвала старыя сьцяг і герб Беларускай ССР, паняцьце «новы» можна было ўжыць да беларускіх нацыянальных сымбаляў, зацьверджаных у якасьці дзяржаўных у 1991 годзе. Існуюць сьведчаньні, што выбарнікі блыталі, за якую сымболіку галасуюць[43][44].
Афіцыйна абвешчаныя вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле афіцыйнага паведамленьня аб выніках рэспубліканскага рэфэрэндуму[45], зробленага Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў:
- за прыняцьце прапанаванага Лукашэнкам сьцяга і гербу прагаласавала 3 622 851 чалавек, ці 75,1%, супраць прагаласавала 988 839 чалавек, ці 9,39%, 211 792 бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі;
- за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай прагаласавала 4 017 273 чалавекі, ці 83,3%, супраць прагаласавала 613 516 чалавек, ці 12,7%, 192 693 бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі;
- за інтэграцыю з Расеяй прагаласавала 4 020 001 чалавек, ці 83,3%, супраць прагаласавала 602 144 чалавекі, ці 12,5%, 201 337 бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі;
- за наданьне прэзыдэнту права роспуску парлямэнту ў выпадку грубага або сыстэматычнага парушэньня апошнім Канстытуцыі прагаласавала 3 749 266 чалавек, ці 77,7%, супраць прагаласавала 857 485 чалавек, ці 17,8%, 216 731 бюлетэнь быў прызнаны несапраўдным.
Пры гэтым афіцыйна абвешчаны адсотак выбарнікаў, што прагаласавалі супраць зьмены дзяржаўнай сымболікі, быў зьменшаны больш чым у 2 разы: 988 839 чал. складае ад 4 823 482 чал. (агульная колькасьць удзельнікаў рэфэрэндуму) не 9,39%, а 20,5%.
16 траўня 1995 году, калі афіцыйна абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму яшчэ фармальна не набылі законнай сілы, кіраўнік справамі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў зьняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разарваў дэ-юрэ і дэ-факта (на той момант) дзяржаўны сымбаль Беларусі «на сувэніры»[46]. Ціцянкоў асабіста расьпісаўся на кожным з кавалкаў, што зафіксавалі на відэа[47].
7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[48] і № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[49] дзеля фармальнага замацаваньня сымболікі рэжыму на заканадаўчым узроўні. Тым часам беларускія нацыянальныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня трапілі пад негалосную забарону[50]
Праўная ацэнка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Неадпаведнасьць Канстытуцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, а расейскую — як мову міжнацыянальных зносінаў. Зьмена іх статусу азначала зьмену Канстытуцыі. Згодна з артыкулам 148 Канстытуцыі Беларусі не дазвалялася зьмяняць або дапаўняць Канстытуцыю на працягу апошніх шасьці месяцаў паўнамоцтваў парлямэнту[2][41].
Выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня прызначылі ў адзін дзень з рэфэрэндумам — адпаведна, паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня мусілі скончыцца не пазьней, чым праз тры месяцы па галасаваньні[51] (што ў два разы менш за вызначаны законам тэрмін у шэсьць месяцаў). Тым часам у адмысловым камэнтары судзьдзі Рыгора Васілевіча (у 1997—2008 гадох старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі, прыхільнік палітыкі Лукашэнкі[52]), увогуле, зазначалася неправамоцнасьць заканатворчай дзейнасьці Вярхоўнага Савету, пачынаючы з сакавіка 1995 году (калі згодна з Канстытуцыяй сканчаўся 5-гадовы тэрмін яго паўнамоцтваў), што таксама пашыраецца і на пастанову № 3728-XII «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньнях, прапанаваных Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і захадах па іх забесьпячэньні» ад 13 красавіка 1995 году[53].
Неадпаведнасьць заканадаўству
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Паводле артыкулу 78 Канстытуцыі Беларусі, рэфэрэндум мусіў праводзіцца ў адпаведнасьці з законам. Праўныя аспэкты рэфэрэндуму рэгуляваліся Законам «Аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме)»[3]. У адпаведнасьці з артыкулам 3 закону «Аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме)» на ўсенароднае галасаваньне забаранялася выносіць пытаньні, што «парушаюць неад’емнае права народа Рэспублікі Беларусь на дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы».
Паводле доктара юрыдычных навук, прафэсара, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, былога сябра Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова[a][41][54], з гэтага закону вынікае, што пытаньні, накіраваныя на зьніжэньне дзяржаўных гарантыяў існаваньня беларускай мовы, у тым ліку шляхам прыніжэньня яе ролі ў параўнаньні зь іншымі мовамі, ня могуць выносіцца на рэспубліканскі рэфэрэндум. Аналягічную выснову трэба зрабіць і датычна пытаньняў аб зьмене дзяржаўных сьцяга і гербу, як пытаньняў, якія замахваюцца на неад’емнае права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасьць[2][41].
Менавіта на падставе неадпаведнасьці заканадаўству Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў адмовіла ў правядзеньні рэфэрэндуму па моўным пытаньні ініцыятыўнай групе грамадзянаў з пракамуністычнага Народнага руху Беларусі ўвосень 1994 году[5]. Заяву гэтай групы аб ініцыяваньні рэфэрэндуму разгледзілі ў шасьці парлямэнцкіх камісіях і ў Міністэрстве юстыцыі. Усе яны зрабілі прыблізна аднолькавыя заключэньні, грунтуючыся на якіх і спасылаючыся на артыкул 3 закону «Аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме)», Цэнтральная камісія па выбарах і рэфэрэндумах растлумачыла падаўцам заявы, што пытаньне аб наданьні расейскай мове дзяржаўнага статусу «проста забаронена заканадаўствам рэспублікі»[55].
Парушэньне законаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прызначэньне рэфэрэндуму адбылося з парушэньнем закону «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» і «Часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету»[2][3].
Паводле Міхаіла Пастухова, толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў «людзьмі ў камуфляжнай форме» ў будынку парлямэнту, ставіць пад сумнеў законнасьць пастановы Вярхоўнага Савету наконт прызначэньня рэфэрэндуму, бо яе прымалі пад прымусам. Само ж увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і напад на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам. Па гэтым здарэньні Пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу, аднак з часам яе прыпынілі з прычыны «неўсталяваньня асобаў, што дазволілі бясчынствы ў парлямэнце» (рас. «неустановления лиц, допустивших бесчинства в парламенте»[41]).
- Ігнараваньне Канстытуцыйным судам зваротаў Камісіі Вярхоўнага Савету.
Адразу па абвяшчэньні Лукашэнкам ініцыятывы рэфэрэндуму Камісія па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савету (старшыня Ніл Гілевіч) зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд (старшыня Валеры Ціхіня) з просьбай вызначыць адпаведнасьць Канстытуцыі прапановы прэзыдэнта наконт наданьня расейскай мове роўнага статусу зь беларускай. Аднак суд адмовіўся разглядаць гэтае пытаньне, матывуючы сваю пазыцыю тым, што ён ня мае кампэтэнцыі для праверкі «канстытуцыйнасьці прапановы Прэзыдэнта Рэпублікі Беларусь аб правядзеньні рэфэрэндуму» (рас. «конституционности предложения Президента Республики Беларусь о проведении референдума»[56]). Па прыняцьці 13 красавіка 1995 году Вярхоўным Саветам пастановы наконт правядзеньня рэфэрэндуму вышэйзгаданая Камісія ВС паўторна зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд з аналягічнай просьбай, на што зноў атрымала адмову. У якасьці фармальнай прычыны паслужыла тое, што «пастановы Вярхоўнага Савету не ўваходзяць у пералік нарматыўных актаў, пытаньне аб канстытуцыйнасьці якіх можа разглядацца Канстытуцыйным судам» (рас. «постановления Верховного Совета не включены в перечень нормативных актов, вопрос о констуционности которых может рассматриваться Конституционным судом»[57]). Фактычнае ігнараваньне Канстытуцыйным судам звароту Камісіі Вярхоўнага Савету можна расцаніць як яшчэ адно сьведчаньне сумніўнай законнасьці праведзенага рэфэрэндуму[41].
- На вядзеньне агітацыі супраць вынесеных на рэфэрэндум прапановаў накладаліся істотныя абмежаваньні, што парушала закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)», які прадугледжваў атрыманьне грамадзянамі поўнай інфармацыі па пытаньнях, вынесеных на галасаваньне, а таксама роўныя магчымасьці агітацыі «за» і «супраць»[3].
Таварыства беларускай мовы напярэдадні рэфэрэндуму двойчы зьвярталася да кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з просьбай наданьня тэле- і радыёэтэру, а адзін з намесьнікаў старшыні Таварыства даў інтэрвію для другой праграмы Беларускага радыё, якое аднак зьнялі з этэру. Таксама вядомыя грамадзкія дзеячы, прыхільнікі беларускай нацыянальнай ідэі, не атрымалі доступу да тэле- і радыёэтэру. У той жа час этэрны час вольна надаваўся актывістам Славянскага сабору і камітэту «За свабодны выбар мовы навучаньня» (рас. «За свободный выбор языка обучения»[58]). Рэжым Лукашэнкі зладзіў шырокую прапагандысцкую кампанію празь дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі на карысьць станоўчых адказаў на пытаньні рэфэрэндуму. Напярэдадні рэфэрэндуму сам Лукашэнка на працягу 3-х гадзінаў агітаваў з тэлеэкрана за падтрымку сваёй ініцыятывы і свайго адназначнага бачаньня адказаў: па ўсіх пытаньнях — «так»[41]. Увогуле, толькі на тэлебачаньні працягласьць перадачаў з агітацыяй за пытаньні рэфэрэндуму, паводле маніторынгу, складала дзясяткі гадзінаў[3]. Пры гэтым у кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня выразалася часткі выступаў, дзе яны выказваліся супраць прапанаваных Лукашэнкам пытаньняў рэфэрэндуму[3].
- Парушэньне закону «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь», які гарантаваў наданьне этэрнага часу дэпутатам.
Перад галасаваньнем група дэпутатаў (Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Навумчык) зьвярнуліся з афіцыйным запытам да старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі Рыгора Кісяля з просьбай надаць 45 хвілінаў этэрнага часу 13 траўня 1995 году для выказваньня сваёй пазыцыі па пытаньнях рэфэрэндуму і зьняпраўджваньня інфармацыі, якая папярэдне прагучала ў фільме Юрыя Азаронка «Нянавісьць: дзеці хлусьні». Аднак этэру не надалі, хаця гэта гарантавалася дэпутатам законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь»[3].
- У дзень рэфэрэндуму ў многіх памяшканьнях, дзе адбывалася галасаваньне, вывесілі плякаты, якія паказвалі, як трэба «правільна» адказваць у адпаведнасьці з пазыцыяй Лукашэнкі[41].
Фальсыфікацыі пры падліку галасоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У час галасаваньня афіцыйна зарэгістраваныя назіральнікі зафіксавалі шматлікія парушэньні[3]. Парушэньні былі зафіксаваныя на кожным участку, дзе былі назіральнікі ад БНФ (больш за 100 участкаў). Характэрна, што ў Менску, дзе кантраляваньне грамадзкасьцю працэдуры галасаваньня было арганізавана найлепш, ні адно з пытаньняў не атрымала больш за 40% станоўчых адказаў ад агульнага сьпісу грамадзян з правам голасу. Аднак у рэгіёнах гэты паказчык несувымерна больш высокі[41]. 21 траўня Сойм БНФ адзначыў, што галасаваньне па рэфэрэндуме, асабліва ў сельскай мясцовасьці, было сфальсыфікавана выканаўчымі ўладамі і іхнімі прадстаўнікамі ў выбарчых камісіях. Пра гэта сьведчаць шматлікія факты, зарэгістраваныя назіральнікамі як ад Партыі БНФ, так і іншымі. Існуюць сьведчаньні, што ў шмат якіх сельскіх акругах прыйшло прагаласаваць менш за палову грамадзянаў, унесеных у сьпісы для галасаваньня. Колькасьць тых, хто прагаласаваў, была завышаная. Па другім і чацьвертым пытаньнях рэфэрэндуму (дзяржаўныя сымбалі і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт) прагаласавала «за» менш за палову ад агульнай колькасьці выбарнікаў[3].
Адначасна з рэфэрэндумам у тых жа памяшканьнях праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, якія не адбыліся ў 141 акругах з 260 празь нізкую яўку (прыйшло менш за палову выбарнікаў), пры гэтым паводле афіцыйных зьвестак, ува ўсіх гэтых акругах у рэфэрэндуме прыняла ўдзел больш за палову выбарнікаў[17].
Рэакцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь не зьняпраўдзіла атрыманай ад афіцыйна зарэгістраванай партыі Беларускага Народнага Фронту афіцыйнай заявы, дзе на падставе зарэгістраваных назіральнікамі фактаў даводзілася, што ўдзел у рэфэрэндуме ўзяла менш за палову выбарнікаў, а сярод тых, хто прагаласаваў, менш за палову падтрымала прапановы Лукашэнкі па зьмене дзяржаўнай сымболікі і праве распускаць парлямэнт[3].
- Дэпутаты партыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня на чале зь Зянонам Пазьняком заявілі пра нелегітымнасьць рэфэрэндуму і непрызнаньне яго вынікаў, што бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі, што статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай ня мусіць быць зьменены, а Лукашэнка ня мае права роспуску парлямэнту і, увогуле, больш не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам[3].
Сьвет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, дэлегацыя якой наведала больш за 70 участкаў для галасаваньня, зрабіла выснову, што парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум у Беларусі не адпавядалі ўсім міжнародным нормам свабоднага і справядлівага галасаваньня. Адзначаўся кантроль з боку ўрада за мас-мэдыя (што прыводзіла да браку або перакручваньня інфармацыі, у тым ліку праз пашырэньне паклёпніцкай інфармацыі), умяшаньне выканаўчай улады ў выбарчы працэс, здушэньне дзейнасьці палітычных партыяў. Дэлегацыя таксама зафіксавала, як выбарнікі ў час галасаваньня ўкідвалі па некалькі бюлетэняў — як парлямэнцкіх выбараў, так і рэфэрэндуму[3].
- Заяву наконт выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі зрабіў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, у якой выказвалася шкадаваньне з нагоды таго, якім чынам і ў якой абстаноўцы кіраўніцтва Беларусі правяло выбары і рэфэрэндум[59].
- У заяве Дзяржаўнай думы Расеі сьцьвярджалася, што яна «з натхненьнем успрыняла вынікі прамога народнага волевыяўленьня 14 траўня 1995 году, якое пацьвердзіла няўхільнае імкненьне беларускага народу да яднаньня з Расеяй. Выказаная пазыцыя беларускага народу па пытаньнях аб дачыненьнях з Расеяй, аб статусе расейскай мовы і аб дзяржаўнай сымболіцы стала пераканаўчым сьведчаньнем глыбокага разуменьня карэнных інтарэсаў двух нашых братэрскіх народаў»[60].
Праўныя наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міхаіл Пастухоў адзначае, што рэфэрэндум 1995 году быў незаконным, а ўсе дзеяньні, скіраваныя на рэалізацыю пастаўленых на рэфэрэндуме пытаньняў, варта прызнаць злоўжываньнем улады і гвалтам у дачыненьні да беларускага народу. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня яго вынікі ня маюць значэньня, а Канстытуцыя Беларусі 1994 году захоўвае свой легітымны характар. Таму варта найперш аднавіць дзеяньне пачатковай рэдакцыі Канстытуцыі, а потым ужо абмяркоўваць нейкія зьмены[2].
Беларускі праўнік Алег Волчак паказвае на тое, што службовыя асобы, якія мелі дачыненьне да правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму, зьдзейсьнілі крымінальныя дзеяньні, якія кваліфікуюцца як захоп і ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама замах на жыцьцё дзяржаўных дзеячоў з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку і ўзьдзеяньня на пастановы дзяржаўных органаў (тэрарыстычны акт). Усе ўдзельнікі тых падзеяў, ад шэраговага і да афіцэрскага складу, якія ўжывалі гвалт супраць дэпутатаў парлямэнту, таксама павінны быць прыцягнуты да адказнасьці як беспасярэднія саўдзельнікі і выканаўцы захопу ўлады. Такая ж крымінальная адказнасьць ляжыць на сябрах Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэфэрэндумах, якія зацьвердзілі вынікі незаконнага рэфэрэндуму. Фактычна, 12 красавіка 1995 году кіраўнік дзяржавы Лукашэнка павінны быў быць адхілены ад улады ў зьвязку з грубым парушэньнем Канстытуцыі, бо сваёй пастановай аб прызначэньні рэфэрэндуму аб замене нацыянальнай сымболікі і наданьні расейскай мовы дзяржаўнага статусу перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, дадзеныя яму Канстытуцыяй[3].
Паводле былога дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, сябра Канстытуцыйнай Камісіі і парлямэнцкай камісіі па пытаньнях СМІ і правоў чалавека Сяргея Навумчыка, аднаўленьне ў статусе дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоні, а таксама статусу беларускай мовы — пытаньне аднаўленьня законнасьці ў Беларусі[3].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Міхаіл Пастухоў правёў падрабязны праўны аналіз рэфэрэндуму ў адмысловай публікацыі 2000 году, якая больш грунтоўна разглядае праблему за ранейшую публікацыю 1998 году, якая не датычылася рэфэрэндуму і дзе можна сустрэць папярэдняе сьцьверджаньне пра адсутнасьць супярэчаньняў Канстытуцыі і сур’ёзных парушэньняў закону.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Аксана Колб. Доўгі шлях да лепшай долі (бел.) // Новы час. — 2021. — № 18 (726). — С. 1.
- ^ а б в г д Пастухоў М., Пульша С. Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая (бел.) // Новы час. — 2021. — № 10 (718). — С. 4.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 238.
- ^ а б в г д Запрудзкі С. Грамадзкае сьцьвярджэньне беларускай мовы і парушэньні правоў беларускамоўных людзей // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
- ^ Закон Беларусской Советской Социалистической Республики о языках в Белорусской ССР. — Минск, 1990. С. 19.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 95.
- ^ Кур’яновіч А. Як бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным: верасень, 1991, Электронная газэта ARCHE, 26 жніўня 2020 г.
- ^ Навумчык С. У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2020 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 105.
- ^ Тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 1994 году
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 101.
- ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
- ^ а б Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 113, 133—134.
- ^ а б в Мартинович Д. Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум, TUT.BY, 14.05.2020 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 107, 111—112, 118, 120.
- ^ Олегов А. Лукашенко метит в президенты России // Огонёк. № 43, 27 октября 1996. С. 9.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 24.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
- ^ Соўсь Г. Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2019 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 65.
- ^ Толкачева Е. «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР, TUT.BY, 12.05.2019 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 82—83.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 83.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 86.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 89—90.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 92.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 133.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 143.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 198—199.
- ^ Навумчык С. Хто выціскаў вочы Пазьняку. Зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі ў Доме ўраду, Радыё Свабода, 26 лютага 2019 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 202—203.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 207.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 168.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 174.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 194.
- ^ а б в г д е ё ж з і Пастухоў М. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 195.
- ^ Навумчык С.Кактус на гербе, або Паважайце свой «рэфэрэндум», Радыё Свабода, 21 траўня 2020 г.
- ^ Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE Пачатак. № 1 (21), 2002 г.
- ^ СООБЩЕНИЕ Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов Об итогах голосования на республиканском референдуме 14 мая 1995 года, Центральная комиссия Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов (архіўная копія на archive.org — Архіў Інтэрнэту) (рас.)
- ^ Дзедзіч. № 3 (22), травень 2003. С. 1.
- ^ Зянон Пазьняк: «У мяне пацяклі сьлёзы» (аўдыё), Радыё Свабода, 18 верасьня 2006 г.
- ^ Об утверждении эталона Государственного герба Республики Беларусь и Положения о Государственном гербе Республики Беларусь
- ^ Об утверждении Положения о Государственном флаге Республики Беларусь
- ^ Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 233.
- ^ Василевич Григорий (рас.) // Кто есть кто в Беларуси. — М.: Книжный дом «Университет», 1999. — ISBN 5-8013-0068-6
- ^ Заключение Конституционного Суда Республики Беларусь от 11 октября 1995 г. №З-17/95 «О соответствии Конституции Республики Беларусь статьи 7 Закона „О Верховном Совете Республики Беларусь“, статьи 10, части четвертой статьи 63 Временного регламента Верховного Совета Республики Беларусь» (рас.)
- ^ Пастухов М. Развитие правовой системы Беларуси (до и после ноябрьского 1996 года референдума) // Россия и Белоруссия: общества и государства / Ред. Д. Е. Фурман. — Москва, Издательство «Права человека», 1998. С. 296—315.
- ^ Усенародны рэфэрэндум не адбудзецца // Народная газета. 22—24 кастрычніка 1994 г.
- ^ Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. № 2—3, 1995. С. 68—69.
- ^ Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. № 2—3, 1995. С. 72—73.
- ^ Запрудзкі С. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ Пачатак. № 1 (21), 2002.
- ^ Парламентские выборы в Беларуси; Заявление госдепартамента США по поводу выборов и референдума в Республике Беларусь // Белорусская деловая газета. 22 траўня 1995 г.
- ^ Заявление Государственной Думы Федерального Собрания Российской Федерации «В связи с результатами всенародного референдума 14 мая 1995 года в Республике Беларусь»
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
- Навумчык С. Дзевяноста пяты. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — 320 с.: іл. ISBN 978-0-929849-73-7.
- Пастухоў М., Пульша С. Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая (бел.) // Новы час. — 2021. — № 10 (718). — С. 4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навумчык С. (12 траўня 2019) Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным. Радыё Свабода. Праверана 23 студзеня 2020 г.
- Лашкевіч К. (15 сакавіка 2009) «Амерыканскія горкі» беларускай Канстытуцыі. TUT.BY. Праверана 20 лістапада 2020 г.
- Гуштын А. (14 траўня 2015) Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы. Naviny.by. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Навумчык С. (30 студзеня 2021) Як змахлявалі на рэфэрэндуме пра «чырвона-зялёную» сымболіку. Радыё Свабода. Праверана 19 лютага 2021 г.
- Навумчык С. (2 лютага 2021) Лукашэнка на рэфэрэндуме пра сымбалі: камуністам — правадыр, а Крамлю — халоп. Радыё Свабода. Праверана 19 лютага 2021 г.
- «Дзеці хлусьні», пабіцьцё дэпутатаў, старшыню ЦВК вынесьлі з кабінэту. Як у Беларусі ладзілі рэфэрэндумы. Радыё Свабода (30 красавіка 2021). Праверана 30 красавіка 2021 г.
- Рэферэндум 1995 года / Сведкі на YouTube, Белсат