Перайсьці да зьместу

Уладзіслаў Ваза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Уладзіслаў IV»)
Уладзіслаў Ваза
лац. Uładzisłaŭ Vaza
сьпіс вялікіх князёў літоўскіх і цар усяе Русі[d]
Уладзіслаў Ваза. Невядомы мастак, каля 1626
 
Кароль польскі
8 лістапада 1632 — 20 траўня 1648
Каранацыя 6 лютага 1633
Папярэднік Жыгімонт Ваза
Наступнік Ян Казімер Ваза
Вялікі князь літоўскі
8 лістапада 1632 — 20 траўня 1648
Каранацыя 6 лютага 1633
Папярэднік Жыгімонт Ваза
Наступнік Ян Казімер Ваза
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 чэрвеня 1595(1595-06-09)[1][2][3][…], Лобзаў
Памёр 20 траўня 1648(1648-05-20)[1][2][4][…] (52 гады),
Пахаваны
Нашчадкі Жыгімонт Казімер Ваза, Марыя Ганна Ізабэла Вазоўна[d] і Уладыслаў Канстантын Ваза[d]
Дынастыя Вазы[d]
Сужэнец Цэцылія Рэната Габсбург і Людвіка Марыя Ганзага
Бацька Жыгімонт Ваза[7]
Маці Ганна Габсбург
Узнагароды
рыцар ордэна Залатога руна
Подпіс Выява аўтографу

Уладзіслаў IV Ваза (9 чэрвеня 1595, Лобзаў каля Кракава — 20 траўня 1648, Мерач Троцкага ваяводзтва) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1632—1648), тытулярны цар маскоўскі (1610—1634) і кароль швэдзкі (1632—1648).

Тытул караля і вялікага князя на лацінскай мове: «Vladislaus Quartus Dei gratia rex Poloniae, magnus dux Lithuaniae, Russiae, Prussiae, Masoviae, Samogitiae, Livoniaeque, Smolenscie, Severiae, Czernichoviaeque necnon Suecorum, Gothorum Vandalorumque haereditarius rex, electus magnus dux Moschoviae».

Пераклад: «Уладзіслаў IV, з Божай ласкі кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, інфлянцкі, смаленскі, северскі і чарнігаўскі, а таксама спадчынны кароль Швэцыі, Готаў і Вэндаў, абраны вялікім князем маскоўскім».

Меў найдаўжэйшы тытул сярод усіх каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх.

Паходжаньне і радавод

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы і ягонай першай жонкі Ганны Габсбург.

Двойчы браў шлюб. Ад першай жонкі — Цэцыліі Рэнаты Габсбург (1611—1643) меў сына Жыгімонта Казімера (1640—1647), які памёр у маленстве, і дачку Марыю Ганну Ізабэлу (1642—1642), якая памерла немаўлятам. Другі шлюб зь Людвікай Марыяй Ганзага (1611—1667) быў бязьдзетным. Апроч таго, меў сына Ўладзіслава Канстантына (1635—1698) ад каханкі Ядвігі Лушкоўскай (1610—1648).

У пачатку вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618) у часе распаду Тушынскага лягеру і ўцёкаў зь яго Дзьмітрыя Самазванца II у Калугу баяры і дваране-тушынцы на чале з патрыярхам Філярэтам, будучы прывабленымі Ўладзіславам ад Самазванца (які імкліва страчваў давер Рэчы Паспалітай), прапанавалі на царскі сталец Уладзіслава Вазу з умовай, што ён прыме праваслаўе. 4 лютага 1610 году дэлегацыя тушынцаў у лягеры пад Смаленскам падпісала з каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам дамову, паводле якой той адпускаў сына ў Маскву на царства, а панавальнае становішча ў Маскоўскай дзяржаве захоўвалася за баярамі і дваранамі; маскоўскія купцы атрымалі права вольнага гандлю за мяжой, у тым ліку ў Рэчы Паспалітай.

Уладзіслаў Ваза ў маленстве. Невядомы мастак, каля 1605

У ліпені 1610 году цара Васіля Шуйскага скінулі са стальцу. Новы маскоўскі ўрад — «сямібаяршчына» — пад пагрозай захопу Масквы Дзьмітрыем-Самазванцам II у жніўні 1610 склаў дамову з гетманам С. Жалкеўскім пра абраньне Ўладзіслава Вазу царом. Жыхары Масквы і іншых местаў прынялі прысягу на вернасьць новаму цару. Аднак Жыгімонт Ваза не адпусьціў у Маскву 15-гадовага сына, таму ад ягонага імя дзяржавай кіраваў маскоўскі ўрад.

Па ўзяцьці Масквы ўвосень 1612 войскамі 2-га апалчэньня Ўладзіслава Вазу дэтранізавалі, і ў лютым 1613 земскі сабор абраў царом Міхаіла Раманава. У 1617—1618 гадох Уладзіслаў Ваза ўзначаліў выправу на Маскву, аднак авалодаць местам ня здолеў. Згодна з Дэвулінскім замірэньнем (1618) каралевіч захаваў тытул цара, але Міхаіл Раманаў застаўся на стальцы[8].

Пазьней удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Турэччынай (1621) і Швэцыяй (1626—1629). Па сьмерці бацькі (13 лістапада 1632) на элекцыйным сойме Ўладзіслава Вазу абралі каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Вонкавая палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Уладзіслаў Ваза ў маладым веку. Невядомы мастак, пач. XVII ст.

Праводзіў вонкавую палітыку, скіраваную на забесьпячэньне перадусім інтарэсаў сваёй дынастыі[9].

Пераняў уладу ў цяжкі для Рэчы Паспалітай час, калі краіна страціла Інфлянты. Здолеў перамагчы Маскоўскую дзяржаву ў Смаленскай вайне (1632—1634) і паводле Палянаўскага міру (14 красавіка 1634) выгнаць захопнікаў са Смаленску ды прымусіць маскоўскага цара адмовіцца ад прэтэнзіяў на землі, якія паводле Дэўлінскага замірэньня (11 сьнежня 1618) адыйшлі да Рэчы Паспалітай. Аднак са свайго боку мусіў адмовіцца ад тытулу маскоўскага цара ды прэтэнзіяў на маскоўскі сталец.

Па сьмерці швэдзкага караля Густава II Адольфа і заканчэньня Альтмарскага замірэньня імкнуўся заняць швэдзкі сталец і падтрымаў памкненьні вялікалітоўскай палітычнай эліты адваяваць Інфлянты. Калі Каралеўства Польскае 12 верасьня 1635 падпісала сэпаратную дамову са Швэцыяй, за апошняй засталіся Інфлянты, за Прусіяй — Клайпеда, а Ўладзіслаў Ваза канчаткова адмовіўся ад прэтэнзіяў на швэдзкі сталец.

Вызваленьне Смаленску Ўладзіславам Вазай. Невядомы мастак каля 1634

З мэтай забясьпечыць сабе большую падтрымку Габсбургаў і, увогуле, павялічыць ролю Рэчы Паспалітай у эўрапейскай палітыцы ў 1637 ажаніўся з Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. Калі яна памерла, у 1646 пабраўся шлюбам з маладой францускай князёўнай Людвікай Марыяй Ганзага (1611—1667), што мусіла паказаць зацікаўленасьць у хаўрусе з Францыяй. У выніку, актывізавалася ўмяшаньне гэтых краінаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая так і не зрабілася суб’ектам эўрапейскай палітыкі. Нягледзячы на гэта, з Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй да сярэдзіны XVII ст. ўсталяваўся мір, што спрыяла эканамічнаму разьвіцьцю.

Унутраная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Уладзіслаў Ваза. Пітэр Пауль Рубэнс, каля 1624

Па перамозе ў Смаленскай вайне папулярнасьць Уладзіслава Вазы ў грамадзтве істотна ўзрасла. Працяглы час праводзіў у Вялікім Княстве Літоўскім — паляваў у ваколіцах Вільні, жыў у Вялікакняскім палацы, які быў пры ім зноў зрабіўся палітычным і культурным цэнтрам. У палацы прыймаліся замежныя дыпляматы, адбываліся спэктаклі (у 1636 адбылася пастаноўка першай у Вялікім Княстве опэры «Выкраданьне Алены»), папулярныя ў тагачаснай Эўропе, а таксама цкаваньне зьвяроў (мядзьведзяў і быкоў), маскарады, касьцюмаваныя балі, іншыя забавы.

У адрозьненьне ад бацькі, вызначаўся рэлігійнай талерантнасьцю ў дачыненьні да пратэстантаў. У 1645 склікаў пратэстанцка-каталіцкі зьезд. У канфліктах паміж уніятамі і праваслаўнымі часта падтрымліваў апошніх. У 1632 легалізаваў праваслаўную герархію на чале з кіеўскім мітрапалітам. Аднак гэта не дапамагло разьвязаць украінскае пытаньне, дакладней — спыніць нарастаньне казацкага руху, накіраванага, перш за ўсё, супраць мясцовай шляхты. Казацкія паўстаньні ва Ўкраіне жорстка здушаліся. Пэрыяд 1638—1648, калі паўстаньняў не было, называлі часам «залатога спакою».

У канцы кіраваньня Ўладзіслава Вазы (1648) распачалося вялізнае паўстаньне, што скончылася 18 студзеня 1654 Пераяслаўскай радай, на якой пацьвярджалася дамоўленасьць пра аб’яднаньне Ўкраіны з Маскоўскай дзяржавай. Далейшыя падзеі паказалі, што разьвязаньнем праблемы магло б паслужыць ператварэньне Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у Рэч Паспалітую Трох Народаў, г.зн. прадстаўленьне ўкраінскаму народу, які фармаваўся, такога самага статусу палітычнай нацыі, які мелі палякі ды літвіны.

Сьмерць караля і вялікага князя супала з пачаткам вялікай крызы Рэчы Паспалітай[10]

  1. ^ а б в г д е Wladyslaw IV Vasa // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б в г д е Wladislaus IV // RKDartists (нід.)
  3. ^ а б в Władysław IV (Waza) // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  4. ^ а б в Ladislau IV de Polònia // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.
  5. ^ а б в http://www.britannica.com/EBchecked/topic/646367/Wladyslaw-IV-Vasa
  6. ^ а б в http://www.katedra-wawelska.pl/en/historia-katedry/katedra-krolewska/
  7. ^ Мякотин В. А. Владислав IV, король польский (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 661—662.
  8. ^ Анатоль Грыцкевіч. Уладзіслаў IV Ваза // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 588.
  9. ^ Анатоль Грыцкевіч. Уладзіслаў IV Ваза // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 589.
  10. ^ Анатоль Грыцкевіч. Уладзіслаў IV Ваза // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 577.