Першая футбольная каманда з Жодзіна ўпершыню выступіла ў чэмпіянаце БССР у 1962 годзе. Тагачаснай назвай клюбу была «Ракета». Аднак, першы гульнявы досьвед быў няўдалым, бо каманда атрымала 15 паразаў з 16 гульняў і скончыла чэмпіянат на перадапошнім радку выніковай табліцы, толькі з-за таго, што клюб «Салют» з Баранавічаў датэрмінова зьняўся з чэмпіянату.
Некалькі наступных сэзонаў клюб праводзіў ужо на абласным узроўні. Толькі празь пяць гадоў іншы клюб з Жодзіна, «Аўтазаводец», паспрабаваў свае сілы ў чэмпіянаце БССР, аднак на гэты раз пачынаць камандзе прыйшлося з другога дывізіёну. Клюб заняў шостае месца ў сваёй падгрупе. Наступны сэзон быў больш удалым, каманда заняла 4 месца сярод 11 удзельнікаў. У 1969 годзе клюб зьмяніў назоў на «Тарпэда» й заняў першае месца ў сваёй зоне, пасьля чаго вынікова скончыў дадатковыя гульні за выхад у першы дывізіён, аказаўшыся мацней за ваўкавыскую «Працу», а таксама менскія «Трактар» і «Арбіту».
1970 год стаў для клюбу чэмпіёнскім, каманда адразу зь першага заходу здолела атрымаць перамогу ў чэмпіянаце БССР, пры гэтым сем хатніх гульняў скончыўшы перамогамі й толькі аднойчы згуляўшы ўнічыю на сваім полі.
У 1992 годзе каманда мела назву БелАЗ. Да 2011 году клюб меў назву «Тарпэда», а па ўваходжаньні ў лік заснавальнікаў клюбу БелАЗу, яна была зьмененая на «Тарпэда»-БелАЗ[2]. ААТ БелАЗ атрымала кантрольны пакет акцыяў клюбу (65%), што надало магчымасьць значна падкарэктаваць клюбны фінансавы стан[3]. У чэмпіянаце 2012 году клюб заняў 11 месца ў найвышэйшай лізе і трапіў у плэй-оф за месца ў найвышэйшай лізе, дзе яго супернікам быў клюб «Гарадзея», але па выніках дзьвюх гульняў (0:1, 4:0) жодзінскі клюб застаўся ў найвышэйшай лізе.