Леанід Левановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леанід Левановіч
Леанід Кірэевіч Левановіч
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Леанід Лявонаў
Нарадзіўся 14 верасьня 1938 (85 гадоў)
вёска Клеявічы, Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Памёр 14 чэрвеня 2021(2021-06-14) (82 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Журналіст
Гады творчасьці з 1955-га
Жанр Апавяданьне, аповесьць, драма, нарыс, раман, сцэнар
Мова Беларуская
Значныя творы раманы «Шчыглы» (1986), «Палыновы вецер» (2010)

Леанід Левановіч (нар. 14 верасьня 1938 г.; в. Клеявічы, Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць) — беларускі пісьменьнік-раманіст і драматург.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Магілеўскую культасьветвучэльню (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Койданаўскага (Менская вобласьць) і Касьцюковіцкага раёнаў (1956-58). У 1957-ым паступіў на завочнае аддзяленьне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Служыў на Балтыйскім флёце (1958-61). Пасьля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў унівэрсытэт у 1963 годзе. Працаваў у рэспубліканскіх газэтах «Сьцяг юнацтва» (рас. «Знамя юности», «Сельская газэта» і «Літаратура і Мастацтва» (1963-71). У 1971-74 гг. — рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Нёман». З 1974 — адказны сакратар, з 1975 — рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980-82 г.— галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграмаў Беларускага тэлебачаньня. З 1984 — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Чалец Саюза беларускіх пісьменьнікаў з 1975 году.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкуецца з 1955 году. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зборнікаў аповесьцяў і апавяданьняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасьць» (1987). Прататып аповесьці «Валантэр свабоды» (1983) Ф. Варанішча — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Аргентыне і Гішпаніі, руху Супраціўленьня ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасьляваенную вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненьне паказаць народную душу, жыцьцястойкасьць беларускай нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кнігі «Вяртаньне ў радыяцыю» (1997). У 2010 г. выдаў раман «Палыновы вецер»[1].

Напісаў сцэнар дакумэнтальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973), аднаактавую п’есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасьля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981). Аўтар п’есы «Чабор» (1973, апубл. 1980), гераічнай хронікі «Павал і Хуаніта» (1974).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. Мн., 1994.
  • Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9.
  • Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
  • Саламевіч І. Левановіч // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]