Захад-2017
«За́хад-2017» — сумеснае стратэгічнае вучэньне Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, якое прайшло 14—20 верасьня 2017 году.
У Беларусі задзейнічалі 6 палігонаў — «Асіповіцкі» (Магілёўская вобласьць), «Барысаўскі» (Менская вобласьць), «Лепельскі» (Віцебская вобласьць) і «Лосьвіда» (Гарадоцкі раён), 2 палігоны Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі ў Берасьцейскай вобласьці «Даманаўскі» (Івацэвіцкі раён) і «Ружанскі» (Пружанскі раён), а таксама 2 мясцовасьці ў Віцебскай вобласьці ў ваколіцах вёскі Дрэтунь (Полацкі раён) і Глыбокага. У Расеі выкарысталі 3 палігоны: «Лускі» (рас. Лужский, Ленінградзкая вобласьць), «Стругі Красныя» (рас. Струги Красные, Пскоўская вобласьць) і «Праўдзінскі» (рас. Правдинский, Калінінградзкая вобласьць). У аснову задумы вучэньня паклалі ўзрастаньне дзейнасьці «ўзброеных фармаваньняў міжнародных сэпаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў, якія маюць зьнешнюю падтрымку». Бакі проціборства разьмясьцілі ў межах Беларусі: «Паўночныя» (Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі) і «Заходнія». У вучэньні ўдзельнічала каля 12 700 вайскоўцаў, зь іх каля 10 200 задзейнічалі ў Беларусі: ад Беларусі — звыш 7000, ад Расеі — каля 3000. Таксама ў Беларусі выкарысталі 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў, каля 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА), звыш 40 самалётаў і верталётаў. Вучэньне прайшло ў 2 этапы: 1) 14—16 верасьня — падрыхтоўка войскаў да баявога прымяненьня па ізаляваньні раёнаў дзеяньня ўзброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведвальных групаў праціўніка, нарошчваньне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцьця дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў; 2) 17—20 верасьня — адпрацоўка кіраваньня войскамі ў ходзе адбіцьця нападу. На вучэньне ў Беларусі запрасілі звыш 80 замежных назіральнікаў ад 6 міжнародных арганізацыяў (ААН, АБСЭ, АДКБ, Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа і СНД), 7 дзяржаваў Эўропы (Латвія, Летува, Польшча і Ўкраіна, Нарвэгія, Швэцыя і Эстонія) і вайскова-дыпляматычнага корпусу замежных дзяржаваў, акрэдытаваных пры амбасадах сваіх краінаў у Беларусі. Таксама вучэньне асьвятлялі 273 акрэдытаваныя замежныя журналісты з 13 краінаў Эўропы (у тым ліку ўсіх 5 суседніх), 4 краінаў Азіі і 2 краінаў Паўночнай Амэрыкі[1].
Мэта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вучэньні пад агульнай назвай «Захад» праводзяцца войскамі Беларусі й Расеі шточатырыгады[2], пачынаючы з 2009 року[3][4], калі паміж кіраўніцтвам краінаў было падпісанае адпаведнае пагадненьне.
Мэта вучэньняў — праверка здольнасьцяў Беларусяй і Расеяй па забесьпячэньні бясьпекі Саюзнай дзяржавы, гатовасьці да адбіцьця магчымай агрэсіі, павышэньне ўзаемадзеяньня органаў вайсковага кіраваньня, палявой і паветранай вывучкі злучэньняў і частак. Вучэньні маюць статус стратэгічных — мадэляваньне паўнавартаснай вайны. На іх будуць практычна адпрацаваныя пытаньні тэхнічнага прыкрыцьця аб’ектаў на даручаных участках вайскова-аўтамабільных дарог, эвакуацыі, рамонту і аднаўленьня няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраеньня, разгортваньня палявога магістральнага трубаправоду, а таксама ўчасткаў масавай запраўкі тэхнікі[5].
12 ліпеня на форуме АБСЭ па супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі ў Вене намесьнік кіраўніка Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Беларусі генэрал-маёр Павал Муравейка правёў брыфінг па сцэнары правядзеньня вучэньняў[6]. Паводле яго, на вучэньнях будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расея) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаваў-агрэсараў: Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі). Паводле сцэнару, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі й Расеі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там зьмены кіраўніцтва і, выкарыстоўваючы ўсё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя». Пасьля чаго «Заходнія» зьбіраюцца ўвесьці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым плянам супрацьстаяць[7].
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 лістапада 2016 году ў Менску (Беларусь) адбылося пасяджэньне сумеснай калегіі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, на якой міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў аб правядзеньні ў верасьні 2017 году сумеснага апэратыўна-стратэгічнага вучэньня Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі «Захад-2017». Сяргей Шайгу ўдакладніў: «Практычныя дзеяньні войскаў плянуецца адпрацаваць адначасова на некалькіх палігонах Расеі і Беларусі. Пры распрацоўцы задумы і сцэнара вучэньня будзе ўлічаная сытуацыя, зьвязаная з умацаваньнем дзейнасьці АПАД паблізу межаў Саюзнай дзяржавы»[8]. У лістападзе 2017 году Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі абвясьціла заказ на адгрузку 4162 чыгуначных вагонаў у Беларусь і назад у 2017 годзе, што было ў 1,5 разы менш за 6000 вагонаў для вучэньня 2009 году. Пагатоў у 2009 годзе ў Беларусь прывезьлі звыш 6000 расейскіх вайскоўцаў, што было ўдвая больш за 2017 год[2].
20 сакавіка 2017 году ў Палацы незалежнасьці (Менск) А.Лукашэнка зацьведзіў задуму стратэгічнага вучэньня ў Беларусі, якое кожныя 4 гады[2] праводзіцца па чарзе ў Беларусі і Расеі з 2009 году. Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў аб прасторавым размаху вучэньня ад Кольскага паўвострава ў расейскай Арктыцы (Мурманская вобласьць) да Беларусі. У Беларусі мелі выкарыстаць 7 палігонаў і мясцовасьцяў. Паводле Венскага дакумэнту АБСЭ «Аб умацаваньні даверу і бясьпекі ў Эўропе» ад 30 лістапада 2011 году, лік удзельнікаў меў скласьці да 13 000 вайскоўцаў, зь іх каля 3000 расейскіх вайскоўцаў з блізу 280 адзінкамі тэхнікі[9], у тым ліку з 28 лятальнымі апаратамі. Вучэньне мела прайсьці з 14 па 20 верасьня з удзелам рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ), у якую ўваходзілі Ўзброеныя сілы Беларусі і 1-я танкавая армія (Смаленск) Заходняй вайсковай акругі Расеі. Спадарожна прадугледжвалася адпрацоўка тэрытарыяльнай абароны і ўзмацненьня аховы дзяржаўнай мяжы. Датычна замежных назіральнікаў Андрэй Раўкоў дадаў: «Мы накіруем запрашэньні за 50 содняў да пачатку вучэньняў. Тыя патрэбы, пра якія заяўляюць заходнія партнэры, будуць выкананыя»[10]. 17 ліпеня 2017 году Раўкоў удакладніў: «Запрашэньні атрымаюць ня толькі вайсковыя аташэ, акрэдытаваныя пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, але і шэраг міжнародных арганізацыяў, такіх як ААН, АБСЭ, АПАД, АДКБ, СНД, МКЧК. Мы чакаем наглядальнікаў ад нашых суседзяў — Украіны, Польшчы, Летувы і Латвіі. У рамках двухбаковых дамоўленасьцяў запрошаныя наглядальнікі з Эстоніі, Швэцыі і Нарвэгіі. Усяго будзе запрошана больш як 80 наглядальнікаў». Напярэдадні вучэньня правялі каля 40 сумесных мерапрыемстваў апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі, у тым ліку сумесныя спэцыяльныя вучэньні па відах забесьпячэньня. Для вучэньня вылучылі 6 наступных палігонаў у Беларусі — Асіповіцкі, 227-ы агульнавайсковы Барысаўскі, Лепельскі, Лосьвіда (Гарадоцкі раён), палігоны ВПС і ППА 174-ы навучальны Даманаўскі (Івацэвіцкі раён) і 210-ы авіяцыйны Ружанскі (Пружанскі раён), а таксама мясцовасьць паблізу вёскі Дрэтунь (Полацкі раён)[11].
2 жніўня 2017 году дзяржавам-удзельніцам АБСЭ паведамілі, што агульны лік асабовага складу для ўдзелу ў вучэньні вызначылі ў памеры каля 12 700 вайскоўцаў, зь іх у Беларусі каля 10 200 чалавек: ад Беларусі звыш 7000 вайскоўцаў, ад Расеі — каля 3000. Таксама ў паведамленьні згадалі пра выкарыстаньне на будучым вучэньні ў Беларусі: 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, зь іх каля 140 танкаў; да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сыстэмаў заплавага агню (РСЗА); звыш 40 самалётаў і верталётаў[12]. З 15[13] па 18 жніўня 2017 году ў Беларусь прыбылі расейскія вайсковыя часткі для адпрацоўкі дзеяньняў тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня. На той час ужо запрасілі звыш 80 вызначаных у ліпені замежных назіральнікаў[14]. 21—25 жніўня 2017 году ў Віцебскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях Беларусі правялі сумеснае спэцыяльнае вучэньне тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі з удзелам звыш 2500 вайскоўцаў і каля 500 адзінак адмысловай і аўтамабільнай тэхнікі. У ходзе гэтага вучэньня адправацалі тэхнічнае прыкрыцьцё аб’ектаў на аўтадарогах, забесьпячэньне пасадкі на аэрадромны ўчастак дарогі і паўторны вылет летакоў. Абсталявалі ўчасткі загрузкі боепрыпасаў на аўтатранспарт з выкарыстаньнем пагружальнікаў. Вывезьлі і адрамантавалі няспраўныя ўзоры тэхнікі ды ажыцьцявілі выпечку і выдачу хлеба. З 24 жніўня лётчыкі прыступілі да адпрацоўкі Адзінай рэгіянальнай сыстэмы проціпаветранай абароны Беларусі і Расеі[15].
29 жніўня 2017 году ў Палацы Рэспублікі (Менск) начальнік Генштаба Ўзброеных сілаў Беларусі Алег Белаконеў паведаміў пра акрэдытацыю каля 150 журналістаў для асьвятленьня актыўнай фазы вучэньня. Паводле Белаконева, заказа Мінабароны Расеі на перавоз 4162 вагонаў дастаткова для 1,5 мотастралковай дывізіі. У Расеі пад вучэньне вылучылі 3 палігоны: «Лускі» (Ленінградзкая вобласьць), «Стругі Чырвоныя» (Пскоўская вобласьць) і «Праўдзінскі» (Калінінградзкая вобласьць). У аснову задумы вучэньня паклалі ўзрастаньне дзейнасьці «ўзброеных фармаваньняў міжнародных сэпаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў, якія маюць зьнешнюю падтрымку». Бакі супрацьстаяньня разьмясьцілі ў межах Беларусі: «Паўночныя» (Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі) і «Заходнія» (умоўныя дзяржавы Вейшнорыя, Весбарыя і Лубенія), сярод якіх Вейшнорыя на паўночным захадзе Беларусі. У якасьці прычыны абвастрэньня становішча называлася імкненьне «дамагчыся пагаршэньня адносін між суб’ектамі Саюзнай дзяржавы». Паводле сцэнара, урад Расеі аказвае ўраду Беларусі, «у адпаведнасьці зь дзейнай нарматыўна-прававой базай… палітычную падтрымку, фінансавую, ваенна-тэхнічную і ваенную дапамогу». Да абвешчаных у ліпені 6 палігонаў і 1-й мясьціны дадалі мясцовасьць побач з Глыбокім (Віцебская вобласьць). Правядзеньне вучэньня сплянавалі ў 2 этапы: 1) 14—16 верасьня — падрыхтоўка войскаў да баявога прымяненьня па ізаляваньні раёнаў дзеяньня ўзброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведвальных групаў праціўніка, нарошчваньне групоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны для прыкрыцьця дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў, падрыхтоўка да адбіцьця нападу і адпрацоўка ўзаемадзеяньня і забесьпячэньня; 2) 17—20 верасьня — кіраваньне войскамі ў ходзе адбіцьця нападу пры ажыцьцяўленьні ўзаемадзеяньня і забесьпячэньня. Пасьля правядзеньня вучэньня 14—20 верасьня, вайсковыя часткі Ўзброеных сілаў Расеі мелі пакінуць Беларусь да 30 верасьня 2017 году[12]. У той самы дзень, 29 жніўня 2017 году ў Маскве намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін паведаміў, што 1 жніўня: «Мы ў ініцыятыўным парадку запрасілі для наведваньня заключнага этапу сумеснага стратэгічнага вучэньня „Захад-2017“ на палігоне Лускі (Ленінградзкая вобласьць) кіраўніцтва абаронных ведамстваў шэрагу замежных дзяржаваў і прадстаўнікоў вайскова-дыпляматычнага корпусу». Агулам у Беларусі і Расеі да ўдзелу ў вучэньні заплянавалі прыцягнуць: каля 70 самалётаў і верталётаў; да 680 адзінак баявой тэхнікі, зь іх каля 250 танкаў, да 200 гарматаў, РСЗА і мінамётаў; 10 караблёў. Аляксандар Фамін таксама дадаў: «Для плянаваньня сумесных дзеяньняў ад расейскага боку будуць прыцягвацца апэратыўныя групы іншых сілавых ведамстваў: Міністэрства ўнутраных справаў, Фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі, ФСБ і МНС»[16].
8 верасьня 2017 году Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што прадставіць на вучэньні 20 новых узораў узбраеньня, вайсковай і адмысловай тэхнікі: выведвальна-дазорную бронемашыну «Кайман», бронетранспартэр 70МБ, бесьпілётнік «Беркут-2», бронеаўтамабіль МЗКЦ-490100 і сродкі барацьбы зь бесьпілётнікамі[17] «Навальніца-С» і «Навальніца-Р». Да 11 верасьня 2017 году вайсковыя часткі занялі раёны засяроджаньня і ўсталявалі інжынэрнае абсталяваньне ў месцах кіраваньня абарончымі пазыцыямі і рубяжамі. Пагатоў асноўную частку ўсёй артылерыі засяродзілі на Асіповіцкім палігоне (Магілёўская вобласьць)[18]. 12 верасьня 2017 году Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь паведаміла пра блізу 270 заявак замежных СМІ з 19 дзяржаваў на акрэдытаваньне журналістаў для асьвятленьня вучэньня: з 13 дзяржаваў Эўропы, у тым ліку ўсіх 5 суседніх — Латвіі, Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны, Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Фінляндыі, Францыі і Швэцыі; 4 дзяржаваў Азіі — Катара, Паўднёвай Карэі, Турэччыны і Японіі; 2 дзяржаваў Паўночнай Амэрыкі — ЗША і Канады. Акрэдытаваныя журналісты атрымалі дазвол выехаць 17—19 верасьня на 3 палігоны ў Беларусі — Асіповіцкі, Даманаўскі (Івацэвіцкі раён) і Ружанскі[19].
Склад сілаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вучэньні прайшлі ў два этапы: на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Агульная колькасьць вайскоўцаў, якія прынялі ўдзел у вучэньнях у Беларусі, складала 13 тысячаў: 10 тысячаў беларускіх і 3 тысячы расейскіх. Падтрымку сухапутных падразьдзяленьняў ажыцьцяўлялі больш за 25 лятальных апаратаў ПКС Расеі, ВПС і СПА Рэспублікі Беларусі. Агулам у вучэньнях выкарысталі 680 адзінак тэхнікі. Пад практычныя дзеяньні адпрацавалі на 6 палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Ласьвідзкім, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войск СПА Ружанскім, Даманаўскім і 2-х мясцовасьцях каля Дрэтуні і пад Глыбокім, а таксама на 3-х палігонах у Калінінградзкай, Ленінградзкай і Пскоўскай абласьцях Расеі.
Правядзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 верасьня 2017 году ў Беларусі і на 3-х палігонах у Расеі (Лускі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі) каля 12 700 вайскоўцаў пачалі сумеснае стратэгічнае вучэньне Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі «Захад-2017». Кіраўніцтва ажыцьцяўлялі начальнікі генэральных штабоў Беларусі і Расеі Алег Белаконеў і Валеры Герасімаў. У Беларусі задзейнічалі каля 10 200 вайскоўцаў, 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, каля 150 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 40 самалётаў і верталётаў. Да назіраньня ў Беларусі прыступілі звыш 80 прадстаўнікоў урадаў 7 краінаў (4 суседніх Латвіі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны, а таксама Нарвэгіі, Швэцыі і Эстоніі), 6 міжнародных арганізацыяў (ААН, АБСЭ, АПАД, СНД, АДКБ, МКЧК) і вайскова-дыпляматычнага корпусу замежных дзяржаваў, акрэдытаваных пры амбасадах сваіх краінаў у Беларусі[20]. А 10-й гадзіне ранку войскі разгарнулі пункты кіраваньня. У Беларусі войскі пачалі адпрацоўваць пошук, блакаваньне і зьнішчэньне ўзброеных фармаваньняў праціўніка ў Віцебскай вобласьці: каля вёскі Дрэтунь (Полацкі раён) і на 2-х палігонах Лепельскі і Лосьвіда (Гарадоцкі раён)[21]. У Берасьцейскай вобласьці на Даманаўскім палігоне (Івацэвіцкі раён) вайскоўцы заступілі на баявое дзяжурства па проціпаветранай абароне і ахове пазыцыяў. На Ружанскім палігоне (Пружанскі раён) авіяцыя адпрацавала спыненьне парушэньня дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы. У Глыбоцкім раёне (Віцебская вобласьць) каля 470 закліканых на зборы вайскоўцаў адпрацавалі ахову аб’ектаў падразьдзяленьнямі тэрытарыяльных войскаў сумесна з прадстаўнікамі унутраных войскаў ад дывэрсійна-выведвальных групаў[22].
15 верасьня штабы ўсіх узроўняў адпрацавалі кіраваньне адмысловымі і засаднымі дзеяньнямі, падтрыманьнем ваеннага становішча. Экіпажы беларускіх і расейскіх самалётаў са становішча дзяржурства на аэрадроме і ў паветры адпрацоўвалі спыненьне дастаўкі лёгкаматорнай авіяцыйнай зброі і боепрыпасаў у раёны дзеяньня ўзброеных фармаваньняў праціўніка. Каля в. Дрэтунь (Полацкі раён) верталёты Мі-8 і Мі-24 практыкаваліся ў пошуку і зьнішчэньні дывэрсійна-выведвальных групаў. Дэсантна-штурмавыя і выведвальныя падразьдзяленьні 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады (Берасьце) задзейнічалі пры адпрацоўцы пошуку тайнікоў з матэрыяльнымі запасамі ворага і яго зьнішчэньні. У Глыбоцкім раёне войскі тэрытарыяльнай абароны практыкаваліся ў барацьбе з дывэрсійна-выведвальнымі групамі. Падразьдзяленьні сілаў спэцыяльных апэрацыяў адпрацавалі ўзмацненьне аховы ўчастка дзяржаўнай мяжы[22].
17 верасьня пачаўся 2-і этап вучэньня з адпрацоўкай дзеяньняў пры адбіцьці нападу[23]. 18 верасьня на «Ружанскім» палігоне зьнішчальнік Су-24 Паветрана-касьмічных сілаў Расеі адпрацаваў выведку радыёлякацыйнай станцыі (РЛС), пасьля чаго расейскі верталёт Ка-52 давыведаў мэты ўдару, а верталёты Мі-8 адпрацавалі зьнішчэньне РЛС. Тамсама зьнішчальнікі МіГ-29 адпрацавалі манэўраны паветраны бой, група Су-25 адпрацавала нанясеньне ўдараў па пляцоўцы армейскай авіяцыі, зьвяно Су-34 нанесла ўдары па ўзьлётна-пасадачнай паласе аэрадрома, а пары Як-130 скінулі авіябомбы на макеты аўтамабільнага маста і грузавікоў. На «Асіповіцкім» палігоне падразьдзяленьні бранятанкавых групаў беларускай 120-й асобнай мэханізаванай брыгады (Уручча, Менск) і расейскага 423-га мотастралковага палка (Нара-Фамінск, Маскоўская вобласьць) адпрацавалі абарончы бой. Ракетныя войскі і артылерыя нанесьлі агнявыя ўдары. Правялі адбіцьцё ракетных і паветраных удараў з наступнай контратакай. Пагатоў 120-я асобная мэханізаваная брыгада Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня задзейнічала ў вучэньні на 2-х палігонах каля 600 вайскоўцаў[24].
19 верасьня на Даманаўскім палігоне (Івацэвіцкі раён) зьмяшанае падразьдзяленьне 115-га зэнітна-ракетнага палка (Берасьце) ў складзе ракетнага дывізіёна С-300 і зэнітнай батарэі «Аса» выконвалі стральбу па паветраных цэлях на малых і звышмалых вышынях, якія імітавалі высокадакладную зброю. Таксама стрэльбы з часам рэакцыі на мішэнь менш за 30 сэкундаў выконвалі разьлікі ЗРК «Аса» 147-й зэнітна-ракетнай брыгады (Бабруйск). Задзейнічаны асабовы склад разьлікаў склаў 150 вайскоўцаў і 45 адзінак вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі[25]. Да 20 верасьня вучэньне асьвятлялі 273 акрэдытаваныя замежныя журналісты з 19 краінаў[26]. Апрабацыю прайшлі такія новыя ўзоры ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі Беларусі, як бронеаўтамабіль «V1» (МЗКЦ), бронемашына «Кайман», радыёэлектронныя стрэльбы для барацьбы з мультыкоптарамі (ААТ «КБ Радар») і мадэрнізаваныя танкі Т-72 БМ3[27]. На Асіповіцкім палігоне дзейнічалі падразьдзяленьні 3-х беларускіх брыгадаў (120-я асобная мэханізаваная, 51-я артылерыйская і 336-я рэактыўная артылерыйская з Асіповічаў) і 2-х расейскіх палкоў (423-і мотастралковы і 275-ы самаходны артылерыйскі). Навучальны бой апошняга дня доўжыўся гадзіну. Апроч вайскоўцаў, у Беларусі ў вучэньні ўдзельнічалі прадстаўнікі падразьдзяленьняў тэрытарыяльных органаў унутраных справаў і Дэпартамэнта аховы Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь з 23 раёнаў краіны. Міліцыянэры сумесна з прадстаўнікамі контрвыведкі ажыцьцяўлялі кругласодневую ахову прадпрыемстваў электрасувязі, нафтабазаў і будынкаў дзяржаўных органаў. Экіпажы зьмяняліся пасьля 12-гадзіннага дзяжурства. Таксама міліцыя адпрацоўвала дагляд на кантрольна-прапускных пунктах, затрыманьне ў складзе патрулёў, адбіцьцё нападу дывэрсантаў, вызваленьне закладнікаў і зьнішчэньне банды[28].
Міжнародная рэакцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас правядзеньня падрыхтоўчых мерапрыемстваў да ваенных вучэньняў вайскова-палітычнае кіраўніцтва краінаў-чальцоў НАТО й іншых эўрапейскіх дзяржаваў пэрыядычна хвалявалі мэты і парадак правядзеньня мерапрыемства. Палітычныя, грамадзкія і вайсковыя дзеячы, аналітыкі, вайсковыя экспэрты выказваюць перасьцярогі, што расейскія войскі, прыехаўшы на вучэньні ў Беларусь, могуць застацца ў краіне і нават распачаць баявыя дзеяньні супраць суседняй зь Беларусяй Украіны. 17 ліпеня 2017 міністар абароны Рэспублікі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што Беларусь запросіць больш за 80 міжнародных назіральнікаў, «каб яны на свае вочы пераканаліся, што вучэньні не вырашаюць тых задач, пра якія яны заяўляюць».
- Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг заявіў, што вучэньні зьяўляюцца прыкладам узмацненьня вайсковай актыўнасьці ля межаў НАТО.
- ЗША ў якасьці засьцярогі адправілі 600 амэрыканскіх дэсантнікаў у 3 балтыйскія краіны на час вучэньняў і затрымалі ратацыю амэрыканскай баявой групы ў Польшчы. Начальнік Галоўнае ўправы войск спэцыяльнага прызначэньня Міністэрства абароны ЗША(en) генэрал Райманд Томас(en) выказаў занепакоенасьць тым, што «яны [расейскія войскі] не зьбіраюцца сыходзіць, і гэта не параноя»[29].
- Міністар замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевічс сказаў, што Латвія «мае засьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысьці»[30]. Гэтую ж думку падтрымаў міністар абароны Эстоніі Маргус Цахкна[31].
- Прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайце заявіла, што вучэньне — гэта «выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду»[32].
- Падчас візыту ў Польшчу прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 6 ліпеня абмеркаваў з прэзыдэнтам Польшчы Андрэем Дудам расейска-беларускія вучэньні «Захад».
- Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак заявіў, што «гэтыя вучэньні могуць быць выкарыстаныя дзеля таго, каб пачаць агрэсію ня толькі супраць Украіны, але супраць любой краіны Эўропы, якая мяжуе з Расеяй»[33].
- Прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд заявіла, што «мы павінны быць з нашымі хаўрусьнікамі адначасова і спакойнымі, і пільнымі»[34].
- Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў наступным чынам выказаўся пра заклапочанасьць некаторых палітыкаў вучэньнямі: «Большае трызьненьне цяжка сабе ўявіць — то бок, калі гаворка ідзе пра палітыкаў, якія прэтэндуюць на нейкую рэспэктабельнасьць у ЭЗ. Чуткі, што мы нібыта рыхтуемся да ўвядзеньня войск у Беларусь пад выглядам вучэньняў, ужо былі шмат разоў абвергнутыя — і з расейскага боку, і з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусі».
Рэакцыя ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 жніўня пасьля публікацыі інфармацыі аб умоўных праціўніках, падзелу тэрыторыі Беларусі і існаваньні Вейшнорыі зьявіліся жарты пра Вейшнорыю як асобную краіну са сталіцамі ў Гародне, Смаргоні, Лідзе і адпаведнай тэрыторыі, пра мірны і добразычлівы характар вейшнорскага насельніцтва.[35] Парз пэўны час жарты ператварыліся ў ідэю стварэньня віртуальнай дзяржавы.[36] На цяперашні час Вейшнорыя існуе як асобны праект віртуальнай краіны. Мае ўласную дзяржаўную ўладу і крыптаграшовую сыстэму Талер.[37]
Пратэсты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 верасьня 2017 году ў Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя пратэсту супраць вучэньняў, у якой узялі ўдзел звыш 300 чалавек. Акцыя адбылася пад лёзунгам «Гэта краіна наша, тут ня будзе Раша!»[38].
Меркаваньні экспэртаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 жніўня 2017 году вайсковы аглядальнік партала «Белрынак» Аляксандар Алесін заявіў, што вучэньні «Захад-2017» не пагражаюць ні Беларусі, ні Ўкраіне, а нэрвовасьць вакол вучэньняў ствараецца штучна, каб на страхах людзей зарабіць сабе палітычныя дывідэнды[39].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ БелТА. Сумеснае вучэньне Ўзброеных сіл Беларусі і Расеі «Захад-2017» // Газэта «Нясьвіскія навіны», 20 верасьня 2017 г. Архіўная копія ад 21 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ а б в Сяргей Богдан. Беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017»: ня так маштабна, як меркавалася // «Цэнтар Астрагорскага» (Ангельшчына), 25 сакавіка 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Будкевіч, Вячаслаў (18 верасьня 2009) На тэрыторыі Беларусі пачаліся аператыўна-стратэгічныя вучэнні «Захад-2009» Палітыка, Грамадства. БелаПАН. Праверана 16 жніўня 2017 г.
- ^ Грузьдзіловіч, Алег (18 верасьня 2009) «Захад-2009». Абарона ад агрэсіі? Людзі. Радыё «Свабода». Праверана 16 жніўня 2017 г.
- ^ Планавая падрыхтоўка да сумеснага стратэгічнага вучэння узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2017» выходзіць на завяршальную стадыю Навіны. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі (12 жніўня 2017). Праверана 16 жніўня 2017 г.
- ^ Замначальника Генштаба ВС Беларуси во время форума ОБСЕ проведет брифинг на тему учений «Запад-2017» (рас.) Общество. БелТА (16 жніўня 2017).
- ^ Шевченко, Антон (8 жніўня 2017) На учениях «Запад-2017» противниками России и Беларуси будут «сказочные» страны (рас.) Геополитика. Хвиля. Праверана 16 жніўня 2017 г.
- ^ Вераніка Канюта. Надзейны і моцны шчыт // Зьвязда : газэта. — 3 лістапада 2016. — № 213 (28323). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вераніка Пуставіт. Бясьпека перш за ўсё // Зьвязда : газэта. — 21 сакавіка 2017. — № 53 (28417). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ БелТА. Андрэй Раўкоў распавёў пра падрабязнасьці вучэньня «Захад-2017» // Газэта «Зьвязда», 20 сакавіка 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ ТАСС. Вучэньні «Захад-2017» адкрытыя для наглядальнікаў // «Настаўніцкая газэта», 22 ліпеня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ а б «Захад-2017» — вучэньне абарончага характару // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 29 жніўня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Расейскія вайскоўцы пачалі прыбываць у Беларусь для ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2017» // Белтэлерадыёкампанія, 15 жніўня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Вераніка Канюта. Наперадзе — «Захад-2017» // Плацдарм. — 19 жніўня 2017. — № 8 (71). — С. 5.
- ^ Вераніка Канюта. Напярэдадні старту // Зьвязда : газэта. — 24 жніўня 2017. — № 162 (28526). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Адкрыты як ніколі // «Настаўніцкая газэта», 2 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Падрыхтоўка да вучэньня «Захад-2017» завершаная // Белтэлерадыёкампанія, 8 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Вераніка Канюта. Вайскоўцы ўжо на пазыцыях // Зьвязда : газэта. — 12 верасьня 2017. — № 175 (28539). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Мінабароны запусьціла сайт вучэньня «Захад-2017» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 верасьня 2017 г. Архіўная копія ад 14 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Вераніка Канюта. Вучэньне — ад слова «вучыць» // Зьвязда : газэта. — 14 верасьня 2017. — № 177 (28541). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вераніка Канюта. Адказны старт // Зьвязда : газэта. — 15 верасьня 2017. — № 178 (28542). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Вераніка Канюта. Знайсьці і зьнішчыць умоўнага праціўніка // Зьвязда : газэта. — 16 верасьня 2017. — № 179 (28543). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Каралёў, тэлеканал «Беларусь 1». Пачалася актыўная фаза вучэньняў «Захад-2017» // Белтэлерадыёкампанія, 17 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Вераніка Канюта. Актыўная фаза манэўраў // Зьвязда : газэта. — 19 верасьня 2017. — № 180 (28544). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Каралёў, тэлеканал «Беларусь 1». 20 верасьня за манэўрамі «Захад-2017» будзе назіраць прэзыдэнт Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 19 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Вольга Макей, тэлеканал «Беларусь 1». За манэўрамі «Захад-2017» назіралі 273 акрэдытаваныя замежныя журналісты // Белтэлерадыёкампанія, 20 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Надзея Юшкевіч. Галоўная задача — абарона // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2017. — № 182 (28546). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Крысьціна Зялёнка, агенцтва «Ваяр». «Захад-2017»: баі — вучэбныя, вопыт — рэальны // Газэта МУС «На варце», 22 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- ^ Russia’s Military Drills Near NATO Border Raise Fears of Aggression (анг.)
- ^ Аляксей Знаткевіч. «Мы маем засьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысьці», — кіраўнік МЗС Латвіі // Радыё «Свабода», 2 чэрвеня 2017 г. Праверана 27 кастрычніка 2017 г.
- ^ Estonia says Russia may put troops in Belarus to challenge NATO (анг.)
- ^ D. Grybauskaitė: padėsime Estijai (лет.)
- ^ Російські навчання «Захід-2017» є загрозою як для України, так і для країн Європи — Полторак (укр.)
- ^ Президент Эстонии призвала союзников по НАТО проявить спокойствие и бдительность в связи с российско-белорусскими учениями «Запад 2017» (рас.)
- ^ https://web.archive.org/web/20180612140230/https://42.tut.by/558179
- ^ https://www.kp.by/daily/26725.4/3751011/(недаступная спасылка)
- ^ https://web.archive.org/web/20180612144753/https://talercoin.by/prinyato-reshenie-peredat-ostavshuyusya-chast-premajna-proektu-vejshnoriya/
- ^ Зьміцер Панкавец, Вольга Афіцэрава. 300 чалавек пратэставалі ў Менску супраць вучэньняў «Захад-2017» // Газэта «Наша ніва», 9 верасьня 2017 г. Праверана 27 кастрычніка 2017 г.
- ^ Зьміцер Лукашук. Алесін: Вучэньні «Захад-2017» не пагражаюць ні Беларусі, ні Ўкраіне // Эўрарадыё, 15 жніўня 2017 г. Архіўная копія ад 15 жніўня 2017 г. Праверана 27 кастрычніка 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Захад-2017 — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- «Захад-2017» // Газэта «Зьвязда», 5 кастрычніка 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- «Захад-2017» // «Настаўніцкая газэта», 2 кастрычніка 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» // БелаПАН, 12 кастрычніка 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- Захад-2017 // Тэлеканал «Белсат», 19 кастрычніка 2017 г. Праверана 27 кастрычніка 2017 г.
- «Захад-2017» // Партал «Народная перамога», 13 кастрычніка 2017 г. Праверана 27 кастрычніка 2017 г.
- Вучэньне «Захад-2017» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 верасьня 2017 г. Архіўная копія ад 19 верасьня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2017 г.
- Бачына вучэньня «Захад-2017» (рас.)