Аўганістан
Ісламскі Эмірат Аўганістан лац. Islamski Emirat Aŭhanistan пушту. د افغانستان اسلامي امارات, дары امارت اسلامی افغانستان | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «لَا إِلَٰهَ إِلَّا ٱللَّهُ مُحَمَّدًا رَسُولُ ٱللَّهِ»
«Няма Бога, акрамя Алаха, Мухамад — ягоны прарок» | |||||
Дзяржаўны гімн: «دا د باتورانو کور» Dā də bātorāno kor — «Гэта дом храбрых» | |||||
Афіцыйная мова | пушту, дары | ||||
Сталіца | Кабул | ||||
Найбуйнейшы горад | Кабул | ||||
Форма кіраваньня | эмірат Ахундзада Хайбатула | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
41-е месца ў сьвеце 652 864[1] км² 0 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2021) • шчыльнасьць |
41-е месца ў сьвеце 37 466 414[2] 49 чал/км² | ||||
СУП • агульны (2014) • на душу насельніцтва |
96-е месца ў сьвеце $36 838 млрд[3] $1177 | ||||
Валюта | Аўгані (AFN) | ||||
Незалежнасьць — абвешчана |
Ад Вялікабрытаніі 19 жніўня 1919 | ||||
Аўтамабільны знак | AFG | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .af | ||||
Тэлефонны код | +93 |
Аўганіста́н (пушту. افغانستان, дары: افغانستان, Afġānistān; афіцыйна: Ісла́мскі Эміра́т Аўганіста́н, пушту. د افغانستان اسلامي امارات, дары: امارت اسلامی افغانستان) — краіна ў Цэнтральнай Азіі, якая мяжуе з шасьцю краінамі — Пакістанам, Іранам, Туркмэністанам, Таджыкістанам, Узбэкістанам і Кітаем. Тэрыторыя краіны ахоплівае 652 тысячы км², вялікая частка якой пралягае на горным хрыбту Гіндукуш, дзе маюць месца вельмі халодныя зімы. Тэрыторыя поўначы краіны складаецца з урадлівых раўнінаў, у той час як на паўднёвым захадзе месьціцца пустэльня, дзе трымаюцца высокія тэмпэратуры ўлетку[4]. Сталіцай краіны ёсьць места Кабул, які датаго ж зьяўляецца наўвялікшым у Аўганістане.
Палітычная гісторыя сучаснага Аўганістану пачалася за часам дынастыяў Готак і Дурані ў XVIII стагодзьдзі. У канцы XIX стагодзьдзя Аўганістан стаў буфэрнай дзяржавай паміж інтарэсамі Брытанскай Індыі і Расейскай імпэрыяй. Мяжа паміж Брытанскай Індыяй і Аўганістанам, гэта звная лінія Д’юранта, была ўтворана ў 1893 годзе, але яна не была прызнаная аўганскім урадам, што прывяло да абвастрэньня адносінаў з Пакістанам з моманту здабыцьця незалежнасьці апошняга ў 1947 годзе. Пасьля трэцяй ангельска-аўганскай вайны ў 1919 годзе краіна вызвалілася ад замежнага ўплыву, і ў канчатковым выніку стала манархіяй на чале з каралём Аманула Ханам. Манархія была зрынута праз 50 гадоў, а на ейным месцы была створана рэспубліка. У 1978 годзе, пасьля другога перавароту Аўганістан стаў сацыялістычнай дзяржавай, а затым пратэктаратам Савецкага Саюза. Гэта выклікала аўганска-савецкую вайну ў 1980-х гадох супраць маджагедаў. Да 1996 году большасьць тэрыторыі краіны была захоплена ісламскімі фундамэнталістамі з групоўкі талібану, якая ўсталявала таталітарны рэжым. Талібы былі скінуты кааліцыяй НАТО, пасьля чаго быў сфармаваны новы дэмакратычна абраны ўрад. З 2021 году ў краіне дэ-факта ўсталяваны рэжым Талібану.
Аўганістан зьяўляецца ісламскім эміратам з насельніцтвам у 31 мільёнаў чалавек. Паводле этнічнай прыналежнасьці ў краіне пераважаюць пуштуны, таджыкі, газарэйцы і ўзбэкі. Краіна зьяўляецца чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, Групы 77, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і Руху недалучэньня. Эканоміка Аўганістану займае 108-е месца паводле сваёй велічыні, а СУП краіны складае 64,08 млрд даляраў ЗША. Аўганістан лічыцца адной з найбяднейшых краінаў сьвету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З гістарычна засьведчаных часоў вядома пра засяленьне тэрыторыі Аўганістану плямёнамі індаарыйскага паходжаньня (камбоджы), якія ў раньнім Сярэднявеччы былі адцесьненыя з тэрыторыі краіны. Іранскія плямёны, што ўварваліся ў сучасны Аўганістан, сталі заснавальнікамі Кушанскага царства. У другой палове І тысячагодзьдзя н. э. гэтая тэрыторыя зьяўлялася ўладаньнямі арабскіх халіфаў, пазьней — пад кантролем манголаў, нашчадкі якіх прадстаўляюць сабою такія этнічныя групы Аўганістану як газарэйцы.
Сучасны Аўганістан заснаваны ў XVIII стагодзьдзі шагам з дынастыі Дурані, які здолеў падначаліць разнастайныя пуштунскія плямёны сучаснае тэрыторыі Аўганістану. У ХІХ стагодзьдзі Аўганістан патрапіў пад уплыў Вялікабрытаніі, індыйскія ўладаньні якой межавалі з Аўганістанам на ўсходзе, у выніку чаго была праведзеная гэтак званая лінія Д’юрана, якая палегла ў аснову сучаснай мяжы Аўганістану з Пакістанам — дзяржавай-пераемніцай Брытанскае Індыі на захадзе.
Пасьля трэцяй ангельска-аўганскай вайны і падпісаньня дамовы Равалпіндзі 19 жніўня 1919 году кароль Аманула Хан абвесьціў Аўганістан сувэрэннай і цалкам незалежнай дзяржавай. Ён скончыў пэрыяд традыцыйнай ізаляцыі сваёй краіны шляхам усталяваньня дыпляматычных адносінаў зь міжнароднай супольнасьцю, а пасьля свайго турнэ 1927—1928 гадоў па Эўропе і Турэччыне, спрыяў правядзеньню шэрагу рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю сваёй краіны. Асноўнай рухаючай сілай гэтых рэформаў быў Магмуд Тарзі, гарачы прыхільнік адукацыі для жанчынаў. Ён змагаўся за наданьне атрыманьню базавай адукацыі абавязковым правілам. Інстытут рабства быў адменены ў 1923 годзе[5].
Некаторыя з рэформаў, як то адмена традыцыйнай бурцы для жанчынаў і адкрыцьцё шэрагу адукацыйных школаў, хутка адштурхнулі многіх племянных і рэлігійных лідэраў. Сутыкнуўшыся з узброенай апазыцыяй Аманула быў вымушаны адрачыся ад стальцу ў студзені 1929 году пасьля таго, як пасўтанцы ачоленыя Габібулам Калакані ўвайшлі ў Кабул. Пераемнік каралю, прынц Магамэд Надыр Шаг, стрыечны брат Аманулы, у сваю чаргу перамог і забіў Калакані ў лістападзе 1929 году і быў абвешчаны каралём. Ён адмовіўся ад рэформаў Аманула Хана на карысьць больш паступовага падыходу да мадэрнізацыі, але быў забіты ў 1933 годзе Абдулам Халікам, пятнаццацігадовым газарэйскім студэнтам.
Магамэд Загір Шаг, 19-гадовы сын Надыр Шага, уступіў на сталец і панаванаў з 1933 па 1973 гады. Да 1946 году праз свой малы ўзрост кіраваньне краіны адбывалася з дапамогай свайго дзядзькі, які займаў пасаду прэм’ер-міністра і працягнуў палітыку Надыра Шага. Іншы дзядзька Загіра, Шаг Магмуд Хан, стаў прэм’ерам-міністрам у 1946 годзе і пачаў рэформы на карысьць наданьня большай палітычнай свабодай, але хутка адмяніў гэтую палітыку празь нечаканыя наступствы. У 1953 годзе новым прэм’ерам стаў Магамэд Дауд Хан, стрыечны брат караля. Дауд шукаў больш цесныя адносіны з Савецкім Саюзам і праводзіў палітыку аддаленьня ад Пакістану.
У 1930-я гады кароль меў даволі цесныя адносіны зь дзяржавамі восі, аднак афіцыйна Аўганістан заставаўся нэўтральным і не браў удзелу ў Другой сусьветнай вайне. Пасьля гэтага краіна не прытрымлівалася ніводнага блёку ў халоднай вайне. Тым ня менш, гэтая палітычка дала пэўны плён, бо СССР і ЗША супернічалі адзін з адным за ўплыў у краіне і за будаўніцтва магістральных дарог, аэрапортаў і іншых жыцьцёва важных аб’ектаў інфраструктуры. З улікам колькасьці насельніцтва Аўганістан атрымаў найбольшую савецкую дапамогу на сваё разьвіцьцё, чым любая іншая краіна сьвету. Не зважаючы на гэта, Аўганістан меў добрыя адносіны з абодвума ворагамі халоднай вайны. У 1973 годзе ў той час як кароль Загір Шаг знаходзіўся з афіцыйным візытам за мяжой, Дауд пачаў бяскроўны пераварот і стаў першым прэзыдэнтам Аўганістану, скасаваўшы манархію.
Пасьля зрынаньня манархіі і ўсталяваньня дэмакратычнага рэжыму, прыкладна ў сярэдзіне гэтага ж стагодзьдзя ў краіне канчаткова замацоўваецца на афіцыйным узроўні мова найбуйнейшага этнасу краіны — пушту. У 1979 годзе з мэтаю ўстанаўленьня больш прасавецкага мясцовага ўраду адбываецца ўварваньне СССР, які быў вымушаны адступіць у 1989 годзе ў выніку працяглай і беспасьпяховай вайны. У канцы ХХ стагодзьдзі ўладу ў краіне атрымліваюць радыкальныя ісламскія фармаваньні, як то рух Талібан, якому на поўначы супрацьстаялі фармаваньні г. зв. Паўночнага Альянсу. З пачатку цяперашняга стагодзьдзя ў краіне знаходзяцца падразьдзяленьні краінаў НАТО, пры дапамозе якіх талібы былі адхіленыя ад улады й былі ажыцьцяўленыя першыя дэмакратычныя выбары за гэты пэрыяд. Тым ня менш, час ад часу фармаваньні кааліцыі зьведваюць цяжкасьці ў антытэрарыстычнай дзейнасьці, радыкальная дзейнасьць ісламскіх баевікоў ня згорнутая.
Ад 29 верасьня 2014 да 19 лютага 2020 году першым віцэ-прэзыдэнтам Аўганістану быў Абдул Рашыд Достум, ад 30 верасьня 2014 году другім віцэ-прэзыдэнтам Аўганістану зьяўляецца Сарвар Даніш[6].
15 жніўня 2021 году «Талібан» абвясьціў аб поўным захопе тэрыторыі Аўганістана. Прэзыдэнт Аўганістана Ашраф Гані пагадзіўся сысьці ў адстаўку й зьбег з краіны. 17 жніўня 2021 году віцэ-прэзыдэнт Аўганістана Амрула Салех, які застаўся ў краіне, абвясьціў сябе дзейным кіраўніком дзяржавы й заклікаў насельніцтва краіны далучацца да супраціву «Талібану».[7]
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юрыдычныя асновы палітычнага працэсу, які праходзіць у краіне, былі закладзеныя ў рашэньнях Бонскай і Лёнданскай міжнародных канфэрэнцыяў па Аўганістане (сьнежань 2001 і студзень 2006 адпаведна) і шэрагу рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН, прынятых пасьля зьвяржэньня радыкальна-фундамэнталісцкага рэжыму талібаў у выніку ваеннай апэрацыі антытэрарыстычнай кааліцыі на чале з ЗША. У кастрычніку 2004 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, паводле вынікаў якіх прэзыдэнтам Аўганістану стаў Гамід Карзай. У студзені 2004 быў прыняты Асноўны закон Аўганістану, у верасьні 2005 году прайшлі выбары ў вышэйшы заканадаўчы орган — дзьвюхпалатную Нацыянальную асамблею (парлямэнт). У 2006 годзе парлямэнт зацьвердзіў міністраў у склад дзеючага ўраду, сфармаванага Гамідам Карзаем пасьля яго ўступленьня на пасаду кіраўніка краіны. Чарговыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў Аўганістане прайшлі ў 2009 і 2014 гадах адпаведна. На прэзыдэнцкіх выбарах 2009 году перамогу атрымаў Абдула Абдула, які апярэдзіў былога кіраўніка краіны Гаміда Карзая. Аднак, ужо на наступных прэзыдэнцкіх выбарах 2014 году перамогу атрымаў Ашраф Ггані, які абыйшоў паводле колькасьці галасоў дзейнага на той час прэзыдэнта Абдула Абдула.
У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Аўганістану судовая ўлада ў краіне прадстаўленая Вярхоўным судом, апэляцыйнымі судамі і судамі першай інстанцыі. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт Ісламскай Рэспублікі Аўганістан (які зьяўляецца таксама і прэм’ер-міністрам).
Аўганістан падзелены на 34 правінцыі, якія дзеляцца на раёны. Дзяржаўныя мовы — дары й пушту, апошняя — мова блізу паловы насельніцтва, мова большасьці насельніцтва поўдня й мова найбуйнейшага мясцовага этнасу, пуштунаў, але атрымала афіцыйны статус толькі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Дары — літаратурная мова мясцовых дыялектаў пэрсыдзкае мовы, нацыянальная мова мясцовых таджыкаў, асноўная мова поўначы краіны й былая мова аўганскай эліты. У раёнах пражываньня нацыянальных меншасьцяў афіцыйны статус маюць таксама ўзбэцкая, туркмэнская, бэлудзкая, пашаі ды іншыя мовы.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўганістан — гэта горная краіна бяз выхаду да мора. Каля 4/5 плошчы займаюць горы. З паўночнага ўсходу на паўднёвы захад цягнуцца горы Гіндукуш, з самым высокім пунктам краіны, гарой Нусзаак (7455 м), якія паступова пераходзяць у Іранскае ўзвышша, і далей у паўпустэльні Рэгістану. Клімат складаны, у гарах тэмпэратура студзеня складае −15 °C, а ў ліпені рэдка ўзьнімаецца вышэй за 0 °C. Лета цяплейшае ў пустэльных абшарах на поўдні (вышэй +22 °C). Ападкі ў гарах большыя за 1500 мм, у астатняй частцы краіны 400—600 мм, у пустэльнях 200 мм Сельскагаспадарчыя землі займаюць каля 12% плошчы, лясы (у асноўным на паўночным усходзе) толькі каля 3%.
Мяжа 5529 км:
- Кітай — 76 км
- Іран — 936 км
- Пакістан — 2430 км
- Таджыкістан — 1206 км
- Туркмэністан — 744 км
- Узбэкістан — 137 км
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўганістан належыць да найбяднейшых краінаў сьвету. З-за шматгадовай вайны аўганская гаспадарка ляжыць у руінах.
52% унутранага прадукту дае сельская гаспадарка, 24% прамысловасьць, астатняе — сфэра паслугаў. Карысныя выкапні: прыродны газ (экспарт каля 3 км³), нафта, вугаль, медзь, хром, барыт, волава, цынк, жалезная руда, соль, каштоўныя камяні (экспартуюцца ў абмежаванай колькасьці). Некалькі водных электрастанцыяў выпрацоўваюць 540 млн кВТ/г электрычнай энэргіі. Разьвіцьцё атрымаў гандаль харчаваньнем. Але асновай эканомікі зьяўляецца экстэнсіўная сельская гаспадарка. Вырошчваецца галоўным чынам: збожжа (пшаніца 2,7 млн тон, кукуруза, жыта), бавоўна, цукровыя буракі; у далінах рэк разьвіта садоўніцтва і вінаградарства (365 тыс. тон). Добра разьвітая жывёлагадоўля: авечкі — 11 млн, козы — 2,2 млн, таксама гадуюцца вярблюды і коні. Транспарт разьвіты вельмі слаба. Дарогі налічваюць толькі 23 тыс. км, чыгункі няма. Галоўны аэрапорт у Кабуле мае сувязі зь некалькімі замежнымі гарадамі.
Галоўныя гандлёвыя партнэры: Расея, Японія, Індыя, Іран. Асноўным экспартным прадуктам зьяўляецца опій. У 2011 годзе вытворчасьць опію перавысіла 8000 тонаў. Для яго перапрацоўкі ў морфіюм (800 тонаў) пераважна чыгункай зь Сярэдняй Азіі паставілі звыш 8000 тонаў воцатнага ангідрыду (160 вагонаў-цыстэрнаў па 50 тонаў кожны)[8].
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Колькасьць насельніцтва складае 32,7 млн[9], але насельніцтва разьмешчаная вельмі нераўнамерна. Асноўныя месцы жыхарства — гэта горныя даліны і аазісы ў паўночна-ўсходняй частцы краіны; высокагорныя тэрыторыі на поўначы і паўпустэльні на паўднёвым захадзе амаль бязьлюдныя. Каля 2 млн чалавек — качэўнікі. Каля 3 млн у эміграцыі, у асноўным у Пакістане і Іране. Толькі каля 23% насельніцтва жыве ў гарадах.
Зьмяненьне колькасьці насельніцтва Аўганістана:
- 31108077 (2013)[10]
- дзеці і моладзь, якія вучацца (1990) — 7—14 гадоў = 25%; 15—18 гадоў = 8%; 20—24 гады = 1,3%.
Хуткасьць росту насельніцтва адна з самых высокіх у сьвеце: 2,97% у 2002 годзе.
- асноўныя гарады: Кабул, Герат, Кандагар, Мазары-Шарыф, Джалалабад
- сьмяротнасьць немаўлятаў: 165,96 на 1000 народжаных
- сярэдняя працягласьць жыцьця: 42,46 году
- 6690 чалавек на аднаго ўрача
- 2945 чалавек на адно ложка-месца ў шпіталі
- 23% насельніцтва жыве ніжэй узроўню беднаты
Склад насельніцтва[9]:
Этнічныя групы: пуштуны — 42%, таджыкі — 27%, газарэйцы — 9%, узбэкі — 9%, аймакі — 4%, туркмэны — 3%, бэлуджы — 2%, іншыя — 4%.
Ніводны з этнасаў Аўганістану не складае абсалютнае большасьці насельніцтва, але пуштуны складаюць адносную большасьць з усяго насельніцтва краіны й абсалютную большасьць — на поўдні. Цэнтар і поўнач краіны засяляюць шматлікія пэрсамоўныя этнічныя групы (акрамя ўласна таджыкаў, пэрсамоўных здаўна, таксама газарэйцы й чараймакі). Крайні поўдзень насяляюць бэлуджы, крайні поўнач і паўночны ўсход — узбэкі і, у меншай ступені, туркмэны. На паўночным усходзе пражываюць памірскія, нурыстанскія й часткова дардзкія народы, пры гэтым нурыстанскія народы з прычыны сваёй ізаляванасьці былі навернутыя ў іслам толькі ў канцы ХІХ стагодзьдзя.
Веравызнаньне: мусульмане-суніты — 80%, мусульмане-шыіты — 19%, іншыя — 1%.
Мовы: дары (пэрсыдзкая мова) — 50%, пушту — 35%, цюрскія мовы (пераважна ўзбэцкая і туркмэнская) — 11%, 30 меншых моваў (перш за ўсё бэлудзкая і пашаі) — 4%.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]99% насельніцтва мусульмане: дакладней 74—89% суніты і 9—25% шыіты. Прыкладна ад 30 000 да 150 000 індусаў і сыкхаў жывуць у розных гарадах, але большая частка ў Джалалабадзе, Кабуле і Кандагары. Існуе некаторая колькасьць юдэяў, большасьць зь якіх пакінула краіну ў 1979 пасьля Савецкае агрэсіі.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Культура Аўганістана ўтрымлівае пяць асноўных пэрыядаў: паганскі, зараастрыйскі, эліністычны, будыйскі і ісламскі. Кожны з гэтых пэрыядаў прадстаўлены славутымі помнікамі архітэктуры.
Паганскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьвяцілішча з тэракотавымі фігурамі «багіні-маці» ў Дэх Марашы Гандэй (Кандагар) у земляробчым паселішчы 3000—1500 г. да н. э.;
- славуты круглы храм Дашлы ў Дашлы Тапа (Балх),
- крэпасьць у земляробчым паселішчы 1500—800 г да н. э.;
- Алтын Тапа (Балх), паселішча ахемэнідзкага часу IV—VI ст. да н. э.
Эліністычны пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ай-Ханум — грэцка-баўтрыйскі горад
Будыйскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Будыйскі храм у Газьні,
- Бэграм (Капіса) — кушанскі горад І—ІІІ ст. да н. э. зь вялікай колькасьцю будыйскіх помнікаў,
- Газар Сум — пячорны будыйскі комплекс ІІ—VIII ст.
- Кундуз — будыйскі манастыр II—IV ст н. э.
- Шаторак (Капіса) — будыйскі культавы цэнтар II—VII ст.
- Баміян — будыйскі пячорны манастыр II—VIII ст.
Ісламскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод гістарычных помнікаў Аўганістана, якія прадстаўляюць ісламскі пэрыяд можна назваць:
- Лашкары-Базар (Гільмэнд) — палацавы комплекс XI—XIII ст.;
- Данэстана (Баглан) — мэдрэсэ XII ст.;
- Джам (Гор) — мінарэт XIII ст.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У асноўным афіцыйны аўганскі спорт кіруецца Аўганскай спартовай фэдэрацыяй, якая падтрымлівае футбол, баскетбол, валейбол, боўлінг, шахматы. 22 аўганскія шахматысты ўваходзяць у ФІДЭ. Сайфудын Аёўбі мае стандартны рэйтынг 1862 пункты[11]. Адным з самых папулярных відаў спорту ў Аўганістане зьяўляецца старажытная гульня бузкашы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Statistical Yearbook 2020. — 2021. — С. 3.
- ^ Afghanistan (анг.) The World Factbook
- ^ Report for Selected Countries and Subjects. IMF
- ^ «The History of Afghanistan», 2nd Edition by Meredith L. Runion
- ^ «Encyclopedia Americana». Volume 25. Americana Corporation. 1976. — С. 24.
- ^ Database (анг.). Afghan Biographies (18 жніўня 2016).
- ^ Абвяшчэньне «Талібану»
- ^ Вольга Мядзьведзева. Барацьбе са злачыннасьцю перашкаджае палітыка двайных стандартаў // Зьвязда : газэта. — 21 красавіка 2012. — № 79 (27194). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Аўганская служба радыё «Свабода»
- ^ Afghanistan (анг.). Цэнтральная разьведвальная ўправа. Архіўная копія ад 27 красавіка 2014 г.
- ^ Ayyoubi, Saifudin (анг.). ФІДЭ. Праверана 14 жніўня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аўганістан. The World Factbook (анг.).
- Аўганістан на Curlie (анг.).