Кушанскае царства
Кушанскае царства бактр. κυϸανο, санскр. कुषाण राजवंश, грэцк. Βασιλεία Κοσσανῶν | ||||
| ||||
Афіцыйная мова | бактрыйская, санскрыт (мова культу) | |||
Сталіца | Баграм, Пэшавар, Таксыла, Матгура | |||
Форма кіраваньня цар
|
манархія Куджула Кадфіз (першы), Кіпунада (апошні) | |||
Плошча • агульная |
~ 3 800 000 км² | |||
Канфэсійны склад | індуізм, будызм[1], шаманізм, зораастрызм, маніхейства, іншыя мясцовыя культы | |||
Валюта | кушанская драхма | |||
Незалежнасьць — аб’яднаньне плямёнаў юэчжы ў адзіны зьвяз Куджулам Кадфізам — скарэньне |
30 г. н.э. 375 г. н.э. |
Куша́нскае ца́рства (бактр. κυϸανο; санскр. कुषाण राजवंश, трансьл. Kuṣāṇ Rājavaṃśa; буд. санскр. Guṣāṇa-vaṃśa; парт. 𐭊𐭅𐭔𐭍 𐭇𐭔𐭕𐭓, трансьл. Kušan-xšaθr[2]) — адна зь дзяржаваў Паўднёвай Азіі, якая існавала ў пэрыяд між І і IV стагодзьдзямі н.э. і ахоплівала большую частку тэрыторыяў сучасных Аўганістану, Пакістану, поўначы Індыі і шэраг іншых сумежных рэгіёнаў. Заснаванае кушанскім царом Куджулам Кадфізам напачатку І ст. н.э. у навакольлях ракі Окс (цяп. Амудар’я) на тэрыторыі старажытнага рэгіёну Бактрыя, пасьля чаго цэнтар дзяржавы перасунуўся на ўсходні Аўганістан[3], якая зь цягам часу заваявала тэрыторыі, раней кантраляваныя партанамі, а менавіта паўночныя часткі Іранскага ўзвышша. У часы панаваньня Канішкі (127—151 гг.) дасягнула свайго найбольшага росквіту, распасьцёршыся ад Турфану (Тарымская западзіна, паўночна-заходні Кітай) да Паталіпутры (паўночна-ўсходняя Індыя)[4].
Заснавальнікі царства — кушаны, качавая этнапляменная група індаэўрапейскага паходжаньня й адна зь пяці групаў пляменнага хаўрусу юэчжы, якія належалі да іранскіх або тахарскіх народаў індаэўрапейскае сям’і[5][6][7][8][9]. Пачатак кіраваньня кушанаў у Бактрыі быў пакладзены дзякуючы іх міграцыі з басэйну ракі Тарым у Сярэднюю Азію[9], але некаторыя кіраўнікі кушанаў, напрыклад, Канішка, належалі да плямёнаў, званых у тагачасных індыйскіх крыніцах як турушка[1][10][11], якія сучаснымі гісторыкамі атаясамліваюцца з інда-скіфамі або цюркамі.
У часы І — пачатку ІІ стагодзьдзяў н.э. кушанскія ўладаньні дасягнулі паўночнага ўсходу Індыі, аб чым сьведчаць адпаведныя пісьмовыя помнікі, знойдзеныя ля сучаснага Варанасі і якія датуюцца эпохай кіраваньня цара Канішкі (пачалася каля 127 г.)[12][13][14]. Блізу 152 г. н.э. кушаны выпраўляюцца за Каракарум, у выніку чаго была захопленая практычна ўся Тарымская западзіна, а таксама суседнія гандлёвыя гарады Кашгар, Хатан і Яркенд, што спрычынілася да кантролю кушанамі гандлёвага шляху з гістарычнага рэгіёну Гандгара (паўночныя часткі Пакістану й Аўганістану) у Кітай, які працягваўся больш за стагодзьдзе. Бясьпека, забясьпечаная кушанскім кантролем над гэтым транзытным рэгіёнам, адыграла значную культурную ролю ў тагачаснай Азіі, у прыватнасьці, пацягнула за сабою распаўсюджваньне будызму плыні магаяна ў Кітай. Кіраўнікі Кушану падтрымлівалі дыпляматычныя сувязі з шырокім спэктрам краінаў тагачаснага сьвету, а менавіта з Рымскай імпэрыяй, Дзяржавай Сасанідаў, Аксумам і Кітаем. У часы захопу Тарымскага рэгіёну на гэтых тэрыторыях у якасьці мовы справаводзтва быў уведзены пракрыт на аснове індыйскага пісьма брагмі.
Нягледзячы на вялікі ўзровень разьвіцьця культуры, які пакінуў да цяперашняга часу вялікі корпус філязофскіх, мастацкіх і навуковых дакумэнтаў, большая частка тагачасных гістарычных сьведчаньняў аб дзяржаве Кушанаў прыпадае на мовы іншых краінаў, у прыватнасьці, кітайскую[15].
Заняпад Кушанскага царства прыпадае на ІІІ ст. н.э., калі дзяржава распалася на шэраг драбнейшых удзельных уладаньняў, якія ўрэшце былі заваяваныя з захаду Сасанідамі, да якіх у IV ст. далучылася й Імпэрыя Гупта з усходу. Канчатковы заняпад дзяржавы быў пакладзены дзякуючы плямёнам гефталітаў, якія ўварваліся на тэрыторыю царства з поўначы[4].
Насельніцтва дзяржавы было этнічна разнародным, выкарыстоўваючы розныя ўсходнеіранскія мовы, у прыватнасьці, кушанскую й бактрыйскую. Кушанскае царства падчас свайго існаваньня злучыла культурныя традыцыі шматлікіх народаў: напрыклад, на грунце дзяржавы паўстаў г.зв. грэка-будызм.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснаванае кушанамі — адным з тагачасных этнапляменных аб’яднаньняў Азіі, паходжаньне якіх, аднак, дагэтуль зьяўляецца прадметам пэўных спрэчак.
Кітайскія крыніцы апісваюць гуйшуанаў, якіх кітайскія храністы лічылі адной зь пяці пляменных групаў юэчжы, іншага буйнога індаэўрапейскага пляменнага аб’яднаньня[16]; пры гэтым, як лічыцца, менавіта кушаны маюцца на ўвазе пад кітайскім сьведчаньнем аб гуйшуанах. Уласна тагачасныя юэчжы пражывалі ў Тарымскай западзіне побач зь іншым індаэўрапейскім этнасам — тахарамі — і размаўлялі на дыялектах іранскага паходжаньня, пасьля чаго прыкладна ў 176—160 гг. да н.э. юэчжы былі выгнаныя на захад праз заваёвы суседніх плямёнаў хуну. Выцясьненьне кушанаў на захад справакавала выцясьненьне кушанамі іх заходніх суседзяў, сакаў, якія былі выцесьненыя кушанамі з Бактрыі, пасьля чаго ў першай палове І ст. н.э. кушаны пачалі міграцыі ў бок Індыі[17]. Іншыя датыроўкі адносяць дасягненьне юэчжамі Грэка-Бактрыйскага царства (цяп. поўнач Аўганістану, поўдзень Узбэкістану) блізу 135 г. да н.э., пасьля чаго грэцкія дынастыі былі пераселеныя ў паўднёва-ўсходнім кірунку ля Гіндукушу й Інду, заняўшы захад Інда-Грэцкага царства. Аб колішнім існаваньні кушанаў у гэтым рэгіёне сьведчыць шэраг археалягічных здабыткаў, напрыклад, археалягічныя комплексы ў Тахт-і-Сангіне, Сурх-Катале і палац у старажытным месьце Халчаян (поўдзень сучаснага Ўзбэкістану). Іншыя археалягічныя сьведчаньні, у прыватнасьці, фрызы й скульптуры, дэманструюць вершнікаў-лучнікаў і выявы мужчынаў са значна штучна дэфармаванымі чарапамі (напрыклад, выява прынца з Халчаяну)[18][19].
Раньняя кушанская эпоха
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найранейшай зь пісьмова зафіксаваных асобаў, якая аб’явіла сябе кіраўніком кушанаў, стаў Гераяс, які меркавана зьяўляўся хаўрусьнікам грэкаў і пазьней стаў бацькам першага цара Кушанскае дзяржавы, Куджулы Кадфіза. На манэтах, адчаканеных у часы кіраваньня Гераяса, апошні згадваецца як тыран, а самі гэтыя манэты выконваліся чаканкай на грэцкі ўзор.
У І ст. н.э. кітайскі тэрмін гуйшуан замацоўваецца за ўсімі плямёнамі зьвязу юэчжы, якія былі аб’яднаныя ў цесны хаўрус на чале з царом Куджулой Кадфізам. Апошняя назва была ўспрынятая ў краінах Эўропы й зь цягам часу трансфармавалася ў тэрмін кушаны ў значэньні ўсяго пляменнага хаўрусу, у той час як кітайскія хронікі працягвалі выкарыстоўваць у гэтым значэньні тэрмін юэчжы.
Першапачатковым ядром дзяржавы кушанаў зьяўлялася Бактрыя[20][21][22][23][24][25][26]. 125 г. н.э. датуецца сьведчаньне кітайскага даводца Бань Юна, які паведамляў аб узяцьці кушанамі Кабулу, Пактыі, Капішы й Гандгары, пасьля чаго, ужо пры наступным цары (пад якім меўся на ўвазе Вэма-Тахту або ягоны брат Садашкана), былі зьдзейсьненыя заваёвы рэгіёнаў паўночнага захаду Індыі, у выніку чаго дзяржава кушанаў зьведала надзвычайнае ўзбагачэньне. Гэтыя ж кітайскія сьведчаньні паведамляюць пра найменьне гэтае дзяржавы як Кушанскага царства, кіраўнікоў якога кітайцы працягвалі традыцыйна зваць юэчжамі[27][28]. Функцыі сталіцы несьлі адначасова два месты, Капіса й Пушклаваці (цяпер Кабул і Пэшавар адпаведна).
Тэрытарыяльная экспансія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку І ст. н.э. заснавальнік Кушанскае дзяржавы Куджула Кадфіз, які паводле кітайскіх хронік першапачаткова зьяўляўся кіраўніком адной з удзельных групаў юэчжы, падпарадкаваў сабе чатыры іншыя дробныя ўладаньні юэчжы ў Бактрыі, а затым уладаньні дробных грэцкіх дынастаў. Кадфізам быў заняты горад Ланьшы — адна з сталіцаў юэчжы, цяпер разьмешчаная ў заходнім Таджыкістане.
Адзін з інда-грэцкіх кіраўнікоў, Гермэй, імкнуся да ўмацаваньня свайго становішча й атрымаўшы незалежнасьць ад Партыі, заключыў хаўрус з Кадфізам, пасьля чаго Гермэем пасьпяхова былі аб’яднаныя некалькі бактрыйскіх княстваў, пры гэтым Гермэй абвясьціў сябе царом цароў, а Куджулу Кадфіза ўдзельным князём. Пасьля сьмерці Гермэя Кадфіз заняў ягоны сталец і каля 47 году аб’яднаў абедзьве дзяржавы, пасьля чаго паступова прыступіў да заваёваў у Гандгары й Пакістане, пра што паведамляў Бань Юн (гл. вышэй).
Згодна са сьведчаньнямі Дж. Розэнфілда, археалягічныя сьведчаньні панаваньня кушанаў распасьціраюцца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход Паўднёвай Азіі, на крайнім паўночным захадзе ўключаючы Сурх-Хатал (цяп. паўночны Аўганістан), на крайнім паўднёвым усходзе — Матгуру (захад сучаснага індыйскага штату Ўтар-Прадэш). У часы Канішкі І Пэшавар меў ролю сталіцы дзяржавы, у якасьці летняй выступаў Баграм (усход сучаснага Аўганістану), зімняй — Матгура. Апрача гэтага, у рэгіён меркаванага кіраваньня кушанаў уваходзіў таксама Харэзм (паўночны захад сучаснага Ўзбэкістану), Касамбі (поўдзень Утар-Прадэшу) і Санчы (цэнтар цяперашняга штату Мадг’я-Прадэш), Сарнат (усход Утар-Прадэшу, сьведчаньні кушанскіх імёнаў і датаў кіраваньня цароў), захад Мадг’я-Прадэшу і ўся Магараштра, а таксама Арыса (імітацыя кушанскіх манэтаў, знаходкі кушанскіх скарбаў). Зрэшты, таксама мяркуецца, што кушанскі ўплыў на захадзе Мадг’я-Прадэшу (гістарычны рэгіён Малва) і ў Магараштры абмяжоўваўся толькі хаўрусам кушанаў з Заходнімі Кшатрапамі — тагачаснай кіроўчай дынастыяй гэтых рэгіёнаў[29]. На карысьць кушанскага кіраваньня гэтымі тэрыторыямі выступае таксама наяўнасьць індыйскіх надпісаў на тагачасных кушанскіх манэтах.
Кушанскія ўварваньні ў Паўднёвай Азіі таксама выкарыстоўваліся па-за гістарыяграфічным дыскурсам. Так, у ХХ ст. індыйскімі нацыяналістамі сьцьвярджалася пра нібыта наяўную ў часы існаваньня Кушанскага царства міграцыі індусаў у Паўднёва-Ўсходнюю Азію, чым абгрунтоўвалася ідэя ўзнаўленьня Вялікай Індыі, якая ў культурным дачыненьні ўключала таксама й Паўднёва-Ўсходнюю Азію. Тым ня менш, доказы на карысьць гэтых палажэньняў адсутныя[30].
Выяўлены ў 1993 годзе непадалёк ад Сурх-Хаталу г.зв. Рабатацкі надпіс пацьвярджае сьведчаньні кітайскіх храністаў аб тэрытарыяльнай экспансіі кушанаў, што таксама ўзгадняецца зь іншымі кушанскімі сьведчаньнямі часоў Канішкі. Згодна з гэтымі пісьмовымі помнікамі, у пачатку ІІ ст. кушаны пашырылі свае ўладаньні на ўсю поўнач Індыі. Рабатацкі надпіс таксама засяроджваецца на апісаньні канкрэтных назваў заваяваных местаў, сярод якіх шэсьць тапонімаў зьяўляюцца дакладна ідэнтыфікаванымі: Уджайн (захад Мадг’я-Прадэшу), Кундына (паўночны ўсход Магараштры), Паталіпутра (захад Бігару) і Чампа (усход Чгатысгаргу), аднак тэкст не дае разуменьня наконт дакладнага статусу апошняе мясцовасьці, але вядома, што гэтыя заваёвы адбыліся пры Канішку[31][32][33]. У гэтым жа стагодзьдзі пад даводзтвам Канішкі адбыліся выправы на поўнач, у рэгіён Тарымскае западзіны, існаваньне ўлады кушанаў над гэтым рэгіёнам, які таксама ўключаў Кашгар, Яркенд і Хатан, мяркуецца праз наяўнасьць пісьмовых і археалягічных сьведчаньняў.
На поўдні ўладаньні кушанаў абмяжоўваліся інда-скіфскай дзяржавай Парата, якая прыкладна ахоплівала межы цяперашняе пакістанскае правінцыі Бэлуджыстан[29].
ІІІ ст. н.э. датуюцца манэты ў гонар кушанскага цара Гувішкі, якія былі знойдзеныя ў Бадггаі, што паблізу ад Паталіпутры.
Нутранае кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ва ўнутраным дачыненьні Кушанская дзяржава ўяўляла сабою досыць цэнтралізаваную дзяржаву на чале з г.зв. царом цароў, асоба якога часам абагаўлялася, кушанскія кіраўнікі спрабавалі стварыць асаблівы дынастыйны культ, прысьвячаючы яму спэцыяльныя храмы. Цар краіны абапіраўся на разгалінаваны адміністрацыйны апарат, у якім існавала мноства рангаў і градацыяў. Вядомыя тытулы сатрапаў, вялікіх сатрапаў, намесьнікаў, начальнікаў граніцаў і да т.п.
Па аслабленьні цэнтральнае ўлады, роля й значэньне кіраўнікоў асобных рэгіёнаў рэзка ўзрасталі, што ў выніку паўплывала на распад краіны.
Асноўнай вытворчай адзінкай у сельскай гаспадарцы зьяўлялася сельская грамада падаткаплатнікоў, існавалі й буйныя цэнтралізаваныя гаспадаркі, якія належалі храмам або буйным уладальнікам.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па захопе тэрыторыяў былых грэцкіх уладаньняў кушаны зьведалі моцнае ўспрыняцьце элемэнтаў грэцкае культуры. У хуткім часе для патрэбаў пісьмовае бактрыйскае мовы, якая зьяўлялася нацыянальнай мовай кушанаў, быў прыстасаваны грэцкі альфабэт з даданьнем літары Þ, пачалася чаканка манэтаў на грэцкі ўзор. Ад гэтага часу й да самага пачатку цараваньня Канішкі манэты мелі легенду на грэцкай мове й мове палі (адна з індаарыйскіх моваў), пасьля ўзыходжаньня на сталец Канішкі легенды на манэтах дапоўніліся таксама надпісамі на бактрыйскай мове. Пра моцны грэцкі ўплыў таксама сьведчаць пахаваньні кушанскай арыстакратыі ў Тыля-тэпэ (паўночны Аўганістан)
Шэраг гісторыкаў мяркуе, што першапачатковай рэлігіяй кушанаў зьяўляўся зораастрызм, аднак ужо пры Віму Тахту (сын Куджулы Кадфіза) шматлікія кушаны пачалі засвойваць элемэнты будыйскае культуры, акрамя таго, значным кампанэнтам у кушанскай культуры сталі рэшткі тагачаснае грэцкае культуры, якія заставаліся дзякуючы ранейшым эліністычным царствам рэгіёну. Сын Віма Тахта, верагодна, звараціўся ў шываізм, на карысьць чаго сьведчаць манэты, адчаканеныя ў той пэрыяд. Наступныя кушанскія ўладары характарызаваліся канфэсійнай разнастайнасьцю: так, сярод кушанскіх кіраўнікоў былі вядомыя зораастрыйцы, будысты і, імаверна, шываісты.
Падчас кушанскага кіраваньня гандлёвыя шляхі Вялікага шоўкавага шляху былі злучаныя з марскім гандлем на Індыйскім акіяне, прыкладам, у часы існаваньня Кушанскага царства шоўк быў упершыню прададзены ў Рыме.
Кушанскія манэты сьведчаць пра паўранальна шырокі пантэон божышчаў у Кушанскім царстве, на гэтых манэтах зафіксавана больш за трыццаць разнастайных божышчаў, якія належалі адначасова да грэцкай, іранскай і індыйскай міталёгіяў. Пасьля пэрыяду кіраваньня Гувішкі на кушанскіх манэтах фігуруюць толькі Ардохша і Аэхша, першы зь якіх належыць да іранскага пантэону, другі лічыцца кушанскай інтэрпрэтацыяй індыйскага Шывы[34][35][36] або нават спалучэньнем авэстыйскага Ваю й індыйскага Шывы[37]. Таксама дзьве манэты пэрыяду Гувішкі нясуць на сабе надпіс, які ўказвае на індуісцкае божышча Ганэша, але ўтрымлівае фігуру Ганэша з выявай лука, што зьяўляецца тыповым апісаньнем індуісцкага Рудры, але на гэтых манэтах можа адлюстроўваць таксама Шыву.
Зь сярэдзіны І ст. н.э. будызм распаўсюджваецца празь Вялікі шоўкавы шлях у Кітай ды іншыя сумежныя краіны Азіі. Пасьля Віма Тахта ў Кушанскай дзяржаве пачала ўзрастаць колькасьць будыстаў, што спрычынілася да павелічэньня патранажу над будысцкімі культавымі ўстановамі і набыцьця імі значнай эканамічнай ролі ў дзяржаве[38]. Акрамя таго, у І ст. н.э. узрасла колькасьць збудаваных будыйскіх манастыроў уздоўж шляхоў з Паўднёвай Азіі ў Кітай, атрымаў разьвіцьцё адзін з пракрытаў — гандгары, які выкарыстоўваўся ў рэгіёне Гандгара й вядомы дзякуючы вялікаму корпусу будыйскіх рэлігійных тэкстаў[39]. Пры Канішку ў Кашміры быў скліканы будысцкі сабор, на якім адбыўся раскол рэлігіі на дзьве плыні — гінаяну й магаяну, уласна канцэпцыя рэлігіі пры гэтым цары спрасьцілася, што спрыяла яе пашырэньню незалежна ад сацыяльнае клясы. На валадараньне Гувішкі прыпадаюць першыя сьведчаньні пра Буду Амітабгу, пры гэтым сам Гувішка, імаверна, зьяўляўся прыхільнікам школы магаяна, да якой і быў прылічаны Амітабга.
Незважаючы на пануючы статус будызму, працягвалі захоўвацца зораастрызм ды іншыя мясцовыя культы. Працягвалася пабудаваньне манумэнтальных зораастрыйскіх храмаў і хатніх сьвяцілішчаў.
Іншай характэрнай рысай Кушанскага царства зьяўляецца цесная сувязь з гарадамі й распаўсюджваньне ўрбанізаванае культуры ў сельскай мясцовасьці.
У кушанскай архітэктуры, скульптуры й жывапісе пэўнае адлюстраваньне й праламленьне знайшлі тры мастацкія традыцыі: перадусім даволі старажытныя традыцыі бактрыйскае культуры зь ейнымі вялікімі дасягненьнямі ў галіне манумэнтальнай архітэктуры; грэцкае мастацтва, абумоўленае вялікай колькасьцю грэцкіх каляністаў і значным успрыманьнем эліністычнае культуры мясцовым асяродзьдзем; трэцім значным кампанэнтам было індыйскае мастацтва. Зьнешняя манумэнтальная параднасьць палацавых і храмавых комплексаў спалучалася з багацьцем унутранага ладу, жывапісныя й скульптурныя кампазыцыі пасьлядоўна ды зь вялікай дэталізацыяй разгортвалі на сьценах храмаў і палацаў рэлігійныя сцэны й групавыя партрэты чальцоў царскае сям’і ў атачэньні воінаў і слугаў.
Моўная сытуацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Кушанскім царстве былі распаўсюджаныя розныя дыялекты ўсходнеіранскага індаэўрапейскага паходжаньня, такіх як самі бактрыйская ды кушанская мовы. Тыпалягічная характарыстыка захаваных надпісаў дазваляе аднесьці кушанскую мову да паўночнае падгрупы ўсходнеіранскіх моваў[40]. Арэальныя характарыстыкі таксама дазваляюць меркаваць пра распаўсюджанасьць у Кушанскай дзяржаве іншых роднасных індаэўрапейскіх моваў, як то нурыстанскіх, дардзкіх і індаарыйскіх, таксама ў розныя часы ў склад Кушанскага царства ўваходзілі арэалы тахарскіх моваў і мовы бурушаскі.
Асноўныя кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як мяркуецца зыходзячы з тагачасных пісьмовых помнікаў, Куджула Кадфіз пакінуў па сабе двух сыноў, адзін зь якіх, Садашкана, вядомы толькі па двух надпісах і, хутчэй за ўсё, ніколі не кіраваў. Іншы сын, Віма Такта (або Віма Тахта), згадваецца ў кітайскіх хроніках (пад імем Янгаачжэнь) і Рабатацкім надпісе. Ягонае кіраваньне прыпадала прыкладна на пэрыяд 80—95 гг. н.э., пры ім былі зьдзейсьненыя асноўныя тэрытарыяльныя набыцьці дзяржавы. Таксама Віма Тахта быў дзедам Канішкі. Варта адзначыць, што знаходжаньне на пасадзе Віма Такта аспрэчваецца, замест яго на стальцы мог знаходзіцца Садашкана[27]. У якасьці наступніка і, адпаведна, бацькі Канішкі Рабатацкі надпіс узгадвае Віма Кадфіза, кіраваньне якога, верагодна, прыпадала на пэрыяд з 95 па 127 гг. н.э. Пры Віму Кадфізу адбыліся новыя заваёвы ў Аўганістане й паўночна-заходнім Пакістане, ён стаў першым кіраўніком на тэрыторыі сучаснай Індыі, які ўвёў залатыя манэты ў якасьці сродку грашовага абарачэньня.
Пры пятым цары Кушанскае дзяржавы, Канішку, які кіраваў з 127 па 140 гг. н.э., адбылося значнае павелічэньне дзяржавы за кошт тэрыторыяў поўначы сучаснай Індыі, пра што сьведчыць Рабатацкі надпіс (гл. вышэй). Таксама Канішку прыпісваецца збудаваньне ўмацаваньняў у мястэчку Батгінда (поўдзень цяперашняга штату Панджаб), пры гэтым кіраўніку Кушанская дзяржава кіравалася адразу зь дзьвюх сталіцаў: Пурушапуры (або Пушклаваці) і Матгура.
Пазьней эпоха Канкішкі была ўзятая кушанамі за аснову новага каляндарнага зьлічэньня, пасьля чаго выкарыстоўвалася да самага заняпаду царства. Тым ня менш, пачатак эпохі кіраваньня Канішкі аспрэчваецца некаторымі дасьледчыкамі[12][41].
Наступнікам Канішкі стаў цар Васышка, які, падобна, кіраваў на працягу дваццаці год пасьля Канішкі. Кіраваньне Васышкі засьведчанае двума надпісамі з-пад Санчы, якія прыпадаюць на 22 і 28 гады ад кіраваньня Канішкі адпаведна. Праз дваццаць год пасьля сьмерці Канішкі альбо прыкладна ў 140 г. н.э. на зьмену Васышку прыйшоў Гувішка, які кіраваў каля трыццаці год, ягоная эпоха кіраваньня адзначылася паслабленьнем цэнтральнае ўлады ў царстве, ставіліся спробы ўзмацненьня кантролю над Матгурай. Прынамсі 191—225 гг. н.э. або 64—98 гг. паводле Канішкі датуецца кіраваньне Васудэвы, якім датуецца эпоха росквіту Кушанскага царства і ўварваньне сасанідаў на паўночны захад Індыі прыкладна ў 240 г. н.э.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кушаны ўспадкавалі разьвітую сельскую гаспадарку Бактрыі, заснаваную на паліўным земляробстве, што спрыяа павелічэньню колькасьці насельніцтва, значная частка якога пражывала ў мескіх цэнтрах. Сярод гарадоў вылучаюцца два тыпы паселішчаў: месты, здаўна й паступова ўтвораныя як буйныя цэнтры, і месты, пабудаваныя пад эгідай кушанскіх уладаў паводле канонаў, складзеных яшчэ ў грэка-бактрыйскі пэрыяд. Значная колькасьць местаў другога тыпу ўказвае на актыўнае разьвіцьцё будаваньня паселішчаў пры Кушанскай дзяржаве.
Вялікія й малыя кушанскія месты, як старыя, так і на той час новыя, мелі паведамленьне дзякуючы дарогам і караванным шляхам. Сярод гандлёвых сувязяў першую ролю адыгрывалі сувязі з Рымскай імпэрыяй, перадусім зь яе ўсходнімі правінцыямі. У Рым экспартаваліся спэцыі, пахошчы, каштоўныя камяні, слановая костка, цукар, вялікае значэньне меў гандаль рысам і баваўнянымі вырабамі; транзытам з Кітаю ішлі шоўк, скуры; з Рыму імпартаваліся тканіны, адзеньне, вырабы са шкла й каштоўных мэталаў, статуі, віно. Завозіліся рымскія манэты, скарбы зь якімі часта прасочваюцца на былой тэрыторыі царства, таксама закупляўся ўласна мэтал, зь якога на месцы вырабляліся ўласныя манэты. Буйныя даходы атрымліваліся таксама дзякуючы мытам. Кушанскія гандляры дасягалі таксама Александрыі Эгіпецкай.
Зьнешнепалітычныя кантакты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мяркуецца, што першы ўзор шаўковае тканіны быў прададзены ў Рыме дзякуючы пасярэдніцтву Кушанскага царства, пры якім марскія гандлёвыя шляхі Індыйскага акіяну былі злучаныя зь Вялікім шаўковым шляхам (гл. вышэй). Іншыя кантакты з рымлянамі бачныя дзякуючы адшуканьню рымскае манэты эпохі Траяна ў манастыры Агін-Пош (цяпер паўночны захад Пакістану, Фэдэральна кіраваныя пляменныя тэрыторыі). Гісторыя Аўгустаў, біяграфічны збор пра рымскіх імпэратараў ІІ—ІІІ стагодзьдзяў н.э., падчас расповяду аб Адрыяне апісвае бактрыйскіх паслоў, адпраўленых іх царом Адрыяну з мэтаю ўсталяваньня хаўрусьніцкіх сувязяў (лац. Reges Bactrianorum legatos ad eum, amicitiae petendae causa, supplices miserunt). Бактрыйскія паслы ў Рым таксама прыпісваюцца наступніку Адрыяна, Антанінусу Піюсу, згадкі аб чым пакінулі тагачасныя рымскія гісторыкі Сэкстус Аўрэліюс Віктар і Апіянус Александрыйскі.
Вялікі аб’ём гістарычных крыніцаў аб кушанах пакінулі кітайскія храністы, якія апісвалі гісторыю кушанаў пачынаючы з часу іх існаваньня як аднае з групаў юэчжы (гл. вышэй). Апрача гэтага, кантакты з Кітаем спрычыніліся да пашырэньня будызму ва Ўсходняй Азіі. Варта адзначыць, што кітайскія крыніцы (гістарычная хроніка Хоў Ханьшу) апісвае ў тым ліку наяўнасьць на рынках Кушанскага царства тавараў рымскага паходжаньня[42].
Па заваёве кушанамі захаду сучаснага Кітаю палітычныя кантакты Кушанскага царства й Кітаю павялічыліся да вайсковага супрацоўніцтва, у часе якога кушаны й кітайцы вялі супольную барацьбу супраць нападаў качавых пямёнаў. Напрыклад, 84 г. н.э. датуецца супрацоўніцтва кушанаў зь сіламі кітайскага даводцы Бань Чао супраць іншага іранскага этнасу, сагдыйцаў[43]. Прыкладна 85 годам датуецца агульны напад на горад Турфан. У знак падтрымкі кітайцаў кушаны намагаліся дабіцца выдачы прынцэсы тагачаснае кіроўчае кітайскае дынастыі Хань, у чым ім, аднак, было адмоўлена нават пасьля шэрагу падарункаў[43][44]. Пасьля адмовы кушаны рушылі на кітайцаў у колькасьці прыкладна 70 тыс. воінаў, аднак былі разьбітыя меншымі кітайскімі сіламі[43][44], пасьля чаго кушаны былі вымушаныя адступіць і пагадзіліся на выплату даніны кітайскаму імпэратару.
Заняпад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сьмерці Васудэвы ў 225 годзе Кушанскае царства падзялілася на два асобныя ўдзелы, заходні й усходні. Заходні ўдзел неўзабаве стаў аб’ектам нападу сасанідаў, якія захапілі Бактрыю ды некаторыя іншыя навакольныя тэрыторыі, пасьля чаго ў 248 г. пэрсы канчаткова зрынулі ўладароў заходняе часткі Кушанскага царства і замянілі іх на ўласных васалаў, вядомых як інда-сасаніды.
Усходняя частка Кушанскага царства месьцілася галоўным чынам у Панджабе, ужо прыблізна ў 270 годзе ад яе адкалоліся тэрыторыі на раўніне Гангу, будучы ачоленымі мясцовымі дынастыямі. У сярэдзіне IV ст. гэтыя тэрыторыі былі заваяваныя царом дынастыі Гупта Самудрагуптам.
У 360 г. васал заходняе часткі Кушанскага царства, Кідара, зрынуў старую дынастыю, пасьля чаго ўсталяваў дзяржаву, вядомую цяпер як Кідарыцкае царства. Афармленьне кідарыцкіх манэтаў сьведчыць на карысьць таго, што кідарыты лічылі сябе пераемнікамі кушанаў, аднак гэтая дзяржава не атрымала ранейшага маштабу росквіту. Гэтыя ўладаньні ўрэшце былі зьнішчаныя ў V ст. праз нашэсьці гефталітаў з поўначы і пашырэньне заваёваў Гупты.
Дасьледаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адкрытае дасьледчыкамі толькі ў ХІХ ст. Захаваныя зьвесткі аб Кушанскім царстве — эпізадычныя, разнародныя й супярэчныя, храналёгія й гісторыя адноўленая перадусім паводле захаваных манэтаў, кітайскіх летапісаў (у прыватнасьці, Хоў Ханьшу) і асобных грэцкіх ды індыйскіх зьвестак. Храналёгія царства й пытаньне дакладных імёнаў ягоных цароў дагэтуль застаюцца дыскусійнымі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б André Wink. Al-Hind, the Making of the Indo-Islamic World: The Slavic Kings and the Islamic conquest, 11th-13th centuries. — Oxford University Press, 1997. — С. 57.
- ^ John M. Rosenfield. The Dynastic Arts of the Kushans. — University of California Press, 1967. — С. 5. — 377 с.
- ^ Hill (2009), pp. 29, 318–350.
- ^ а б Afghanistan. Central Asian and Sassanian Rule, ca. 150 B.C.-700 A.D // About.com. — The Library of Congress, 1997.
- ^ Runion, Meredith L. The history of Afghanistan. — Westport: Greenwood Press, 2007. — С. 47. — ISBN 978-0-313-33798-7
- ^ Peter Wilcox. Rome's Enemies (3): Parthians and Sassanid Persians. — Osprey Publishing, 1986. — 48 с.
- ^ Mallory & Mair (2000), pp. 270–297.
- ^ Roux, p. 90.
- ^ а б Liu, Xinrui. Agricultural and pastoral societies in ancient and classical history / ed. by Adas, Michael. — Philadelphia: Temple University Press, 2001. — С. 156. — ISBN 978-1-56639-832-9
- ^ Ramesh Chandra Majumdar. 2 // The History and Culture of the Indian People. — 1951. — С. 149.
- ^ G. Allen & Unwin, p. 149.
- ^ а б Falk (2001), pp. 121–136.
- ^ Falk, Harry (2004), pp. 167–176.
- ^ Hill (2009), pp. 29, 33, 368–371.
- ^ Hill (2009), p. 36.
- ^ Kushan Empire (ca. 2nd century B.C.–3rd century A.D.) (анг.) Heilbrunn Timeline of Art History. The Metropolitan Museum of Art (2000). Праверана 25 жніўня 2014 г.
- ^ Keay, p. 110.
- ^ Lebedynsky, p. 62.
- ^ Lebedynsky, p. 15.
- ^ Айртам // БРЭ. — М.: 2005 Т. 1.
- ^ Бактра // БРЭ. — М.: 2005 Т. 2.
- ^ Бактрия // БРЭ. — М.: 2005 Т. 1.
- ^ Дахма // БРЭ. — М.: 2005 Т. 8.
- ^ Аджина-тепе // БРЭ. — М.: 2005 Т. 1.
- ^ Дальверзин-тепе // БРЭ. — М.: 2005 Т. 8.
- ^ Канишка // БРЭ. — М.: 2005 Т. 12.
- ^ а б Hill (2009), p. 29.
- ^ Chavannes (1907), pp. 190–192.
- ^ а б Rosenfield, p. 41.
- ^ Hall, D. G. E. A History of South-East Asia. — 4th ed. — Hong Kong: Macmillan Education Ltd, 1981. — С. 17. — ISBN 0-333-24163-0
- ^ Goyal, p. 93.
- ^ N. Sims-Williams and J. Cribb. A new Bactrian inscription of Kanishka the Great // Silk Road Art and Archaeology. — 1995-1996. — № 4. — С. 75-142.
- ^ Nicholas Sims-Williams. Bactrian Documents from Ancient Afghanistan.
- ^ Sivaramamurti, p. 56-59.
- ^ Loeschner, Hans. The Stūpa of the Kushan Emperor Kanishka the Great. — 2012. — № 227. — С. 11.
- ^ Bopearachchi, O. Some observations on the chronology of the early Kushans. — Res Orientales, 2007. — № 17. — С. 41-53.
- ^ Sims-Williams, Nicolas. Bactrian Language // Encyclopaedia Iranica. — London: Routledge & Kegan Paul. — Т. 3.
- ^ Xinru Liu. The Silk Road in World History. — New York: Oxford University Press, 2010. — С. 42.
- ^ Xinru Liu. The Silk Road in World History. — New York: Oxford University Press, 2010. — С. 58.
- ^ Б. Ставиский. Голоса забытой империи // Вокруг света. — 1974. — № 7 (2586).
- ^ Falk (2004), pp. 167–176.
- ^ Hill (2009), p. 31.
- ^ а б в de Crespigny, Rafe. A Biographical Dictionary of Later Han to the Three Kingdoms (23-220 AD). — Leiden: Koninklijke Brill, 2007. — С. 5-6. — ISBN 90-04-15605-4
- ^ а б Torday, Laszlo. Mounted Archers: The Beginnings of Central Asian History. — Durham: The Durham Academic Press, 1997. — С. 393. — ISBN 1-900838-03-6
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Avari, Burjor. India: The Ancient Past. — London: Routledge, 2007. — ISBN 978-0-415-35616-9
- Bopearachchi, Osmund. De l'Indus à l'Oxus, Archéologie de l'Asie Centrale. — Lattes: Association imago-musée de Lattes, 2003. — ISBN 2-9516679-2-2
- Chavannes, Édouard. Les pay d'occident d'après le Heou Han chou. — 1907.
- Chavannes, Édouard. Trois Généraux Chinois de la dynastie des Han Orientaux. Pan Tch’ao (32–102 p.C.); – son fils Pan Yong; – Leang K’in (112 p.C.). — 1906.
- Dorn'eich, Chris M. Chinese sources on the History of the Niusi-Wusi-Asi(oi)-Rishi(ka)-Arsi-Arshi-Ruzhi and their Kueishuang-Kushan Dynasty. Shiji 110/Hanshu 94A: The Xiongnu: Synopsis of Chinese original Text and several Western Translations with Extant Annotations. — Berlin: 2008.
- Faccenna, Domenico. Butkara I (Swāt, Pakistan) 1956–1962. — Rome: IsMEO, 1980.
- Falk, Harry. Silk Road Art and Archaeology. — 1995-1996.
- Falk, Harry. The Kaniṣka era in Gupta records // Silk Road Art and Archaeology. — 2004.
- Falk, Harry. The yuga of Sphujiddhvaja and the era of the Kuṣāṇas // Silk Road Art and Archaeology. — 2001.
- Foucher, M. A. Notes sur la geographie ancienne du Gandhâra (commentaire à un chaptaire de Hiuen-Tsang). — BEFEO, 1901. — № 4.
- Goyal, S. R. Ancient Indian Inscriptions. — Jodhpur: Kusumanjali Book World, 2005.
- Hargreaves, H. Excavations at Shāh-jī-kī Dhērī // Archaeological Survey of India, 1910–11. — 1910-1911.
- Harmatta, János. History of civilizations of Central Asia, Volume II. The development of sedentary and nomadic civilizations: 700 B.C. to A.D. 250. — Paris: UNESCO Publishing, 1994.
- Hill, John E. Through the Jade Gate to Rome: A Study of the Silk Routes during the Later Han Dynasty, First to Second Centuries CE. — BookSurge, 2009. — ISBN 978-1-4392-2134-1
- Keay, John. India: A History. — New York: Grove Press, 2000. — ISBN 0-8021-3797-0
- Konow, Sten. Kharoshthī Inscriptions with Exception of those of Asoka. — Corpus Inscriptionum Indicarum. — Varanasi: Reprint: Indological Book House, 1929 [1969].
- Lebedynsky, Iaroslav. Les Saces. — Paris: Editions Errance, 2006. — ISBN 2-87772-337-2
- Litvinsky, B. A. History of civilizations of Central Asia, Volume III. The crossroads of civilizations: A.D. 250 to 750. — Paris: UNESCO Publishing, 1996.
- Mallory, J. P.; Mair, Victor H. The Tarim Mummies: Ancient China and the Mystery of the Earliest Peoples from the West. — London: Thames & Hudson, 2006. — ISBN 0-500-05101-1
- Rosenfield, John M. The Dynastic Art of the Kushans. — New Delhi: Munshiram Manoharlal, 1993. — ISBN 81-215-0579-8
- Roux, Jean-Paul. L'Asie Centrale, Histoire et Civilization. — Fayard, 1997. — ISBN 978-2-213-59894-9
- Sarianidi, Viktor. The Golden Hoard of Bactria: From the Tillya-tepe Excavations in Northern Afghanistan. — New York: Harry N. Abrams, Inc, 1985.
- Sims-Williams, Nicholas. Further notes on the Bactrian inscription of Rabatak, with an Appendix on the names of Kujula Kadphises and Vima Taktu in Chinese / ed. by Nicholas Sims-Williams. — Proceedings of the Third European Conference of Iranian Studies Part 1: Old and Middle Iranian Studies. — Wiesbaden: 1998.
- Sivaramamurti, C. Śatarudrīya: Vibhūti of Śiva's Iconography. — Delhi: Abhinav Publications, 1976.
- Spooner, D. B. Excavations at Shāh-jī-kī Dhērī. — Archaeological Survey of India. — 1908-1909.
- Watson, Burton. 123 // Records of the Grand Historian of China: Han Dynasty II. Translated from the Shiji of Sima Qian. — revised ed.. — Columbia University Press, 1993. — ISBN 0-231-08166-9, ISBN 0-231-08167-7
- Zürcher, E. The Yüeh-chih and Kaniṣka in the Chinese sources / Basham, A. L., ed. — Papers on the Date of Kaniṣka. — Leiden: E. J. Brill, 1968.
- Боровкова Л. А. Кушанское царство (по древним китайским источникам). — М.: Институт востоковедения РАН, 2005. — 312 с. — 300 ас. — ISBN 5-89282-265-6
- Зеймаль Е. В. Кушанская хронология (материалы по проблеме). — М.: «Наука», 1968. — 186 с.
- Шеркова Т. А. Египет и Кушанское царство (торговые и культурные контакты) / Отв. ред. Б. А. Литвинский. — М.: «Наука» (ГРВЛ), 1991. — 192 с. — 1200 ас. — ISBN 5-02-017088-7
- Г. Юдина. Дальверзин-тепе — земля кладов.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Hill, John E. The Peoples of the West // by Yu Huan A Third Century Chinese Account Composed between 239 and 265 CE. — 2004.
- Kushan dynasty // Encyclopædia Britannica.
- Lerner, Martin. The flame and the lotus: Indian and Southeast Asian art from the Kronos collections. — New York: The Metropolitan Museum of Art, 1984. — ISBN 0-87099-374-7
- Liu, Xinru. Migration and Settlement of the Yuezhi-Kushan: Interaction and Interdependence of Nomadic and Sedentary Societies // Journal of World History. — University of Hawaii Press, 2001. — Т. 12. — № 2.
- Берзин А. Исторический очерк о буддизме и исламе в Афганистане.
- Збор апісаньняў кушанскіх і інда-скіфскіх манэтаў з катэгарызацыяй паводле цара (анг.), wildwinds.com
- Збор нарысаў і працаў па гісторыі Кушанскага царства (анг.), kushan.org
- Збор апісаньняў кушанскіх манэтаў (анг.), Coindia