Перайсьці да зьместу

Альбэрт Айнштайн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Альбэрт Эйнштэйн»)
Альбэрт Айнштайн
па-нямецку: Albert Einstein
Дата нараджэньня 14 сакавіка 1879(1879-03-14)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 18 красавіка 1955(1955-04-18)[4][2][3][…] (76 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці анэўрызма брухавай аорты[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак фізык
Навуковая сфэра тэарэтычная фізыка
Месца працы
Сябра ў Лёнданскае каралеўскае таварыства, Пруская акадэмія навук[d], Нямецкая акадэмія навук Леапальдына[d], Нацыянальная акадэмія дэі Лінчэі[d], Амэрыканскае філязофскае таварыства[d], Баварская акадэмія навук[d], Гётынгенская акадэмія навук[d], Акадэмія навук СССР[d], Француская акадэмія навук, Швэдзкая каралеўская акадэмія навук, Нідэрляндзкая каралеўская акадэмія навук[d], Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d], Расійская акадэмія навук (1917—1925)[d], Індыйская нацыянальная акадэмія навук[d], Нацыянальная акадэмія навук Італіі[d], Бразільская акадэмія навук[d][13][14], Нацыянальная акадэмія навук ЗША, Нацыянальная акадэмія навук ЗША і Centre international de synthèse[d]
Навуковая ступень доктар філязофіі па фізыцы[d] (1906)
Навуковы кіраўнік Альфрэд Кляйнэр[d][15], Гайнрых Буркгарт[d][15] і Гайнрых Фрыдрых Вэбэр[d]
Вучні Эрнст Штраўс[d]
Бацька Герман Айнштайн[d]
Маці Паўліна Кох[d]
Дзеці Hans Albert Einstein[d][7], Eduard Einstein[d][7] і Lieserl (Einstein)[d]
Узнагароды
Pour le Mérite мэдаль Барнарда[d] (1920) Нобэлеўская прэмія ў галіне фізыкі
Залаты мэдаль Каралеўскага астранамічнага таварыства Прэмія Жуля Жансэна[d] (1931) мэдаль Матэўччы[d] (1921) Мэдаль імя Макса Плянка[d] (1929) мэдаль Франкліна[d] (1935) Мэдаль Коплі
ордэн Pour le Mérite у мастацтве і навуцы Гібсаўская лекцыя[d] (1934) ганаровы доктар Жэнэўскага ўнівэрсытэту[d] ганаровы доктар Габрэйскага ўнівэрсытэту ў Ерусаліме[d] (1949) Ганаровы доктар Прынстанскага ўнівэрсытэту[d] ганаровы доктар Мадрыдзкага ўнівэрсытэту Камплютэнсэ[d] (1923) замежны сябра Лёнданскага каралеўскага таварыства[d] (5 траўня 1921) Сябра Нацыянальнай акадэміі навук ЗША[d] (1942) Great Immigrants Award[d] (2009) ганаровы сябра Каралеўскага таварыства Тэ Апарангі[d] (1924) ганаровы доктар Парыскага ўнівэрсытэту[d] (1928)
Подпіс Выява аўтографу

Альбэ́рт Айншта́йн (па-нямецку: Albert Einstein; 14 сакавіка 1879, Ульм, Нямецкая імпэрыя — 18 красавіка 1955, Прынстан, ЗША) — нямецкі й амэрыканскі фізык-тэарэтык габрэйскага паходжаньня, стваральнік тэорыі адноснасьці, адзін з найбуйнейшых фізыкаў XX стагодзьдзя. Ягоны ўнёсак у тэарэтычную фізыку значна зьмяніў стан сусьветнае навукі. У 1921 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі «за ўнёсак у тэарэтычную фізыку, і асабліва за адкрыцьцё закону фотаэфэкту»[16]. Атрымаў мэдаль Плянка ў 1929 годзе.

Недзе напачатку сваёй кар’еры Айнштайн лічыў, што Ньютанавай мэханікі было недастаткова, каб скарыстаць законы клясычнай мэханікі да апісаньня законаў электрамагнітнага поля, што прывяло да разьвіцьця ягонай спэцыяльнай тэорыі рэлятыўнасьці. Ён разумеў, аднак, што прынцып рэлятыўнасьці таксама можа быць пашыраны да гравітацыйных палёў, і разам з наступнай сваёй працай пра тэорыю гравітацыі, якая была апублікавана ў 1916 годзе, Альбэрт апублікаваў агульную тэорыі рэлятыўнасьці. Ён працягваў займацца праблемамі статыстычнай мэханікі й квантавай тэорыяй, што прывяло яго да стварэньня тлумачэньняў тэорыі часьцінак і руху малекулаў. Ён таксама дасьледаваў цеплавыя ўласьцівасьці сьвятла, што заклала аснову тэорыі фатонаў сьвятла. У 1917 годзе Айнштайн ужыў агульную тэорыю рэлятыўнасьці дзеля мадэляваньня буйнамаштабнай структуры Сусьвету[17]. З прыходам да ўлады ў Нямеччыне нацыстаў стаў актывістам антываеннага руху.

Айнштайн за сваё жыцьцё апублікаваў больш за 300 навуковых і больш за 150 ненавуковых працаў[17]. Ягоныя інтэлектуальныя дасягненьні й арыгінальнасьць зрабілі ягонае прозьвішча сынонімам панятку геніяльнасьць[18]. Юджын Вігнэр параўноўваў яго са сваімі сучаснікамі, пішучы, што розум Айнштайна быў глыбейшым за розум Джона фон Ноймана, бо ён быў больш праніклівым[19].

Біяграфія

Раньняе жыцьцё й адукацыя

Альбэрт Айнштайн у 14 гадоў.

Альбэрт Айнштайн нарадзіўся ва Ульме ў каралеўстве Вюртэмбэрг, якое належала да Нямецкае імпэрыі, 14 сакавіка 1879 году ў сям’і Паўліны й Гэрмана Айнштайнаў. Ягоны бацька быў гандляром і інжынэрам. У 1880 годзе сям’я пераехала ў Мюнхэн, дзе ягоны бацька разам зь дзядзькам, заснавалі кампанію «Elektrotechnische Fabrik J. Einstein & Cie», якая вырабляла электраабсталяваньне на аснове сталага току[20].

Айнштайны былі зусім нерэлігійнымі габрэямі-ашкеназамі. Альбэрт наведваў каталіцкую пачатковую школу ва ўзросьце ад пяці да васьмі гадоў. Потым ён быў пераведзены ў гімназію Люйтпольд (ням. Luitpold), якая цяпер вядома як гімназія імя Альбэрта Айнштайна, дзе ён атрымаў пачатковую й сярэднюю адукацыю, пакуль у пятнаццаць гадоў не пакінуў Нямеччыну[21].

Улетку 1895 году ва ўзросьце 16 гадоў Айнштайн паступаў у Швайцарскую найвышэйшую тэхнічную школу Цюрыху. Ён недабраў балы на некаторых іспытах, але выдатна здаў матэматыку ды фізыку[22]. У гэтым жа годзе туды паступала будучая жонка Айнштайна Мілена Марыч. Ад красавіка 1895 да верасьня 1896 году Айнштайн навучаўся ў кантанальнай школе ў кантоне Ааргаў (Швайцарыя)[23]. Адным з выкладчыкаў Айнштайна быў Герман Мінкоўскі, які пазьней зрабіў унёсак у спэцыяльную тэорыю рэлятыўнасьці.

У студзені 1896 году, з адабрэньня свайго бацькі, ён адмовіўся ад свайго грамадзянства ў нямецкім Вюртэмбэргу, пазьбегнуўшы такім чынам службы ў войску[24]. У верасьні 1896 году ён атрымаў швайцарскі атэстат сталасьці з добрымі ацэнкамі, у тым ліку атрымаўшы найвышэйшыя адзнакі па фізыцы й матэматычных прадметах.

Жаніцьба й дзеці

Пасьля публікацыяў у 1987 годзе раньняй перапіскі паміж Айнштайнам і Мілевы Марыч стала вядома, што ў іх у пачатку 1902 году ў горадзе Нові-Сад нарадзілася дачка, дзе Марыч жыла са сваімі бацькамі. Мілева вярнулася ў Швайцарыю ўжо безь дзіцяці, чыё сапраўднае імя й лёс невядомыя. Айнштайн, імаверна, ніколі ня бачыў сваю дачку. Згодна зь лістом, напісаным Альбэртам да Марыч у верасьні 1903 году, мяркуецца, што яна была перададзена ў іншую сям’ю ці памерла ў маленстве[25].

У студзені 1903 году маладыя згулялі вясельле. У траўні 1904 году ў пары зьявіўся першы сын Ганс Альбэрт Айнштайн, які нарадзіўся ў Бэрне. Іхны другі сын, Эдуард, нарадзіўся ў Цюрыху ў ліпені 1910 году. У 1914 годзе Айнштайн пераехаў у Бэрлін, а ягоная жонка засталася ў Цюрыху са сваімі сынамі. Яны разышліся 14 лютага 1919 году, пражыўшы паасобку адзін ад аднаго пяць гадоў.

Айнштайн ажаніўся з Эльзай Лёвэнталь 2 чэрвеня 1919 году пасьля 7 гадоў іхных адносінаў. Яна была ягонай стрыечнай сястрой па матчынай лініі й ягонай кузінай па бацькоўскай лініі. У 1933 годзе яны эмігравалі ў ЗША. У 1935 году ў Эльзы Айнштайн былі дыягнаставаныя праблемы з сэрцам і ныркамі, і ў сьнежні 1936 году яна памерла.

Патэнтнае бюро

Заснавальнікі клюбу «Акадэмія Алімпія» Конрад Габіхт, Марыс Салавін і Альбэрт Айнштайн

У 1900 годзе Айнштайн атрымаў дыплём Цюрыскай тэхнічнай школы (анг. ETH Zurich). На працягу двух гадоў пасьля таго, як Айнштайн скончыў вучэльню, яму не ўдавалася ўладкавацца на сталую працу, і ён вымушаны быў працаваць дарэктарам[26]. У лютым 1901 годзе ён атрымаў грамадзянства Швайцарыі[27], але паводле мэдычных паказьнікаў здароўя ня быў прызваны на вайсковую службу. Пры дапамозе бацькі Марсэля Гросмана ён уладкаваўся на працу ў Бэрне ў Фэдэральнае ведамства па інтэлектуальнай уласнасьці, то бок патэнтным ведамстве[28][29] ў якасьці памочніка экзамэнатару III ўзроўню[30][31]. Айнштайн ацэньваў патэнтныя заяўкі на розныя прылады, уключаючы сартавальнік друзу й электрамэханічную друкавальную машынку[31]. У 1903 годзе ягоная пасада ў Швайцарскім патэнтным ведамстве стала сталай, не зважаючы на тое, што пасаду ён не атрымліваў пакуль цалкам не асвоіў машынную тэхналёгію[32].

Большая частка ягонай працы ў патэнтным ведамстве была зьвязаная з пытаньнямі перадачы электрычных сыгналаў і электрычна-мэханічнай сынхранізацыі часу, дзьвюх тэхнічных праблемаў, якія прыкметна выяўляюцца ў разважальных экспэрыментах, якія ў выніку прывялі Айнштайна да ягоных радыкальных высноваў пра натуру сьвятла й фундамэнтальнай сувязі паміж прасторай і часам[32]. Зь некалькімі сябрамі, зь якімі ён пазнаёміўся ў Бэрне, Айнштайн стварыў невялікую дыскусійную групу ў 1902 годзе, якую насьмешліва самі сябры называлі «Акадэмія Алімпія», якая рэгулярна зьбіралася, каб абмеркаваць навуковыя й філязофскія пытаньні. Сярод іншага на сустрэчах яны чыталі й абмяркоўвалі творы Анры Пуанкарэ, Эрнста Маха й Дэйвіда Г’юма, якія паўплывалі на ягоны навуковы й філязофскі погляд на сьвет[33].

У 1900 годзе Айнштайнавы артыкул «Следзтвы са зьвяваў капілярнасьці» (ням. Folgerungen aus den Capillaritätserscheinungen) быў апублікаваны ў бэрлінскім часопісе «Аналы фізыцы» (ням. Annalen der Physik)[34]. 30 красавіка 1905 году Айнштайн скончыў напісаньне кандыдацкай дысэртацыі разам з прафэсарам экспэрымэнтальнай фізыцы Альфрэдам Кляйнэрам, які выконваў абавязкі дарадчыка. У выніку, дзякуючы гэтай працы, якая мела назву «Новае вызначэньне малекулярных памераў» (ням. Eine neue Bestimmung der Moleküldimensionen), Айнштайн быў узнагароджаны рангам кандыдата навук у Цюрыскім унівэрсытэце. Таксама ў 1905 годзе, які быў названы Айнштайнавым «годам цудаў» (лац. annus mirabilis), ён апублікаваў чатыры наватарскія працы пра фотаэлектрычны эфэкт, броўнаўскі рух, спэцыяльнай рэлятыўнасьці й эквівалентнасьці масы й энэргіі, якія паспрыялі росту ягонай вядомасьці ў акадэмічны сьвеце, пры гэтым на той час навукоўку было толькі 26 гадоў. У 1909 годзе ён быў абраны прафэсарам Цюрыскага ўнівэрсытэту, потым — Нямецкага ўнівэрсытэту ў Празе[35].

Акадэмічная кар’ера

Да 1908 году Айнштайн быў прызнаны вядучым навукоўцам і быў прызначаны выкладчыкам у Бэрнскім унівэрсытэце. У наступным годзе, выступіўшы зь лекцыяй па тэме электрадынаміцы і прынцыпу рэлятыўнасьці ў Цюрыскім унівэрсытэце, Альфрэд Кляйнэр парэкамендаваў яго на факультэт навастворанай катэдры тэарэтычнае фізыцы. Айнштайн у тым жа годзе быў прызначаны дацэнтам[36].

Афіцыйны партрэт Айнштайну падчас атрыманьня Нобэлеўскай прэміі.

У красавіку 1911 году Айнштайн стаў прафэсарам Нямецкага ўнівэрсытэту Карла й Фэрдынанда ў Празе, атрымаўшы аўстрыйскае грамадзянства Аўстра-Вугорскае імпэрыі[37][38]. За часам сваёй працы ў Празе ён напісаў 11 навуковых працаў, пяць зь якіх тычыліся радыяцыйнай матэматыцы й квантавай тэорыі цьвёрдых целаў. У ліпені 1912 году Айнштайн вярнуўся ў сваю альма-матэр у Цюрыху. З 1912 па 1914 гады ён займаў пасаду прафэсара тэарэтычнае фізыцы ў Цюрыскае тэхнічнае школе, дзе выкладаў аналітычную мэханіку й тэрмадынаміку. Ён таксама вывучаў мэханіку кантынуўму, малекулярную тэорыю цяпла й праблему гравітацыі, над якой працаваў з матэматыкам і сябрам Марсэлем Гросманам[39].

3 ліпеня 1913 году навукоўцу было прапанаванае месца ў Прускай акадэміі навук у Бэрліне. Макс Плянк і Вальтэр Нэрнст наведалі яго на наступным тыдні пасьля гэтага ў Цюрыху, каб пераканаць Айнштайна працаваць у акадэміі, прапанаваўшы яму пасаду дырэктара ў Інстытуце фізыцы імя кайзэра Вільгэльма, які неўзабаве павінен быў быць створаны[40]. Сябрам акадэміі выплочвалі заробак і прызначалі пасаду прафэсара без пэдагагічных абавязкаў у Бэрлінскім унівэрсытэце імя Гумбальта. Айнштайн прынаў прапанову й афіцыйна стаў сябрам акадэміі 24 ліпеня, а пасьля на наступны год пераехаў працаваць у Нямецкую імпэрыю. На ягонае рашэньне пераехаць у Бэрлін таксама паўплывала пэрспэктыва жыць побач са стрыечнай сястрой Эльзай, зь якой ён меў рамантычныя стасункі. 1 красавіка 1914 году ён пачаў працаваць у акадэміі і, такім чынам, стаў працаўніком Бэрлінскага ўнівэрсытэту[41]. Аднак, праз пачатак Першай сусьветнай вайны, Інстытут фізыцы імя кайзэра Вільгэльма ня быў створаны, а пляны былі прыпынены. У 1916 годзе Айнштайн быў абраны прэзыдэнтам Нямецкага фізычнага таварыства й займаў гэтую пасаду да 1918 году[42]. 1 кастрычніка 1917 году інстытут усё ж такі пачаў працу, а Айнштайн стаў ягоным кіраўніком[43].

Зыходзячы з разьлікаў Айнштайну, зробленых у 1911 годзе, датычныя ягонай новай агульнай тэорыі рэлятыўнасьці, сьвятло ад іншай зоркі павінна пераламляцца сілай цяжару Сонца. У 1919 годзе гэтую здагадку пацьвердзіў сэр Артур Эдынгтан падчас сонечнай зацьмы 29 траўня 1919 году. Гэтыя назіраньні былі апублікаваны ў міжнародных СМІ, дзякуючы чаму Айнштайн стаў сусьветнавядомым. 7 лістапада 1919 году вядучая брытанская газэта The Times надрукавала на першай старонцы вялікі загаловак: «Рэвалюцыя ў навуцы — новая тэорыя Сусьвету — ньютанаўскія ідэі зрынутыя»[44].

У 1920 годзе ён стаў замежным сябрам Каралеўскай акадэміі мастацтваў і навук Нідэрляндаў[45]. У 1921 годзе Айнштайн быў абраны замежным сябрам Лёнданскага каралеўскага таварыства[46]. У 1922 годзе Айнштайн быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй у галіне фізыкі 1921 году за заслугі перад тэарэтычнай фізыкай і, асабліва, за адкрыццё закону фотаэфэкту[47]. У той час як агульная тэорыя рэлятыўнасьці па-ранейшаму лічылася некалькі супярэчлівай, фармулёўка не разглядала нават згадваньня фотаэлектрычных працаў у якасьці тлумачэньня атрыманьня ўзнагароды, а проста як адкрыцьцё новага закону, бо ідэя фатонаў лічылася нявідалай і не атрымлівала яшчэ ўсеагульнага прызнаньня, пакуль у 1924 годзе індыйскі фізык Сат’ендра Бозэ ня выявіў спэктар Плянка. Ён таксама атрымаў мэдаль Коплі ад Каралеўскага таварыства ў 1925 годзе[46].

Падарожжы й Ліга Нацыяў

Альбэрт Айнштайн на паседжаньні камітэту Лігі нацыяў у 1924 годзе.

2 красавіка 1921 году Айнштайн упершыню наведаў Нью-Ёрк, дзе атрымаў афіцыйны прыём мэра Джона Фрэнсіса Гілана, пасьля чаго навуковец цягам трох тыдняў праводзіў лекцыі й браў удзел у іншых прыёмах і сустрэчах. Ён працягваў чытаць лекцыі ў Калюмбійскім і Прынстанскім унівэрсытэтах, а ў Вашынгтоне ён суправаджаў прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук зь візытам у Белы дом. Па вяртаньні ў Эўропу ён быў госьцем брытанскага дзяржаўнага дзеяча й філёзафа віконта Рычарда Голдэйна ў Лёндане, дзе пазнаёміўся зь некалькімі вядомымі навуковымі, інтэлектуальнымі й палітычнымі дзеячамі й выступіў зь лекцыяй у Каралеўскім каледжы Лёндану[48][49]. У ліпені 1921 году Айнштайн апублікаваў нарыс «Маё першае ўражаньне ад ЗША», у якім паспрабаваў коратка апісаць некаторыя характарыстыкі амэрыканцаў, падобна на тое, што рабіў яшчэ Алексіс дэ Таквіль, які апублікаваў уласныя ўражаньні ў творы «Дэмакратыя ў Амэрыцы» ў 1835 годзе[50]. У некаторых сваіх назіраньнях Айнштайн быў відавочна зьдзіўлены радасным і пазытыўным стаўленьнем да жыцьця. Як апавядаў Айнштайн, амэрыканцы ёсьць больш прыязнымі, упэўненымі ў сабе, аптымістычнымі й ня маюць зайздрасьці[51].

У 1922 годзе Айнтшайн накіраваўся ў падарожжа ў Азію, дзе на працягу шасьці месяцаў выступаў зь лекцыямі й прамовамі. Ён наведаў Сынгапур, Цэйлон і Японію, дзе прачытаў шэраг лекцыяў тысячам японцаў. Пасьля сваёй першай публічнай лекцыі ён сустрэўся з імпэратарам і ягонай жонкай у Імпэратарскім палацы, на што тысячы людзей прыйшло паглядзець. У лісьце да сыноў Айнтшайн апісаў сваё ўражаньне ад японцаў як да сьціплага, разумнага, уважлівага й сапраўднага народу, які мае пачуцьцё мастацтва[52]. Аднак, у сваіх дзёньніках, якія былі напісаныя за часам візыту ў Азію 1922—1923 гадоў, ён выказаўся, што кітайскі, японскі й індыйскі народы ёсьць ксэнафобскімі й расісцкімі[53].

Альбэрт Айнштайн з гуртом Армія выратаваньня перад выступам на парадзе ружаў у Каліфорніі ў 1926 годзе.

Праз сваё падарожжа на Далёкі Ўсход навуковец ня здолеў асабіста прыняць Нобэлеўскую прэмію на цырымоніі ейнага ўручэньня ў Стакгольме ў сьнежні 1922 году. Яго прадстаўляў нямецкі дыплямат, які высока ацаніў Айнштайна ня толькі як навукоўца, але й як міжнароднага міратворца й актывіста[54]. Па вяртаньні з Азіі Айнтшайн наведаў Палестыну, дзе знаходзіўся 12 дзён. Гэта быў адзіны візыт навукоўца ў гэты рэгіён за ўсё ягонае жыцьцё. Айнштайна віталі як кіраўніка дзяржавы, а ня фізыка. У ягоны гонар быў зроблены гарматны салют пасьля прыбыцьця ў дом брытанскага вярхоўнага камісару сэра Гэрбэрта Сэм’юэла. Падчас аднаго з прыёмаў у будынак уварваліся людзі, якія хацелі пабачыць і пачуць вядомага навукоўца. У размове перад прысутнымі Айнштайн выказаў шчасьце, што габрэйскі народ пачаў прызнавацца сілай у сьвеце[55].

На канфэрэнцыі ў 1927 годзе.

На працягу двух тыдняў у 1923 годзе Айнштайн наведаў Гішпанію, дзе на кароткі час сустрэўся з Сант’яга Рамонам і Кахалем, а таксама атрымаў дыплём ад караля Альфонса XIII, які прапанаваў яму стаць сябрам Гішпанскай акадэміі навук. З 1922 па 1932 гады Айнштайн быў сябрам Міжнароднага камітэту па інтэлектуальным супрацоўніцтве Лігі нацыяў у Жэнэве[56], органам, створаным дзеля садзейнічаньню міжнароднаму абмену паміж навукоўцамі й дасьледчыкамі, настаўнікамі, мастакамі й інтэлектуаламі. Першапачаткова Айнтшайн павінен быць дэлегатам ад Швайцарыі, аднак генэральны сакратар арганізацыі Эрык Драманд быў перакананы каталіцкімі актывістамі Оскарам Галецкім і Джузэпэ Мота, каб замест гэтага ён стаў дэлегатам ад Нямеччыны, што дазволіла Ганзагу дэ Рэйнольду заняць месца ад Швайцарыі, адкуль ён прасоўваў каталіцкія традыцыяналістычныя каштоўнасьці[57]. Былы прафэсар фізыцы Айнштайна Гэндрык Лёрэнц і француская хімік Марыя Складоўская-Кюры таксама былі сябрамі камісіі.

У сакавіку й красавіку 1925 году Айнштайн і ягоная жонка наведалі Паўднёвую Амэрыку, дзе яны каля тыдня бавілі час у Бразыліі, яшчэ тыдзень прыпаў на Ўругвай ды месяц пара правяла ў Аргентыне[58]. Іхнае падарожжа стала магчымым дзякуючы прапановы Хорхэ Дукляўта й Маўрыцыё Нірэнстэйна[59] пры падтрымцы некалькіх аргентынскіх навукоўцаў, у тым ліку Хуліё Рэя Пастара, Якаба Ляўба й Леапольда Люгонэса. Візыт быў прафінансаваны ў першую чаргу радай Унівэрсытэту Буэнас-Айрэса й Аргентынскай габрэйскай арганізацыяй зь меншым унёскам Аргентынска-нямецкай культурніцкай установы[60].

Айнштайн і Чарлі Чаплін на прэм’еры фільму «Агні вялікага гораду» ў 1931 годзе.

У сьнежні 1930 году Айнштайн распачаў яшчэ адную вандроўку ў ЗША на прапанову Каліфарнійскага тэхналягічнага інстытута (Калтэх), які прапанаваў дзьвюхмесячную навуковую стыпэндыю. Калтэх падтрымаў жаданьне навукоўца гэтым разам быць меней заўважаным з боку сродкаў масавай інфармацыі ў параўнаньні з тым, калі ён наведаў быў ЗША ў 1921 годзе. Таму Айнштайн адмовіўся ад усіх запрашэньняў на атрыманьне ўзнагародаў альбо выступаў з прамовамі, якія ягоныя прыхільнікі чакалі ад яго. Тым ня менш, ён дазволіў сваім прыхільнікам хаця б некаторы час правесьці зь ім[61]. Па прыбыцьці ў Нью-Ёрк, Айнштайн наведаў розныя месцы й імпрэзы, у тым ліку Чайнатаўн, меў абед з рэдактарамі New York Times ды наведаў пастаноўку «Кармэн» у Мэтраполітан-опэры, дзе яго віталі іншыя гледачы. На працягу наступных дзён мэр гораду Джымі Ўокер падараваў навукоўцу сымбалічныя ключы ад места, а пазьней Айнштайн сустрэўся з рэктарам Калюмбійскага ўнівэрсытэту, які назваў Айнштайна «кіроўным манархам розуму»[62]. Пастар Рывэрсайдзкай царквы Гары Эмэрсан Фосдык зладзіў Айнштайну экскурсію па царкве й паказаў яму ягоную поўнапамерную статую, якую ўсталявалі ля ўваходу ў царкву[62]. Таксама падчас знаходжаньня ў Нью-Ёрку ён далучыўся да сьвяткаваньня Га-Нукі на Мэдысан-сквэр-Гардэн, якую наведалі 15 тысяч чалавек[62].

Пасьля навуковец выправіўся ў Каліфорнію, дзе пазнаёміўся з прэзыдэнтам Калтэху й Нобэлеўскім ляўрэатам Робэртам А. Мілікенам. Аднак, пасябраваць яны ня здолелі, бо Мілікен меў схільнасьць да патрыятычнага мілітарызму, а Айнштайн быў зацятым пацыфістам[63]. Падчас звароту да студэнтаў інстытута Айнштайн адзначыў, што навука часта схільная рабіць больш шкоды, чым карысьці[64]. Гэтая агіда да вайны паспрыяла сяброўству Айнштайна зь літаратарам Аптанам Сынклэрам ды кіназоркай Чарлі Чаплінам. Кіраўнік Universal Studios Карл Лэмлі зарганізаваў Айнштайну азнаямляльны тур па сваёй студыі й пазнаёміў яго з Чаплінам, зь якім навуковец імгненна знайшоў агульную мову. Чаплін запрасіў Айнштайна й ягоную жонку Эльзу да сябе дахаты на вячэру. Чаплін ўзгадваў, што рахманая й далікатная пэрсона Айнштайна, здавалася, хавала вельмі эмацыйны тэмпэрамэнт, зь якога й паходзіла ягоная незвычайная інтэлектуальная энэргія[65]. Фільм Чапліна «Агні вялікага гораду» выходзіў празь некалькі дзён у Галівудзе, і Чаплін запрасіў Айнштайн і ягоную жонку далучыцца да яго ў якасьці запрошаных госьцяў. Пазьней Чаплін наведаў Айнштайна ў Бэрліне, дзе пабачыў сьціплую маленькую кватэру навукоўца.

У Эўропе па выгнаньні

У лютым 1933 году падчас чарговага візыту ў ЗША, Айнштайн ужо ведаў, што ня зможа вярнуцца ў Нямеччыну праз уздым нацыстаў пры новым канцлеры краіны Адольфу Гітлеру[66][67].

Пасадачны квіток Айнштайна ў падарожжы з Бэльгіі ў Ангельшчыну.

У лютым і сакавіку 1933 году Гестапа неаднаразова ладзіла ператрусы ў Айнштайнавай кватэры ў Бэрліне[68]. Ён і ягоная жонка Эльза вярнуліся ў Эўропу ў сакавіку, і падчас вяртаньня яны даведаліся, што 23 сакавіка нямецкі Райхстаг зацьвердзіў «Закон аб пераадоленьні бедаваньня людзей і дзяржавы», ператварыўшы ўрад Гітлера ў фактычна юрыдычную дыктатуру. Такі крок усталяваў крыж на вяртаньні навукоўца з жонкай у Бэрлін. Пазьней яны дачуліся, што іхны маёнтак быў канфіскаваны нацыстамі, а Айнштайнавы ветразевы човен таксама апынуўся ва ўласнасьці прадстаўнікоў новае ўлады краіны. Дасягнуўы бэльгійскага Антвэрпэна 28 сакавіка, Айнштайн адразу ж пайшоў у нямецкае консульства й здаў свой пашпарт, афіцыйна адмовіўшыся ад нямецкага грамадзянства[69]. Пазьней нацысты прадалі човен і ператварылі маёнтак у лягер Гітлерюгенда[70].

Чэрчыл і Айнштайн у 1933 годзе.

У красавіку 1933 году Айнштайн даведаўся, што новы ўрад Нямеччыны ўхваліў законы, якія забаранілі габрэям займаць любыя афіцыйныя пасады, у тым ліку выкладаць ва ўнівэрсытэтах[69]. Такі крок фактычна правёў да сытуацыі, калі тысячы габрэйскіх навукоўцаў раптам былі вымушаныя сысьці з сваёй працы ў навучальных установах[51].

Празь месяц Айнштайнавы працы былі ўключаныя да сьпісу твораў, які Нямецкі студэнцкі зьвяз рэкамэндаваў да паказальнага зьнішчэньня ў вогнішчы. А нямецкі міністар інфармацыі й прапагандыст Ёзэф Гёбэльс агалосіў, што габрэйскі інтэлектуалізм ёсьць мёртвым. Адно зь нямецкіх выданьняў скалала сьпіс ворагаў Нямецкага райху пад лёзунгам «яшчэ не на шыбеніцы», прапаноўваючы 5 тысяч даляраў за галаву Айнштайна[69]. У наступным лісьце да свайго сябра фізыка Макса Плянка, які ўжо эміграваў зь Нямеччыны ў Ангельшчыну, Айнштайн напісаў: «Я павінен прызнацца, што ступень іхняй жорсткасьці й баязлівасьці стала нечаканай»[69].

Цяпер Айнштайн быў бяз сталага месца жыхарства бяз упэўненасьці ў тым, дзе ён будзе жыць і працаваць, ён таксама рупіўся й пра лёс незьлічоных іншых навукоўцаў, якія ўсё яшчэ былі ў Нямеччыне. Пры дапамозе Рады акадэмічнай дапамогі, закладзенай у красавіку 1933 году брытанскім лібэральным палітыкам Ўільямам Бэвэрыджам, навуковец здолеў арандаваць дом у Бэльгіі, дзе пражыў некалькі месяцаў. У канцы ліпеня 1933 году ён наведаў Ангельшчыну, дзе візытаваў каля шасьці тыдняў на запрашэньне сябра брытанскага парлямэнту Олівэра Локер-Лэмпсана, які завёў быў сяброўства з Айнштайнам гадамі раней[71]. Локер-Лэмпсан запрасіў яго застацца ў Кромэры, а каб абараніць навукоўца, ён наняў двух ахоўнікаў з стрэльбамі, якія наглядалі за Айнштайнам. Фатаздымак з наймітамі нават быў апублікаваны ў Daily Herald 24 ліпеня 1933 году[72][73].

Часовы дом Айнтштайна ў Бэльгіі.

Дзякуючы Локер-Лэмпсану, Айнштайн сустрэўся з Ўінстанам Чэрчылам, а пазьней з Остынам Чэмбэрленам і былым прэм’ер-міністрам Лойдам Джорджам[74]. Айнштайн папрасіў іх дапамагчы вывезьці габрэйскіх навукоўцаў зь Нямеччыны. Брытанскі гісторык Мартын Гілбэрт адзначае, што Чэрчыл адразу выправіў свайго сябра фізыка Фрэдэрыка Ліндэмана ў Нямеччыну, каб знайсьці габрэйскіх навукоўцаў і ўладкаваць іх у брытанскія унівэрсытэты[75]. Пазьней Чэрчыл заўважаў, што ў выніку выгнаньня навукоўцаў Гітлер значна зьнізіў свой вайсковы патэнцыял, яшчэ й паспрыяўшы ўсталяваньню перавагі хаўрусьнікаў у тэхналёгіях[75]. Пазьней Айнштайн зьвязаўся зь лідэрамі іншых краінаў, у тым ліку зьвяртаўся да прэм’ер-міністра Турэччыны Ісмэта Інэню, якому напісаў ліст у верасьні 1933 году з просьбай уладкаваць у сябе беспрацоўных нямецкіх навукоўцаў. У выніку Айнштайнавага ліста тысяча габрэяў была запрошаная ў Турэччыну[76].

Локер-Лэмпсан запрасіў у парлямэнта надаць Айнштайну брытанскае грамадзянства, у той час як навуковец рабіў публічныя прамовы, апісваючы крызісны стан у Эўропе[77]. Локер-Лэмпсан прасоўваў законапраект аб наданьні габрэйскага грамадзянства ў Палестыне, бо габрэй больш анідзе ня могуць набыць іншае грамадзянства[78]. У сваёй прамове парлямэнтар апісваў Айнштайна як чалавека сьвету ды прапаноўваў даць яму прытулак у Вялікабрытаніі[79]. Аднак, законапраект праваліўся, і Айнштайн прыняў прапанову амэрыканскага Інстытута пэрспэктыўных дасьледваньняў у Прынстане, дзе стаў сталым супрацоўнікам[77].

Публікацыі

Крыніцы

  1. ^ а б в https://www.ige.ch/de/ueber-uns/einstein.html
  2. ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
  3. ^ а б Albert Einstein // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
  4. ^ а б в Эйнштейн Альберт // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1978. — Т. 29 : Чаган — Экс-ле-Бен. — С. 578—579.
  5. ^ Winter FD Jr. Einstein: His Life and Universe by Walter Isaacson. (анг.) // Baylor University Medical Center ProceedingsTaylor & Francis, 2007. — Vol. 20, Iss. 4. — P. 431—432. — ISSN 0899-8280; 1525-3252doi:10.1080/08998280.2007.11928340
  6. ^ http://www.einstein-bern.ch
  7. ^ а б в Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
  8. ^ https://www.library.ethz.ch/en/Resources/Digital-library/Einstein-Online/Einstein-s-Studies-at-the-Polytechnic-Institute-in-Zurich-1896-1900
  9. ^ Айнштайн А., Кляйнэр А. A New Determination of Molecular Dimensions — 1905. — doi:10.3929/ETHZ-A-000565688
  10. ^ а б Sieben Jahre «Schusterhandwerk»
  11. ^ Albert Einstein und das IGE
  12. ^ Leidse Hoogleraren (нід.)
  13. ^ http://www.dichistoriasaude.coc.fiocruz.br/iah/pt/verbetes/acadbrci.htm
  14. ^ http://www.abc.org.br/membro/albert-einstein/
  15. ^ а б Eine neue Bestimmung der MoleküldimensionenMathematics Subject Classification: 70—Mechanics of particles and systems (анг.) — 1997.
  16. ^ Афіцыйны сайт нобэлеўскіх прэміяў
  17. ^ а б Scientific Background on the Nobel Prize in Physics 2011. The accelerating universe. Nobelprize.org (анг.)
  18. ^ «Result of WordNet Search for Einstein». 3.1. The Trustees of Princeton University.
  19. ^ By Eugene Paul Wigner, Andrew Szanton (2013). ["The Recollections of Eugene P. Wigner"]. Springer. — С. 170. — ISBN 978-1-4899-6313-0.
  20. ^ Albert Einstein — Biography. Nobel Foundation (анг.)
  21. ^ John J. Stachel (2002), Einstein from «B» to «Z» (анг.), Springer. — С. 59—61. — ISBN 978-0-8176-4143-6.
  22. ^ Fölsing 1997. С. 36—37.
  23. ^ Альберт Эйнштейн Збор навуковых твораў = Собрание научных трудов : В 4-х т. [Перевод] / Под ред. И. Е. Тамма [и др.]. — М.: Наука, 1967. — Т. IV. — С. 576. — (Классики науки / АН СССР). — 31 700 ас.
  24. ^ Fölsing 1997. С. 40.
  25. ^ J. Renn & R. Schulmann, Albert Einstein/Mileva Marić: The Love Letters, 1992, pp. 73-74, 78.
  26. ^ Голин Г. М. Клясыкі фізычнай навукі: Кароткія творчыя партрэты = Классики физической науки: Краткие творческие портреты. — Мн.: Выш. школа, 1981. — С. 107.
  27. ^ Fölsing 1997. С. 82.
  28. ^ J. O’Connor; E. F. Robertson, eds. (May 2010). «Grossmann biography». School of Mathematics and Statistics, University of St Andrews, Scotland.
  29. ^ Isaacson 2007. С. 63.
  30. ^ «Einstein at the patent office». Berne, Switzerland: Swiss Federal Institute of Intellectual Property
  31. ^ а б «FAQ about Einstein and the Institute». Berne, Switzerland: Swiss Federal Institute of Intellectual Property
  32. ^ а б Galison, Peter (2000). «Einstein’s Clocks: The Question of Time». Critical Inquiry. 26 (2 Winter): 355—389. DOI:10.1086/448970. JSTOR 1344127.
  33. ^ Isaacson 2007. С. 79—84.
  34. ^ Galison, Peter (2003). «Einstein’s Clocks, Poincaré's Maps: Empires of Time». New York. W. W. Norton. — ISBN 978-0-393-02001-4.
  35. ^ Энцыкляпэдычны слоўнік юнагв фізыка = Энциклопедический словарь юного физика / Сост. В. А. Чуянов. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: Педагогика, 1991. — С. 188. — ISBN 5-7155-0419-8
  36. ^ «Associate Professor at the University of Zurich und professor in Prague (1909—1912)». Einstein Online.
  37. ^ Isaacson 2007. С. 164.
  38. ^ von Hirschhausen, Ulrike (2007). «Von imperialer Inklusion zur nationalen Exklusion: Staatsbürgerschaft in Österreich-Ungarn 1867—1923». ZKD.
  39. ^ «Professor at the ETH Zurich (1912—1914)». Einstein Online.
  40. ^ Stachel, John J. (2002). «Einstein from 'B' to 'Z'». Einstein Studies. 9. Birkhäuser. — С. 534. — ISBN 978-0-8176-4143-6.
  41. ^ Weinstein, G. (2015). «General Relativity Conflict and Rivalries: Einstein’s Polemics with Physicists». Newcastle upon Tyne. Cambridge Scholars Publishing. — С. 18—19. — ISBN 978-1-4438-8362-7.
  42. ^ Calaprice, Alice; Lipscombe, Trevor (2005). «Albert Einstein: a biography». Greenwood Publishing Group. — С. 19. — ISBN 978-0-313-33080-3.
  43. ^ «Director in the attic». Max-Planck-Gesellschaft, München.
  44. ^ Andrzej, Stasiak (2003). «Myths in science». EMBO Reports. 4 (3): 236. doi:10.1038/sj.embor.embor779. PMC 1315907
  45. ^ «Albert Einstein (1879—1955)». Royal Netherlands Academy of Arts and Sciences.
  46. ^ а б Whittaker, E. (1 November 1955). «Albert Einstein. 1879—1955». Biographical Memoirs of Fellows of the Royal Society. 1: 37-67. doi:10.1098/rsbm.1955.0005. JSTOR 769242.
  47. ^ «The Nobel Prize in Physics 1921». Nobel Prize.
  48. ^ Hoffmann, Banesh (1972). «Albert Einstein: Creator and Rebel». with the collaboration of Helen Dukas. London: Hart-Davis, MacGibbon. — С. 145—148. — ISBN 978-0-670-11181-7.
  49. ^ Fölsing 1997. С. 499—508.
  50. ^ «As Einstein Sees American». Einstein’s World.
  51. ^ а б Holton, Gerald (1984). «The migration of physicists to the United States». Bulletin of the Atomic Scientists. Educational Foundation for Nuclear Science, Inc. — С. 18—24.
  52. ^ Isaacson 2007. С. 307—308.
  53. ^ «Einstein’s travel diaries reveal 'shocking' xenophobia». The Guardian.
  54. ^ «The Nobel Prize in Physics 1921: Albert Einstein. Banquet Speech by R. Nadolny». Nobel Prize.
  55. ^ Isaacson 2007. С. 308.
  56. ^ Grandjean, Martin (2018). «Les réseaux de la coopération intellectuelle. La Société des Nations comme actrice des échanges scientifiques et culturels dans l’entre-deux-guerres». Lausanne. Université de Lausanne. — С. 296—302.
  57. ^ Shine, Cormac (2018). «Papal Diplomacy by Proxy? Catholic Internationalism at the League of Nations’ International Committee on Intellectual Cooperation». The Journal of Ecclesiastical History. 69 (4): С. 785—805. — doi:10.1017/S0022046917002731.
  58. ^ olmasquim, Alfredo Tiomno (2012). «Science and Ideology in Einstein’s Visit to South America in 1925». In Lehner, Christoph; Renn, Jürgen; Schemmel, Matthias (eds.). «Einstein and the Changing Worldviews of Physics». — С. 117—133. — doi:10.1007/978-0-8176-4940-1_6. ISBN 978-0-8176-4939-5.
  59. ^ Gangui, Alejandro; Ortiz, Eduardo L. (2008). «Einstein’s Unpublished Opening Lecture for His Course on Relativity Theory in Argentina, 1925». Science in Context. 21 (3): 435—450. — arXiv:0903.2064. doi:10.1017/S0269889708001853.
  60. ^ Gangui, Alejandro; Ortiz, Eduardo L. (2016). «The scientific impact of Einstein’s visit to Argentina, in 1925». — arXiv:1603.03792.
  61. ^ Isaacson 2007. С. 368.
  62. ^ а б в Isaacson 2007. С. 370.
  63. ^ Isaacson 2007. С. 373.
  64. ^ Isaacson 2007. С. 374.
  65. ^ Chaplin, Charles (1964). «Charles Chaplin: My Autobiography». New York: Simon and Schuster. — С. 320.
  66. ^ Fölsing 1997. С. 659.
  67. ^ Isaacson 2007. С. 404.
  68. ^ «Albert Einstein Quits Germany, Renounces Citizenship». History Unfolded: US Newspapers and the Holocaust.
  69. ^ а б в г Isaacson 2007. С. 407—410.
  70. ^ Kroehling, Richard (1991). «Albert Einstein: How I See the World». American Masters. PBS.
  71. ^ Robinson, Andrew (2019). «Einstein on the Run». Yale University Press. — ISBN 978-0-300-23476-3.
  72. ^ Isaacson 2007. С. 422.
  73. ^ «Professor Einstein with Commander Locker-Lampson». Science Museum.
  74. ^ Isaacson 2007. С. 419—420.
  75. ^ а б Gilbert, Martin (2007). «Churchill and the Jews, Henry Holt and Company». N.Y. — С. 101, 176.
  76. ^ Reisman, Arnold (20.11.2006). «What a Freshly Discovered Einstein Letter Says About Turkey Today». History News Network, George Mason University.
  77. ^ а б Clark, Ronald W. (1971). «Einstein: The Life and Times». New York: Avon Books. — ISBN 978-0-380-44123-5.
  78. ^ «Denunciation of German Policy is a Stirring Event». Associated Press.
  79. ^ «Stateless Jews: The Exiles from Germany, Nationality Plan». The Guardian.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі