Расізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Афраамэрыканскі мужчына п’е ваду з рэзэрвуару, прызначанага для «каляровых» у Аклагома-Сіці, ЗША. 1939 год

Расі́зм — сукупнасьць вучэньняў, у аснове якіх ляжаць палажэньні аб фізычнай і псыхічнай непаўнавартасьці чалавечых расаў і вырашаючым уплывам расавых адрозьненьняў на гісторыю і культуру грамадзтва. Расізм уключае ідэі аб спрадвечным разьдзяленьні людзей на вышэйшыя і ніжэйшыя расы, зь якіх першыя зьяўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі і пакліканыя дамінаваць над другімі. Ажыцьцяўленьне расісцкіх тэорыяў на практыцы часам знаходзіць сваё адлюстраваньне ў палітыцы расавай дыскрымінацыі.

Іншымі словамі, гэта палітычная канцэпцыя, згодна зь якой чалавечыя расы не зьяўляюцца роўнымі паміж сабой, то бок, адрозьніваюцца па некаторых істотных прыкметах, якія могуць быць аб’ектыўна ацэненыя ў катэгорыях «лепшы — горшы». У сацыяльна-псыхалягічным пляне расізм зьвязаны з ксэнафобіяй, але калі ксэнафобія носіць апантанны характар​​, то расізм прэтэндуе на тэарэтычную абгрунтаванасьць, апэлюючы да навукі, як то антрапалёгія, генэтыка і іншыя. Тая акалічнасьць, што сучаснае веданьне пра чалавека дэзавуявала «расавыя тэорыі» як ненавуковыя, не перашкаджае разьвіцьцю расізму як ідэалёгіі. Расізм асуджаецца міжнародным супольніцтвам.

У сацыяльна-філязофскім пляне расізм зьвязаны з абсалютызацыяй і натуралізацыяй адрозьненьняў у расавых таксаноміях. Фіксуючы ўвагу на сапраўдных фэнатыпічных адрозьненьнях паміж чалавечымі групамі, як то колер скуры, гушчыня валасянога покрыва, форма носу, разрэз вачэй і іншыя фактары, расізм інтэрпрэтуе гэтыя адрозьненьні ў якасьці крыніцы сацыякультурных адрозьненьняў. Паміж зьнешнім абліччам той ці іншай групы людзей, то бок іхнай «расавай» прыналежнасьцю і іхнай «цывілізацыйнай» прыналежнасьцю, расісцкая дактрына ўсталёўвае адносіны дэтэрмінацыі: мяркуецца, што той ці іншы антрапалягічны тып зь неабходнасьцю выражае сябе ў строга вызначаных сацыяльных і культурных формах.

Вядомым змагаром з расізмам быў амэрыканскі сьвятар Мартын Лютэр Кінг.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэалёгія расізму ўзьнікла ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Нераўнамернасьць сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў розных частках сьвету, якая прывяла на рубяжы XVXVI стагодзьдзяў да калянізацыі аднымі народамі іншых, была замацаваная й падтрымлівалася на працягу наступных стагодзьдзяў. Інстытуцыяналізацыя панаваньня, перш за ўсё забарона на шлюбы паміж прадстаўнікамі ўладарных і заваяваных народаў, мела сваім вынікам фіксацыю культурных адрозьненьняў таксама і на зьнешнім узроўні. Дактрыны, якія абгрунтоўваюць апошняе ў біялягічных тэрмінах, былі сфармуляваныя параўнальна позна, то бок найбуйнейшым тэарэтыкам біялягічнага расізму тых часоў ёсьць Жазэф Арцюр дэ Габіно, які абвесьціў арыйцаў «вышэйшай расай», аднак расізм, зыходзіў з дадзенага Богам ці прыродага права адным народам ставіцца да іншых як да «ніжэйшых» або «непаўнавартасных», паўстаў з самага пачатку заходнеэўрапейскай экспансіі на іншыя кантынэнты, што праяўлялася праз палітыку вэстэрнізацыі, эўропацэнтрызму.

З разбурэньнем каляніяльнай сыстэмы, інтэнсыфікацыяй міграцыйных працэсаў і ростам ліку міжэтнічных шлюбаў расізм пачаў страчваць пануючыя пазыцыі. Да сярэдзіны XX стагодзьдзя расізм часткова дыскрэдытаваў сябе ў вачох грамадзкасьці як ідэалёгія пасьля існаваньня рэжымаў нацызму ў Нямеччыне і апартэіду ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Таму адкрытая прыхільнасьць расізму ў цяперашні час часьцяком лічыцца маргінальнай зьявай. Аднак ва ўтоенай і невідавочнай форме ён працягвае праяўляць сябе як на ўзроўні масавай сьвядомасьці, гэтак і ў акадэмічным асяродзьдзі. У сувязі з гэтым некаторыя дасьледчыкі ставяць пытаньне пра новы, або сучасны расізм: апошні, у адрозьненьне ад традыцыйнага, апэлюе не да крыві, а да культуры. Хоць тэрмін «раса» пры гэтым цалкам зьнікае са звароту, сыстэма дапушчэньняў, характэрная для расізму, мае месца ў ім. Да ліку гэтых дапушчэньняў адносіцца інтэрпрэтацыя міжгрупавых адрозьненьняў у якасьці натуральных, а таксама перакананьне ў пэўнасьці мысьленьня і паводзінаў індывідаў сутнаснымі характарыстыкамі групаў, да якіх гэтыя індывіды належаць.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Расізмсховішча мультымэдыйных матэрыялаў