Ігар Там

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігар Там
рас. Игорь Тамм
Дата нараджэньня 8 ліпеня 1895(1895-07-08)[1][2]
Месца нараджэньня Уладзівасток, Расея
Дата сьмерці 12 красавіка 1971(1971-04-12)[3][4][1][…] (75 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці amyotrophic lateral sclerosis[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы Маскоўскі ўнівэрсытэт
Занятак фізык-тэарэтык, вынаходнік, прафэсар унівэрсытэту, фізык
Навуковая сфэра тэарэтычная фізыка
Месца працы Крымскі ўнівэрсытэт,
Фізычны інстытут АН СССР імя П. Н. Лебедзева
Вядомы як распрацоўшчык тэорыі выпраменьваньня Вавілава-Чаранкова
Навуковая ступень доктар фізыка-матэматычных навук[d]
Навуковы кіраўнік Леанід Мандэльштам
Вучні Vladimir Kadyshevsky[d], Леанід Келдыш[d], Moisey Markov[d], Anri Rukhadze[d], Viktor Silin[d], Michail Leonovič Ter-Mikaėljan[d], Evgenii Feinberg[d], Semyon Shubin[d], Dmitry Blokhintsev[d], Віталь Гінзбург, Андрэй Сахараў і Alexander Davydov[d]
Дзеці Evgeny Tamm[d]
Узнагароды Нобэлеўская прэмія ў галіне фізыкі (1958)

Ігар Яўгенавіч Там (па-расейску: Игорь Евгеньевич Тамм; 8 ліпеня 1895, Уладзівасток — 12 красавіка 1971) — савецкі фізык-тэарэтык, акадэмік АН СССР (ад 1953), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі (1958).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ігар Там нарадзіўся 8 ліпеня 1895 году ва Ўладзівастоку. Ягоны бацька быў інжынэрам-будаўніком. У 1899 г. сям’я пераехала ў Лізаветград (цяпер Крапіўніцкі) ва Ўкраіне. Ігар Яўгенавіч скончыў гімназію ў Кіраваградзе, пасьля чаго паехаў вучыцца ў Эдынбурскі ўнівэрсытэт (Шатляндыя). У Шатляндыі ён правучыўся год, пасьля чаго пачалася Першая сусьветная вайна і ён перайшоў на фізыка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Падчас вучобы ён накіраваўся добраахвотнікам на фронт у якасьці мэдычнага работніка найніжэйшай кваліфікацыі («брат міласэрднасьці»). Потым быў дэлегатам I Зьезду Саветаў ад Лізаветграду.

Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту (1918 г.) І. Я. Там выкладаў фізыку спачатку ў Крымскім унівэрсытэце ў Сімфэропалі (1919—1920), а затым у Адэскім політэхнічным інстытуце (1921—1922). У той час у гэтым інстытуце выкладаў Леанід Мандэльштам. Ён зрабіў глыбокі ўплыў на ўсё далейшае разьвіцьцё Ігара Яўгенавіча, які захаваў цеснае сяброўства зь ім да сьмерці Леаніда Мандэльштама ў 1944 г.

Ад 1922 г. з двума кароткімі перапынкамі, навуковая дзейнасьць І. Я. Тама да канца жыцьця праходзіла ў Маскве. Шмат гадоў ён кіраваў катэдрай тэарэтычнай фізыкі на Фізычным факультэце МДУ. Пасьля пераезду Акадэміі навук СССР у Маскву (1934 г.) І. Я. Там па запрашэньні дырэктара Фізычнага інстытуту ім. П. Н. Лебедзева АН СССР Сяргея Іванавіча Вавілава арганізаваў у гэтым інстытуце тэарэтычны аддзел і да канца свайго жыцьця заставаўся яго загадчыкам. У гэтым аддзеле і сканцэнтравалася ў далейшым ягоная навуковая дзейнасьць[5].

Свае першыя навуковыя дасьледаваньні Ігар Яўгенавіч пачаў пад кіраўніцтвам Леаніда Мандэльштама напачатку 1920-х. Гэтыя дасьледаваньні былі зьвязаныя зь мікраскапічнай электрадынамікай. У прыватнасьці, вывучалася электрадынаміка анізатропнага асяродзьдзя і крышталяоптыка ў спэцыяльнай тэорыі рэлятыўнасьці. Затым быў выкананы шэраг прац у вобласьці бораўскай квантавай тэорыі і нерэлятывісцкай квантавай мэханіцы, якая нараджалася ў той час. Хаця навуковая дзейнасьць Ігара Яўгенавіча пачалася параўнаўча позна (першая ягоная праца была апублікаваная, калі яму было 29 гадоў), яна разьвівалася надзвычай шпарка і пладавіта. Выдатным, у прыватнасьці, быў пэрыяд 1930-х гг.

У 1930 г. была апублікаваная вялікая праца І. Я. Тама, у якой утрымлівалася збольшага поўная квантавая тэорыя расьсеяньня сьвятла ў крышталях. Дасьледаваньне гэтай праблемы стала неабходным яшчэ і таму, што незадоўга да гэтага ў Маскоўскім унівэрсытэце, у якім працаваў Ігар Яўгенавіч, ягоныя блізкія сябры Г. С. Ляндсбэрг і Леанід Мандэльштам выявілі камбінацыйнае расьсеяньне сьвятла ў крышталях (адначасова ў газах яго выявіў Раман у Індыі, і саму зьяву часта завуць эфэктам Рамана). У аснове адкрыцьця ляжалі глыбокія тэарэтычныя думкі Л. І Мандэльштама, якія былі безумоўна правільнымі, але мелі квазыклясычны характар. У сваёй працы Ігар Яўгенавіч разьвіў поўную квантавую тэорыю зьявы, для чаго ён ажыцьцявіў пасьлядоўнае квантаваньне ня толькі сьветлавых, але і пругкіх хваляў у цьвёрдым целе, прычым выкарыстаў паняцьце гукавых квантаў (фанонаў, як іх пазьней назваў Я. І. Фрэнкель). У межах агульнай тэорыі тут было выяўлена і разгледжана ня толькі камбінацыйнае расьсеяньне сьвятла ў крышталях, але і рэлееўскае расьсеяньне. З пункту гледжаньня квантавай тэорыі ў працэсе камбінацыйнага расьсеяньня сьвятла ў крышталі фатон або павялічвае сваю энэргію, паглынаючы аптычны фанон — квант энэргіі аптычных ваганьняў краты (аптычная галіна), або памяншае яе, нараджаючы такі квант у краце. Зьяўленьне ж дублету Мандэльштама-Брылюэна ў спэктры рэлееўскага расьсеяньня сьвятла ў крышталі зьвязана з выпрамяненьнем ці паглынаньнем аднаго фанона «акустычнай галіны» (аналягічная зьява мае месца і ў вадкасьці. Сыстэматычнае ўвядзеньне ў тэорыю «квантаў пругкіх ваганьняў» (квантаў гуку) можна лічыць нараджэньнем канцэпцыі «квазічасьціц» у сыстэме шматлікіх цел. Гэта мела прынцыповае значэньне.

У тым жа 1930 г. зьявіўся цыкль прац І. Я. Тама, прысьвечаных толькі што створанай дыракаўскай рэлятывісцкай квантавай мэханіцы электрона. Як вядома, гэтая тэорыя дала тлумачэньне сьпінавых уласьцівасьцяў электрона і прывяла да натуральнага тлумачэньня тонкай структуры ў спэктры атама вадароду[6]. Аднак некаторыя незвычайныя рысы тэорыі Дырака, перш за ўсё наяўнасьць у спэктры таксама і ўзроўняў адмоўнай энэргіі (ці дадатна зараджаных дзірак пры запаўненьні гэтых узроўняў фонам электронаў), здаваліся ў той час парадаксальнымі. Патрабавалася дбайнае вывучэньне ўсіх вынікаў тэорыі, якія дапускалі параўнаньне з экспэрымэнтам. У сувязі з гэтым Ігар Яўгенавіч зьвярнуўся да разгляду, у межах тэорыі Дырака, расьсеяньня сьвятла на свабодных электронах.

У адрозьненьне ад прынятага тады мэтаду разгляду канкрэтных квантавых працэсаў узаемадзеяньня электрамагнітнага поля з часьціцамі — мэтаду адпаведнасьці, І. Я. Там дасьледаваў гэтую зьяву пасьлядоўна квантавамэханічна — мэтадам квантавай тэорыі выпраменьваньня. Формула для сечыва, якую ён атрымаў, супадала ў той, якую крыху раней знайшлі Кляйн ды Нішына з выкарыстаньнем мэтаду адпаведнасьці. Але значэньне працы І. Я Тама зусім ня зводзілася да больш строгага вываду ўжо вядомага выніку. Па-першае, гэта быў увогуле першы пасьлядоўны квантаваэлектрадынамічны разьлік канкрэтнага рэлятывісцкага эфэкту, што было вельмі істотна, у прыватнасьці, у мэтадычным пляне. Так, напрыклад, тут упершыню быў прапанаваны новы мэтад разьліку ў тэорыі ўзбурэньняў у выпадку дыракаўскай часьціцы, які моцна спрашчаў разьлікі (потым гэты мэтад быў выкарыстаны таксама Казімірам і вядомы пад ягоным іменем). Па-другое, гэтае дасьледаваньне прывяло да высьвятленьня некаторых прынцыповых акалічнасьцяў[7]. Так, Ігар Яўгенавіч паказаў, што расьсеяньне нават самых «мяккіх», нізкачастотных квантаў сьвятла на свабодных электронах у тэорыі Дырака адбываецца праз прамежкавыя станы з адмоўнай энэргіяй электрона. Таму нават лімітная клясычная формула Томсана для расьсеяньня сьвятла зь вялікай даўжынёй хвалі на свабодным электроне ня можа быць атрыманая з тэорыі Дырака без уліку станаў з адмоўнай энэргіяй. У выніку гэтага сталі беспэрспэктыўнымі ўсе шматлікія спробы выключыць з тэорыі адмоўныя ўзроўні, якія ажыцьцяўляліся і зь цяжкасьцю тлумачыліся (да адкрыцьця пазітрона).

Ігар Яўгенавіч не абмежаваўся зваротам увагі на непазьбежнасьць ўзроўняў адмоўнай энэргіі. Адначасова з Дыракам і Апэнгаймарам ён паказаў, што свабодны электрон непазьбежна павінен заняць гэты ўзровень, калі ён існуе. У тэорыі Дырака гэтая зьява інтэрпрэтуецца як пазітрон[8]

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працы І. Я. Тама ахапілі надзвычай шырокае кола праблемаў тэарэтычнай, а часткова і прыкладной фізыкі. Яны прысьвечаныя клясычнай электрадынаміцы і электроннай тэорыі, квантавай тэорыі ўзаемадзеяньня сьвятла з рэчывам, квантавай тэорыі цьвёрдых целаў, тэорыі элемэнтарных часьціц, ядзернай фізыцы, тэрмаядраваму сынтэзу і іншым разьдзелам фізыкі[5]. З дапамогай шырокага выкарыстаньня фрэнкелеўскіх фанонаў (квантаў гуку)і абгрунтаваньня квазічасьціц у сыстэме шматлікіх цел, ён значна разьвіў тэорыю электрона Дырака[9].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Нобэлеўская прэмія ў галіне фізыкі (1958)
  • Дзяржаўная прэмія СССР (1946, 1953)[10]
  • Герой Сацыялістычнай Працы
  • Ордэн Леніна
  • Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
  • Мэдаль Ламаносава

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Igor Tamm // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.
  2. ^ Brozović D., Ladan T. Igor Jevgenjevič Tamm // Hrvatska enciklopedija (харв.)LZMK, 1999. — 9272 с. — ISBN 978-953-6036-31-8
  3. ^ а б Тамм Игорь Евгеньевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  4. ^ Igor Jewgenjewitsch Tamm // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  5. ^ а б Тамм 1975. С. 7.
  6. ^ Тамм 1975. С. 8.
  7. ^ Тамм 1975. С. 9.
  8. ^ Тамм 1975. С. 10.
  9. ^ Голин Г. М. Клясыкі фізычнай навукі: Кароткія творчыя партрэты = Классики физической науки: Краткие творческие портреты. — Мн.: Выш. школа, 1981. — С. 173.
  10. ^ Энцыкляпэдычны слоўнік юнага фізыка = Энциклопедический словарь юного физика / Сост. В. А. Чуянов. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: Педагогика, 1991. — С. 252. — ISBN 5-7155-0419-8

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тамм И. Е. Збор навуковых твораў у двух тамах = Собрание научных трудов в двух томах. — М.: "Наука", 1975. — Т. I.