Перайсьці да зьместу

Інстытут матэматыкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°55′8″ пн. ш. 27°36′9″ у. д. / 53.91889° пн. ш. 27.6025° у. д. / 53.91889; 27.6025

Інстытут матэматыкі

2019 год
Абрэвіятура ІМ
Папярэднік Інстытут фізыкі і матэматыкі
Дата ўтварэньня Чэрвень 1959
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка матэматычных мадэляў і спосабаў рашэньня прыкладных пытаньняў
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 11
Афіцыйныя мовы расейская
Намесьнік па навуцы Сяргей Лемяшэўскі
Навуковы сакратар Віктар Лепін
Асноўныя асобы Мікалай Ізобаў,
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Колькасьць супрацоўнікаў 101 (2014 г.)
Сайт im.bas-net.by
Колішняя назва Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (да 1965 году)

Інстыту́т матэма́тыкі — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў чэрвені 1959 году ў якасьці Інстытуту матэматыкі і вылічальнай тэхнікі.

На канец 2018 году Інстытут уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі НАНБ. У асьпірантуру і дактарантуру набіралі па 4 спэцыяльнасьцях: 1) дыфэрэнцыйныя раўнаньні, дынамічныя сыстэмы і аптымальнае кіраваньне; 2) матэматычная лёгіка, альгебра і тэорыя лікаў; 3) вылічальная матэматыка; 4) дыскрэтная матэматыка і матэматычная кібэрнэтыка. Інстытут аказваў паслугі матэматычнага мадэляваньня і распрацоўкі пакетаў прыкладных праграмаў[1]. Дасьледнікі Інстытуту ажыцьцяўлялі сумесныя дасьледаваньні з навукоўцамі ЗША, 3 краінаў Азіі (Грузія, Кітай, Японія) і 15 краінаў Эўропы — Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Данія, Італія, Нямеччына, Польшча, Расея, Сэрбія, Украіна, Францыя, Чэхія і Швайцарыя.

На канец 2018 году Інстытут матэматыкі ўлучаў:

Уваход у Інстытут матэматыкі (2019 г.)

У чэрвені 1959 году Акадэмія навук БССР утварыла Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (ІМВТ) на аснове матэматычных лябараторыяў Інстытуту фізыкі і матэматыкі. ІМВТ увайшоў у склад Аддзяленьня фізыка-матэматычных, хімічных і геалягічных навук АН БССР. У 1963 годзе ІМВТ перайшоў у Аддзяленьне фізыка-матэматычных навук. 10 лютага 1965 году на аснове часткі лябараторыяў ІМВТ стварылі Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі. Сам ІМВТ перайменавалі ў Інстытут матэматыкі (ІМ). 4 красавіка 1975 году ў Гомелі заснавалі аддзяленьне ІМ, якое пазьней пераўтварылі ў лябараторыю тэорыі і дастасаваньня канчатковых групаў. У 1987 годзе ІМ увайшоў у склад Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі АН БССР. За савецкім часам распрацоўкі дасьледнікаў Інстытуту ўганароўвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР (1972) і Ленінскай прэміяй (1978), Дзяржаўнымі прэміямі БССР (1974, 1978, 1982) і прэміяй Савету міністраў СССР (1986), прэміямі Ўсесаюзнага камсамолу (1970, 1987) і Камсамолу Беларусі (1976, 1984, 1990). У Інстытуце працавалі акадэмікі Мікалай Яругін, Зьміцер Супруненка(be), Уладзімер Крылоў(be), Яўген Барбашын(be), Сяргей Чуніхін, Уладзімер Спрынджук(be) і Ўладзімер Платонаў, сябры-карэспандэнты Эдуард Груда(be) і А.Я. Залескі[2].

Таблічка Інстытуту матэматыкі (2019 г.)

У 1993 і 1995 гадах дасьледнікі Інстытуту ўзнагароджваліся прэміямі Акадэміі навук Беларусі. У 1998 годзе распрацоўку ІМ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. З 1998 году пачалі выпускаць «Працы Інстытута матэматыкі» (ISSN 1812-5093) па-расейску, якія са сьнежня 1999 году сталі разьмяшчаць у Сеціве[3]. На 1998 год Інстытут матэматыкі меў 13 аддзелаў, асьпірантуру і дактарантуру, рады па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: альгебра, альгебраічная геамэтрыя і тэорыя лікаў; дыфэрэнцыйныя раўнаньні і тэорыя ўстойлівасьці; вылічальная матэматыка і матэматычнае мадэляваньне; матэматычная кібэрнэтыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіраваньня. У Інстытуце распрацавалі: тэорыю вырашальных і нільпатэнтных лінейных групаў і групаў падстановак; унітарны і сьпінарны варыянты прыведзенай К-тэорыі; выніковыя спосабы рашэньня Дыяфантавых раўнаньняў(en); мэтрычную тэорыю трансцэндэнтных лікаў(be), у якой вырашаная праблема Малера(ru); тэорыю характарыстычных паказьнікаў Ляпунова(be) дыфэрэнцыйных сыстэмаў з малымі адхіленьнямі; тэорыю раўнаньняў у поўных вытворных; лікавыя спосабы і праграмныя сродкі рашэньня шматвымерных задачаў матэматычнай фізыкі; тэорыю набліжанага функцыянальнага інтэграваньня(en); тэорыю пабудовы паралельных альгарытмаў, адпаведных шматпрацэсарным вылічальным сыстэмам; альгарытмы і спосабы рашэньня задачаў камбінаторнага аптымізаваньня і вылічальнай геамэтрыі; тэорыю шматграннага квазідыфэрэнцыяваньня нягладкіх адлюстраваньняў і шматадлюстраваньняў; апэратарныя спосабы дасьледаваньня шматпарамэтрычных дыскрэтных сыстэмаў кіраваньня; якасную тэорыю аптымальнага кіраваньня і каструктыўныя спосабы рашэньня экстрэмальных задачаў. Таксама вырашылі задачы набліжэньня і найбольшасьці ў арытмэтычных групах(en). Дасьледавалі ўласьцівасьці рашэньняў дыфэрэнцыйных раўнаньняў Пэнлеве(fr) і сыстэмаў Пфафа(de). Сумесна з Расейскай акадэміяй навук выдаваўся штомесячны часопіс «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні» (ISSN 0374-0641), што з 1965 году па-ангельску перавыдавала нямецкае выдавецтва «Спрынгер» (ISSN 0012-2661). У інстытуце працавалі акадэмікі Іван Гайшун і Мікалай Ізобаў, сябры-карэспандэнты Фаіна Кірылава і Л.А. Яновіч[2].

На 2013 год у Інстытуце быў 101 супрацоўнік, зь іх 45 навуковых, сярод якіх 17 дактароў і 26 кандыдатаў навук.

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі (Інстытут матэматыкі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 6 чэрвеня 2018 г. Праверана 22 сьнежня 2018 г.
  2. ^ а б Аляксандар Сянько. Інстытут матэматыкі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 269. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  3. ^ Працы Інстытута матэматыкі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2015 г. Праверана 22 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Будова (рас.) // Інстытут матэматыкі, 2018 г. Праверана 22 сьнежня 2018 г.