Кампутарная сетка
Кампу́тарная се́тка, альбо мярэжа — тэлекамунікацыйная сетка, якая аб’ядноўвае кампутары і іншыя прылады і дазваляе ўсталяваньне сувязі паміж карыстальнікамі і перадачу зьвестак празь сетку.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першай кампутарнай сеткай сталася ARPANET, якая была створаная па замове Міністэрства абароны ЗША і забясьпечвала перадачу зьвестак паміж некалькімі кампутарамі. На аснове дасьледваньняў і распрацовак, зьдзейсьненых у 1960-я гады, у 1969 годзе пачалося стварэньне сеткі.
Мэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- палягчэньне камунікацыі паміж удзельнікамі сеткі: кампутарная сетка дазвалае абмен зьвесткамі паміж карыстальнікамі сеткі праз e-mail, праграмы імгеннных паведамленьняў, тэлефанію і відэаканфэрэнцыі.
- агульны доступ да прыладаў. Кожны карыстальнік кампутарнай сеткі можа скарыстацца прыладамі, далучанымі да гэтай сеткі. Гэтак, кожны карыстальнік можа раздрукаваць дакумэнт на прынтэры, які быў далучаны да сеткі напрамую ці праз кампутар, далучаны да кампутарнай сеткі.
- агульны доступ на зьвестак. Кожны карыстальнік можа атрымаць доступ да зьвестак, зьмешчаных на адным з кампутараў сеткі. Гэтая мэта зьяўляецца адной з галоўных і ў іншых камунікацыйных сыстэмах.
- агульны доступ да праграмаў. Карыстальнікі кампутарнай сеткі могуць мець дазвол на карыстаньне праграмным забесьпячэньнем, зьмешчаным на адным з кампутараў у сетцы.
Клясыфікацыя сетак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампутарныя сеткі могуць падзяляцца па розных характарыстыках. Вось некаторыя зь іх.
Па мэтадзе далучэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампутарныя сеткі могуць злучацца рознымі апаратнымі й праграмнымі дастасаваньнямі. Гэтак, для фізычнага злучэньня некалькіх кампутараў можна выкарыстоўваць оптавалакно, Ethernet, Wireless LAN, HomePNA, G.hn і гэтак далей.
У Ethernet, напрыклад, кампутары злучаюцца адмысловым провадам — вітой парай. Гэты тып сетак патрабуе наяўнасьці розных прыстасаваньняў: канцэнтратараў, маршрутызатараў, камутатараў і гэтак далей. Сеткі кшталту Wireless LAN, наадварот, працуюць праз радыёхвалі ці інфрачырвоныя сыгналы.
Правадныя сеткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вітая пара — адзін з найбольш распаўсюджаных спосабаў злучэньня сетак, ня толькі кампутарных. Гэтак, вітая пара выкарыстоўваецца ў тэлефонных сетках, уяўляя зь сябе два ізаляваныя дроты, якія выкарыстоўваюцца для перадачы як голасу, гэтак і зьвестак. Выкарыстаньне вітой пары дазваляе пазбавіцца ад накладаньня сыгналаў і ад электрамагнітных наводак. Хуткасьць перадачы складае 2—100 млн біт/с.
- Кааксыяльны дрот звычайна выкарыстоўваецца ў тэлевізійных сетках, а часам і для стварэньня лякальных сетак. Складаецца зь меднага ці алюмініевага правадніка і аплёткі, якія разьдзяляюцца гнуткім дыэлектрыкам. Аплётка мінімізуе вонкавае ўзьдзеяньне электрычных і магнітных палёў. Хуткасьць перадачы складае 200—500 млн біт/с.
- Оптавалакно — гэта ніці з аптычна празрыстага матэрыяла (плястмасы ды шкло), якія пераносяць сьветлавыя сыгналы. Оптавалакно можа перадаваць зьвесткі на вялікія адлегласьці бяз стратаў якасьці сыгналу, і не паддаецца ўзьдзеяньню электрамагнітнага выпраменьваньня. Хуткасьць перадачы зьвестак можа дасягаць трыльёнаў біт/с, што ў сотні разоў хутчэй за кааксыяльны дрот, і ў тысячы разоў хутчэй за вітую пару.
Фізычна такі тып сетак можа месьціцца за падвеснаю стольлю, пад фальшпадлогаю, у тэлефоннай каналізацыі, у кабэльных каналах ці рэалізоўвацца вонкавай праводкаю .
Па тапалёгіі сеткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кампутарныя сеткі можна клясыфікаваць па тыпу тапалёгіі сеткі, выкарыстанай у ёй. Найбольш агульнымі зьяўляюцца зорка, кальцо, шына і іншыя. Тапалёгія сеткі вызначае спосаб злучэньня асобных элемэнтаў у адзіную структуру. Фізычнае разьмяшчэньне элемэнтаў сеткі не ўплывае на тапалёгію. Гэтак, кампутары, якія стаяць па адной лініі, але далучаныя да агульнага хаба, утвораць «зорачную» тапалёгію, а ня «шынную».