Перайсьці да зьместу

Паўзуны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Паўзун»)
Паўзуны
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
КлясаПаўзуны
Бінамінальная намэнклятура
Laurenti

Паўзуны, гады[1] (па-лацінску: Reptilia) — кляса наземных хрыбетных жывёлаў, якая ўключае сучасных чарапахаў, кракадылаў, дзюбагаловых, яшчараў і зьмеяў. У сьвеце вядома 8734 віды паўзуноў.

Найбуйнейшыя наземныя жывёлы належалі да дыназаўраў — прадстаўнікоў старажытных паўзуноў. Паўзуны перажылі росквіт у эпоху мэзазою, калі яны дамінавалі на зямлі, у моры й у паветры. Напрыканцы крэйдавага пэрыяду большая частка паўзуноў вымерла. Сучасныя паўзуны — толькі рэшткі ад таго сьвету.

Пашыраны ўсюды, акрамя палярных вобласьцей, найбольш у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балотаў і вадаёмаў. Некаторыя ўпадаюць у зімовую або летнюю сьпячку. Каля 150 відаў і падвідаў знаходзяцца ў Чырвонай кнізе. На Беларусі сустракаюцца 7 відаў: вераценьніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчарка жывародная й яшчарка порсткая.

Даўжыня ад некалькіх сантымэтраў (некаторыя яшчаркі) да 10 мэтраў (некаторыя зьмеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кіляграмаў і болей (некаторыя кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой лускай, плястынкамі або панцырам. Канечнасьці пяціпальцыя, у некаторых відазьмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (зьмеі, некаторыя яшчаркі). Паўзуны — пайкілятэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамэрнае (у кракадзілаў чатырохкамэрнае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеўм). Сярод зьмеяў і яшчарак сустракаюцца ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некаторыя чарапахі й яшчаркі расьліннаедныя. Разьдзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласьціва яйцажыванараджэньне й жыванараджэньне; некаторым зьмеям і яшчаркам уласьцівы партэнагенэз.

Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты зьмяінай атруты выкарыстоўваюцца ў мэдыцыне. Вывучае паўзуноў герпэталёгія.

  1. ^ Беларуская навуковая тэрмінолёгія. Выпуск дванаццаты. Назовы жывёл / Смоліч Ар.. — Менск: Інстытут Беларускае Культуры, 1927. — С. 33. — 71 с.