Перайсьці да зьместу

Цімкавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цімкавічы
лац. Cimkavičy
Уезд у вёску з боку Капылю
Уезд у вёску з боку Капылю
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Капыльскі
Сельсавет: Цімкавіцкі
Вышыня: 171 м н. у. м.
Насельніцтва: 1225 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1719
Паштовы індэкс: 223920
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°3′47.70″ пн. ш. 26°59′18.97″ у. д. / 53.06325° пн. ш. 26.9886028° у. д. / 53.06325; 26.9886028Каардынаты: 53°3′47.70″ пн. ш. 26°59′18.97″ у. д. / 53.06325° пн. ш. 26.9886028° у. д. / 53.06325; 26.9886028
Цімкавічы на мапе Беларусі ±
Цімкавічы
Цімкавічы
Цімкавічы
Цімкавічы
Цімкавічы
Цімкавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ці́мкавічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Мажы. Цэнтар сельсавету Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1225 чал. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы захад ад Капылю, за 136 км ад Менску. Аўтамабільныя дарогі на Капыль, Нясьвіж, Семежаў; чыгуначная станцыя.

Цімкавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны). За часамі Слуцкага збройнага чыну каля мястэчка праходзіў фронт паміж абаронцамі Беларускай Народнай Рэспублікі і бальшавікамі.

Тапонім Цімкавічы паходзіць ад імя Цімафей і вытворных ад яго прозьвішчаў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Росьпіс касьцёла, 1908 г.
Касьцёл, 1908 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Цімкавічы зьмяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра і датуецца 1499 годам. У ёй паведамлялася пра далучэньне паселішча да Капыльскага ўладаньня Алелькавічаў. У гэты час у цэнтры мястэчка разьмяшчаўся Рынак, ад якога разыходзіліся 4 вуліцы (Капыльская, Слуцкая, Востраўская, Даўглянская); існавала 4 кварталы. На пляцы стаялі гандлёвыя рады. Над паселішчам дамінавала царква Сьвятога Ільлі, непадалёк — сынагога, заезны дом, карчма.

У 1502 годзе Цімкавічы пацярпелі ад набегу татараў. 3 1585 году паселішча знаходзілася ў валоданьні Хадкевічаў. Паводле інвэнтару 1622 году, існавалі мястэчка і маёнтак Цімкавічы. Сядзіба ўлучала дом, двор аканома, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Тут працавалі бровар і піваварня. Праз Ганну Схалястыку з Хадкевічаў Цімкавічы трапілі да Яна Станіслава Сапегі. З 1635 году мястэчка належала Казімеру Льву Сапегу, які ў 1647 годзе фундаваў тут драўляны касьцёла. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у верасьні 1655 году мястэчка разрабавалі і спалілі маскоўскія захопнікі. У 1660 годзе Цімкавічы перайшлі да Аляксандра Гілярыя Палубінскага. 3 канца XVII стагодзьдзя маёнткам валодалі Радзівілы — Дамінік Мікалай, Ян і Марцін Мікалай.

На 1713 год у Цімкавічах было 124 дымы, на пачатак 1760-х гадоў — 159 дымоў, пашыраліся шавецкае, кравецкае, ткацкае, кавальскае, ювэлірнае рамёствы. У 1791 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Случарэцкага павету.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Цімкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце Менскай губэрні. На 1800 год у мястэчку было 139 двароў, дзеялі касьцёл і царква, працавалі 2 карчмы, штогод праводзіўся кірмаш, у аднайменным двары — працавалі 2 млыны і бровар. На 1859 год — 257 двароў, 2 вадзяныя млыны, 6 крамаў.

У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Цімкавічах народную вучэльню. На 1886 год у мястэчку было 138 двароў, дзеялі 2 царквы і касьцёл, працавалі народная вучэльня, 2 юдэйскія малітоўныя школы, 6 заезных двароў і 35 крамаў, у аднайменным маёнтку працаваў бровар. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 360 двароў, дзеялі 2 царквы, касьцёл і 3 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі валасная ўправа, пошта, хлебазапасны магазы, 2 заезныя двары, 3 карчмы і 42 крамы, штогод праводзіліся 4 кірмашы, у аднаменным маёнтку працавалі вінакурня і бровар, у аднаменнай сядзібе — вадзяны млын. У 1905 годзе пачаў працаваць народны тэатар. На 1909 год — 323 двары, на 1917 год — 355.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Цімкавічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Цімкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. За часамі польска-бальшавіцкай вайны ў 1919—1920 гадох мястэчка было цэнтрам гміны ў складзе Менскай акругі. У часе Слуцкага збройнага чыну (1920 год) празь Цімкавічы праходзіла лінія абароны Грозаўскага палку Беларускай Народнай Рэспублікі. Да здушэньня паўстаньня бальшавікамі мясцовую ўладу ажыцьцяўлялі сілы БНР. На 1924 год у мястэчку было 325 двароў.

У 1985 пажар зьнішчыў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 2000-я гады Цімкавічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 708 чал. у мястэчку Цімкавічах і 79 чал. у двары Цімкавічах
  • XIX стагодзьдзе: 1863 год — 629 чал.[2]; 1867 год — 826 чал.[3]; 1886 год — 728 чал.; 1897 год — 2380 чал. у мястэчку Цімкавічах, 24 чал. у маёнтку Цімкавічах, 9 чал. у маёнтку Цімкавічах
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1681 чал. у мястэчку Цімкавічах і 63 чал. у маёнтку Цімкавічах[4]; 1917 год — 2253 чал. у мястэчку Цімкавічах і 202 чал. у маёнтку Цімкавічах[5]; 1924 год — 1951 чал. у мястэчку Цімкавічах і 162 чал. у маёнтку Цімкавічах; 1960 год — 1018 чал.[6]; 1999 год — 1329 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2008 год — 1299 чал.; 2010 год — 1278 чал.[7]

У Цімкавічах працуюць сярэдняя школа, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.

З урбананімічнай спадчыны Цімкавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Капыльская, Нясьвіская і Слуцкая. Раней у мястэчку існавалі Востраўская і Даўглянская вуліцы.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратурны музэй імя К. Чорнага

У Цімкавічах дзее літаратурны музэй імя Кузьмы Чорнага.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла
  • Сядзібна-паркавы комплекс
  • Царква Сьвятога Мікалая

У Цімкавічах з 1908 году гадаваўся беларускі празаік Кузьма Чорны, бацька якога па Лютаўскай рэвалюцыі працаваў у валасным рэўкаме й настаўнікам у Цімкавіцкай сямігодцы[8].

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 205.
  2. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 235.
  3. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 703.
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 236.
  5. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 115.
  6. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 237.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 234.
  8. ^ Тычына М. Цана прароцтваў // Чорны К. Выбраныя творы. — Менск, 2000.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]