Перайсьці да зьместу

Пятро Конюх

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пятро Конюх
Дата нараджэньня 8 сакавіка 1910(1910-03-08)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 чэрвеня 1994(1994-06-14) (84 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак опэрны сьпявак
Вакал бас[d]
Інструмэнты голас[d]
Узнагароды
Памятны крыж Монтэ-Касына

Пятро́ Ко́нюх (8 сакавіка 1910, в. Турэц, Карэліцкі раён — 14 ліпеня 1994, Канада) — беларускі опэрны сьпявак.

Служыў у польскім войску. У 1938 скончыў сельскагаспадарчыя курсы ў Вялейцы. Да вайны працаваў у Баранавічах.

У 1941 знаходзіўся ў Ржэве на ільнаводчых курсах, дзе і засьпела яго вайна. Назваўся палякам і трапіў у склад Польскага корпусу генэрала Андэрса[1]. Прымаў удзел у бітве за Монтэ-Касына. Адзначаны памятным Крыжам За Монтэ-Касына[2].

Застаўся ў Італіі, бо ў 1945 атрымаў вайсковую стыпэндыю на навуку ў Акадэміі мастацтваў. У 1951 атрымаў дыплём сьпевака, у 1956 — музычнага крытыка і ганаровае званьне Маэстра акадэміі.

У БССР заставаліся ягоная жонка і сын, зь якімі сьпявак ліставаўся і дасылаў пасылкі.

15 студзеня 1953 сьпявак так апісаў сваё жыцьцё ў лісьце да Вітаўта Тумаша:

« Цяжка надта дастацца ў Опэру, несамавітая канкурэнцыя, бо ў Італіі толькі можна зарабіць у Опэры. Канцэртамі і Радыё зарабляю толькі на пражыцьцё й на навуку. У сучасны момант не магу наракаць, хоць зарабляю мала, але хапае на ўсё неабходнае. У мяне месяц таму быў імпрэсарыё з Оперы Метрапалітэну, слухаў мяне, запісаў мой рэпэртуар. Казаў, што будзе для мяне шукаць працы ў Амэрыцы. Надта было-б добра, каб выехаць хоць на 6 месяцаў на канцэрты, бо тут можна навучыцца, але грошы зарабляць трэба ў Амэрыцы. […] Ня так даўно награў восем песень у Ватыканскім Радыё. Кс. Татарыновіч кожнае пятніцы а 18:30 пасьля свае мовы пушчае адну, а то і дзьве песьні »

.

Выступаў у Лёндане, Рыме, Парыжу, Боне. Выконваў як опэрныя, гэтак і народныя песьні ў беларускай, італьянскай, польскай, францускай, ангельскай, нямецкай, расейскай і ўкраінскай мовах.

Недзе ў 1955 годзе сьпявак пераехаў у Нью-Ёрк. У ЗША Конюх выступае з канцэртамі й пачынае выкладаць у клясе вакальнае, клясычнае й народнае музыкі. Працягвае выконваць беларускія песьні, на думку сучасьнікаў, асабліва добра ў яго выходзіла песьня «Палыночак»[3]. Мае ліставаньне з Рыгорам Шырмам і Янкам Брылём.

У 1957 перамагае на Міжнародным конкурсе вакалістаў у Рыме. Выкладае сьпевы ўва ўласных школах у Гамбургу й Нью-Ёрк. Дапамагаў ставіць голас беларускаму сьпеваку Данчыку[1].

У 1958 Конюха запрасіў да сябе ў хор данскіх казакоў Сяргей Жараў. На працягу 27 гадоў працы ў гэтым калектыве сьпяваў і беларускія песьні, асобныя зь якіх былі запісаныя на кружэлкі, у тым ліку і «Магутны Божа».

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі, ЗША.

У сваіх апошніх успамінах-абразках Янка Брыль згадаў Конюха, які ў трыццатыя гады быў у мястэчку Турэц гарманістам у духавым аркестры пажарнай каманды, а таксама сьпяваў у мясцовай праваслаўнай царкве:

« а калі выходзіў з клірасу да аналою і ўрачыста чытаў магутным басам “Апостала”, рэчытатыў быў такі, што вісюлькі панікадзіла дрыжалі, гайдаліся й пазвоньвалі…[1] »

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]