Мікола Абрамчык
Мікола Абрамчык лац. Mikoła Abramčyk | |
па-беларуску: Мікола Абрамчык | |
Прэзыдэнт БНР | |
---|---|
1947 — 1970 | |
Папярэднік: | Васіль Захарка |
Наступнік: | Вінцэнт Жук-Грышкевіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
16 жніўня 1903 Сычавічы, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
29 траўня 1970 (66 гадоў) Парыж, Францыя |
Партыя: | |
Сужэнец: | Ніна Ляўковіч |
Бацька: | Сямён Абрамчык |
Адукацыя: | Праскі ўнівэрэсытэт |
Узнагароды: | Ордэн Пагоні (вялікі магістр ex officio) |
Мікала́й Сямёнавіч Абра́мчык (16 жніўня 1903, в. Сычавічы пад Радашкавічамі, цяпер Маладэчанскі раён — 25 траўня 1970, Парыж) — беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч, публіцыст, інжынэр. Прэзыдэнт Рады БНР (сьнежань 1947—1970).
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, якія ўзялі ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў. Адзін быў за гэта пакараны сьмерцю на шыбеніцы, іншыя высланыя, а дзеда Міколы Янку выгналі з духоўнае сэмінарыі й пазбавілі грамадзянскіх правоў.
Быў жанаты зь Нінай Ляўковіч (з пачатку 1940-х).
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаўся ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі, адначасова атрымаў мандат упаўнаважанага БНР у Вялейскім павеце. З мэтаю каардынацыі дзеяньняў зь менскімі незалежнікамі быў пасланы ў савецкую Беларусь. За два гады ён блізу 30 разоў нелегальна пераходзіў мяжу БССР і Польшчы, ува ўмовах кансьпірацыі сустракаўся з прафэсарам Усеваладам Ігнатоўскім, тагачасным наркамам асьветы, які ўвёў яго ў менскі антыбальшавіцкі асяродак.
Працягваў адукацыю ў Празе (з 1923), вучыўся там жа ў сельскагаспадарчай акадэміі, быў дзеячом Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. У Чэхаславаччыне зблізіўся з прадстаўнікамі ўраду БНР (Пятром Крэчэўскім, Васілём Захаркам і інш.). У 1930 пераехаў у Францыю, заснавальнік і кіраўнік Аб’яднаньня беларускіх рабочых «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі» (1932), выдавец яго пэрыядычных выданьняў «Бюлетэнь» і «Рэха». У 1941—1943 дзяяч Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Бэрліне, рэдактар газэты «Раніца» (1939—1944), арганізатар і лектар курсаў беларусазнаўства, выдавец кніг Якуба Коласа «Сымон-музыка» і Ларысы Геніюш «Ад родных ніў». Працаваў у Камітэце самапомачы ў Беластоку. Прыканцы 1943 вярнуўся ў Парыж.
Старшыня (прэзыдэнт) Рады БНР (1943; сьнежань 1947—1970). Арганізаваў крывіцкую Раду БНР (крывіцкі блёк) (1947). Быў праціўнікам пераходу беларускіх праваслаўных япіскапаў у РЗПЦ і адным з ініцыятараў адраджэньня БАПЦ у 1948. Удзельнічаў у паваенным антыкамуністычным руху, аўтар брашуры «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» (Я абвінавачваю Крэмаль у генацыдзе майго народу; ЗБК, Таронта, 1950). У 1950—1960-я быў прэзыдэнтам Лігі за вызваленьне народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR (Paris Bloc)).
Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз. З-за таго, што на магільнай пліце не было надпісу, а магіла значны час не даглядался, месца пахаваньня М. Абрамчыка было згубленае. Намаганьнямі сяброў супольнасьці «Беларуская нацыянальная памяць» магіла была адшуканая ў 2008 годзе.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў, Уладзімер (21 жніўня 2006) Мікола Абрамчык Імёны Свабоды. Радыё «Свабода». Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
- Рыдлеўскі Л. З жыцьця й дзейнасьці М. Абрамчыка // З гісторыяй на «Вы». Кн. 3. — 1994.
- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — 300 ас.
- Экспедыцыя Беларускай Нацыянальнай Памяці па краінах Заходняй Еўропы // Беларускае Радыё «Рацыя»: Матэрыялы: Замежжа. 7.8.2008, 12:59. — Эл.рэсурс racyja.by
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
|
- Нарадзіліся 16 жніўня
- Нарадзіліся ў 1903 годзе
- Памерлі 29 траўня
- Памерлі ў 1970 годзе
- Сябры Беларускай незалежніцкай партыі
- Нарадзіліся ў Маладэчанскім раёне
- Навучэнцы Радашкавіцкай беларускай гімназіі
- Прэзыдэнты БНР
- Сябры Рады БНР
- Кавалеры і дамы Ордэну Пагоні
- Беларусы ў Чэхіі
- Беларусы ў Францыі
- Памерлі ў Парыжы
- Пахаваныя на могілках Пэр-Ляшэз