Вацлаў Багуцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вацлаў Багуцкі
Першы сакратар ЦК КПБ
травень 1922 — люты 1924
Папярэднік: Вільгельм Кнорыньш
Наступнік: Аляксандар Асаткін-Уладзімерскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1884
Буракаў[d], Варшаўская губерня[d], Расейская імпэрыя
Памёр: 19 сьнежня 1937(1937-12-19)
Масква, СССР
Партыя: КПСС (з 1904)
Адукацыя: Курсы марксізму-ленінізму пры Камуністычнай акадэміі ў Маскве (1929)

Вацлаў Антонавіч Багуцкі (партыйны псэўданім Шпак, 1884, Буракаў, Варшаўская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер Польшча — 19 сьнежня 1937, Масква, «Камунарка», НКВД) — рэвалюцыянэр, савецкі партыйны дзяяч[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сям’і рабочага. Па прафэсіі рабочы-мэталіст[2]. У 1904 годзе ўступіў у партыю «Сацыял-дэмакратыя каралеўства Польскага і Літвы». За рэвалюцыйную дзейнасьць у Беларусі і на Каўказе 9 разоў арыштоўваўся, чатыры гады правёў у турмах. У 1906 годзе быў дэлегатам пятага зьезду РСДРП ад Гарадзенскай губэрні. У 1910 годзе зьбег ад перасьледаў у ЗША, дзе працаваў па арганізацыі сацыял-дэмакратычных груп польскіх рабочых. У 1912 годзе вярнуўся ў Расею[1].

Удзельнік Першай сусьветнай вайны, на фронце вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году арганізаваў групу сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы ў Тыфлісе, дзе быў сябрам выканкаму Савета рабочых і салдат дэпутатаў ад арміі.

У 1918 годзе кіраўнік камітэту СДКПіЛ у Беластоку і Горадні, арганізатар ячэек Кампартыі Польшчы[1].

Старшыня Гарадзенскага падпольнага камітэту РКП(б) у 1918, старшыня Гарадзенскага савету рабочых дэпутатаў у студзені — красавіку 1919 году. У 1919—1920 гадах старшыня Надзвычайнай камісіі ў Менску, адначасова чалец Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ[1][2].

У 1921 годзе займаўся аднаўленьнем камуністычных падпольных арганізацыяў на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Віленшчыны. У 1921—1924 гадах загадчык арганізацыйнага аддзела, сакратар Цэнтральнага бюро КП(б)Б і намесьнік старшыні СНК БССР, намесьнік сакратара Часовага беларускага бюро ЦК РКП(б). Зьяўляўся прадстаўніком ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкаме Камінтэрну. Пасьля сканчэньня курсаў марксізму-ленінізму пры Камуністычнай акадэміі ў Маскве (1929) працаваў у ВЦСПС, быў старшынём ЦК прафсаюзаў работнікаў сувязі СССР, старшынём Скандынаўскай сэкцыі Выканкаму Прафінтэрну. Сябра ЦВК СССР у 1922—1924 гадах і яго прэзыдыюму ў 1924 годзе. З 1936 году ў Хабараўску, сябра калегіі краявога суду[1].

Арыштаваны 5 верасьня 1937 году ў Хабараўску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 44. Асуджаны 19 сьнежня 1937 году за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да НМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 31 сакавіка 1956 году[1].

Яго імем названа вуліца ў Горадні. У Менску на доме, у якім ён жыў, усталяваная мэмарыяльная дошка[1][2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё БАГУЦКІ Вацлаў Антонавіч
  2. ^ а б в Богуцкий Вацлав Антонович // Биографический справочник — Мінск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 66. — 737 с.