Ніна Абрамчык

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ніна Абрамчык
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ніна Ляўковіч
Псэўданімы Ніна Раса
Нарадзілася 20 сакавіка 1916
в. Шані, цяпер Пружанскі раён
Памерла 27 студзеня 2004
Францыя
Пахаваная
Сужэнец Мікола Абрамчык
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьніца
Кірунак паэзія
Мова беларуская мова, польская мова і француская мова

Ні́на Абра́мчык (дзявочае Ляўковіч; літаратурны псэўданім Ніна Раса; 20 сакавіка 1916, в. Шані, цяпер Пружанскі раён — 27 студзеня 2003 [1]) — беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, пісьменьніца, паэтка, фальклярыстка. Жонка Міколы Абрамчыка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магіла Ніны Абрамчыкі на могілках Пэр-Ляшэз у Парыжы

Скончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім унівэрсытэце, сябра Беларускага студэнцкага саюзу. З восені 1939 году настаўнічала на Пружаншчыне. Ад 1941 году жыла ў Бэрліне, дзе пабралася шлюбам зь Міколам Абрамчыкам. Працавала ў газэце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы. Была старшынёй Аб’яднаньня беларускіх жанчын у Францыі[2]. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «La Vie des Mères» («Мацярынскае жыцьцё»), арганізаваным увесну 1947 году Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам, дзе выступіла з заклікам да салідарнасьці жанчынаў «шчасьлівых народаў» зь беларускамі й беларусамі ў бядзе[3].

Жыла ў прыгарадзе Парыжу Вілепэнт. Пахаваная ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля са свайго мужа[1].

Выдавецкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі камітэт самапомачы ў Бэрліне ў другой палове 1942 году пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і ягонай жонкі. Улетку 1942 году Абрамчыкамі былі выдадзеныя «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш. Першая зь іх была перадрукам даваеннага віленскага выданьня, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзьве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў праскай друкарні «Палітыка» і ў верасьні 1942 году рэклямаваліся на старонках «Раніцы». Па вайне яна паспрабавала выдаваць газету «Беларуска», зьявіўся адзін нумар, які дагэтуль ня быў адшуканы. Магчыма, што газэта так і засталася ў рукапісным ці друкапісным варыянце[4].

Ніна Абрамчык таксама апрацавала і выдала ў 1942—1943 гадах некалькі кнігаў.

  • «Беларусь у песьнях», зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў.
  • «Гісторыя Беларусі ў картах», апрацаваная паводле лекцыяў, якія ў 1941—1942 гады чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусаведы ў Бэрліне, выйшла накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася ў беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы.
  • «Калядныя песьні», зборнік 20 беларускіх калядак у апрацоўцы сьвятара Віктара Шутовіча.
  • «Пад гоман вясёлы», зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак.

Дасьледніцкая дзейнасьць, творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніна Абрамчык апрача выдавецкай дзейнасьці пісала вершы, апавяданьні. І дасюль малавядомай застаецца дасьледніцкая дзейнасьць дыяспарнай дзяячкі па-француску. Яна працавала ў Музэі чалавека ў Парыжы. У канцы 1990-х гадоў у францускіх навуковых часопісах («Eurasie», «Ethnozootechnie») зьяўляюцца артыкулы фальклярысткі і этналягіні Ніны Абрамчык (une ethnologue Nina Abramtchik)[4]. На ейныя дасьледаваньні жаночай традыцыйнай культуры спасылаюцца квэбэцкія дасьледніцы (Pauline Greenhill I Diane Tye, 1997 год)[5].

У часопісе «Eurasie» Ніна Абрамчык надрукавала грунтоўныя артыкулы, прысьвечаныя розным аспэктам традыцыйнай культуры беларусаў. У нумары за 1995 год супрацоўніца Музэя чалавека апублікавала дасьледаваньне «Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale» (Лён у беларускай культуры, прыклад мясцовай сакральнасьці)[4]. У 1999 годзе Ніна Абрамчык апублікавала падобныя фальклёрныя апісаньні і аналіз, што датычыць месца і значэньня каня ў традыцыйнай культуры беларусаў: «Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes» (Конь у беларускай культуры. Казкі і cымбалі). Артыкул зьявіўся ў калектыўным зборніку, што быў прысьвечаны вобразу і месцу каня ў эўрапейскай культуры[6]. У 2000 годзе дасьледніца напісала артыкул пра гісторыю і значэньні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі)[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Ушанаваньне памяць М. Абрамчыка Палітыка. Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне (21 жніўня 2008). Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
  2. ^ Ігар Лялькоў "Адвечная песьня": Аб адной няўдалай спробе аб'яднаньня паваеннай беларускай эміграцыі. Згуртаваньне беларускіх арганізацыяў Эўропы «Беларуская вунія». Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
  3. ^ Уладзіслаў Гарбацкі «Маці-беларуска» Ніны Абрамчык // Новы час. — 2022. Архіўная копія.
  4. ^ а б в г Уладзіслаў Гарбацкі Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык // Новы час. — 2018. Архіўная копія.
  5. ^ Undisciplined Women: Tradition and Culture in Canada. Pauline Greenhill and Diane Tye, eds. Montreal and Kingston: McGill-Queen’s University Press, 1997.
  6. ^ Abramtchik (Nina) 1996,"Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes", in Le cheval en Eurasie. Pratiques quotidiennes et déploiements mythologiques, Paris, L’Harmattan, p. 165—171.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]