Перайсьці да зьместу

Зянон Пазьняк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «З. Пазьняк»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пазьняк.
Зянон Пазьняк
лац. Zianon Paźniak
Зянон Станіслававіч Пазьняк
Варшава (Польшча), 2008 г.
Варшава (Польшча), 2008 г.
Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ
30 траўня 1993 — цяперашні час
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня
13 траўня 1990 — 9 студзеня 1996
Старшыня Беларускага народнага фронту «Адраджэньне»
25 чэрвеня 1988 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 красавіка 1944(1944-04-24) (80 гадоў)
Партыя: Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ
Бацька: Станіслаў Янавіч Пазьняк (1922—1944)
Маці: Ганна Яўхімаўна Пазьняк (1922—2012)
Адукацыя:
Узнагароды:
Ордэн Пагоні Мэдаль да стагодзьдзя БНР
Выява аўтографу

Зяно́н Станісла́вавіч Пазьня́к (нар. 24 красавіка 1944 году, вёска Суботнікі Івейскага раёну, цяпер Беларусь) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Мартыралёгу Беларусі, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, археоляг, мастацтвазнавец, празаік, паэт. Кандыдат мастацтвазнаўства (1981).[1][2] Аўтар амаль сотні навуковых, палітычных і культураляґічных артыкулаў, выдаў больш за дзясятак кніг і брашур. Сузаснавальнік і каардынатар грамадзкага аб’яднаньня «Вольная Беларусь» у Польшчы (зь 2022 году).

Вынікі Пазьняка на выбарах прэзыдэнта Беларусі 1994 году

Зянон Пазьняк нарадзіўся ў сям’і старэйшага сына заходнебеларускага грамадзкага дзеяча Яна Аляксандравіча Пазьняка. У сьнежні 1944 году асірацеў праз гібель бацькі на фронце (на тэрыторыі Польшчы), якога забралі ў Чырвоную армію ўлетку. Сярэднюю школу скончыў у роднай вёсцы. У 1967 годзе скончыў мастацтвазнаўчае аддзяленьне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту па спэцыяльнасьці тэатразнаўца. У 1969 годзе зьмясьціў у маскоўскай газэце «Праўда» артыкул супраць зносу гістарычна каштоўнай забудовы Менску, што змусіла ўлады захаваць Траецкае прадмесьце, Верхні горад і Ракаўскае прадмесьце[3]. У 1972 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру (ІМЭФ) Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў дысэртацыю «Праблемы станаўленьня і разьвіцьця беларускага прафэсійнага тэатру пачатку ХХ стагодзьдзя (1900—1917 гг.)».

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 год) і пазбаўленьня працы ў ІМЭФ займаўся археалёґіяй (з 1976 году). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле археалёґіі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі, займаючыся раскопкамі Менску, Лоску, Мядзелу і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і правёў археалягічныя дасьледаваньні масавых пахаваньняў людзей у Курапатах, расстраляных органамі НКВД.

З траўня 1990 году па студзень 1996 году — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў чальцом канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савету БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня[4]. Пад кіраўніцтвам Пазьняка зьдзяйсьняліся такія важныя справы, як адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989—1990), вяртаньне нацыянальнае сымболікі (бел-чырвона-белага сьцягу і Пагоні), распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» СССР. На патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ 24 жніўня 1991 была скліканая нечарговая сэсія ВС, на якую дэпутаты БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка вылучылі пакет законапраектаў аб вяртаньні незалежнасьці Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, што азначала вяртаньне незалежнасьці Беларусі.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створаная Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікаваная ў «Народнай газэце» 16 красавіка 1992 году). На выбарах прэзыдэнта Беларусі 1994 году атрымаў 12,8% галасоў (трэцяе месца). Даверанымі асобамі Зянона Пазьняка на гэтых выбарах былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, прафэсар Іван Нікітчанка. Набраў больш за ўсіх галасоў у Вялейцы, Маладэчне, Смаргоні і Смаргонскім раёне, Лідзе, Івейскім і Астравецкім раёнах[5].

26 сакавіка 1996 году, унікаючы магчымых арышту і фізычнага зьнішчэньня за палітычныя погляды і публічныя выступленьні супраць незаконных дзеяньняў ураду Аляксандра Лукашэнкі, пакінуў Беларусь разам зь Сяргеем Навумчыкам. 31 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны адмовіла Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў выдачы Пазьняка пасьля адпаведнага звароту старшыні парлямэнцкай фракцыі Народнага руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавіла да прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы. 26 красавіка нечакана для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў ва Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацьверджаньне пра распрацоўку ў палітычных колах рэжыму на Беларусі пляну фізычнага зьнішчэньня. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША прадаставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства, усе гады на эміґрацыі займаецца выключна палітыкай, сустракаецца з палітыкамі, грамадзкасьцю і журналістамі розных краінаў. З 1996 году на грамадзкіх пачатках ён рэдаґуе і выдае ў Варшаве сумесна з жонкай Галінай Пазьняк бюлетэнь «Беларускія Ведамасьці». Непасрэдна праводзіць паседжаньні кіруючых структураў КХП-БНФ, старшынём якога зьяўляецца.

У красавіку 2017 году выступіў суаўтарам Народнай праграмы «Вольная Беларусь». У ліпені 2020 году стаў сузаснавальнікам Беларускага нацыянальнага сакратарыяту «Вольная Беларусь», які ў кастрычніку 2022 году пераўтварылі ў міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне беларускай дыяспары ў Польшчы[6][7].

Жонка Галіна і ейная дачка Надзея, з-за пагрозы палітычнага перасьледу выехалі за мяжу, жывуць у Варшаве. Маці Ганна Яўхімаўна — пэнсіянэрка, жыла ў Менску, памерла ў красавіку 2012 г.

Крытыка й вобраз у афіцыйных СМІ

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зянон Пазьняк сярод беларускіх студэнтаў у Варшаве, 15 верасьня 2011 году
Зянон Пазьняк чытае «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага падчас Беларускай дыктоўкі ў Варшаве, 28 лютага 2013 году

У 2008 годзе Пазьняка зьвінавацілі ў «памылцы» за адзначэньне ў Вільні 90-х угодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі поруч зь лекарам Юрыем Бандажэўскім[8], які нават «у асабістых зносінах зь беларускамоўнымі людзьмі нашай мовай не карыстаўся, дэманструючы схаваную пагарду»[9].

Ва ўрадавым друку яшчэ за камуністамі ствараўся цалкам адваротны вобраз Зянона Пазьняка. Нараканьне Пазьняка «фашыстам» распачалося не пазьней, як у 1990 годзе ў камуністычным партыйным друку пасьля публікацыі Праграмы БНФ, у якой адзначаліся наступныя задачы: «стварэньне дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі, дасягненьне рэальнага сувэрэнітэту Рэспублікі (ад Масквы) і адраджэньне беларускай нацыі»[10]. Ад 1994 году, яшчэ пры камуністычным урадзе Кебіча, ствараецца вобраз «занадта радыкальнага палітыка», які запачаткаваў журналіст урадавае газэты «Зьвязда» Сымон Сьвістуновіч[11]. Зь іншага боку, гэта стварыла вобраз Пазьняка як чалавека, які ні пры якіх умовах ня здраджвае свайму сумленьню. Агулам за 1988—2013 гг., цягам 25 год, пры стварэньні адмоўнага вобразу ў прэсе палітыку прыпісалі 35 грамадзка-палітычных і 17 маральна-асабовых бакоў без апоры на яго асобу.

У 1990—1995 гадах Зянон Пазьняк штодня атрымліваў у Вярхоўным Савеце па 10—12 лістоў, палову зь якіх складалі пагрозы і праклёны з пажаданьнямі сьмерці і хваробаў ад расейскіх вэтэранаў НКУС і вайсковых пэнсіянэраў зь ліку ўдзельнікаў КПСС. У замежжы атрымальніку ўдалося захаваць некалькі мяшкоў такіх лістоў нянавісьці[12].

12 чэрвеня 2000 году Пазьняк адзначыў у сваім дакладзе «Камунізм як форма рускага імпэрыялізму» на судовым працэсе над камунізмам у Вільні (Летува) з удзелам прадстаўнікоў ад 22 краінаў: «Рускі камунізм — злачынная імпэрыя», вынікамі якой сталі «Сьмерць і гвалт, русіфікацыя і этнацыд, зьнішчэньне культуры і цэлых народаў, злачынствы супраць чалавецтва(en)»[13]. Пазьняк якраз стаўся папулярным палітыкам, заснавальнікам і лідэрам Беларускага народнага фронту ды абраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, выкрыўшы такія злачынствы ў Курапатах, Лошыцы і 5 іншых месцах у ваколіцах Менску. 17 чэрвеня 2002 году Зянон Пазьняк і Юры Беленькі заявілі, што былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі (1998—2001) Ганс-Георг Вік (у 1985—1990 гадах старшыня Фэдэральнай выведвальнай службы Нямеччыны) «прычыніўся да апэрацыі расколу Народнага Фронту (падрыхтаванай у 1999 годзе з Масквы, сумесна зь менскімі дзеячамі АБСЭ), пасьля чаго частка БНФ далучылася да „апазыцыі“, створанай спадаром Вікам»[14]. 10 жніўня 2004 году Пазьняк выказаў меркаваньне ў разьдзеле «Гэбізм» свайго артыкулу «Беларуска-расейская вайна», што «зьнішчэньне вежаў Гандлёвага Цэнтру ў Нью-Ёрку і разбурэньне будынку Пэнтагона ў Вашынгтоне… не пад сілу толькі тэрарыстычнай арганізацыі». Таксама ён падкрэсьліў: «Расея адразу скарыстала сытуацыю, каб схаваць свой дзяржаўны тэрарызм і злачынную вайну ў Чачэніі, паказваючы на ісламскую рэлігійнасьць чачэнцаў, якія абараняюць бацькаўшчыну. І гэтае права на абарону(en) выстаўляецца расейцамі як ісламскі тэрарызм. Маніпуляцыя ўдалася. Захад па-здрадніцку здаў чачэнскі народ на зьнішчэньне»[15]. Гэтыя заявы не дадалі Пазьняку папулярнасьці сярод прыхільнікаў тагачаснага ўраду Расеі і сталінскіх рэпрэсіяў.

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 503
  2. ^ Пазьняк Зянон Станіслававіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 558
  3. ^ Анатоль Грыцкевіч. Юбілей Зянона Пазьняка // Беларуская Салідарнасьць, 8 кастрычніка 2009 г. Праверана 25 красавіка 2014 г.
  4. ^ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 20 июля 1990 г. №166-XII «Об избрании Конституционной комиссии»  (рас.)
  5. ^ Сяргей Мусіенка. «Адзіная дыктатура, якая магчыма ў краіне, гэта дыктатура закону». Да 30-годзьдзя з дня першай інаўгурацыі прэзыдэнта // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 ліпеня 2024 г. Праверана 20 ліпеня 2024 г.
  6. ^ Паведамленьне аб Вальным сойме Руху // Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь», 4 кастрычніка 2022 г. Архіўная копія ад 5 кастрычніка 2022 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
  7. ^ Вітаўт Сіўчык. Зянон Пазьняк кліча ў свой рух «Вольная Беларусь» // Тэлеканал «Белсат», 6 кастрычніка 2022 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
  8. ^ Вечарына у Таварыстве Беларускай Культуры(недаступная спасылка) // Сеціўная газэта «Тут і цяпер» 7 студзеня 2008.
  9. ^ Барыс Керзач, Віталь Хромаў. Сьвет зноў перакуліўся: Пазьняк адзначаў угодкі БНР… разам з Бандажэўскім (частка 2, Д пр-п 96) (+ частка 3) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля». 20 лютага 2008
  10. ^ Зянон Пазьняк. Шлях да свабоды // Часопіс «Беларусь». — 1990, №7(619).
  11. ^ Сяргей Навумчык. Зянон Пазьняк: радыкалізм ці пасьлядоўнасьць // Звязда, студзень 1994.
  12. ^ Зянон Пазьняк. Нянавісьць разбуральнікаў // Беларуская салідарнасьць, 25 чэрвеня 2013 г. Праверана 12 кастрычніка 2014 г.
  13. ^ Зянон Пазьняк. Камунізм як форма рускага імпэрыялізму // Вытокі, 12 чэрвеня 2000 г. Праверана 12 кастрычніка 2014 г.
  14. ^ Зянон Пазьняк, Юры Беленькі. Да пытаньня пра дзейнасьць АБСЭ ў Беларусі // Беларускія ведамасьці : часопіс. — Кастрычнік 2002. — № 6 (46). — С. 7-8.
  15. ^ Зянон Пазьняк. Беларуска-расейская вайна // Беларуская салідарнасьць, 10 жніўня 2004 г. Праверана 13 кастрычніка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]