Перайсьці да зьместу

Юры Беленькі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Беленькі
Выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ у Беларусі
1999 год — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 5 траўня 1960 (64 гады)
Менск
Партыя: Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ
Адукацыя:
Узнагароды:
Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Ю́ры Ада́мавіч Бе́ленькі (нарадзіўся 5 траўня 1960 году ў Менску) — беларускі палітык.

Юры Беленькі нарадзіўся 5 траўня 1960 году ў Менску, БССР. Ён паходзіць з рабочай сям’і. Навучаўся ў сярэдняй школе № 19 імя Янкі Купалы. У 1982 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў галіне фінансаў і крэдыту. У 1982—1984 гадах працаваў кантралёрам-рэвізорам кантрольна-рэвізійнай управы ў Магілёве ў Міністэрстве фінансаў БССР. У 1984—1986 гадах служыў у войску. У 1986—1997 гадах працаваў на прадпрыемствах канцэрну «Амкадар» у Менску: начальнікам фінансавага аддзелу завода «Ўдарнік» (1986 — чэрвень 1995), намесьнікам генэральнага дырэктара ТАА «Амкадор-Траст» (1 чэрвеня 1995 г. — 1997). Па накіраваньні прадпрыемства прайшоў курсы навучаньня: у 1990 г. у Ангельшчыне па банкаўскай справе і фінансах, у 1994 г. — у Нямеччыне па пытаньнях сыстэмных трансфармацыяў эканомікі.

Парлямэнцкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сябра Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» з моманту яго заснаваньня ў 1988 г. У 1990 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня і дэпутатам Менскага гарадзкога савету. Працаваў у складзе Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту Адраджэньне ў Вярхоўным Савеце Беларусі, быў чальцом плянавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савету[1]. Адзін з аўтараў «Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі», распрацаванай і прадстаўленай Беларускім Народным Фронтам. Суаўтар канцэпцыі па пераходу БССР да рынкавай эканомікі (восень 1990), канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (вясна 1992), асноўныя кірункі рэформаў для выхаду з крызісу (перадвыбарная эканамічная плятформа ОФЗ — увесну 1995 году), Закона аб банках, а таксама банкаўскіх і іншых законапраектаў. Юры Беленькі ўдзельнічаў у распрацоўцы ды прыняцьці Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 24—25 жніўня 1991 году, на працягу якой абвясьцілі незалежнасьць Беларусі. Уваходзіў у склад Ценявога кабінэту Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту Адраджэньне, у красавіку 1995 г. браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму. У ноч з 11 на 12 красавіка разам зь іншымі пратэстоўцамі падвергнуўся незаконнаму нападу спэцназа ў масках, быў зьбіты й выцягнуты па падлозе з будынку парлямэнта. Пасьля чаго яго й іншых пратэстоўцаў некаторы час вазілі па Менску, а потым выкінулі ў цэнтры гораду. 13—14 красавіка 1995 году ён браў удзел у працэсе ў Канстытуцыйным судзе, у якім апазыцыя БНФ абвінаваціла Лукашэнку ў манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі. У той жа год Юры Беленькі зноў браў удзел у парлямэнцкіх выбарах у Куйбышаўскай выбарчай акрузе № 249 гораду Менску. Ён атрымаў 58% галасоў, але яго кандыдатура была без тлумачэньня прычын выдалена зь сьпісу дэпутатаў. Усе скаргі ды лісты, што дасылаліся ім у розныя дзяржаўныя ўстановы з мэтай тлумачэньня сытуацыі былі праігнараваныя. З 1995 г. па цяперашні час зьяўляецца намесьнікам старшыні Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», а з 1999 году і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.

Палітычная дзейнасьць пасьля 1995 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 стаў намесьнікам старшыні БНФ. Пасьля расколу Беларускага Народнага Фронту ў 1999 годзе Беленькі падтрымаў Пазьняка. 26 верасьня 1999 году быў абраны намесьнікам старшыні КХП-БНФ. З-за таго, што старшыня партыі з 1996 знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, Беленькі зьяўляецца таксама выканаўцам абавязкаў старшыні партыі на Беларусі. У 2006 Беленькі быў пераабраны на гэтую ж пасаду ізноў. З сакавіка 2020 жыве ў ЗША[2].

  1. ^ Сьпіс беларускіх палітыкаў // Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.: Зборнік аналітычных артыкулаў. Канцэпцыя Казанэцкі П., Булгакаў В.; Рэд. Булгакаў В. — Варшава: Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne IDEE, Аналітычная Група. 2001. ISBN 83-916658-0-1
  2. ^ В Миннесоте организована группа поддержки оппозиции в Беларуси http://www.zerkalomn.com/news/9662597

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]