Хаім Суцін
Хаім Суцін | |
Хаім Суцін. Партрэт працы Мадыльяні, 1916 год | |
Дата нараджэньня | 13 студзеня 1893[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Сьмілавічы |
Дата сьмерці | 9 жніўня 1943[2][3][4][…] (50 гадоў) |
Месца сьмерці | Парыж, Францыя |
Прычына сьмерці | Рак страўніка |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр, артыст, архітэктурны чарцёжнік |
Навуковая сфэра | малярства |
Жанры | партрэтнае маляваньне[d][4] і пэйзаж[4] |
Плынь | экспрэсіянізм |
Пад уплывам | Рэмбрант |
Подпіс | |
Ха́ім Суцін (13 студзеня 1893 — 9 жніўня 1943) — францускі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжаньня, адзін з найбольш славутых майстроў натурморту.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларускі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Сьмілавічах у сям’і беднага габрэйскага краўца. Маляваць пачаў у раньнім дзяцінстве крэйдай на прыпечку, за што атрымоўваў наганяй ад бацькі і старэйшых братоў.
У 1907 годзе зьбег у Менск, дзе працаваў памочнікам фатографа, рэтушорам, атрымаў першыя урокі маляваньня ад мастака Міхаіла Кікоіна. Першы мастацкі дэбют — партрэт мясьніка, сына мясцовага равіна. Раззлаваны дапушчаным аўтарам парушэньнем забароны на выяўленьне, а, галоўнае, той інтэрпрэтацыяй, якую займела яго аблічча ў партрэце, ён жорстка зьбіў Суціна. Той трапіў у шпіталь, а крыўдзіцеля прымусілі заплаціць штраф, які дазволіў маладому мастаку перабрацца ў Вільню ды паступіць у мясцовую мастацкую школу.
У 1910—1913 гадох Хаім пры падтрымцы Віленскага юдэйскага таварыства заахвочваньня мастацтваў вучыўся ў мастацкай школе.
Францускі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1913 годзе, маючы у кішэні некалькі рублёў, Суцін прыехаў у Парыж. Там малады мастак пазнаёміўся з Маркам Шагалам, Фэрнанам Лежэ, Дыегам Рывэрам, Амэдэа Мадыльяні. Першыя гады ў Парыжы, дзеля таго, каб зарабіць на жыцьцё, працаваў землякопам, насільшчыкам на вакзале.
У часы першай сусьветнай вайны уладкаваўся на працу, на завод «Рэно», дзе была наладжана вытворчасьць снарадаў. Затым дзякуючы сродкам сяброў у мэтах паляпшэньня здароўя накіраваўся на поўдзень Францыі, на курорт Керэ, дзе пражыў да 1922 г.
У 1920—1921 гады мастак удзельнічаў у вялікіх выставах «47 з Парнаса» і «Сотня з Парнаса», а ў 1923 годзе — у групавой выставе расейскіх мастакоў «Удар». У канцы 1923 году Суцін пасьпяхова прадаў каля 200 сваіх карцін. З гэтага часу мастак зрабіўся знакамітым і матэрыяльна забясьпечаным. Ён заснаваў уласную студыю на плошчы Клема, адкуль адкрываўся прыгожы від на Сену. Цяжка хворы Амэдэа Мадэльяні перад сьмерцю сказаў: «Не хвалюйцеся, у асобе Суціна я пакідаю вам генія».
У 1925 годзе мастак перажывае моцны творчы крызіс, малюючы здыхлых быкоў і качак у разрэзе. Да 1928 года Суцін вялікую частку часу знаходзіўся у Парыжы. У гэты пэрыяд ён напісаў сэрыю партрэтаў «Слугі»: «Калідорнага» (1927—1928), «Парцье» (1927), «Слугу» (1928). У 1927 парыская галерэя Бінг правяла першую пэрсанальную выставу Х.Суціна. Пазьней вялікія выставы адбыліся ў Чыкага (1935 г.), Нью-Ёрку (1936, 1938, 1940 гг.), Лёндане (1937 г.).
У пачатку Другой сусьветнай вайны мастак атрымаў шэраг прапаноў паехаць у ЗША, аднак застаўся ў Францыі, нягледзячы на тое, што яго ў любы момант маглі арыштаваць як габрэя. У 1941 годзе пасьля непрацяглай адсутнасьці Суцін зноў вяртаецца ў Парыж, дзе піша пэйзаж Шампіньі, «Вялікае дрэва»(1942), «Сьвіней» (1942) — яго любімы нацюрморт, на якім выяўлены сьвіныя тушы на блюдзе.
У 1943 годзе у мастака абвастрылася язва страўніка. 9 жніўня 1943 году, на наступны дзень пасьля нясвоечасова праведзенай апэрацыі Хаім Суцін памёр. За яго труною, паводле паданьня, ішоў усяго адзін чалавек, але ім быў Паблё Пікаса[5].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самыя раньнія творы Суціна, што захаваліся, адносяцца да 1916—1917 гадоў. На палотнах выяўленыя куханныя сталы са сьціплым натурмортам.
Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920—1929 гадамі, уласьцівыя глыбока індывідуальныя бачаньне сьвету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэньні, ахвяраваньне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцьця ўнутранай сутнасьці прадметаў і зьяў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэсьлена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў — бязьлітасныя псыхалягічныя характарыстыкі («Кандытар», 1922); натурморты (большая частка створаная ў 1924—1927), як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэньня — «Курыца і таматы» (1924), «Гавяжая туша» (1925); трывожныя пэйзажы з бягучымі аблокамі і нахіленымі дрэвамі («Злавесная вуліца», каля 1921). Часта перарабляў ці зьнішчаў свае раньнія працы і амаль нічога не маляваў пасьля 1930 году.
З-за таго, што мастак ня меў прамых нашчадкаў (афіцыйна Суцін ня быў жанаты і ня меў дзяцей), яго творчая спадчына перайшла ў рукі прыватных асоб і дзяржавы. Упершыню карціна Суціна зьявілася ў Беларусі у 2012, калі Белгазпрамбанк набыў яго «Вялікія лугі ў Шартры» для сваёй карпаратыўнай калекцыі. Пазьней калекцыю папоўнілі «Ева»[6] ды «Заснулая з кнігай. Мадлен Кастэн»[7]. Пры гэтым карціну «Ева» набылі на аўкцыёне амэрыканскага брокера «Сотбі» (Нью-Ёрк) за 1,86 млн даляраў[8].
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Сьмілавічах у 2008 годзе пры садзейнічаньні ЮНЭСКО створана музэйная экспазыцыя «Прастора Хаіма Суціна», якая дзенічае ў будынку мясцовага дому дзіцячай творчасьці.
Catalogues Raisonnés
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 2001. 780 p. ISBN 3-8228-1629-9. ISBN 978-3-8228-1629-5.
- Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 1993. 780 p. (Папярэдняе выданьне 1993 у 2-х т., сплашная нумарацыя).
- Гравюры: Lanthemann J. Soutine. Catalogue raisonné de l’oeuvre dessinee. Paris, 1981. 79 p.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ RKDartists (нід.)
- ^ Chaim Soutine // Benezit Dictionary of Artists (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ а б в Chaim Soutine // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ https://web.archive.org/web/20101008032339/http://www.chagal-vitebsk.com/node/69
- ^ Жемчужины выставки «Десять веков искусства Беларуси»: «Ева» Хаима Сутина
- ^ «Гэта подзвіг Бабарыкі». Як стваралася калекцыя «Белгазпрамбанку» і чаму нам трэба яе ўратаваць Белсат
- ^ Ларыса Цімошык. Колеры Айчыны // Жырандоля. — 29 сакавіка 2014. — № 8 (225).