Перайсьці да зьместу

Інстытут пладаводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «БелНДІ пладаводзтва»)

Каардынаты: 53°44′18″ пн. ш. 27°30′39″ у. д. / 53.73833° пн. ш. 27.51083° у. д. / 53.73833; 27.51083

«Інстытут пладаводзтва»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 10 кастрычніка 1925 (99 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет народных камісараў БССР
Краіна
Разьмяшчэньне пасёлак Самахвалавічы (Менскі раён)
Ключавыя фігуры Аляксандар Таранаў, Анатоль Крыварот, Марына Шалкевіч
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя пасадачны і чаранковы матэрыял пладовых, ягадных і арэхаплодных расьлінаў, вінаграду
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

«Інстытут пладаводзтва» — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў кастрычніку 1925 году ў якасьці Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту дастасоўнай батанікі і новых культураў (УІДБНК).

На 2018 год УП «Інстытут пладаводзтва» ўваходзіла ў склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ. Інстытут месьціўся ў пасёлку Самахвалавічы на поўдні Менскага раёну па вуліцы Каралёва, д. 2. Ажыцьцяўляўся набор у асьпірантуру па 2 спэцыяльнасьцях: 1) сэлекцыя і насеньняводзтва сельскагаспадарчых расьлінаў, 2) пладаводзтва. Інстытут ажыцьцяўляў наступныя паслугі: 1) продаж пасадачнага і чаранковага матэрыялу пладовых, ягадных і арэхаплодных расьлінаў, вінаграду для закладкі садоў, ягаднікаў і вінаграднікаў; 2) распрацоўку праектнага каштарысу на іх закладку; 3) аграхімічны аналіз глебы і выпрабаваньне пасадачнага матэрыялу на вірусы; 4) кансультаваньне пры асваеньні вырошчваньня пасадачнага матэрыялу пладовых і ягадных расьлінаў, вінаграду[1].

На 2018 год УП «Інстытут пладаводзтва» ўлучала лябараторыю пчалярства і 7 аддзелаў: 1) сэлекцыі пладовых культураў, 2) гадавальнікаводзтва, 3) тэхналёгіі пладаводзтва, 4) ягадных культураў, 5) біятэхналёгіі, 6) захоўваньня і перапрацоўкі, 7) інфармацыі, укаранененьня і маркетынгу[1].

10 кастрычніка 1925 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Пастанову аб адкрыцьці Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту дастасоўнай батанікі і новых культураў (УІДБНК) на аснове саўгасу «Лошыца-1» (Менскі раён). 25 кастрычніка 1925 году навуковая калегія УІДБНК ухваліла Рашэньне аб перадачы Беларускага аддзяленьня ў вядзеньне аддзелу пладаводзтва. 23 лютага 1931 году СНК Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову аб пераўтварэньні Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту расьлінаводзтва ў Беларускую занальную плодаагароднінную досьледную станцыю (БЗПАДС). 14 сакавіка 1931 году Ўсесаюзны інстытут расьлінаводзтва выдаў Загад аб выкананьні Пастановы ў 10-дзённы тэрмін. У выніку БЗПАДС увайшла ў склад Народнага камісарыяту земляробства БССР. 22 жніўня 1944 году СНК БССР ухваліў Пастанову № 495 аб аднове БЗПАДС у Лошыцы-1 пасьля заняцьця Менску Чырвонай арміяй. 30 жніўня 1956 году Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР зацьвердзіла Загад № 236-К аб стварэньні Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту пладаводзтва, агародніцтва і бульбаводзтва (БелНДІПАБ) на аснове БЗПАДС і Русінавіцкай агароднінабульбаводчай сэлекцыйнай станцыі (Самахвалавіцкі сельсавет, Менскі раён), якая належала Міністэрству прамысловасьці харчовых тавараў БССР. У 1964 годзе БелНДІПАБ перамясьцілі ў пасёлак Самахвалавічы Менскага раёну на землі досьледнай гаспадаркі «Русінавічы». 6 сакавіка 1972 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 57, паводле якой перайменаваў БелНДІПАБ у БелНДІ бульбаводзтва і плодаагародніцтва (БелНДІБП). 16 ліпеня 1990 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 157 аб перадачы БелНДІБП у склад Заходняга рэгіянальнага аддзяленьня Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук (УАСГН). 26 ліпеня 1990 году Заходняе рэгіянальнае аддзяленьне УАСГН ухваліла Загад № 30 аб стварэньні БелНДІ пладаводзтва (БелНДІП) на аснове галіновых аддзелаў і лябараторыяў БелНДІБП. У 1991 годзе запрацавалі асьпірантура і рада па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў. З 1992 году БелНДІП падпарадкавалі Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, што ўваходзіла ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь[2].

На 2000 год асноўнымі кірункамі дзейнасьці БелНДІП былі: 1) адбор і ўвядзеньне малапашыраных пладовых і ягадных расьлінаў, вінаграду і іх прышчэпаў; 2) збор і захаваньне генэтычных багацьцяў пладовых і ягадных расьлінаў; 3) распрацоўка і ўдасканаленьне спосабаў вытворчасьці, захоўваньня і перапрацоўкі пладоў і ягадаў, спосабаў вытворчасьці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; 4) паляпшэньне адборам племянных і вытворчых якасьцяў пчолаў, удасканаленьне спосабаў іх утрыманьня і выкарыстаньня; 5) распрацоўка праграмаў разьвіцьця садоўніцтва і пчалярства ў Беларусі; 6) праектаваньне і закладка шматгадовых пасадак. У выніку адбору Інстытут вывеў звыш 150 гатункаў пладовых і ягадных расьлінаў, зь іх 44 раянавалі ў Беларусі. Распрацавалі новыя спосабы размнажэньня, вырошчваньня і агратэхнікі. Стварылі новыя віды прафіляктычных кансэрваў. Інстытут выдаваў навуковы зборнік «Пладаводзтва». У Інстытуце працавалі Галіна Баўтута, Анатоль Валузьнёў (1904—1990), Аркадзь Дзявятаў (1923—1999), дактары сельскагаспадарчых навук Рамуальд Лойка (1937—2004) і Валер Мацьвееў, Эма Сюбарава (1897—1983)[2].

31 кастрычніка 2000 году міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Вадзім Папоў падпісаў Загад № 359 аб пераўтварэньні БелНДІП ва ўнітарнае прадпрыемства. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры навукі». Паводле 9-га артыкула Дэкрэта, пастанаўлялася «ўлучыць у склад Акадэміі навук (НАНБ): Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасьці Аддзяленьня аграрных навук». 23 красавіка 2002 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацьвердзіла Загад № 41-К «Аб улучэньні арганізацыяў і прадпрыемстваў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», паводле якога УП «БелНДІП» перайшоў у склад НАНБ. 27 верасьня 2002 году Прэзыдыюм НАНБ ухваліў Пастанову № 54 пра новы Статут інстытуту, які атрымаў сучасную назву Інстытут пладаводзтва. 18 красавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 «Аб стварэньні навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і некаторых захадах ажыцьцяўленьня навуковай дзейнасьці». Паводле 3-га артыкула Ўказу, УП «Інстытут бульбаводзтва» перайменавалі ў Навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва (НПЦБПА), у склад якога ўлучылі УП «Інстытут пладаводзтва» згодна з папраўкай у статут ад 3 кастрычніка 2006 году[3].

  1. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня аграрных навук (Інстытут пладаводзтва) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 24 верасьня 218 г. Праверана 16 кастрычніка 2018 г.
  2. ^ а б Анатоль Крыварот. Пладаводзтва Беларускі навукова-дасьледчы інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 12. — С. 399. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  3. ^ а б Гісторыя разьвіцьця (рас.) // УП «Інстытут пладаводзтва», 2018 г. Праверана 16 кастрычніка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]