Аляксандра Гесь
Аляксандра Гесь | |
Дата нараджэньня | 1 лютага 1940 |
---|---|
Месца нараджэньня | Гусакі, Нясьвіскі раён |
Дата сьмерці | 17 сакавіка 2011 (71 год) |
Месца сьмерці | Гусакі, Нясьвіскі раён |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Занятак | навукоўца |
Навуковая сфэра | гісторыя, архівістыка |
Месца працы | Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь |
Вядомая як | дасьледніца гісторыі Беларусі 1920-х—1930-х; зьбіральніца матэрыялаў, датычных біяграфіі Кастуся Каліноўскага |
Навуковы кіраўнік | Лаўрэнці Абэцэдарскі |
Аляксандра Мікалаеўна Гесь (1 лютага 1940, в. Гусакі, Нясьвіскі раён[1] — 17 сакавіка 2011; там жа) — беларуская архівістка і гісторык.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў вёсцы Гусакі ў сям’і Мікалая Аляксандравіча і Дар’і Пятроўны Гесь[2]. Бацька, мабілізаваны ў 1944 у савецкае войска, загінуў вясной 1945 на тэрыторыі Польшчы.
Першую адукацыю атрымала ў Казлоўскай сямігадовай школе, пасьля паступіла ў Нясьвіскую пэдагагічную вучэльню, па заканчэньні якой была накіраваная на працу настаўнікам у адну са школаў Давыд-Гарадоцкага раёна. У 1962 паступае на гістарычны факультэт БДУ, дзе піша курсавыя і дыплёмную працы ў гісторыка Лаўрэнція Абэцэдарскага[2].
Пасьля сканчэньня БДУ у 1967 працуе настаўніцай гісторыі, а пасьля — дырэктарам у школах Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. У 1975 пераязджае ў Менск, дзе ўладковаецца на працу ў Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ на пасаду навуковага супрацоўніка[2]. Тут яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы шматлікіх дакумэнтальных выданьняў. Таксама займалася выяўленьнем і зборам дакумэнтаў, датычных Кастуся Каліноўскага, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Летувіскай ССР. Цікавілася тэмай беларусізацыі 1920-х гг.
Увосені 1991 перайшла на працу ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай справы (БНДІДАС), а ў 1995 перавялася ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) на пасаду вядучага навуковага супрацоўніка аддзела публікацыяў[2]. Тут яна працягвае займацца вывучэньнем нацыянальна-культурнага жыцьця Беларусі ў 1920—30-я гг.
24 верасьня 1994 году Аляксандра Гесь дэбютуе ў «Настаўніцкай газэце» з публікацыяй «Беларускі універсітэт павінен быць беларускім», дзе друкуецца дакладная запіска першага рэктара БДУ Уладзімера Пічэты[2]. У 1997 разам з Уладзімерам Міхнюком і Мікалаем Клімовічам Аляксандра Гесь падрыхтавала выданьне «Антон Луцкевич: Материалы следственного дела НКВД БССР» (Менск, 1997), якое мела вялікі рэзананс у грамадзкіх колах[2]. У 2006 у выніку супрацоўніцтва Аляксандры Гесь, Уладзімера Ляхоўскага і Ўладзімера Міхнюка рыхтуецца грунтоўнае выданьне па гісторыі Слуцкага збройнага чыну 1920 г. Пачынаючы з № 2 за 2003 г. у часопісе «Спадчына» друкуецца падборка з архіўных збораў і ўспамінаў пра савецкую рэчаіснасьць 1920—30-х гг., аб’яднаных рубрыкай «Быў час, была эпоха...»[2].
17 сакавіка 2011 году Аляксандра Гесь памёрла ў роднай вёсцы Гусакі.
Выбраная бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццёвы і творчы шлях У. Тэраўскага (разам з У.Ляхоўскім) // Мастацтва. 1996. № 12;
- Учора і сёння: Ці мае беларускі народ сваю мову і сваю культуру // Скарыніч. Мн., 1997. Вып. 3;
- «Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі…» (пра рэпрэсіі супраць немцаў у Беларусі ў 30-я гг.) // Форум. 1997-98. №6-7;
- «Выслаць за межы Беларусі...» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практ. канф. Мн., 1998;
- «Усякі іншы шлях лічу памылковым і шкодным»: Беларусізацыя сельгасакадэміі, год 1925-ы // Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі: Успаміны, арт., дак. Мн., 2000;
- Калінінская акруга: хроніка беларускага культурнага жыцьця 1920-х гг. // Спадчына. 2001, №3.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Адміністрацыйная адзінка, якая існавала дэ-факта, легальная з пункту гледжаньня ўладаў СССР. З пункту гледжаньня міжнароднага права – у складзе Другой Рэчы Паспалітай, пад акупацыяй СССР.
- ^ а б в г д е ё Уладзімір Ляхоўскі (7 красавіка 2011) Памяці Аляксандры Гесь. ARCHE Пачатак. Праверана 7 красавіка 2011 г.