Перайсьці да зьместу

Інстытут літаратуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі быў заснаваны ў сыстэме Беларускай акадэміі навук у якасьці Інстытуту літаратуры 29 сакавіка 1931 году на базе былой катэдры літаратуры Акадэміі. Пастановай Прэзыдыюму НАН Беларусі 9.11.2007 быў аб’яднаны з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа ў адзіны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Аб’яднаньне канчаткова адбылося ў сакавіку 2008 году.

Інстытут літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук (1931—1935)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1931 году склалася агульная структура Інстытуту як навуковай установы акадэмічнага профілю ў сыстэме Акадэміі, вызначаліся асноўныя напрамкі яго дзейнасьці. У тым жа годзе была ўдакладнена назва — Інстытут літаратуры і мастацтва. Былі працягнуты дасьледаваньні, пачатыя на катэдрах Інстытута беларускай культуры і катэдры літаратуры Акадэміі.

Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы АН БССР (1935—1941)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 1935 г. у сувязі са зьмяненьнем структуры АН БССР была прынятая пастанова ЦК КП(б)Б, у якой, у прыватнасьці, адзначалася, што «з мэтай канцэнтрацыі і павышэньня якасьці навукова-дасьледчай работы, а таксама ўмацаваньня кіраўніцтва і ўкамплектаваньня кадрамі навукова-дасьледчых установаў лічыць неабходным правесьці рэарганізацыю наступных навукова-дасьледчых установаў:

па Беларускай акадэміі навук:

  1. Стварыць на базе інстытутаў літаратуры, мастацтва і мовы адзін інстытут — літаратуры, мастацтва і мовы.
  2. Зацьвердзіць часова выконваючым абавязкі дырэктара інстытута Віталя Вольскага.
  3. Паставіць перад інстытутам у якасьці бліжэйшай і асноўнай задачы — падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў і хутчэйшы выпуск падручніка беларускай мовы, слоўнікаў і кіраўніцтва па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва».

У 1936—1937 гг. Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы ўзначальваў Александровіч. У 1937 годзе некаторы час абавязкі дырэктара інстытуту выконваў Р. В. Красьнеўскі, а з 1937 г. па 1941 г. дырэктарам быў Васіль Барысенка.

У перадваенныя гады ў Інстытуце былі выдадзены «Беларуская граматыка. Марфалёгія» (1936), «Сынтаксіс беларускай мовы» (1939), «Курс сучаснай беларускай мовы» (1940), «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. А. Александровіча (1937). З канца 30-х гадоў у друку сталі зьяўляцца артыкулы літаратуразнаўцаў В. Барысенкі, М. Ларчанкі, Ю. Пшыркова, Н. Перкіна, С. Майхровіча, В. Івашына, прысьвечаныя розным праблемам гісторыі беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст., жыцьцю і творчасьці Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

У 1940 годзе ў складзе аб’яднанага інстытуту было 20 чалавек. У іх ліку 1 акадэмік, 2 чальцы-карэспандэнты, 1 прафэсар, 10 старшых навуковых супрацоўнікаў, 2 работнікі навукова-тэхнічнага пэрсаналу. Дзевяць супрацоўнікаў мелі вучоныя ступені кандыдатаў навук. Інстытут складаўся зь дзьвюх сэкцый (літаратуры і мовы) і працаваў над 5-цю навуковымі тэмамі, зь якіх тры былі мовазнаўчага профілю: 1) беларуска-рускі слоўнік; 2) вывучэньне беларускіх народных гаворак; 3) удасканаленьне беларускага правапісу.

Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР (1944—1952)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў адноўлены ў ліпені 1944 году (да 1946 году яго часова ўзначальваў член-карэспандэнт М. Ц. Лынькоў) у складзе трох сэктараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У 1945 г. у яго складзе налічвалася 26 супрацоўнікаў. Асноўнымі навуковымі напрамкамі, над якімі працаваў Інстытут у гэты пэрыяд, былі пытаньні гісторыі беларускай літаратуры, беларускай лексыкаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва ў дні Вялікай Айчыннай вайны. З 1946 па 1952 год дырэктарам Інстытуту зноў быў Васіль Барысенка. У 1952 годзе ў Інстытуце літаратуры і мастацтва замест аднаго літаратуразнаўчага сэктара было ўтворана два: сэктар савецкай літаратуры і сэктар дарэвалюцыйнай літаратуры. Адбыўся своеасаблівы падзел супрацоўнікаў па асноўных напрамках дасьледаваньняў, па навуковых інтарэсах. Пашырылася тэматыка і паглыбіўся характар навуковых распрацовак, працягвалася далейшая спэцыялізацыя навукоўцаў, у літаратуразнаўства прыйшлі сьвежыя сілы, якія былі накіраваны на дасьледаваньне новых, яшчэ не вывучаных праблем і пытаньняў гісторыі, тэорыі і тэксталёгіі беларускай літаратуры; аднавілася вывучэньне і выданьне даўняй пісьмовай спадчыны беларускага народу.

У 1952 годзе адбылося вылучэньне Інстытуту мовазнаўства ў асобную арганізацыю, і таму Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў пераўтвораны ў Інстытут літаратуры і мастацтва.

Інстытут літаратуры і мастацтва АН БССР (1952—1957)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне 1954 году на базе сэктару беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры ў Інстытуце літаратуры і мастацтва быў створаны сэктар рукапісаў і выданьняў, што было выклікана патрэбамі больш інтэнсіўнай і шырокай падрыхтоўкі збораў твораў беларускіх пісьменьнікаў. Папоўнены новымі сіламі (у 1960 годзе ў ім працавала 14 чалавек, у тым ліку А. Коршунаў, Э. Гурэвіч, М. Мушынскі), сэктар атрымаў магчымасьць разгарнуць больш актыўную працу па зборы, вывучэньні і выданьні беларускай літаратурнай спадчыны. Пачалася падрыхтоўка, а затым і выданьне новых шматтомных збораў твораў Янкі Купалы (1961—1964) і Якуба Коласа (1961—1964), былі выдадзеныя выбраныя творы Максіма Багдановіча (1957) і Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (1958), зборнік «Беларускія пісьменьнікі другой палавіны ХІХ ст.» (1956). Гэтая праца стала своеасаблівай навуковай школай падрыхтоўкі нацыянальных кадраў тэкстолягаў, а яе практычныя вынікі мелі важнае навукова-асьветніцкае і агульнакультурнае значэньне.

У 1957 на базе аддзелаў мастацтвазнаўства Інстытуту літаратуры і мастацтва і аддзелаў этнаграфіі і фальклёру Інстытута гісторыі быў створаны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру.

Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы (1957—2007)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вянцом дасьледчыцкіх намаганьняў супрацоўнікаў Інстытуту літаратуры было стварэньне першай навуковай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» ў 2-х тамах (1968, 1969). Яна была высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі, зьявілася важкім дасягненьнем ня толькі калектыву Інстытуту літаратуры, але і ўсяго беларускага літаратуразнаўства, засьведчыла іх навуковую сталасьць. У гэтай «Гісторыі…» на вялікім фактычным матэрыяле ўпершыню шырока, грунтоўна і аб’ектыўна быў прасочаны шматвяковы, вельмі складаны шлях разьвіцьця літаратуры на беларускіх землях, неадлучны ад лёсу народа, раскрытая вялікае ідэйна-мастацкае багацьце яе здабыткаў, высокі, сапраўдны эўрапейскі ўзровень творчай спадчыны найбольш выдатных яе прадстаўнікоў.

На грунце беларускамоўнай «Гісторыі…» была напісана і апублікавана аднатомная «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Яна шмат у чым была арыгінальнай працай, месцамі значна пераўзыходзіла папярэднюю і адыграла важную навукова-асьветніцкую ролю ў азнаямленьні больш шырокага кола чытачоў з багатай гісторыяй літаратуры беларускага народа. Асноўнымі аўтарамі разьдзелаў пра літаратуру ХІ — пач. ХХ ст. былі А. Коршунаў, А. Мальдзіс, М. Мушынскі, Ю. Пшыркоў, П. Дзюбайла, В. Каваленка, Васіль Барысенка, Н. Перкін, Міхась Ярош, за што ўсе яны былі адзначаны ў 1980 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.

Сапраўднай падзеяй у навуковым жыцьці рэспублікі сталі манаграфіі А. М. Адамовіча «Маштабнасьць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), Н. С. Перкіна «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Человек в советском романе» (1975), М. І. Мушынскага «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гг.» (1975), І. Д. Ралько «Вершаскладанне» (1977), «Верш і мова» (1986), У. В. Гніламёдава «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія» (1983), В. П. Жураўлёва «Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978), А. П. Матрунёнка «Псіхалагічны аналіз ў сучасным беларускім рамане» (1972), «Псіхалагічная проза: Традыцыі і час» (1988), А. С. Яскевіча «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Становление белорусской художественной традиции» (1987), І. С. Шпакоўскага «Структура вершаванага вобраза» (1972), А. К. Кабаковіч «Беларускі свабодны верш» (1984), «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989), Л. Я. Гараніна «Праблемы мемуарнага жанра» (1981), «Философские искания в белорусской литературе» (1984) і інш.

Шмат увагі ў аддзеле аддавалі дасьледчыкі праблемам паэтыкі і творчага стылю: У. В. Гніламёдаў «Іван Мележ» (1984), «Янка Купала: Новы погляд» (1995), В. П. Жураўлёў «Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана» (1991), А. К. Кабаковіч «Максім Багдановіч: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978), Э. М. Мартынава «Мастацкая дэталь у літаратурным творы» (1977), І. С. Шпакоўскі «Тыпізацыя ў лірыцы» (1980), Т. К. Чабан, «Крылы рамантыкі» (1982), Т. К. Чабан, Я. А. Гарадніцкі «Сучасная паэзія і фальклор» (1988), А. С. Яскевіч «Ритмическая организация художественного текста» (1991).

У 1981 годзе Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы першым у краіне сярод навуковых устаноў падобнага профілю быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Кіраўнікі інстытуту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інстытут літаратуры з 1952 па сакавік 1973 году ўзначальваў акадэмік Васіль Барысенка, з красавіка 1973 па кастрычнік 1982 — акадэмік І. Я. Навуменка, з 1982 па 1997 — акадэмік В. А. Каваленка. 3 красавіка 1997 па студзень 2006 году дырэктарам Інстытуту літаратуры зьяўляўся акадэмік НАН Беларусі У. В. Гніламёдаў. Са студзеня 2006 па сакавік 2008 году абавязкі дырэктара інстытуту выконваў доктар філялягічных навук В. А. Максімовіч.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]