Беларуская сялянска-работніцкая грамада
Беларуская сялянска-работніцкая грамада | |
па-беларуску: Беларуская сялянска-работніцкая грамада | |
Лідэр партыі | Браніслаў Тарашкевіч |
---|---|
Дата заснаваньня | 24 чэрвеня 1925 (99 гадоў таму) |
Распушчаная | 16 жніўня 1938 (86 гадоў таму) |
Штаб-кватэра | Вільня, Заходняя Беларусь, Віленскае ваяводзтва Польшча |
Саюзьнікі і блёкі | Блёк нацыянальных меншасьцяў |
Ідэалёгія | Сацыялізм |
Колькасьць | 120 тыс. |
Колькасьць дэпутатаў | |
· Сойм і Сэнат | 555 |
· Сойм |
4 / 444 |
· Сэнат |
0 / 111 |
Орган партыйнага друку | «Жыцьцё беларуса», «Беларуская Ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Narodny zwon», «Наша справа», «Наш голос», «Наша воля», «Наша праўда», «Наша праца», «Праца», «Права працы», «Думка працы» |
Белару́ская сяля́нска-рабо́тніцкая грамада́ (коратка БСРГ) — палітычная партыя беларусаў у Заходняй Беларусі ў міжваеннай Польшчы, якая пасьлядоўна выступала за дзяржаўную самастойнасьць Беларусі. Самая вялікая партыя 1920-ых гадоў у Заходняй Беларусі. Друкаваным органам была газэта «Беларуская справа», пазьней — «Народная справа».
Грамада была заснаваная 24 чэрвеня 1925 году ў Сойме Польшчы пасольскім клюбам БСРГ, а ў траўні 1926 годзе пачалі стварацца суполкі ў ваяводзтвах і паветах. Грамада здабыла агромністую вядомасьць і прыхільнасьць насельнікаў зямель, дзе большасьць — беларусы. Польскі ўрад быў вымушаны прыняць незаконныя меры па барацьбе з Грамадою. Вядомыя дзеячы Грамады былі ілжыва абвінавачаны ў камунізьме і прыгавораныя да зьняволеньня. У канцы 1927 году з-за недасягненьня сваіх задачаў Грамада страціла сваю прыхільнасьць простых людзей. На вядомых дзеячоў Грамады працягваліся ганеньні да зьнішчэньня Польшчы ў верасьні 1939 году ў выніку нападу Нямеччыны і СССР.
БСРГ была ўтвораная 24 чэрвеня[1] 1925 году на аснове групы прадстаўнікоў беларускай меншасьці ў польскім Сойме, у якую ўваходзілі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётра Мятла, Павал Валошын.
Асноўныя патрабаваньні ў праграме БСРГ былі наступныя:
- увядзеньне дэмакратычнага самакіраваньня;
- увядзеньне васьмігадзіннага працоўнага дня;
- наданьне шырокіх грамадзянскіх правоў беларускай мове;
- касаваньне асадніцтва (земляўласьніцтва польскіх каляністаў у Заходняй Беларусі);
- канфіскацыя абшарніцкай зямлі і бясплатная перадача яе безьзямельнаму і малазямельнаму сялянству.
Таксама ставілася задача аб’яднаць усе этнічныя беларускія тэрыторыі ў межах адной дзяржавы.
Партыя разгарнула актыўную дзейнасьць і наладзіла выданьне пэрыёдыкі. Да лістападу 1926 году БСРГ згуртавала ў сваіх шэрагах 120 тысячаў чалавек. Побач з нацыянальна-вызваленчай рыторыкай актыўна ўжывалася сацыяльная тэма. У значнай ступені БСРГ сымпатызавала саветам і таму лічылася ў Польшчы прасавецкай партыяй. У сваю чаргу, СССР спрабаваў узяць Грамаду пад свой кантроль, каб надаць беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху ў Польшчы клясавы характар.
Земскія ўстановы
З пачатку траўня 1926 году Грамада пачала ствараць суполкі ў многіх паветах. Суполкі меліся ў местах, мястэчках і нават вёсках. Суполкі аб’ядноўваліся ў павятовыя (акружныя) суполкі, а яны аб’ядноўваліся ў ваяводзкія суполкі. Над ваяводзкімі суполкамі была вышэйшая суполка — Цэнтральны камітэт Беларускае сялянска-работніцкае грамады (коратка ЦК БСРГ).
Задачы
Грамада абвясьціла задачы, якія хацела дасягнуць законнымі спосабамі дзейнасьці. Гэтыя задачы:
- адбіраньне зямель паноў, касьцёлаў і царквы, а затым дармовая перадача тых зямель сялянам, якія будуць іх араць.
- 8-гадзінны рабочы дзень для работнікаў.
- свабоды і аб’яднаньня беларускіх зямель у адзіную беларускую сялянска-работніцкую дзяржаву.
- народнае роўнасьці беларусаў з палякамі.
- свабоды палітвязьням.
- стварэньне школы на роднай мове, у тым ліку на беларускай мове.
- аддзяленьне царквы ад дзяржавы.
- забарона асадніцтва.
Галоўная ўправа
Галоўная ўправа Грамады — Цэнтральны камітэт Беларускае сялянска-работніцкае грамады (ЦК БСРГ). Яна месьцілася ў Вільні і забясьпечвала сувязь пасольскага клюбу Грамады з суполкамі на месцах.
Старшынём галоўнае ўправы быў Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч. Ягоны намесьнік — Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі. Сябрамі галоўнае ўправы былі:
Пісарам Галоўнае ўправы быў Максім Бурсевіч. Ён узначальваў г. зв. «цэнтральны сакратарыят», які выконваў тэхнічныя пытаньні наладжваньня і падтрымкі сувязі зь земскімі ўстановамі Грамады ў ваяводзтвах і паветах.
Паветы
Гурткі ў паветах былі створаныя ў 1926 — пачатку 1927 гадоў.
У Гарадзенскім павеце ў студзені 1927 году было 220 гурткоў, якія мелі больш за 10 000 сябраў.
У Наваградзкім павеце было 228 гурткоў, якія мелі больш за 10 000 сябраў.
У Слонімскім павеце было 167 гурткоў, якія мелі больш за 10 000 сябраў.
У Ваўкавыскім павеце было 107 гурткоў, якія мелі больш за 2 900 сябраў.
У Лідзкім павеце было 65 гурткоў, якія мелі каля 2 000 сябраў.
.
Былі і ў іншых паветах гурткі.
Гаразенскі павет меў сваю павятовую (акружную) суполку, якая была створаная 13 чэрвеня 1926 году. Павятовую суполку ўзначаліў М. Якімовіч[a]. На павятовым зьезьдзе, які адбыўся 19 верасьня 1926 году, была выбраная ўправа суполкі. Старшынём стаў В. Шушкевіч, а пісарам[b] В. Паддубік.
Управа Наваградзкае павятовае суполкі мела асабовы склад:
- старшыня — І. Кузьміч
- пісар — К. Гоцка.
- члены — А. Сяргееў, А. Троска, І. Скаварада.
Управа Слонімскае павятовае суполкі мела асабовы склад:
- М. Ефімовіч
- А. Марчык
- С. Саванец
- І. Шацько
- М. Бэгер
Управа Ваўкавыскае павятовае суполкі мела асабовы склад:
- В. Шкодзіч
- С. Шчыглінскі
- А. Патоцкі
- С. Якоўскі
Управа Лідзкае павятовае суполкі мела асабовы склад:
- В. Салыга
- К. Шымкевіч
- і іншыя
Дзейнасьць
Беларуская сялянска-работніцкая грамада стварала суполкі і аб'ядноўвала простых людзей, якія хацелі выказаць свае патрэбы і жаданьні. Грамада выступала супраць асадніцтва, насільля з боку мясцовых польскіх уладаў, вялікае колькасьці падаткаў, паншчыны і дзяржаўных дармовых работаў. Грамада патрабавала вызваленьня асобаў асуджаных па надуманых і ілжвых абвінавачваньнях, асабліва па палітыных прычынах.
У студзені — жніўні 1926 году ў Горадні выступалі паслы на Сойм Тарашкеівч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын. Яны выкладалі перад людзьмі задачы Грамады і свае патрабаваньні. Іх выступленьні мелі попыт і падтрымку насельнікаў. У ліпені — жніўні 1926 году ў Віленскім, Наваградзкім ваяводзтвах адбыліся многія народныя вулічныя вечы, дзе меліся наступныя патрабаваньні[2]:
- «Далоў фашысцкі ўрад Пілсудзкага!»
- «Патрабуем свабоду палітвязьням!»
У 1926 годзе на сьвята работы — 1 траўня - былі саборы й вечы людзей. Яны адбыліся ў многіх местах, мястэчках і вёсках: Горадні, Слоніме, Лідзе, Наваградку, Карэлічах. У іх узялі ўдзел тысячы людзей.
У студзені 1927 году ў Варшаве Польскі ўрад прыняў рашэньне па барацьбе з Грамадою. МУС Польшчы пачало арышты вядомых дзеячоў Грамады. У лютым 1927 году былі самачынныя саборы на вуліцах местаў і вёсак (Горадня, Навагародак, Ліда, Слонім, Скідзель і інш.), дзе выступалі ў абарону Грамады й яе патрабаваньняў. У Слоніме сабралося больш за 10 000 людзей. У вёсках каля Горадні было сабрана каля 4500 подпісаў у абарону Грамады. Рабочыя саюзы Горадні прынялі рашэньне аб абароне Грамады. Спробы МУС Польшчы па разгоне сабораў не далі вынікаў, бо МУС ня мела столькі людзей для разгону такога шматлюднага руху Польшчы. У сакавіку 1927 году дзяржава прыняла рашэньне аб забароне дзейнасьці Грамады. Вядомых дзеячоў Грамады пачалі асуджаць да доўгіх гадоў зьняволеньня. Аднак першая палова 1927 году мела вялікую колькасьць народных вечаў у падтрымку Грамады, а большасьць простых грамадоўцаў не былі пакараныя ўладамі, бо яна ня мела такіх сродкаў для задушэньня шматлюдных вечаў.
Дзейнасьць БСРГ прыцягнула ўвагу ўсяго сьвету. Яна мела падтрымку ў многіх краінах сьвету: ЗША, СССР, Францыі, Вялікабрытаніі, Чэхаславаччыне й інш.
У студзені 1927 году адбыліся масавыя арышты кіраўніцтва і актыву Грамады. Паслоў ад парлямэнцкай фракцыі БСРГ пазбавілі дэпутацкага імунітэту і зьняволілі, а праз год засудзілі на катаргу. Празь некалькі гадоў шэраг актывістаў БСРГ былі абмененыя Польшчай на бальшавіцкіх вязьняў і перададзеныя СССР, дзе тыя былі расстраляныя — як «польскія шпіёны». У сакавіку 1927 году БСРГ была афіцыйна забароненая.
Горадня
Гарадзенскі міжпартыйны камітэт[3] — часовая ўстанова, якая была створаная ў чэрвені 1926 году. Заснавальнікі:
- гарадзенская павятовая суполка БРСГ
- КПЗБ
- ППС—лявіца
- Незалежная сацыялістычная грамада Польшчы
Установа была заснаваная для правядзеньня сабораў на вуліцы, шэсьцяў, збору подпісаў за вызваленьне з турмаў палітычных зьняволеных. Летам 1926 году былі праведзеныя вечы 1,5—2 тыс. чалавек, на якіх былі прынятыя пастанова аб вызваленьні зьняволеных асобаў, прадастаўленьня дэмакратычных свабодаў. Былі праведзеныя вечы ў Скідзелі, Індуры, Луньне і ў іншых вёсках. Пасьля забароны БРСГ у 1927 годзе прыхільнікі БСРГ у Гарадзенскім павеце працягнулі дзейнасьць пад шыльдаю Гарадзенскага міжпартыйнага камітэту. Пад ціскам міжнароднае супольнасьці (Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і да т. п.) у 1928 годзе Ўрад Польшчы аб'явіў аб зьніжэньні на палову часу зьняволеньня для непаўнагадовых і на 1/3 — для дарослых. Частка палітвязьняў была вызваленая.
З 1926 па 1938 гады ў Горадні «грамадоўцы» мелі сваю друкарню[4]. Пасьля прыпыненьня дзейнасьці БСРГ у 1927 годзе друкарню выкарыстоўвалі тайна для цісьненьня лістоў для КПЗБ.
Друкарню наладзіў М. Ш. Жукоўскі-Зыльбэр[c]. Яна была ў гарадзенскім замосьці на вуліцы Ласасянская, дом 48 (зараз тая вуліца называецца вуліца Савецкіх Пагранічнікаў), у падпольлі дому І. І. Пата (дом не захаваўся)[5]. Самі тэксты для лістоў прывозілі зь Вільні, Беластоку. Паперы і чарнілы знаходзілі ў Горадні. Першыя ўлёткі пачалі ціснуць у верасьні 1926 году. Іх раскідвалі ў Горадні й яе ваколіцах. Былі выпадкі раздачы ўлётак па ўсёй Польшчы. Друкарня рабіла да 1938 году. У 1930 годзе сябра КПЗБ В. Станкевіч стварыў друкарню для КПЗБ. Яна былі ў доме Лапіна, а ён быў уласьнікам Гарадзенскае літаграфіі і фабрыкі забаўляльных картаў на вуліцы Будзённага. З-за адсутнасьці пячатных знакаў тэксты для ўлётак пісалі рукамі на «аснове» і далей тую «аснову» ціснулі на паперы. Чарнілы сохлі і ўлётка была гатовая.
Суд над 75-цю
З 10 па 21 чэрвеня 1929 году ў ў будынку акруговага суду Горадні (цяпер будынак на вул. Савецкай, 31) судзілі 75-х сябраў БСРГ.
У Косаве сабраліся 3 лютага 1927 году на веча людзі, бо былі незадаволеныя забаронаю дзейнасьці БСРГ. У Косаўскім павеце былі іншыя вечы й саборы ў вёсках з-за забароны дзейнасьці БСРГ. Спробы падавіць сілай і разагнаць вечы ў польскіх уладаў не было сілаў і людзей. Пасьля разыходжаньня людзей па дамах улады пачалі паланіць выпадковых асобаў. Агулам арыштавалі каля 200 асобаў. Сьледзтва па іхняй справе вялося каля 2 гадоў. Не было доказаў іх удзелу ў вечах. Ім спрабавалі абвінаваціць у камунізьме, але доказаў не было. Асноваю суду сталі паказаньні дзяржаўных слугаў: паліцыянтаў, слугаў павятовых і валасных урадаў — асобаў, якія былі грашова залежныя ад дзяржавы.
Абвіначаныя былі 75 асобаў. Іх вінавацілі ў камунізьме і спробе сілай зьнішчыць уладу і далучыць усход Польшчы да СССР. Галоўныя абвіначаныя былі:
- Н. Л. Перавалоцкі
- П. Уласавец
- А. Г. Сьвяргун.
Задача суду была паказаць насельнікам Польшчы, што польскага дзяржава перамагла і яе ворагі беларусы пабітыя і пераможаныя.
Суд адбываўся закрытым. Былі толькі «свае» сьведкі. Асноваю доказаў былі казаньні паліцыянтаў і тайных слугаў польскае «дэфэнзывы» (тайная служба Польшчы). Абвінавачаныя мелі 18 заступнікаў на 75 чалавек абвінавачаных, што значыць на 4 абвіначаных быў 1 заступнік. Пад час аднаго асабістага пошуку на целе ў абвіначанага знайшлі чырвонае палотнішча. Яго адабралі. На судзе абвіначаныя выступалі з прамовамі, дзе выказвалі сваю нянавісьць да ўраду Польшчы.
Суд пакараў строгім затворам у астрог Н. Л. Перавалоцкага да 15 гадоў, П. Уласаўца да 12 гадоў, А. Г. Сьвяргуна да 10 гадоў. Астатніх пакаралі цяжкімі работамі: 3 асобаў да 8 гадоў, 7 да 6 гадоў, 9 да 5 гадоў, 24 да 4 гадоў, 10 да 2 гадоў. Пры агалошаньні судом свайго рашэньня абвіначаныя крычалі: «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!», «Далоў крывавую дыктатуру Пілсудзкага!»[6]. Пасьля агалошаньня абвінавачаных сілай выгналі паліцыянты з суду. Некаторыя затворнікі Гарадзенскае турмы аб'явілі галадоўку, бо былі незадаволеныя жорсткім пакараньнем беларусаў.
40 гадоў
У Беластоку ў кінатэатры прафсаюзаў урачыста адзначылі 40-годзьдзе Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. Сярод гасьцей былі Альфрэд Фідаркевіч і Фэлікс Галавач — саюзьнікі ў Сойме Польшчы для грамадаўскіх паслоў. Сьвяткаваньне 40-годзьдзя Грамады доўжылася да канца 1965 году. 16 верасьня 1965 году ў Музэі рэвалюцыйнага руху ў Беластоку адкрылася выстаўка «Беларуская сялянска-работніцкая грамада». 27 кастрычніка 1965 году ў сьвятліцы для канфэрэнцыяў выканкаму ПАРП адбылося навуковае паседжаньне. Удзельнічалі ў ім польскія й беларускія навукоўцы, рэвалюцыйныя дзеячы, грамадаўцы.
50 год
У 1975 годзе адзначылі 50-годзьдзе Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады[7]. Мерапрыемства было пад наглядам новае ўправы Беластоцкага выканкаму ПАРП новага Беластоцкага ваяводзтва. Галіна Пятроўская, пісар па праваслаўленьні ПАРП, даверыла пісаць сваю прамову Г. Валкавыцкаму. У прамове павінная была быць гісторыя. Перад прамоваю Г. Валкавыцкі даў запіс прамовы для ўзгадненьня з Галінаю Пятроўскаю. Яна не адобрыла прамову. Выкінула ўсе словы, зьвязаныя з беларускаю справаю. Засталіся толькі крыкамі аб новых подзьвігах.
Заўвагі
Крыніцы
- ^ Дзьве даты: 24 чэрвеня // Зьвязда : газэта. — 24 чэрвеня 2010. — № 121 (26729). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Гродно. Энциклопедический справочник /Белоруская Советская Энциклопедия; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989.—438 с, [12] л. ил.: ил., с. 93.
- ^ Горадня. Энцыкляпэдычны даведнік. = Гродно. Энциклопедический справочник.. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Пятруся Броўкі, 1989. — С. 172. — 439 с. — 60 000 ас.
- ^ І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. «Гродно. Энциклопедический справочник.». — Менск: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1989. — С. 336 — 337. — 427 с. — 60 000 ас.
- ^ І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. «Гродно. Энциклопедический справочник.». — Менск: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1989. — С. 336 — 337. — 389 с. — 60 000 ас.
- ^ І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. «Гродно. Энциклопедический справочник.». — Менск: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1989. — С. 336 — 337. — 438 с. — 60 000 ас.
- ^ Валкавыцкі, Георгі Віры. Нататкі рэдактара / Я. Чыквін. — Беласток: Ортдрук, 1991. — С. 148. — 184 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).
Вонкавыя спасылкі
- Чаму была разгромленая Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада? — 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі
- Разгром «Грамады» за кулісамі палітычнага скандалу
- У новай айчыне. Штодзённае жыцьцё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны пэрыяд.