Перайсьці да зьместу

Язэп Горыд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Язэп Горыд
Імя пры нараджэньні Язэп Міхайлавіч Горыд
Дата нараджэньня 27 ліпеня 1896
Месца нараджэньня Адэса
Дата сьмерці 1 верасьня 1939 (43 гады)
Месца сьмерці Польшча
Месца вучобы
  • Унівэрсытэт Стэфана Баторыя[d]
Занятак маляр
Жанры партрэт, пэйзаж, карыкатура[d] і ілюстрацыя[d]

Язэ́п Міха́йлавіч Го́рыд (27 ліпеня 1896, Адэса — 1 верасьня 1939) — заходнебеларускі мастак.

Горыд побач зь вітражом, выкананым для віленскага афіцэрскага казіно
Манаграма Горыда
Вокладка кнігі А. Грыневіча «Дзіцячы сьпеўнік», аздобленая Горыдам
Карыкатура Горыда на Юзэфа Пілсудзкага ў часопісе Маланка

Нарадзіўся ў Адэсе. Маці Браніслава Янкоўская. У Марыюпалі скончыў школу. Пайшоў на фронт Першай сусьветнай вольнапісаным. На Кубані далучыўся да польскага войска Люцыяна Жалігоўскага, у складзе якога — праз Бэсарабію і Галіцыю — тройчы паранены стралец Язэп дайшоў у 1921 годзе да Вільні[1].

У 1923—1928 гадах навучаўся на Мастацкім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. Займаўся прыкладной і станковай графікай, станковым і манумэнтальным жывапісам.

У 1925 годзе ён аздобіў выданьне фальклярыста і музыказнаўцы Антона Грыневіча «Беларускі дзіцячы сьпеўнік». У сьнежні 1926 году распрацаваў лягатып Грамадоўскай газэты «Narodny zwon»[1]. Да 1928 году вядучы мастак сатырычнага часопісу «Маланка», афармляў кнігі М. Багдановіча «Вянок» (2-е выданьне), М. Васілька «Шум баравы», М. Танка «Журавінавы цьвет», Р. Шырмы «Беларускія народныя песьні», Я. Станкевіча «Беларускія (крывіцкія) казкі», заходнебеларускія падручнікі.

Сымон Рак-Міхайлоўскі замовіў партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы. У менскім музэі Купалы захоўваецца графічны адбітак партрэта песьняра аўтарства Ніны Сасноўскай і Язэпа Горыда. Спадарыня Ніна зрабіла алоўкавы малюнак, а Горыд перавёў яго на літаграфскі камень[1].

У чэрвені 1928 году Горыда «адмыслова запрасілі» паўдзельнічаць у выстаўцы, што павінна была адбыцца ў памяшканьні рэстарацыі Ўрублеўскіх (на рагу Міцкевіча і Арэшкоўскага), на якую даслаў свае тры працы і вядомы мастак Людамір Сьляндзінскі.

Паціху адыходзіць ад малааплочваемай працы над беларускімі выданьнямі. Атрымлівае памяшканьне пад часовую майстэрню ў бэрнардынскіх мурах, дзе выконвае першую манумэнтальную замову, якая істотна падмацавала яго фінансавы стан. У 1929 годзе ўдзельнічае ў дзьвюх выстаўках: у Вільні і Познані са сваімі станковымі творамі.

З 1928 году навучаўся ў Парыжы, дзе рабіў свае выстаўкі ў 1925, 1928, 1930 гадох. У 1930 годзе пасьля сваёй выстаўкі ў Галерэі Зак вяртаецца ў Вільню.

Па вяртаньні робіцца папулярным мастаком, мае шмат замоваў. Удзельнічаў у распачатай 14 чэрвеня 1931 году выстаўцы, прымеркаванай да запачаткаваньня музэю сучаснага мастацтва. Прэзэнтаваў свае працы на І Выстаўцы твораў віленскіх мастакоў у Друскеніках. Ад пачатку 1932 году, тры гады запар, яго выставы атрымлівалі рэзананс у Варшаве. Год працаваў над замовай па выкананьні вітражу і фрэсак у прэзэнтацыйнай зале віленскага гарнізоннага казіно, у якой прадставіў сымбалічныя сцэны вызваленьня і адраджэньня Польшчы, што было ўспрынята замоўцамі патэтычна.

У кастрычніку 1932 году зладзіў пэрсанальную выстаўку з 50-ці твораў. Тады ж, у 1930-я гады, зрабіў сграфіта на адміністрацыйным будынку, што на вуліцы Дамініканскай. У агульную, трохколерную кампазыцыю расьлінна-дэкаратыўнага арнамэнту, побач зь нябесным апекуном Вільні, навечна пасяліў Скарынаўскі відарыс, што захаваўся да сёньня.

Паводле некаторых зьвестак, загінуў у часе бамбаваньня Варшавы 1 верасьня 1939 году[2]. Паводле іншых зьвестак загінуў пад Вільняй[3].

Аб’ёмны росьпіс (над першым паверхам) каляровымі тынкоўкамі (сграфіта). Будынак на вуліца Дамініканская.

Дасюль захаваўся аб’ёмны росьпіс у беларускім стылі, з выкарыстаньнем малюнкаў з гравюраў Скарыны каляровымі тынкоўкамі (сграфіта) будынку на вуліцы Дамініканская[1].

  • Партрэт скульптара Рафала Яўхімовіча, 1929, год набыцьця 1956
  • Вільня, Лукішкі, пляц узімку 1932, год набыцьця 1958
  • Віленская бажніца сьв. Яна з усходняга боку і дамы на вуліцы сьвятога Міхала (бяз году)
  • Нёман з рыбакамі на беразе
  • Узгорак

У цэнтральным дзяржаўным архіве Летувы захоўваюцца яго заліковая кніжка, фота, даведкі ўнівэрсытэту[2].

  1. ^ а б в г Пілігрымка мастака Язэпа Горыда(недаступная спасылка) Сяргей Гваздзёў Новы Час 02-04-2010
  2. ^ а б Вяртаньне-6, Менск, 1999 Беларускі фонд культуры с.102
  3. ^ Каталёг аўкцыёну(недаступная спасылка)
  4. ^ Вяртаньне-6, Менск, 1999 Беларускі фонд культуры с. 109—100

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Горыдсховішча мультымэдыйных матэрыялаў