Быцень
Быцень лац. Bycień | |
Прачысьценская царква | |
Першыя згадкі: | 1555 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Івацэвіцкі |
Сельсавет: | Быценскі |
Насельніцтва: | 1579 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1645 |
Паштовы індэкс: | 225281 |
СААТА: | 1234808006 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°52′54″ пн. ш. 25°29′49″ у. д. / 52.88167° пн. ш. 25.49694° у. д.Каардынаты: 52°52′54″ пн. ш. 25°29′49″ у. д. / 52.88167° пн. ш. 25.49694° у. д. |
± Быцень | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Бы́цень[1] — вёска ў Беларусі, пры ўтоку ракі Пяшчанкі ў Шчару. Цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1579 чалавек. Знаходзіцца за 28 км на паўночны ўсход ад Івацэвічаў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Даманава; на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Слонім.
Быцень — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Прачыстай Багародзіцы ў стылі рэнэсансу, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Язафата ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны расейскімі і зьнішчаны дашчэнту савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Быцень утварыўся ад асноваў «быць», «быцень» — 'часовая стаянка на знаёмым месцы', або 'месца былой стаянкі'[2].
Таксама сустракаецца форма назвы Бытэнь[3][4]. Тым часам мясцовыя жыхары называюць мястэчка Бытань[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Быцень як маёнтак у Слонімскім павеце Наваградзкага ваяводзтва, уладаньне роду Давойнаў датуецца 12 траўня 1555 году. Пазьней маёнтак перайшоў да князёў Сямёна Адзінцэвіча і Фёдара Галаўні, у 1560 годзе — да Яна Хадкевіча. На 1570 год тут было 25 дамоў, 11 кастрычніка 1570 году Соф’я Хадкевіч адпісала трэцюю частку маёнтку свайму пляменьніку Я. Хадкевічу, таго ж году Станіслаў і Крыштап Андрушкевічы прадалі яму свае землі ў навакольлі.
У канцы XVI ст. Быцень перайшоў да шляхецкага роду Трызнаў. У 1607 годзе Рыгор Трызна з жонкай Раінай Сапяжанкай фундавалі тут будаваньне манастыра, які неўзабаве стаў апорай грэка-каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1615 годзе Папа Рымскі надаў манастыру прывілей на адкрыцьцё духоўнай школы (навіцыянту). Тутэйшым настаяцелем быў Язафат Кунцэвіч. У 1626 годзе Мікалай Трызна заснаваў у Быцені шпіталь на 10 месцаў. 30 ліпеня 1640 году ў сваім тэстамэнце ён перадаў манахам мястэчка і маёнтак Быцень, а таксама завяшчаў пахаваць сябе ў Прачысьценскай царкве.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быценскі манастыр даў прытулак базылянам зь Вільні, Полацку, Віцебску, Менску. Настаяцель Б. Цярлецкі вывез сюды зь Віленскага Траецкага манастыра цудоўны абраз Маці Боскай. Апроч таго, тут захоўваўся абраз Жыровіцкай Маці Боскай.
У пачатку XVІІI ст. у Быцені збудавалі мураваную Траецкую царкву, у 1730—1737 гадох у ёй паставілі разны іканастас і 11 алтароў. З 1766 году ў мястэчку працавала суконная фабрыка. У 1779 годзе па працяглых судовых працэсах маёнтак перайшоў у валоданьне нашчадкаў Трызнаў — Тызэнгаўзаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Быцень апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце. У 1839 годзе пры гвалтоўным ліквідацыі уніі расейскія ўлады інтэрніравалі ў Быценскі манастыр непакорных уніяцкіх сьвятароў[6]. На 1858 год у мястэчку было 134 двары. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі тут народную вучэльню.
На 1866 год у Быцені існавалі валасная і грамадзкая ўправы, 2 царквы, сынагога, школа, суконная фабрыка, заезны дом, нямала крамаў, рынак; за 2 вярсты ад мястэчка — маёнтак Плянта, у ім бровар, піўны і соладавы заводы. У 1890 годзе пачало працаваць мукамольнае прадпрыемства.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1914[7] годзе на загад генэрала Аляксеева расейскія войскі ўзарвалі ў Быцені царкву Сьвятога Язафата[8]. Пазьней мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Цэрквы Сьвятога Язафата і Прачыстай Багародзіцы
-
Плян манастыра
-
Царква Сьвятога Язафата, з боку апсыды
-
Званіца
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быцень абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[9]. 24 лютага 1919 году аддзел польскага войска пад камандаю маёра Ўладзіслава Дамброўскага адбіў мястэчка з рук бальшавікоў. Ён прымусіў уцякаць кіраўніцтва 4-га Рэвалюцыйнага Варшаўскага палку Чырвонай арміі, здабыў цяжкі кулямёт, вайсковую кухню, 100 ручных кулямётаў, 500 гранатаў, мільён куляў да кулямётаў і два тэлефоны. У палон трапілі 50 салдатаў. Польскі бок страціў 1 забітага і 8 параненых. У змаганьні асабліва вызначыліся падпаручнікі Валентыновіч, Марэшка і Барскі, а таксама артылерысты з панцарнага цягніка 'Канёў'[10]. Аднак гэта быў толькі правакацыйны наступ, па якім польскія сілы пакінулі мястэчка. Быцень быў заняты зноў 28 лютага аддзелам капітана Шчэнсновіча, у часе наступу польскіх войскаў у бок ракі Шчары. 1 сакавіка бальшавікі атачылі мястэчка. Зь яго вырвалася толькі польская кавалерыя, а пяхота засталася ў Быцені і баранілася да канца. У змаганьнях загінулі 10 польскіх жаўнераў разам з падпаручнікам Фалькоўскім, астатнія, у тым ліку 4 цяжка параненыя з падпаручнікам Сабалеўскім, патрапілі ў бальшавіцкі палон. Змаганьне паміж польскімі і бальшавіцкімі сіламі трывала да 6 сакавіка, калі мястэчка канчаткова заняла польскае войска ў выніку сьмелага наступу аддзелу капітана В. Камяроўскага з групы войскаў генэрала В. Івашкевіча-Рудашанскага[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Быцень апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 годзе Быцень увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 8 студзеня 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці). Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут працавалі пачатковая школа, лякарня, пошта, лесапільны завод, шавецкая і кравецкая арцелі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 10 ліпеня 1944 году Быцень знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 14 кастрычніка 1957 году вёска ўвайшла ў склад Івацэвіцкага раёну (з 25 сьнежня 1962 да 6 студзеня 1965 году ў Бярозаўскім раёне). На 1970 год тут было 699 двароў, на 1995 год — 1104, на 2005 год — 876, на 2008 год — 818. У 2000-я гады Быцень атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку». 27 верасьня 2011 году ў склад Быценю ўвайшлі вёскі Зарэчча і Козіна[12].
-
Царква Сьвятога Язафата, да 1915 г.
-
Манастыр, па 1915 г.
-
Манастыр, званіца
-
Манастыр, брама
-
Царква Сьвятога Язафата, алтар
-
Касьцёл, 25.05.1929 г.
-
Маставая вуліца, 1930-я гг.
-
Сынагога, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 398 муж., зь іх шляхты 14, духоўнага стану 28, мяшчанаў-юдэяў 205, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 150, жабракоў 1[13]; 1858 год — 975 чал., у тым ліку 403 праваслаўныя, 63 каталікі, 509 юдэяў[14]; 1867 год — 922 чал., зь іх паводле стану шляхты 11, духоўнага стану 30, купцоў 30, сялянаў 430, мяшчанаў 434[15]; 1886 год — 1281 чал.; 1888 год — 1513 чал.; 1897 год — 2681 чал., зь іх 1614 юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 2318 чал.; 1950 год — 1847 чал.; 1952 год — 1875 чал.; 1958 год — 1958 чал.; 1970 год — 2292 чал.[16]; 1979 год — 2373 чал.; 1990 год — 2759 чал.[17]; 1995 год — 2108 чал.[18]; 1997 год — 1947 чал.; 1999 год — 1798 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 1674 чал.; 2005 год — 1876 чал.[7]; 1 студзеня 2008 году — 1772 чал.; 2010 год — 1579 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Быцені працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, лякарня, паліклініка, клюб, бібліятэка, пошта, камбінат побытавага абслугоўваньня, лазьня.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Савецкая вуліца | Маставая вуліца | 3 траўня вуліца |
? | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Быценю да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Слонімская і Козінская.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Прачыстай Багародзіцы (XVІI ст.; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Парк пры былой сядзібе Кралецкіх
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Манастыр Прачыстай Багародзіцы: царква Сьвятога Язафата (пач. XVІIІ ст.), манастырскі корпус (XVII ст.), званіца (пач. XVІIІ ст.)
- Касьцёл (1930-я)
- Сынагога
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
На гістарычным Рынку
-
Памятная дошка
-
Юдэйскія могілкі
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікола Грынчык (1923—1999) — беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўаец
- Любоў Грынчык (1923—2009) — беларуская сьпавачка й гітарыстка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 150.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 42.
- ^ Гатоўчыц І. Галасы стагодзьдзя. Мінулы век у памяці сучасьнікаў, Радыё Свабода, 1995—2000 гг.
- ^ Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека(недаступная спасылка). — Менск, 1990.
- ^ Канановіч М. Бытень, Быцень ці Бытань? // Газета Слонімская. № 47 (806), 14 лістапада 2012. С. 6 [1]
- ^ Зайка А. Быцень: багатая гісторыя былога мястэчка // Газета для вас. № 13 (691), 27 сакавіка — 3 красавіка 2009 г.
- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 452.
- ^ Старая Бытенская церковь, Большой Русский Альбом
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 59—60.
- ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 64.
- ^ «О некоторых вопросах административно-территориального устройства Бытенского сельсовета». Решение Ивацевичского районного Совета депутатов от 27 сентября 2011 г. № 81 (рас.)
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 518.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 454.
- ^ Камінскі М., Шаблюк В. Быцень // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 152.
- ^ Камінскі М., Шаблюк В. Быцень // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 151.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 380.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
- Зайка А. Быцень: багатая гісторыя былога мястэчка // Газета для вас. № 13 (691), 27 сакавіка — 3 красавіка 2009 г.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|