Перайсьці да зьместу

Берасьцейская крэпасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік гісторыі
Берасьцейская крэпасьць
Холмская брама Берасьцейскай крэпасьці
Холмская брама Берасьцейскай крэпасьці
Краіна Беларусь
Горад Берасьце
Каардынаты 52°4′55.2″ пн. ш. 23°39′28.8″ у. д. / 52.082° пн. ш. 23.658° у. д. / 52.082; 23.658Каардынаты: 52°4′55.2″ пн. ш. 23°39′28.8″ у. д. / 52.082° пн. ш. 23.658° у. д. / 52.082; 23.658
Тып будынка Фартэцыя
Аўтар праекту інжынэр-генэрал К. І. Опэрман
Будаўнік генэрал-маёр І. І. Дэн
Заснавальнік Мікалай I
Першае згадваньне 1831
Дата заснаваньня 1 чэрвеня 1836 году
Будаваньне 1 чэрвеня 1836 году—26 красавіка 1842 году
Прыбудоўкі 1864 год
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[1]
Сайт brest-fortress.by (рас.)
Берасьцейская крэпасьць на мапе Беларусі
Берасьцейская крэпасьць
Берасьцейская крэпасьць
Берасьцейская крэпасьць
Берасьцейская крэпасьць на Вікісховішчы

Берасьцейская крэпасьць або фартэцыя — помнік гісторыі XIX — пачатку XX стагодзьдзя ў Берасьці («Брэст-Літоўску»). Знаходзіцца на чатырох выспах, утвораных рэкамі Бугам і Мухаўцом, іх рукавамі і сыстэмай каналаў. Будавалася ўладамі Расейскай імпэрыі паводле праекту расейскіх генэралаў Малецкага і Карла Апэрмана, палкоўніка А. Фэльдмана, у 1832 годзе найвышэйшы нагляд за будаваньнем фартэцыі ўсклалі на генэрал-фэльдмаршала Фёдара Паскевіча. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс фартыфікацыяў Расейскай імпэрыі збудавалі на месцы зруйнаванай расейцамі гістарычнай забудовы сталіцы аднаго з ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага — старажытнага замка, Мікольскай царквы, дзе праваслаўныя Літоўскай мітраполіі аднавілі еднасьць зь Сьвятым Пасадам, Фары Вітаўта, комплексаў базылянскага манастыра з царквой Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, кляштару бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Яна Хрысьціцеля, калегіюму езуітаў з касьцёлам Езуса і Сьвятога Казімера, кляштару брыгітак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, кляштару аўгустынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятой Барбары і кляштару дамінканаў з касьцёлам Сьвятой Соф'і, мураванага комплексу Рынку з ратушай, Вялікай сынагогі і палаца князёў Чартарыйскіх, помнікаў архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагодзьдзяў[2].

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зьнішчэньне Берасьця. Карціна М. Залескага, 1846 г.

У 1830 годзе маскоўскі гаспадар Мікалай I (1825—1855) ухваліў праект крэпасьці ў Берасьці (Гарадзенская губэрня), па чым праз тры гады зацьвердзіў плян яе будаваньня[3]. 6 чэрвеня 1833 году пачаліся масавыя земляныя працы. У сувязі з пабудовай крэпасьці Берасьце перанесьлі на ўсход на 3 км, а яго гістарычную забудовы зьнішчылі або зьнявечылі дзеля вайсковых мэтаў. Калі земляныя працы ў асноўным скончыліся, 1 чэрвеня 1836 году адбылася закладка першага каменя, у які замуравалі бронзавыя дошку з памятным надпісам і шкатулку з манэтамі.

Фартэцыя. М. Залескі, 1846 г.

26 красавіка 1842 году Берасьцейская крэпасьць пачала дзейнічаць як фартэцыя першай клясы. Кампазыцыйны цэнтар Цытадэлі — гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—1879 гады, архітэктар Г. Грым). Тут жа ў будынку былога кляштару езуітаў (узьведзены ў 1623, адноўлены ў 1679 годзе) месьцілася канцылярыя камэнданта крэпасьці. Будынак царквы базылянаў (1629 год, пазьней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казыно.

На пачатку свайго існаваньня крэпасьць была адным з найбольш дасканалых фартыфікацыйных умацаваньняў Расейскай імпэрыі. Зьяўленьне наразной артылерыі запатрабавала перабудовы крэпасьці і ўзьвядзеньня вакол яе поясу новых умацаваньняў. У 1863 годзе ў адпаведнасьці з запіскай генэрала Э. Татлебена аб мадэрнізацыі крэпасьцяў Расеі (1862 год) пачалася яе рэканструкцыя. Быў патоўшчаны галоўны вал, узьведзена 2 рэдзюіты на Кобрынскім умацаваньні, напраўленыя на Цярэспальскім, пабудаваныя 2 парахавыя склады ўмяшчальнасьцю па 5 тыс. пудоў ды іншае. У 1878 годзе зацьверджаны плян будаваньня перадавых умацаваньняў. Да 1888 году на адлегласьці 3—4,5 км адзін ад аднаго ўзьведзена 9 фортаў, у кожным зь якіх можна было разьмясьціць каля 200 чалавек і да 20 гарматаў. Даўжыня абарончай лініі дасягнула 30 км.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у крэпасьці адбыліся Берасьцейскія выступленьні салдатаў. У 1912 годзе зацьверджаны генэральны плян пашырэньня крэпасьці на 1912—1921 гады. За 6—7 км ад ядра крэпасьці меркавалася збудаваць новы фортавы пояс, прадугледжвалася ўмацаваньне й перабудова састарэлых збудаваньняў. Улетку 1913 году пачалося будаваньне. Да Першай сусьветнай вайны толькі 2 форты былі скончаныя цалкам, 8 — збудаваныя часткова. З аб’яўленьнем мабілізацыі крэпасьць стала пунктам папаўненьня дзейнай арміі і базай забесьпячэньня крэпасьці Іван-Горад (Эстонія). Удзень і ўначы вяліся інтэнсіўныя работы па падрыхтоўцы Берасьцейскай крэпасьці да абароны, штодзённа працавала каля 70 тыс. чалавек, каля 8,5 тыс. падвод. Да кастрычніка 1914 году фартыфікацыйная пазыцыя мела закончаны выгляд. Яна складалася з 14 фортаў і 5 абарончых казармаў, 21 прамежкавага апорнага пункту. Пры агульнай даўжыні фортавага поясу 45 км сярэдняя адлегласьць паміж фортамі складала 1 км, г. зн. яны знаходзіліся ў поўнай агнявой сувязі. У будаваньні і ўдасканальваньні крэпасьці ў пачатку XX ст. удзельнічалі ваенныя інжынэры прафэсар Мікалаеўскай інжынэрнай акадэміі генэрал-лейтэнант Н. Буйніцкі, А. Аўчыньнікаў, палкоўнікі І. Бялінскі, Б. Дабашчынскі, Г. Лагорыя, капітан Дз. Карбышаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны з набліжэньнем да Берасьця войскаў Нямецкай імпэрыі камэндант крэпасьці Лаймінг стварыў раду абароны, якая прызнала магчымым у выпадку аблогі пратрымацца 8 месяцаў. Аднак на загад Вярхоўнага камандаваньня 8—12 жніўня 1915 году гарнізон, фартыфікацыйнае ўзбраеньне, баявыя запасы, маёмасьць і амаль ўсё насельніцтва Берасьця былі эвакуяваныя, частка ўмацаваньняў былі ўзарваныя. З 15 жніўня 1915 году да канца Першай сусьветнай вайны крэпасьць займалі нямецкія войскі. Тут на тэрыторыі Цытадэлі ў Белым палацы быў падпісаны Берасьцейскі мір.

Супольны нацысцка-савецкі парад у Берасьці, 1939 г.

Паводле ўмоваў савецка-польскай Рыскай мірнай дамовы Берасьце з крэпасьцю адышлі да міжваеннай Польскай Рэспублікі. У Берасьцейскай крэпасьці разьмясьціліся часткі 9-га Палескага корпусу Войска Польскага.

На пачатку Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году войскі Трэцяга Райху бамбілі крэпасьць, была пашкоджаная частка абарончай казармы Цытадэлі, будынак інжынэрнай управы, Белы палац. 14 верасьня 1939 году да крэпасьці падышлі перадавыя часткі 19-га танкавага корпусу нямецкага войска, 15 верасьня пачалася абарона Берасьцейскай крэпасьці польскімі войскамі.

22 верасьня ў Берасьце ўвайшла Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія. Паводле сакрэтнага пратакола да Пакту Молатава-Рыбэнтропа, нацысты аддалі кантроль над горадам савецкім войскам. У гэты ж дзень у Берасьці адбыўся супольны нацысцка-савецкі вайсковы парад. Крэпасьць пачалі штурмаваць чырвонаармейцы. 26 верасьня адбыўся штурм, падчас якога абаронцы панесьлі цяжкія страты. Уначы 27 верасьня капітан Радзішэўскі аддаў абаронцам крэпасьці загад разысьціся і прарывацца да сваіх сем’яў. Крэпасьць занялі савецкія войскі[4]. Радзішэўскі выехаў дадому ў Кобрын, потым быў рэпрэсаваны НКВД.

22 верасьня ў адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам да савецка-нямецкага пакту аб ненападзе (23 жніўня 1939 году) у Берасьце і крэпасьць увайшла 29-я лёгка-танкавая брыгада Чырвонай Арміі[5]. Знаходжаньне нямецкіх войскаў у крэпасьці скончылася супольным разьвітальным парадам і абменам сьцягамі. Але ў крэпасьці яшчэ заставаліся абаронцы-добраахвотнікі на чале з Радзішэўскім.

Сыстэма ўмацаваньняў, якія атачалі крэпасьць, выявілася напаўраскрытай на захадзе, бо форты за Бугам трапілі ў рукі немцаў. Крэпасьць у сувязі з разьвіцьцём ваеннай тэхнікі страціла былое ваеннае значэньне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Берасьцейскі ўмацаваны раён.

Зь вясны 1941 году ў крэпасьці дысьлякаваліся ў асноўным часткі 6-й Арлоўскай і 42-й стралковай дывізіяў 28-га стралковага корпусу, якія 22 чэрвеня 1941 прынялі ўдар нямецкай арміі і каля тыдня трымалі арганізаваную абарону. 28 ліпеня 1944 году ў ходзе Люблінска-Берасьцейскай апэрацыі Берасьце разам з крэпасьцю заняла Чырвоная Армія.

За гады вайны крэпасьць моцна разбураная, у паваенны час шматлікія будынкі разабраныя.

Абарончая сыстэма падзялялася Бугам і Мухаўцом на ўмацаваньні: Цэнтральнае (Цытадэль), Валынскае (Паўднёвае), Цярэспальскае (Заходняе), Кобрынскае (Паўночнае).

Вонкавы фасад Цярэспальскай брамы

Цытадэль разьмяшчаецца на высьпе, на месцы старажытнага гандлёва-рамеснага цэнтру гораду (места). Пэрымэтрам яна атачаецца замкнёнай пяцікутнай абарончай двухпавярховай казармай (даўжыня 1,8 км) з 500 казэматамі, у якіх маглі разьмясьціцца 12 тыс. салдатаў зь неабходным для баявых дзеяньняў рыштункам і запасам харчаваньня. Вонкавыя сьцены казармы мелі байніцы й амбразуры для стральбы з ружжаў і гарматаў.

Валынскае ўмацаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Валынскае ўмацаваньне паўстала на месьцы Берасьцейскага замку і складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равэлінамі. Тут у былым кляштары бэрнардзінцаў у сярэдзіне XIX ст. месьціўся Берасьцейскі кадэцкі корпус, пазьней — вайсковы шпіталь. Злучалася з цытадэльлю Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец.

Цярэспальскае ўмацаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цярэспальскае ўмацаваньне будавалася на левым беразе Бугу. Мела чатыры земляныя люнэты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (найбольшым на той час у Расейскай імпэрыі) цераз Буг злучалася з Цытадэльлю. Над уязным праёмам Цярэспальскае брамы былі 4 ярусы вузкіх вокнаў-байніцаў, над якімі ў 1920-я гады надбудаваная 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай.

Кобрынскае ўмацаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кобрынскае ўмацаваньне

Кобрынскае ўмацаваньне створана на месцы былога Кобрынскага прадмесьця. Яно складалася з 4 бастыённых фортаў з 3 равэлінамі. З Цытадэльлю злучалася Берасьцейскай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі й мастамі цераз Мухавец.

Фартыфікацыйная лінія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавай лініяй крэпасьці праходзіў земляны вал вышынёй да 10 м з мураванымі казэматамі ўнутры й запоўненым вадой ровам перад ім. Даўжыня галоўнай фартыфікацыйнай лініі складала 6,4 км. З прылеглай да крэпасьці тэрыторыяй перадмаставыя ўмацаваньні злучаліся праз Аляксандраўскую (Паўночную), Паўночна-Заходнюю, Міхайлаўскую (Усходнюю), Мікалаеўскую (Паўднёвую) брамы і Варшаўскі праезд.

Мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Галоўны ўваход

У 1971 годзе савецкія ўлады адкрылі мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць-герой». Скульптурна-археалягічны ансамбль улучае ўцалелыя пабудовы, закансэрваваныя руіны, фартыфікацыйныя валы й творы сучаснага манумэнтальнага мастацтва. Комплекс месьціцца ва ўсходняй частцы Цытадэлі.

Галоўны праход — гэта праём у выглядзе пяціканцовай зоркі ў маналітным жалезабэтонным масіве, які абапіраецца на вал і сьцены казэматаў. На вонкавым баку ўсталяваная дошка з тэкстам аб прысваеньні крэпасьці ганаровага званьня «герой». Ад галоўнага ўваходу алея вядзе цераз мост да плошчы Цырыманіялаў, дзе адбываюцца масавыя ўрачастасьці. Налева ад моста скульптурная кампазыцыя «Смага» — фігура савецкага воіна, які цягнецца з каскай да вады. Да плошчы Цырыманіялаў прымыкаюць музэй і руіны Белага палацу.

Кампазыцыйным цэнтрам выступае галоўны манумэнт «Мужнасьць» — пагрудная скульптура воіна і штык-абэліск. На адваротным баку манумэнту рэльефныя кампазыцыі, якія адлюстроўваюць асобныя эпізоды абароны крэпасьці, каля манумэнту трыбуна і трох’ярусны нэкропаль. На 2011 год у нэкропалі знаходзіліся пахаваньні 1020 чалавек, у тым ліку 747 (73%) безыменныя і 273 з высечанымі на плітах імёнамі[6]. Побач з руінамі былой інжынэрнай управы гарыць Вечны агонь. Перад ім адлітыя з бронзы словы: «Стаялі насьмерць, слава героям!», недалёка знаходзіцца пляцоўка «гарадоў-герояў» з капсуламі, напоўненымі зямлёй з гэтых гарадоў.

У 2013 годзе мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць-герой» навелалі 387 000 чалавек[7].

Музэй усярэдзіне
Рэшткі старажытнага Берасьця

Музэй абароны крэпасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адкрыўся 8 лістапада 1956 году. Складовая частка мэмарыяльнага комплексу. Месьціцца ў былой кальцавой казарме, якая захавалася на цэнтральнай высьпе крэпасьці (Цытадэлі). Мае 11 экспазыцыйных заляў, каля 40 тыс. экспанатаў у тым ліку больш за 20 тыс. экспанатаў асноўнага фонду. Тэматычныя аддзелы экспазыцыі: гісторыя крэпасьці, перадваеннае жыцьцё, мерапрыемствы па ўмацаваньні заходніх рубяжоў, напад нацысцкіх войскаў, дзейнасьць камуністычнай партыі і савецкага ўраду па арганізацыі адпору ворагу, прыгранічныя баі, абарона крэпасьці, Люблінска-Берасьцейская апэрацыя, крэпасьць — аснова патрыятычнага выхаваньня.

Асноўнае ў экспазыцыі — абарона крэпасьці. Найбольш каштоўныя экспанаты — прадметы, знойдзеныя падчас раскопаў: сьцяг 393-га артылерыйскага дывізіёну, загад № 1 па гарнізоне, подпіс на цаглінах «Умираем не срамя», зброя, гадзіньнікі воінаў і шмат іншага. У 2 кіназалях дэманструюцца хранікальна-дакумэнтальныя фільмы пра абарону крэпасьці.

Археалягічны музэй «Берасьце»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваны ў 1972 годзе археалягічны музэй «Берасьце» месьціцца на тэрыторыі Валынскага ўмацаваньня. Мае 14 экспазыцыйных заляў, плошча экспазыцыі 2400 м², больш за 45 тыс. экспанатаў. Музэй знаёміць з эканамічным разьвіцьцём Берасьця ў XI—XIV стагодзьдзях. Асноўная экспазыцыя ўлучае больш як 30 выяўленых у выніку археалягічных раскопак гарадзішча Берасьця драўляных жылых і гаспадарчых пабудоваў, рэшткі маставых, частаколаў, якія дзякуючы кансэрвуючым якасьцям магутнага культурнага пласту добра захаваліся на вышыню 12 вянкоў. Сярод экспанатаў рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касьцяны мастыхін, мэталічная пісала ды іншае.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б http://livingheritage.by/Publikacyi/hkk%20spis.pdf
  2. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 378.
  3. ^ Яскевіч С. Момант ісьціны для старой крэпасьці // Зьвязда : газэта. — 5 траўня 2012. — № 85 (27200). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Героическая защита Брестской крепости от нацистско-советских захватчиков, 1863x.com  (рас.)
  5. ^ Мельтюхов М.И. Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918-1939 гг. — М.: Вече, 2001.
  6. ^ Яскевіч С. Яшчэ 58 абаронцаў Берасьцейскай крэпасьці знайшлі апошні спачын // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2011. — № 216 (27080). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Коратка // Зьвязда. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  110Г000707