Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы імя Ленінскага камсамолу Беларусі
Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы | |
па-беларуску: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы імя Ленінскага камсамолу Беларусі | |
Асноўныя зьвесткі | |
---|---|
Заснаваньне | 1944 (80 гадоў таму) |
Узнагароды | |
Будынак тэатру | |
Месцазнаходжаньне | Берасьце, вул. Леніна, д. 21 |
52°5′26″ пн. ш. 23°41′10″ у. д. / 52.09056° пн. ш. 23.68611° у. д.Каардынаты: 52°5′26″ пн. ш. 23°41′10″ у. д. / 52.09056° пн. ш. 23.68611° у. д. | |
Кіраўніцтва | |
Дырэктар | Аляксандар Козак |
Мастацкі кіраўнік | Аляксандар Козак |
Сайт | bresttheatre.info |
Берасьцейскі акадэмічны тэатар драмы імя Ленінскага камсамолу Беларусі — прафэсійны тэатар гораду Берасьця.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Створаны 1 кастрычніка 1944 року пастановай СНК БССР як Дзяржаўны тэатар юнага гледача імя Крупскай. Для працы ў тэатры ў Берасьце прыехалі выпускнікі чацьвертага курсу Маскоўскай гарадской тэатральнай вучэльні, вучні народнага артыста РСФСР Уладзімера Гатоўцава(ru), пэдагогаў Мікалая Свабодзіна(ru), Мікалая Цітушына, выхаваныя ў традыцыях мматаўскай школы.
10 кастрычніка 1944 року адбылося творчае хрышчэньне тэатру. У аднапавярховым каменным будынку, разьмешчаным у двары тэатру, быў паказаны спэктакль «Вечар старадаўніх вадэвіляў». У першай палове 1945 тэатар атрымаў назву Дзяржаўны тэатар імя Ленінскага камсамолу Беларусі. У 1945 року было падрыхтавана яшчэ тры спэктаклі: «Гульня каханьня і выпадкаў» П’ера Марыво, «Кароль-алень» Карлё Гоццы, «Мяшчане(ru)» Максіма Горкага. Мастацкім кіраўніком новага тэатру быў прызначаны рэжысэр Мікалай Міцкевіч.
Рэпэртуарны плян тэатру на 1946 р. складаўся з спэктакляў «Вясна ў Маскве» Віктара Гусева(ru), «Юнацтва бацькоў» Барыса Гарбатава(ru), аднаўленьне «Мяшчанаў» Максіма Горкага і канцэртнай праграмы. У трупе тэатру налічвалася 22 чалавекі: Георгі Волкаў, Ю. Уласаў, М. Вінаградаў, К. Айвазоўская, К. Катоўская, П. Рокатаў, І. Болатава, У. Говар-Бандарэнка, В. Мірская-Багданава, В. Мірскі, І. Фрэйдзін, Зінаіда Курдзянок, С. Гурыч і іншыя.
Станаўленьне тэатру адбывалася цяжка. Часта мянялася адміністрацыйнае кіраўніцтва тэатру, прыяжджалі і ад’яжджалі акторы. У 1946 р. адбылася зьмена галоўнага рэжысэра: замест М. Міцкевіча, якога запрасілі працаваць у Віцебск, рэжысэрам стаў Ю. Рашымаў. Ён запрасіў у тэатар дасьведчаных актораў, сярод якіх была заслужаная артыстка РСФСР В. Багданава.
Летам 1948 г. тэатар выяжджаў на гастролі ў Менск, дзе былі паказаны спэктаклі «Маладая гвардыя» Аляксандра Фадзеева, «Чужое дзіця» Васіля Шкваркіна(ru), «Сын» В. Патапава й іншыя. Гастролі былі няўдалыя. Адной з прычын было тое, што за год у тэатры зьмянілася 6 рэжысэраў. У пачатку 1949 р. камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР вырашыў аб’яднаць Берасьцейскі й Магілёўскі драмтэатры ў адзін калектыў, які ўзначаліў А. Міронаў. У трупу Берасьцейскага тэатру ўліліся артысты апошняга калектыву, выканаўцы зь іншых тэатраў.
Тагачасны тэатар у Берасьці вызначала героіка-рамантычная тэматыка, якая прадстаўлялася пастаноўкамі па п’есах «Маладая гвардыя» Фадзеева, «Ірынка» Чорнага, «Як гартавалася сталь» Астроўскага, «Канстанцін Заслонаў» Маўзона, «Авадзень» Войніч і іншыя. Шырока ставілася клясыка.
Пасьля ХХ зьезду КПСС ў рэпэртуары тэатру зьявіліся п’есы, у якіх акторы мкнуліся асэнсаваць недалёкую гістарычную мінуўшчыну. Да такіх можна аднесьці п’есу У. Козела «Кветка шчасьця». У гэты пэрыяд ставяць у тэатры спэктаклі па творах Аляксей Арбузава, Віктара Розава, Аляксандра Галіча, Яўгена Шварца й іншых.
У гэты пэрыяд тэатар у сваёй працы працягвае зьвяртацца да ваеннай тэматыкі, беларускай драматургіі, замежнай клясыкі. У атмасфэры аднаўленьня ленінскага стылю кіраўніцтва вялікую цікавасьць выклікала асоба правадыра, і кожны тэатар імкнуўся паставіць спэктакль адпаведнай тэматыкі.
У 1956 р. тэатар перабраўся ў памяшканьне па вул. Вароўскага, 13, але ў ліпені 1957 будынак быў у аварыйным стане. Другая палова 1950-х рокаў была ня вельмі ўдалай у творчым жыцьці тэатру. Часта зьмяняліся рэжысэры, пагоршылася якасьць спэктакляў, мяняліся кадры, зьбяднеў рэпэртуар. На рэспубліканскім тэатральным фэстывалі ў 1957 р., прысьвечаным 40-годзьдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, Берасьцейскі тэатар быў на апошнім месцы.
З 1963 да 1968 року пры тэатры працавала група лялечнікаў, на базе якой быў утвораны асобны тэатар лялек.
У 1970-я рокі асноўнае месца ў рэпэртуары тэатру займала сучасная савецкая драматургія. Былі пастаўлены спэктаклі Георгія Капралава(ru) і Сямёна Туманава(ru) «Трэцяя варта», Леаніда Малюгіна(ru) «Старыя сябры», Барыса Васільева «А зоры тут ціхія», Валерыя Шаўрына(ru) «Мае знаёмыя», Андрэя Макаёнка «Трыбунал», Эміля Брагінскага(ru) і Эльдара Разанава «Таварышы на службе».
Перабудова, якая пачалася ў СССР у сярэдзіне 1980-х, закранула ўсе сфэры жыцьця грамадзтва, у тым ліку і тэатральную. У 1991 року калектыў тэатру прыняў рашэньне адмовіцца ад імя ЛКСМБ (потым імя было вернута) і стаў абласным тэатрам драмы. З 1989 да 1995 рр. будынак тэатру знаходзіўся на рэканструкцыі.
З 1995 тэатар мае назву «Абласны тэатар драмы і музыкі». У ягоным складзе зьявіўся сымфанічны аркестар.
У 2005 тэатру прысвоенае званьне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусі». У 2011 — статус акадэмічнага.
З 1996 году тэатар зьяўляецца арганізатарам міжнароднага фэстывалю «Белая вежа».
Кіраўніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мастацкія кіраўнікі і галоўныя рэжысэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Міцкевіч (1944—1946)
- Ю. Рашымаў (1947—1949)
- Аляксандар Міронскі (1949—1953)
- Іосіф Папоў (1953—1955)
- І. Манухіна (1956—1958)
- Юры Арынянскі (1959—1962)
- П. Вінаградаў (1962—1965)
- Георгі Волкаў (1965—1979)
- Сяргей Еўдашэнка (1979—1981)
- Р. Баталаў (1981—1983)
- Уладзімер Забела (1984—1986)
- Сямён Церайкоўскі (1987—1990)
- Уладзімер Караткевіч (1990—1993)
- Сяргей Еўдашэнка (1993—1995)
- Якаў Натапаў (1993—1995)
- Аляксандар Козак (з 1994)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бакіевіч Р. М. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі// Тэатральная энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. С. ― Мн., 2002. ― 169—179.
- Брестский обласной русский театр имени Ленинского комсомола Белоруссии. ― Мн., 1974.
- Волчецкий Л. П. Годы, спектакли, роли… ― Мн., 1974.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Е000002 |
- Афіцыйная бачына
- Гісторыя тэатру(недаступная спасылка)
|