Перайсьці да зьместу

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музэй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музэй
Месцазнаходжаньне Бяроза (горад)Беларусь
Тэматыка калекцыі Гісторыка-краязнаўчая
Створаны 1963 г.
Дырэктар Л. М. Ківатыцкая

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музэй — музэй, адкрыты ў 1963 року ў месьце Бярозе паводле распараджэньня Берасьцейскага аблвыканкаму як гісторыка-рэвалюцыйны музэй. Рашэньнем Бярозаўскага райвыканкаму ад 23 лістапада 1993 перайменаваны ў гісторыка-краязнаўчы. Музэем кіравалі Я. Ф. Бажок, М. Дз. Сікорын, Г. А. Ракіцкая, Г. С. Пуцыковіч. З 1999 г. дырэктар Л. М. Ківатыцкая.

Асноўны фонд музэю (2008) налічвае 18 808 адзінак захоўваньня, навукова-дапаможны — 10 689 адзінак Плошча экспазыцыі 156 м², разьмешчана ў 5 залях.

Музэйныя экспанаты сабраны ў 19 калекцыяў: археалёгія, нумізматыка, скарбы, баністыка, фалерыстыка, зброя, прадметы этнаграфіі і побыту, графіка, скульптура, жывапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музычныя інструмэнты, дакумэнты, друкаваныя выданьні, фотадакумэнты, рукапісы, кінафотадакумэнты, прадметы з гісторыі тэхнікі, прыродазнаўчая калекцыя. Найбольш значныя і рэдкія сярод іх: манэтны скарб XVI ст. Вялікага Княства Літоўскага; прадметы, выяўленыя ў час археалягічных раскопак на тэрыторыі картускага манастыра: керамічны посуд, фрагмэнты плястычнай паліхромнай кафлі, жалезныя вырабы (усе XVII ст.) і інш.; алтарная драўляная манастырская скульптура XVII ст.; калекцыі абразоў XVII—XIX ст. (47 адзінак); кавалак бурштыну вагой 518 г., знойдзены на тэрыторыі Бярозаўскага камбіната сылікатных вырабаў; унікальныя фатаздымкі Бярозаўшчыны 1930-х г. Юзэфа Шыманчыка; малюнкі ваеннай пары (1942) палітрука 345-га партызанскага аддзелу С. М. Бельскага; калекцыі размалёвак па шкле і вышыўкі.

Асноўная тэма экспазыцыі залы «З глыбіні стагодзьдзяў» — помнікі археалёгіі Бярозаўшчыны. Тут прадстаўлены матэрыялы раскопак са стаянак каля вёсак Зарэчча, Спорава, Стрыгінь, аб самых старажытных населеных пунктах — вёсках Зьдзітава (1005), Сялец (1397), Малеч (1427), г. Бяроза (1477), помніку архітэктуры правінцыяльнага клясыцызму, нэаготыкі і садова-паркавага мастацтва пэйзажнага стылю XIX ст. — сядзібе графаў Пуслоўскіх, манастыры ордэна картэзіянцаў (г. Бяроза), пабудаваным у 1648—1689 гг. У залі «Гісторыя і людзі» 1920—1930-х зьберагаюцца фота і дакумэнтальныя матэрыялы, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю знакамітых людзей Бярозаўшчыны: гісторыкаў В. Д. Друшчыца, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі П. В. Горына, аднаго з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыста А. А. Альшэўскага, генэрал-лейтэнанта С. І. Любарскага, Героя Савецкага Саюза І. І. Валасевіча. Асобны разьдзел расказвае пра Бярозу-Картускую — канцэнтрацыйны лягер, рэжым і знаходжаньне ў ім вязьняў. У экспазыцыі залі «Народныя рамёствы і промыслы» адлюстраваны старадаўнія промыслы беларусаў: ткацтва і саломапляценьне, ганчарныя вырабы, кераміка, лозапляценьне і бондарства, калекцыя музычных інструмэнтаў майстра Я. І. Шаўчука, унікальныя фатаздымкі Палесься 1934—1937 гг. Ю. Шыманчыка. У залі «Вялікая Айчынная вайна на Бярозаўшчыне» матэрыялы аб масавым расстрэле ў 1942 нямецкімі акупантамі больш за 60 тыс. мірных жыхароў з Эўропы на чыгуначнай станцыі Бронная Гара, пра партызанскую барацьбу, Блудзенскае антыфашысцкае падпольле, лясныя партызанскія школы, Зьдзітаўскую абарону, вызваленьне ад акупантаў Бярозаўшчыны ў 1944 г. Афармляецца заля «Бяроза і сучаснасьць».

Галерэя мастацтваў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Музэй мае філію «Галерэя мастацтваў» у г. Бяроза. Адкрыты 16 ліпеня 2004 у дзень 60-годзьдзя вызваленьня Бярозаўскага раёну ад нямецкіх захопнікаў паводле рашэньня Бярозаўскага райвыканкама ад 27 студзеня 2004 г.

Плошча экспазыцыйных залаў галерэі 307 м². Мае калекцыі: размалёўка па шкле, выцінанка, рушнікі, нацыянальныя строі, нумізматыка, іканапіс, карціны мастакоў Бярозаўшчыны, унікальныя вырабы і сувэніры з саломкі, дрэва і керамікі, мастацкае пляценьне з лазы, эксклюзіўныя пано. Пастаянна дзеючыя экспазыцыі: «Картэзіянскі манастыр у жывапісе», «Бярозаўскі кірмаш», «Птушка шчасьця Сяргея Юркевіча», «Абаронцы неба Бярозаўшчыны», «Воінам-інтэрнацыяналістам прысьвячаецца». У галерэі адбываюцца выстаўкі майстроў і мастакоў Бярозаўшчыны, з фондаў гісторыка-краязнаўчага музэю, міжнародныя выстаўкі, дадзеныя ў часовае карыстаньне замежнымі пасольствамі ў Беларусі.