Перайсьці да зьместу

Мотальскі музэй народнай творчасьці

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мотальскі музэй народнай творчасьці
Месцазнаходжаньне МотальБеларусь
Адрас 225822, пл. Леніна
Тэматыка калекцыі краязнаўчая
Створаны 13 жніўня 1995 г.

Мотальскі музэ́й народнай творчасьці — музэйная ўстанова ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці, асноўным напрамкам дзейнасьці якой зьяўляецца збор, вывучэньне, захаваньне і адраджэньне матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесься.

Мотальскі музэй народнай творчасьці заснаваны ў 1983 року з ініцыятывы Міністэрства культуры БССР і мясцовага калгасу «40 год Кастрычніка» на падставе афіцыйнага дакумэнту «Плян правядзеньня мерапрыемстваў па арганізацыі музэю-заказьніку народнай і самадзейнай творчасьці Мотальскага рэгіёну», распрацаванага супольнай творчай групай раённага аддзелу культуры, рэспубліканскага НМЦ, праўленьнем калгасу «40 год Кастрычніка» і падпісанага начальнікам упраўленьня культурна-асьветніцкіх установаў — П. П. Саковічам, начальнікам упраўленьня музэяў і аховы помнікаў А. Г. Міхаленям, начальнікам аддзелу выяўленчага мастацтва У. У. Уроднічам, начальнікам культуры Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту В. А. Клімчуком, старшынём Іванаўскага раённага выканаўчага камітэту В. П. Куніцкім.

Распачалося ўзьвядзеньне будынку пад Мотальскі музэй народнай творчасьці ў 1984 г., завяршылася на пачатку 1990 году. Мастацкім афармленьнем музэю займаўся У. М. Капшай.

Першымі музэйнымі зборамі былі паступленьні музэйных прадметаў з ужо існуючых школьных музэяў в. Моталь, калгаснага музэю «Баявой і працоўнай славы», створанага сакратаром партыйнай арганізацыі калгасу «40 год Кастрычніка» П. П. Пташыцам.

У 1988 г. Мотальскі музэй народнай творчасьці набывае статус дзяржаўнай установы і ўзначальваецца першым дырэктарам Вольгай Рыгораўнай Мацукевіч і галоўным захавальнікам фондаў Надзеяй Паўлаўнай Мінюк.

Адкрыты для наведваньняў 13 жніўня 1995.

Фонды музэю налічваюць 27 506 экспанатаў.

Музэй мае багатыя калекцыі:

  • археалёгіі — наканечнікі стрэл, нажы, скрабкі, сякеры, сярпы, зернетарка і інш. (некаторыя зь іх адносяцца да ліку адзіных у Эўропе);
  • чарнадымленай і паліванай керамікі;
  • пераборнага шматнітовага ткацтва;
  • вышыўкі;
  • строяў адзеньня мотальскага рэгіёну;
  • іканапісу і старадрукаў;
  • жывапісу мастакоў-прымітывістаў, тэхніка якіх адлюстравана на шкле, фанэры і даматканым палатне;
  • меднага, шклянога і фарфоравага посуду.

Экспазыцыя музэю ўключае аддзелы: гісторыі і сялянскага побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, адзеньня, абрадаў і раскрывае перад наведвальнікамі рэгіянальныя адметнасьці матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесься.

Пры музэі працуе выставачная заля, дзе пэрыядычна мяняецца экспазыцыя.

Асаблівую каштоўнасьць мае багатая фататэка (звыш чатырох тысячаў нэгатываў) даваеннага і пасьляваеннага часу першага мотальскага фатографа Мінюка А. А. Яна дапаўняе ілюстрацыйным матэрыялам кожную залю экспазыцыі і зьяўляецца выдатным дакумэнтам паўвекавога пэрыяду жыцьця палескай вёскі (1927—1977). Першы фотаапарат Аляксей Мінюк змайстраваў сваімі рукамі зь лінзаў акуляраў, дыяфрагма была папяровая, а першыя нэгатывы былі зроблены на шкле.

У 2008 г. у будынку ветранога млына створана экспазыцыя «Млынарства ў акрузе», дзе наведвальнікі маюць магчымасьць пазнаёміцца з унікальнымі драўлянымі мэханізмамі па размоле зерня.

У 2012 року пачалося будаўніцтва, а ў 2013 адбылося адкрыцьцё філіі археалёгіі «Нашы карані».

Работа з наведвальнікамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівы калярыт музэю надае народны фальклёрна-этнаграфічны тэатар «Мотальскія суседзі». Кожны наведвальнік можа стаць удзельнікам стварэньня абрадавага вясельнага каравая, павадзіць купальскі карагод, пакалядаваць, патанчыць пад жывую народную палескую музыку на мотальскіх зборнях, паслухаць вясёлую гісторыю з палескага жыцьця і многае іншае.

Для самых маленькіх наведвальнікаў гасьцінна адчыняе дзьверы хата бабулі Алены. Дзеці слухаюць старадаўнія казкі, сьпяваюць калыханкі, гуляюць у колішнія гульні і частуюцца бабуліным гасьцінцам.

За шматгранную працу па прапагандзе і папулярызацыі народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў у 2001 року музэй узнагароджаны Дыплёмам і спэцыяльнай прэміяй прэзыдэнта РБ.

Дыплём I ступені за высокія паказьнікі ў намінацыі «Лепшы турыстычны аб’ект» турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» музэй атрымаў у 2007 року.

  • Музеі Беларусі = Museums Belarus: Інфармацыя аб музеях сістэмы Мін-ва культуры Рэсп. Беларусь / Склад. А. Б. Сташкевіч і інш.; Пер. з бел. мовы А. Б. Сташкевіч, В. У. Мірончык. — Мн.: Беларусь, 2001. — 272 с.