Перайсьці да зьместу

Выбух і пажар на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» (2010)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выбух на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»
Краіна Беларусь
Месца Пінск, Берасьцейская вобласьць
Тып катастрофы выбух і пажар
Прычына a) (паводле МНС) парушэньне рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў[1]
b) (паводле ЗАТ «Пінскдрэў») парушэньне рэглямэнту правядзеньня рамонтных работаў[2]
Дата 25 кастрычніка 2010
Час паміж 13:00 і 13:06 (UTC+3)
Наступствы
Загінулі 14 чалавек
Параненыя 21[3]
Пацярпелі 21 чалавек[4]
Каардынаты 52°07′00″ пн. ш. 26°06′00″ у. д. / 52.116667° пн. ш. 26.1° у. д. / 52.116667; 26.1Каардынаты: 52°07′00″ пн. ш. 26°06′00″ у. д. / 52.116667° пн. ш. 26.1° у. д. / 52.116667; 26.1
Выбух на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» на мапе Беларусі
Выбух на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»
Выбух на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»
Выбух на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»

Выбух і пажар на ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» — надзвычайнае здарэньне, што адбылося 25 кастрычніка 2010 году ў горадзе Пінску (Берасьцейская вобласьць, Беларусь). Магчымай яго прычынай, паводле інфармацыі МНС, стаў «выбух адкладаньняў драўнянага пылу ў выніку парушэньня рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў»[1]. Паводле інфармацыі самога кіраўніцтва холдынгавай кампаніі выбух адбыўся ў выніку «парушэньня рэглямэнту правядзеньня рамонтных работаў»[2]. У катастрофе загінула 14 чалавек[5]. Пажаратушэньнем займалася 19 адзінак пажарнай каманды[6]. Паводле камэнтароў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, гэта была самая вялікая прамысловая аварыя ў Беларусі за некалькі дзесяцігодзьдзяў[7].

Храналёгія падзеяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 кастрычніка 2010 году каля 13:00 у цэху па вытворчасьці драўняна-стружачных плітаў СТАА «Пінскдрэў-ДСП» (даччынае прадпрыемства ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў») адбыўся выбух, які спрычыніў моцны пажар[8]. З-за выбуху адбыўся абвал будыначнага даху (па інфармацыі з афіцыйнага сайту ЗАТ «Пінскдрэў-ДСП», калёны, бэлькі і пліты перакрыцьця корпуса былі выкананыя са зборнага жалезабэтону[9]) на плошчы каля 100 м²; таксама абваліліся муры корпуса[8] — каля 400 м²[10]. Паведамленьне пра выбух і пажар паступіла ў МНС у 13:06[8], у 14:10 пажар быў лякалізаваны, у 15:14 — ліквідаваны[11].

Усяго падчас выбуху ў корпусе знаходзіліся 29 чалавек[6] (па іншых дадзеных, у цэху знаходзілася 48 чалавек[12]); паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту ЗАТ «Пінскдрэў», на ўчастку паліўна-драўняных гранулаў на зьмене працавала 5 чалавек[9]. У Пінскі цэнтральны шпіталь брыгадамі хуткай дапамогі было дастаўлена 18 чалавек (па іншых дадзеных 19[13]), адкуль найбольш цяжкія пацыенты (15 зь іх былі разьмешчаныя ў рэанімацыі) пазьней былі перавезеныя ў лякарныя ўстановы Берасьця і Менску. 14 чалавек атрымалі тэрмічныя апёкі III і IV ступеняў болей за 60% паверхні цела[8], а некаторыя болей за 80%[14]. Два работнікі прадпрыемства загінулі на месцы здарэньня — іх целы былі знойдзеныя пад заваламі, яшчэ адзін сканаў у ноч (па іншых дадзеных раніцай[13]) на 26 кастрычніка ў рэанімацыі Пінскага цэнтральнага шпіталю[8].

28 кастрычніка загінулі яшчэ двое пацярпелых: майстар-брыгадыр стружкавага аддзяленьня сканаў у Менску, сьлесар-рамонтнік у Пінску. 29 кастрычніка сканалі яшчэ чацьвёра пацярпелых. Трое зь іх знаходзіліся ў Цэнтральным апёкавым цэнтры ў Менску, адзін — у рэанімацыі Пінскага абласнога шпіталя. Увечары 30 кастрычніка загінуў апэратар аўтаматычных лініяў завода. 31 кастрычніка ў менскім шпіталі сканалі яшчэ двое работнікаў «Пінскдрэў-ДСП». 1 лістапада ў шпіталях Берасьця і Менску памерлі яшчэ двое: апэратар фармуючых машынаў і намесьнік дырэктара па вытворчасьці[13]. У гэты дзень у двух гарадах заставалася 6 чалавек (чацьвёра зь іх — у рэанімацыі)[7]. Па стане на 2 лістапада становішча трох пацярпелых ад выбуху, якія знаходзіліся ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Менску было «сярэдняй цяжкасьці»[15]. Пра стан яшчэ трох чалавекаў, якія знаходзіліся ў Берасьцейскім абласным шпіталі паведаміў намесьнік галоўнага лекара Тадэвуш Гарасімчык, адзначыўшы, што «пакуль іх становішча застаецца цяжкім»[15]. Па стане на 3 лістапада становішча шасьцёх пацярпелых ад выбуху было па-ранейшаму стабільна цяжкае[16]. Трое зь іх, якія знаходзіліся ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Менску былі пераведзеныя з рэанімацыі ў саматычнае апёкавае аддзяленьне[16]. Яшчэ трое мужчынаў, якія знаходзіліся ў рэанімацыі Берасьцейскага абласнога шпіталя, раніцай 3 лістапада 2010 году былі падлучаныя да апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх[16]. Па стане на 5 лістапада ў становішчы двух пацярпелых, якія ляжаць у Берасьцейскім абласным шпіталі назіраюцца заўважныя паляпшэньні[17]. Намесьнік галоўнага лекара Берасьцейскага абласнога шпіталя Тадэвуш Гарасімчык паведаміў:

Пакуль стан стабільна цяжкі. Працягваецца штучная вэнтыляцыя лёгкіх, але ў дваіх ужо ў дапаможным рэжыме — яны самі дыхаюць і апарат... Гэта станоўчая дынаміка[17].

Па стане на 6 лістапада становішча траіх пінчукоў, якія знаходзіліся ў Берасьцейскім абласным шпіталі заставалася стабільна цяжкім[18]. Стан траіх пацярпелых, якія знаходзіліся ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Менску, паводле словаў галоўнага лекара Гарадзкога клінічнага шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі Віктара Сірэнкі, ацэньваўся як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасьці[18]. Па стане на раніцу 8 лістапада становішча траіх пацярпелых ад выбуху на «Пінскдрэве», якія знаходзяцца ў Берасьцейскім абласным шпіталі заставалася стабільна цяжкім[19]. Паводле словаў лекара, адзін зь іх ужо дыхае самастойна і адключаны ад апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а другі пацыент практыкуецца дыхаць самастойна і пераведзены на дапаможны рэжым штучнай вэнтыляцыі лёгкіх[19]. 9 лістапада 2010 году адзін з траіх пацярпелых ад выбуху быў выпісаны з Рэспубліканскага апёкавага цэнтру ў Менску; у той час двое астатніх пацярпелых засталіся ў апёкавым аддзяленьні[20]. Як паведаміў намесьнік галоўнага лекара Ігар Грыгор’еў:

Адна асоба была ўжо выпісаная. Стан двух іншых чалавек паляпшаецца. Але ў іх такія апёкі, пры якіх патрабуецца плястыка скуры, касмэтычныя апэрацыі. Таму ім патрэбна яшчэ лячэньне[20].

Паводле словаў намесьніка галоўнага лекара Берасьцейскага абласнога шпіталю па стане на 22 лістапада работнікі «Пінскдрэва», якія ляжаць у рэанімацыі з апёкамі скуры і дыхальных шляхоў, пачалі дыхаць самастойна[21]. Паводле словаў намесьніка галоўнага лекара Берасьцейскага абласнога шпіталю Юрыя Хваля па стане на 29 лістапада работнікі «Пінскдрэва» ўжо самастойна прымаюць ежу[22]. 30 лістапада стан тых пацярпелых, якія знаходзіліся ў агульным апёкавым аддзяленьні менскага шпіталю хуткай дапамогі стаў «блізкім да задавальняючага», пра што паведаміў намесьнік галоўнага лекара Менскага шпіталю хуткай дапамогі Ігар Шыманскі[23].

Паводле афіцыйнага сайту ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» ізнос эксплюатаванага з 1965 году асноўнага абсталяваньня СТАА «Пінскдрэў-ДСП» складаў 100%[24]. Разам з тым ступень ізносу будынка галоўнага корпуса, у якім адбыўся выбух, складала 54%[24]. Генэральны дырэктар «Пінскдрэва» Лоран Арыніч пракамэнтаваў гэта наступным чынам:

Производство древесностружечной плиты работало в штатном режиме 45 лет, и за все это время, с учетом проведения ежегодных капитальных ремонтов техники и внедрения различных усовершенствований, работало стабильно и без ЧП. Производство древесно-топливных гранул проектировалось известнейшей в Европе и СНГ немецкой фирмой «Мюнч», она же поставляла все оборудование и производила его шеф-монтаж. Запуск первых 2-х комплектов оборудования для получения древесно-топливных гранул (пеллет) произошел 3 года назад. А в начале текущего года добавили, по немецкому проекту, еще 2-а комплекта[25].

Міністар па надзвычайных справах Беларусі Энвер Барыеў паведаміў, што, паводле папярэдніх дадзеных, прычынай пажару стаў пылавы выбух[26]. Паводле заявы прэс-службы МНС РБ, адкладаньні пылу, якія сталі прычынай выбуху, зьявіліся ў выніку парушэньня рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў[1].

Па факце выбуху справы па расьледаваньні прычынаў трагедыі распачалі: пракуратура, дзяржаўная камісія ды камісія кампаніі. Спачуваньні сваякам ахвяраў выказалі ўлады выканаўчага камітэту вобласьці ды гарадзкія ўлады Пінска[7]. У сувязі з маштабам дадзенага здарэньня 3 лістапада 2010 году крымінальную справу па факце выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» прыняла на распрацоўку Генэральная пракуратура Беларусі[27]. Кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётар Кісялёў паведаміў:

Вельмі вялікі маштаб гэтага здарэньня, таму для нашай невялікай краіны гэта рэзанансная падзея. З гэтай прычыны расьследаваньне павінна праводзіць Генпракуратура, каб ніякіх недасказанасьцяў не было[28].

На прэс-канфэрэнцыі 10 лістапада 2010 году першы намесьнік начальніка Менскага гарадзкога ўпраўленьня па надзвычайных сытуацыях Руслан Ліхаманаў паведаміў, што на сталічных прадпрыемствах будуць праведзеныя дадатковыя мерапрымствы па праверцы стану бясьпекі эксплюатацыі аб’ектаў у сувязі з выбухам і пажарам на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»[29].

На ўзроўні Савета бясьпекі Беларусі была створаная камісія па расьледаваньні прычынаў НП, якая 15 лістапада павінна далажыць аб выніках праведзенага расьледаваньня[27]. 11 лістапада 2010 году падчас он-лайн канфэрэнцыі «Заканадаўства аб ахове працы: практычныя пытаньні прымяненьня» намесьнік міністра працы і сацыяльнай аховы Валяр’ян Кароль адзначыў, што адмысловае расьледаваньне праводзіцца галоўным дзяржаўным інспэктарам труда Беларусі Анатолем Садоўнічым[30].

25 лістапада 2010 году генэральны пракурор Рыгор Васілевіч на прэс-канфэрэнцыі ў Пінскім райвыканкаме паведаміў, што маштабы трагедыі сьведчаць пра грубыя парушэньні тэхналягічнай дысцыпліны, неналежным забесьпячэньні тэхнічнай бясьпекі, аховы працы[31].

Ужо цяпер мы бачым, што былі парушэньні пажарнай бясьпекі: неаднаразова здараліся пажары, якія тушыліся ўласнымі сіламі. Гэта былі званкі, да якіх трэба было прыслухацца і прыняць меры[31].

Па справе праходзяць галоўны інжынэр холдынгу Ўладзімер Шастакоў, дырэктар прадпрыемства «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін, галоўны інжынэр «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін і былы генэральны дырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч, які знахдзіцца ў вышуку. Па стане на 25 кастрычніка 2011 году крымінальная справа налічвае 56 тамоў[32].

Вынікі расьледаваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лістапада 2010 году генэральная пракуратура праінфармавала прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага пра стан законнасьці ў сфэры забясьпячэньня грамадзкай бясьпекі[33]. Паводле зьвестак інтэрнэт-газэты Naviny.by, большая частка гэтага дакумэнта тычыцца сытуацыі, якая папярэднічала трагедыі на СТАА «Пінскдрэў-ДСП»[33].

У дакумэнце пазначаецца, што падчас правядзеньня першапачатковых сьледчых дзеяньняў выяўлена, што 25 кастрычніка:

Каля 13 гадзін з прычыны дапушчаных парушэньняў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі на выбуханебясьпечным прадпрыемстве — адбыўся аб’ёмны выбух, які пацягнуў за сабой узнікненьне пажару, у выніку якога 2 работнікі загінулі на месцы і дваццаці работнікам прычыненыя цялесныя пашкоджаньні ў выглядзе тэрмічных апёкаў[33]

Таксама праверкай былі выяўленыя факты шасьці ўзгараньняў, якія папярэднічалі выбуху:

На дадзеным прадпрыемстве неаднаразова (у студзені, лютым, сакавіку, траўні, чэрвені і ліпені 2010 г.) адзначаліся ўзгараньні і іскрэньне на адным з млыноў участка па вытворчасьці драўняна-паліўных гранул, увесь час назіраўся павышаны ўзровень пылу[33]

У паведамленьні галаве ўраду называецца імя кіраўніка, паводле загада якога ў гэтым вытворчым падразьдзяленьні «прыкладна за тыдзень да адбыўшыхся падзеяў быў адключаны насьценны вэнтылятар» (гэты чалавек памёр у шпіталі 1 лістапада)[33]. Паводле дадзеных Генэральнай пракуратуры на прадпрыемстве сыстэматычна ігнараваліся прадпісаньні органаў пажарнага надзору і «патрабаваньні па абсталяваньню памяшканьняў устаноўкамі аўтаматычнага пажаратушэньня і аўтаматычнай пажарнай сыгналізацыяў» не выконваліся з 2000 году[33]. Акрамя таго, «у СТАА «Пінскдрэў-ДСП» самавольна, без адпаведных узгадненьняў санітарнай службы, пажарнага надзору, была выяўленая другая лінія па вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў[33]».

Справаздача кіраўніцтва «Пінскдрэў-ДСП»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 лістапада 2010 году на афіцыйным сайце ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» была разьмешчаная заява кіраўніцтва кампаніі наконт прычынаў выбуху на СТАА «Пінскдрэў-ДСП»[34]. Створаная кіраўніцтвам холдынгу камісія па расьледаваньні прычынаў НЗ з тэхнічных і лінейных спэцыялістаў зрабіла выснову, што ў гэтым выпадку прычынай стала «парушэньне рэглямэнту правядзеньня рамонтных работаў»[2]. Афіцыйнае абгрунтаваньне прычынаў выбуху на заводзе кіраўніцтва падае на афіцыйным сайце кампаніі:

Оборудование на производстве пеллет до обеда того трагического дня находилось на профилактике, и не были завершены все регламентированные работы. Еженедельно, по понедельникам, в первой смене, на участке ДТГ, согласно распоряжению по заводу, с 07 часов до 11 часов проводилась уборка участка от собравшейся на оборудовании и высоко расположенных конструкциях стружки и пыли и профилактика оборудования. Для этого на участке отключается все оборудование, производится его чистка, осмотр, с последующей влажной уборкой полка помещения. При необходимости в это время проводятся работы на оборудовании, требующим ремонта. До завершения всех работ оборудование участка не должно работать. Без соблюдения последовательности было включено оборудование, что привело к выбросу вещества, состоящего из мелкоразмолотого древесного сырья, что повлекло возгорание и взрыв. Хотя для этого необходим источник огня. Причины произошедшего в настоящее время устанавливают следственные органы[35].

Ліквідацыя наступстваў надзвычайнага здарэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па стане на 10 сьнежня 2010 году работы па ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэньня былі скончаныя. Яны праводзіліся сіламі Пінскага дзяржаўнага пажарнага аварыйна-выратавальнага заснаваньня «Рэспубліканскі атрад адмысловага прызначэньня», Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня МНС, прыватнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Пінскдрэў-Рамбудмантаж», прыватнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемтсва «Пінскдрэў-Аўтапарк» і прыватнага рамонтнага ўнітарнага прадпрыемтсва «Пінскдрэў-Тэхэнэргасэрвіс». На аварыйным прадпрыемстве выкананы дэмантаж 252 плітаў перакрыцьця цэху і 1560 мэтраў аварыйных участкаў знадворных канструкцыяў, якія агароджвалі завод ДСП, а таксама мэталічных элемэнтаў канструкцыяў дахоўкі цэху на плошчы 70 квадратных мэтраў[36].

Грашовыя кампэнсацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кампанія абяцала выплаціць грашовыя дапамогі сем’ям загінулых у памеры 10 мільёнаў рублёў, пацярпелым — па тры мільёны[37], а таксама заплаціць кошты псыхалягічнай дапамогі ды пахаваньні[7][38]. Паводле афіцыйнага сайту кампаніі 1 лістапада 2010 году кіраўніцтва «Пінскдрэва» прыняла рашэньне аб выплаце дадатковай грашовай дапамогі сем’ям загінулых і пацярпелых: сем’ям загінулых — па 30 млн рублёў, пацярпелым — па 20 млн[39]. Акрамя таго, усім пацярпелым будуць выдаткаваныя страхавальныя сумы ад 9,5 да 19 млн рублёў у залежнасьці ад сярэднямесячнага заробку[4]. У цэлым выплаты сем’ям загінулых складуць па 100 млн рублёў кожнай, пацярпелым — па 50 млн[39]. Кіраўнік службы сувязяў з грамадзкасьцю «Пінскдрэва» Дзьмітры Кірыковіч паведаміў:

На савеце дырэктараў было прынятае рашэньне, што выплаты сем'ям загінулых складуць па 100 мільёнаў рублёў, а сем'ям пацярпелых у аварыі - па 50 мільёнаў рублёў. Наша кіраўніцтва прыязджае на кожныя пахаваньні і бачыць вочы і гора кожнай сям'і[40].

11 лістапада 2010 году галоўны бухгальтар «Пінскдрэву» Тацьцяна Бойка паведаміла, што сем’і пацярпелых будуць абавязаныя выплаціць падаходны падатак у 12% ад сумы ў Br50 млн (грошы для сем’яў загінулых падаткам абкладацца ня будуць)[41]. Аднак у той жа дзень начальнік аддзела інфармацыйна-тлумачальнай работы Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут заявіў, што паводле ўказу прэзыдэнта № 565 арт. 1.6 «матэрыяльная дапамога, якая аказваецца сем'ям загінулых і пацярпелых, не абкладаецца падаходным падаткам. Бухгалтэрыя не павінна зьбіраць падатак[42]».

Таксама для тых, хто застаўся ў жывых і знаходзіцца ў шпіталях, паводле словаў генэральнага дырэктара «Пінскдрэва» Лорана Арыніч, прапануецца любая дапамога па набыцьцю ўсяго неабходнага: лекаў ды існага за мяжой мэдычнага абсталяваньня[25]. 8 лістапада 2010 году ў Берасьцейскі абласны шпіталь былі дастаўленыя дзьве рэанімацыйныя перасовачныя ўстаноўкі «Пэлікан» для гаеньня тэрмічных апёкаў у хворых, прафінансаваныя ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»[43]. Адразу пасьля закупкі мэдычнага абсталяваньня ўстаноўкі пачалі выкарыстоўвацца для лячэньня пацярпелых супрацоўнікаў СТАА «Пінскдрэў-ДСП»[43].

Пінская эпархія сумесна з гарадзкім саветам дэпутатаў адкрылі дабрачынны рахунак[44]. Па стане на 8 лістапада 2010 году жыхары Беларусі пералічылі на яго больш за 11 мільёнаў рублёў[45]. Кіраваць рахункам было даручана прыходу Сьвятой пакутніцы Варвары[45].

4 лістапада 2010 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №565 «Аб аказаньні матэрыяльнай дапамогі сем’ям (блізкім сваякам) загінулых (памерлых) і асобам, якія пацярпелі ў выніку надзвычайнага здарэньня ў сумесным таварыстве з агульнай адказнасьцю «Пінскдрэў-ДСП», паводле якога прадугледжваецца выплаціць: 1500 базавых велічыняў (Br52,5 млн.) — аднаму з чальцоў сям’і ці блізкіх сваякоў загінулага (памерлага); 600 базавых велічыняў (Br21 млн.) — людзям, атрымаўшым цяжкія цялесным пашкоджаньні; 300 базавых велічыняў (Br10,5 млн.) — людзям, атрымаўшым менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні[46].

Спачуваньні і грамадзкая падтрымка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 кастрычніка, у дзень пахаваньняў траіх загінулых, у Пінску была абвешчаная жалоба[14]. Паводле адмысловага распараджэньня старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара на Берасьцейшчыне з 3 па 4 лістапада абвешчаная жалоба па ахвярах «Пінскдрэва»[47]. У сувязі з трагедыяй у Пінску Аляксандар Мілінкевіч заклікаў абвясьціць нацыянальную жалобу. Гэтую прапанову падтрымалі прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і Алесь Міхалевіч[48]. Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў пералічыў частку свайго ганарару за кнігу вершаваных перакладаў на расейскую мову «Окно»[49] на рахунак дапамогі пацярпелым ад аварыі на «Пінскдрэве»[50]. Палітык і паэт адзначыў:

Гэта кропля ў моры, але ўсё ж: я пералічваю на разьліковы рахунак частку свайго ганарару за апошні зборнік вершаў. Я заклікаю ўсіх неабыякавых людзей дапамагчы па меры магчымасьці пацярпелым у Пінску. Можа быць, наша грамадзянская салідарнасьць стане прыкладам для тых, хто не палічыў патрэбным абвяшчаць нацыянальную жалобу[50].

З нагоды выбуху на фабрыке «Пінскдрэў» беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выступіў з заявай, у якой выказваліся шкадаваньні сем’ям загінулых[51]. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў спачуваньні родным і блізкім работнікаў на прадпрыемстве «Пінскдрэў-ДСП» 3 лістапада 2010 году[52]. 4 лістапада 2010 году генэральны дырэктар кампаніі Лоран Арыніч зьвярнуўся да работнікаў і грамадзкасьці з заявай, у якой ад імя ўсіх 33-х калектываў холдынга, дзе працуюць болей за шэсьць тысячаў чалавек, і ад сябе асабіста выказаў шкадаваньні сем’я загінулых і пацярпелых:

В этот скорбный час для родственников и близких людей погибших мы вместе с вами оплакиваем безвременно ушедших в иную жизнь наших товарищей, коллег и друзей. Для нас они были сильной опорой, надежными тылами и первоклассными специалистами, потеря которых невосполнима[4].

Кадравыя зьмены на «Пінскдрэў-ДСП»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмена складу работнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 сьнежня 2010 году на афіцыйным сайце кампаніі была зьмешчаная інфармацыя, якая паведамляе пра прынятыя кіраўніцтвам меры па ліквідацыі наступстваў пажару і надзвычайнай сытуацыі на «Пінскдрэў-ДСП». З усіх існых работнікаў «Пінскдрэў-ДСП» на дату аварыі (колькасьць якіх складала 182 чалавекі) адміністрацыя прадпрыемства разьмеркавала 130 чалавек у іншыя падразьдзяленьні холдынгавай кампаніі. Па стане на 3 сьнежня на адпачынку знаходзіліся 5 чалавек, пасьля завяршэньня якога былі таксама накіраваныя ў іншыя падразьдзяленьні кампаніі. Акрамя 5 пацярпелых ад аварыі, па стане на 3 сьнежня на бальнічным знаходзіліся яшчэ 5 чалавек (па прычынам не зьвязаным з тэхнагеннай аварыяй). Таксама, паводле выкладзенай інфармацыі на афіцыйным сайце «Пінскдрэва» пасьля выбуху і пажару на прадпрыемстве былі праведзеныя некаторыя звальненьні: 1 чалавек быў звольнены за зьяўленьне на рабоце ў стане алькагольнага ап’яненьня, 2 чалавекі — у сувязі з адмовай ад працягу работы са зьмяненьнем існых умоваў працы, 20 чалавек — звольніліся па дамоўленасьці бакоў[53].

27 лістапада 2010 году генэральны дырэктар ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Лоран Арыніч зьвярнуўся ў назіральны савет кампаніі з заявай аб скліканьні сходу акцыянэраў для разгледжаньня пытаньня аб вызваленьні з пасады, якую ён займае[54]. Рашэньне аб адстаўцы меркавалася разгледзіць на пазачарговым паседжаньні акцыянэраў. Сваім загадам ад 9 сьнежня 2010 году № 367-к Арыніч прыняў рашэньне, паводле якога ў сувязі са склаўшыміся абставінамі ў выніку надзвычайнага здарэньня на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» і станам здароўя ён складвае свае паўнамоцтвы, прызначаючы з 10 сьнежня 2010 году генэральным дырэктарам Гінеля Яна Станіслававіча — дырэктара фабрыкі «Пінскдрэў-Адрыяна»[54]. Паводле інфармацыі Пінскага гарвыканкаму, на якую спасылалася газэта «Вечерний Брест», заяву аб сыходзе 74-гадовы Арыніч напісаў па патрабаваньні вышэйшага кіраўніцтва краіны[55]. Аднак на самім прадпрыемстве гэтая інфармацыя зьяўлялася непацьверджанай. Пра гэта 10 сьнежня заявіў старшыня назіральнай рады прадпрыемства Міхаіл Галавешкін:

Даведаецеся ў свой час – падаў ці не падаў. Будзе абнародавана – значыць, будзеце ведаць. Не прысьпешвайце падзеі[55]

Затым, як адзначылі ў дзяржаўным канцэрне «Беллеспаперапрам», лістом ад 22 сьнежня № 14126 Арыніч паведаміў пра адкліканьне сваёй заявы аб адстаўцы «паводле рэкамэндацыі вышэйстаячых органаў»[56][57] і аб тым, што ён па акрыяньні адразу прыступае да выкананьня абавязкаў генэральнага дырэктара кампаніі[54], нягледзячы на тое, што дзяржаўны канцэрн «Беллеспаперапрам» неаднаразова настойваў у сваіх лістах ад 6-га, 21-га і 24 сьнежня на скліканьні ўдзельнікаў назіральнага савету ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» па пытаньні разрыву кантракту з Арынічам паводле патрабаваньняў прэзыдэнта краіны, якія былі выкладзеныя ў дырэктыве №1[54]. Аднак рэакцыяй назіральнага савету кампаніі стала рашэньне 27 сьнежня 2010 аб неабвяшчэньні скліканьня сходу акцыянэраў па вышэйвыкладзеных пытаньнях[54].

Сытуацыя рэзка зьмянілася з указам прэзыдэнта № 2 «О некоторых вопросах холдинга «Холдинговая компания «Пинскдрев» ад 3 студзеня 2011 году, паводле першага пункта якога было загадана «прызначыць Беларускі вытворчы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлёзнай прамысловасьці кіруючай кампаніяй холдынга «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», зарэгістраванага 23 красавіка 2010 г.». Гэты ўказ надаў рашэньням дзяржаўнага канцэрну «Беллеспаперапрам» статус «абавязковых для выкананьня» ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»[58].

Решения управляющей компании принимаются органами управления участников этого холдинга в виде собственных решений в бесспорном порядке, то есть без права их отклонения или отмены, независимо от соблюдения условий и порядка принятия таких решений[59]

Позна ўвечары 5 студзеня дзяржаўны канцэрн «Беллеспаперапрам» вырашыў звольніць гендырэктара прыватнага прадпрыемства «Пінскдрэў» Ларана Арыніча на карысьць Аляксандра Судніка, які мусіць уступіць на сваю пасаду 10 студзеня 2011 году[60]. Інфармацыю пра тое, што Ларан Арыніч больш не зьяўляецца генэральным дырэктарам «Холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» у самім холдынгу назвалі не адпавядаючай рэчаіснасьці[61]. Пра гэта 6 студзеня 2011 году паведаміў кіраўнік дэпартамэнту па абслугоўваньні кліентаў і сувязям са СМІ Дзьмітры Яковіч:

Дэ-юрэ генэральны дырэктар — Ларан Сьцяпанавіч Арыніч. Як ён быў ім і да гэтага. Выконваў яго абавязкі на момант, калі ён падаў заяву аб адстаўцы да моманту адкліканьня заявы аб адстаўцы (сьнежань 2010 года — ЕРБ) Гінэль Ян Станіслававіч — дырэктар Камбіната мягкай мэблі, які таксама ўваходзіць у «Холдынгавую кампанію «Пінскдрэў». З моманту рашэньня Ларана Сьцяпанавіча адклікаць сваю заяву і да сёньняшняга дня ён зьяўляецца генэральным дырэктарам усяго холдынга. Ніхто яго не здымаў, Савет акцыянэраў не зьбіраўся, не зацьвярджалі і не падтрымлівалі яго адстаўку. Таму на сёньняшні дзень юрыдычна ён зьяўляецца генэральным дырэктарам[61].

Водгукі на зьмену кіраўніцтва ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзеі, зьвязаныя з указам прэзыдэнта № 2 ад 3 студзеня 2011 і зьменай гендырэктара прыватнай холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» атрымалі шырокі розгалас у электронных сродках масавай інфармацыі. Некаторымі эканамістамі гэтае дзяржрашэньне было параўнанае зь вяртаньнем інстытуту «залатой акцыі».

Водгукі прадстаўнікоў ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як адзначыў кіраўнік дэпартамэнту па абслугоўваньні кліентаў і сувязях са СМІ «Пінскдрэва» Дзьмітры Яковіч, у холдынгавай кампаніі ставяць пад сумнеў рашэньне менскіх чыноўнікаў аб звальненьні генэральнага дырэктара прыватнага холдынгу Ларана Арыніча:[60]

Генэральны дырэктар быў абраны Саветам акцыянэраў на пэўны тэрмін — гэты тэрмін яшчэ ня скончыўся. І зьняць генэральнага дырэктара можа толькі той жа самы Савет акцыянэраў. Не «Беллеспаперапрам», які і раней спрабаваў рабіць нейкія намаганьні ў гэтым пляне, а менавіта Савет акцыянэраў. Альбо можа Назіральны савет падтрымаць асабістае прашэньне аб адстаўцы[60].

Дзьмітры Яковіч нагадаў, што дзяржава ня мае ніводнай акцыі ў холдынгу. У склад канцэрна «Пінскдрэў» некалі ўвайшоў з ўласнай ініцыятывы і працягваў самастойна вырашаць усю сваю эканамічную, вытворчую, інвэстыцыйную і кадравую палітыку[60]. Камэнтуючы ўскладненую сытуацыю з указам № 2, паводле якога дзяржаўны «Беллеспаперапрам» будзе кіраваць прыватным холдынгам ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», Дзьмітры Яковіч адзначыў:

У адпаведнасьці з Указам №2 мы зараз бясспрэчна падпарадкоўваемся кожнаму загаду канцэрна: як у кадравай палітыцы, так і ў камэрцыйнай палітыцы. І калі мы кажам пра інвэстыцыйныя праекты, пра замежныя інвэстыцыі — то ў дадзеным выпадку як можна казаць аб прыцягненьні інвэстыцый, калі прыватны бізнэс не застрахаваны ад умяшаньня дзяржавы? Прычым у гэтым дакумэнце амаль слова ў слова паўтараецца адменены ў 2008 годзе ўказ аб «залатой акцыі».

Водгукі афіцыйных прадстаўнікоў ураду

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 студзеня 2011 году ў праграме «Контуры» тэлеканала «АНТ» намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што зьмена кіраўніцтва ў ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» не азначае якога-небудзь пераразьмеркаваньня ўласнасьці на гэтым прадпрыемстве[62]:

Ніякага пераразмеркаваньня ўласнасьці не адбываецца, ніякая «залатая акцыя» там ня ўведзена[62]

Намесьнік міністра адзначыў, што прадпрыемства перадаецца канцэрну «Беллеспаперапрам» у «апэратыўнае кіраваньне», якое «ніколі не было зьвязана ўшчамленьнем якіх-небудзь правоў уласнасьці ці маёмасьці»[62]. Прычым апэратыўнае кіраваньне кампаніяй азначае, што гэта часовая мера:

У самім слове «апэратыўнае» пацьвярджаецца часовы, абмежаваны характар кіраваньня. Таму, я думаю, што ў рамках прыняцьця рашэньняў гэта часовая мера і яна сама па сабе напрошвалася. Але ні аб якім вяртаньні «залатой акцыі» размовы не ідзе[62]

Водгукі прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіроўны партнэр юрыдычнай кампаніі «Міхель, Уласава і партнэры» Канстанцін Міхель, камэнтуючы дзяржаўнае рашэньне аб прызначэньні канцэрна «Беллеспаперапрам» кіроўнай кампаніяй ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» заявіў, што ў Беларусі дэ-факта адроджаны скасаваны ў сакавіку 2008 году інстытут «залатой акцыі» дзяржавы на кіраваньне гаспадарчымі таварыствамі[63]:

Фармулёўкі ва ўказе па «Пінскдрэве» практычна ідэнтычныя фармулёўкам са скасаванага ўказа аб «залатой акцыі». Па сутнасьці, прынятае рашэньне сумежнае з інстытутам «залатой акцыі». Гэта прэцэдэнт[64].

Старшыня праўленьня Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН) Георгі Бадзей таксама бачыць у гэтым дзяржрашэньні вяртаньне да мэханізму «залатой акцыі»[64]. Пры гэтым Г. Бадзей лічыць, што гэтае рашэньне «не адпавядае» выдадзенай дырэктыве прэзыдэнта N4 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці»[64]. Экспэрт таксама бачыць парушэньне прынцыпу недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці:

Там прыватная ўласнасьць. Як можна прызначыць у прыватную ўласнасьць кіроўную кампанію — дзяржаўны орган? — кажа ён. — Тут наўпрост парушаныя правы прыватнай уласнасьці, гарантыі недатыкальнасьці, прэзыдэнт можа ўсталёўваць асаблівасьці стварэньня і дзейнасьці холдынгаў, але толькі калі гаворка ідзе аб дзяржаўнай уласнасьці. Гэта ніхто не падвяргае сумневу[64].

10 студзеня 2011 году Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага накіраваў ва ўрад і Адміністрацыю прэыдэнта Рэспублікі Беларусь ліст, у якім прапанаваў скасаваць загад канцэрна «Беллеспаперапрам», які тычыцца дзейнасьці ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». У гэтым лісьце БСПН ім. Куняўскага таксама просіць хадайнічаць перад прэзыдэнтам аб прыпыненьні дзеяньня ўказу, які прызначыў канцэрн «Беллеспаперапрам» кіруючай кампаніяй холдынгу «Пінскдрэў» да разгляданьня ўсіх пытаньняў на сходзе акцыянэраў холдынгу. Паводле словаў Георгія Бадзея, да ліста было прыкладзена заключэньне юрыстаў пра тое, што і загад канцэрна, і ўказ прэзыдэнта супярэчаць Канстытуцыі Беларусі і Дэклярацыі аб правах чалавека, у тым ліку на прыватную ўласнасьць[65].

Паводле словаў кіраўніка прадстаўніцтва Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ў Беларусі Валдаса Віткаўскаса, ЭБРР мае намер ацаніць уплыў на дзейнасьць «Пінскдрэву» ўказа аб прызначэньні кіруючай кампаніяй канцэрна «Беллеспаперапрам»[66]. Ён дадаў:

Мы будзем ацэньваць гэтае рашэньне з двух пунктаў гледжаньня: мы зьяўляемся крэдыторам «Пінскдрэву», але не акцыянэрамі, і другі аспэкт – гэта абарона правоў прыватных уладальнікаў прадпрыемства[67].

Водгукі незалежных эканамістаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку эканаміста Сяргея Чалага рашэньне па «Пінскдрэве» супярэчыць асноўнай лёгіцы Дырэктывы №4 аб лібэралізацыі эканомікі:

Фактычна, гэта нават не вяртаньне да інстытута «залатой акцыі», а нават яшчэ горш: прыкрываючыся інтарэсамі выкананьня працоўнага заканадаўства, дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прадпрыемства. Альбо — прызначэньне адміністрацыі. А яна ўжо далей зможа рабіць што заўгодна, што несумненна супярэчыць асноўнай лёгіцы Дырэктывы №4 у пункце абароны правоў уласьніка[60].

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава «дадзенае рашэньне зьяўляецца фактычна вяртаньнем да права «залатой акцыі», паколькі «Пінскдрэў» — прыватная кампанія, а канцэрн — дзяржаўны орган кіраваньня». Акрамя таго, як лічыць эканаміст, «гэтае рашэньне ідзе ў разрэз зь нядаўна прынятай дырэктывай № 4 аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці»[59].

  • 7 лістапада на адрас Пінскага гарвыканкаму і савету дэпутатаў удзельнікамі мітынгу ў гонар 93-х угодкаў кастрычніцкага перавароту была дасланая прапанова наконт абвяшчэньня 25 кастрычніка Днём памяці загінулых на «Пінскдрэве»[68]. Таксама мітынгоўцы даручылі кіраўніцтву кампаніі ўсталяваць памятны знак на месцы зруйнаванага цэху, а саму вытворчасьць ДСП і паліўных гранулаў вынесьці за межы гораду[68].
Сьпіс загінулых на ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»[69][70]
  • Муга Ігар Афінагенавіч (1971 г. н.)
  • Рапута Яўген Валер’евіч (1984 г. н.)
  • Старадуб Міхаіл Іванавіч (1958 г. н.)
  • Міхаевіч Аляксандар Міхайлавіч (1976 г. н.)
  • Саковіч Кацярына Сяргееўна (1986 г. н.)
  • Жукоўскі Віктар Канстанцінавіч (1955 г. н.)
  • Казюр Генадзь Фёдаравіч (1964 г. н.)
  • Калодзіч Аляксандар Сяргеевіч (1987 г. н.)
  • Тарэлка Сяргей Мікалаевіч (1985 г. н.)
  • Квашалі Алег Юр’евіч (1962 г. н.)[71]
  • Мароз Аляксандар Міхайлавіч (1987 г. н.)
  • Хамлюк Аляксандар Мікалаевіч (1959 г. н.)
  • Шаўчук Мікалай Аляксандравіч (1950 г. н.)
  • Шынкарук Аляксандар Анатолевіч (1974 г. н.)
  1. ^ а б в Магчымай прычынай НЗ на фабрыцы ў Пінску названы выбух адкладаў драўнянага пылу Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (26 кастрычніка 2010). Праверана 7 студзеня 2011 г.
  2. ^ а б в Марына Носава (19 лістапада 2010) Камісія «Пінскдрэва» па расследаванні прычын НЗ лічыць, што пажар і выбух адбыліся з-за парушэння рэгламенту рамонтных работ Грамадства. БелаПАН. Праверана 22 лістапада 2010 г.
  3. ^ СПАСЮК Е. В Пинске оплакивают «ушедших в иную жизнь»Naviny.by, 2010.
  4. ^ а б в Елена Спасюк. (4 лістапада 2010) В Пинске оплакивают «ушедших в иную жизнь» (рас.). naviny.by. Праверана 5 лістапада 2010 г.
  5. ^ Колькасць загінуўшых пры выбуху і пажары на «Пінскдрэў-ДСП» дасягнула 14 чалавек Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (1 лістапада 2010). Праверана 2 студзеня 2011 г.
  6. ^ а б Зьміцер Лукашук (26 кастрычніка 2010) «Яны ляжаць у рэанімацыі на вентыляцыі лёгкіх і ў непрытомнасці» Рэпартажы. Эўрапейскае радыё для БеларусіПраверана 4 жніўня 2015 г.
  7. ^ а б в г Публичное сочувствие нецелесообразно? // naviny.by, 1 лістапада 2010  (рас.)
  8. ^ а б в г д Древесная пыль тоже может взрываться (рас.). naviny.by (26 кастрычніка 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  9. ^ а б Правда о трагедии на СООО «Пинскдрев – ДСП» (рас.). «Вестник «Пинскдрев». Праверана 2 лістапада 2010 г.
  10. ^ Таццяна Каравянкова (26 кастрычніка 2010) Як мяркуецца, прычынай выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» стала парушэнне рэжыму эксплуатацыі абсталявання (дапоўнена) Грамадства. БелаПАНПраверана 2 лістапада 2010 г.
  11. ^ Вопратка работнікаў «Пінскдрэва» згарэла адразу, бо рабілася з сінтэтыкі Рэпартажы. Эўрапейскае радыё для Беларусі (25 кастрычніка 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  12. ^ Пінск: новыя ахвяры выбуху Грамадзтва. Радыё «Свабода» (29 кастрычніка 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  13. ^ а б в Надежда Кукса (29 кастрычніка - 4 лістапада) Взрыв на заводе в Пинске унес жизни 14 человек (рас.). Брестская газетаПраверана 5 лістапада 2010 г. Архіўная копія ад 2014-08-11 г.
  14. ^ а б "Не пострадали только те, кто вышел в туалет или курилку" (рас.). TUT.BY (2 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  15. ^ а б Пацярпелыя з Пінску застаюцца ў лякарнях у цяжкім стане. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  16. ^ а б в Пацярпелыя ад выбуху ў Пінску знаходзяцца ў стабільна цяжкім стане. Эўрапейскае радыё для Беларусі (3 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  17. ^ а б У двух пацярпелых пінчукоў заўважныя паляпшэнні. Эўрапейскае радыё для Беларусі (5 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  18. ^ а б Стан трох пінчукоў, пацярпелых ад выбуху, застаецца цяжкім. Эўрапейскае радыё для Беларусі (6 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  19. ^ а б Стан пінчукоў, якія ляжаць у Брэсце, застаецца стабільна цяжкім. Эўрапейскае радыё для Беларусі (8 лістапада 2010). Праверана 13 красавіка 2011 г.
  20. ^ а б У мінскай лякарні засталіся толькі двое пацярпелых пінчукоў. Эўрапейскае радыё для Беларусі (10 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  21. ^ У брэсцкай лякарні пацярпелыя ад выбуху на «Пінскдрэве» ўжо дыхаюць самі. Эўрапейскае радыё для Беларусі (22 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  22. ^ Яўген Бяласін (29 лістапада 2010) Работнікі «Пінскдрэва», шпіталізаваныя ў Брэсце, самастойна прымаюць ежу. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  23. ^ Арцём Мартыновіч (30 лістапада 2010) Стан двух пінчукоў, пацярпелых ад выбуху, блізкі да здавальняючага. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 4 жніўня 2015 г.
  24. ^ а б На фабрыцы «Пінскдрэў ДСП» абсталяванне было зношана на 100%. Эўрапейскае радыё для Беларусі (30 кастрычніка 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  25. ^ а б Катерина Борисевич (4 лістапада 2010) Гендиректор «Пинскдрева»: «Для пострадавших мы купим любое лекарство и зарубежное оборудование» (рас.). Комсомольская правда в Белоруссии. Праверана 4 лістапада 2010 г.
  26. ^ Лік загінуўшых у выніку выбуху і пажару на прадпрыемстве "Пінскдрэў" дасягнуў пяці чалавек. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (29 кастрычніка 2010). Праверана 3 лістапада 2010 г.
  27. ^ а б Вячаслаў Будкевіч (3 лістапада 2010) Крымінальная справа па факце выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» перададзена ў Генпракуратуру Грамадства. БелаПАН. Праверана 3 лістапада 2010 г.
  28. ^ Выбухам на «Пінскдрэве» зоймецца Генпракуратура. Праз маштаб справы. Эўрапейскае радыё для Беларусі (3 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  29. ^ Марына Носава (10 лістапада 2010) На взрыво- и пожароопасных предприятиях проведут дополнительные проверки безопасности (рас.). TUT.BYПраверана 11 лістапада 2010 г.
  30. ^ Таццяна Каравянкова (11 лістапада 2010) Канчатковую выснову аб забеспячэнні бяспекі працы ў СТАА «Пінскдрэў-ДСП» можна будзе зрабіць пасля спецыяльнага расследавання Грамадства. БелаПАН. Праверана 11 лістапада 2010 г.
  31. ^ а б Вольга Кабяк (25 лістапада 2010) Вінаватыя ў трагедыі на «Пінскдрэў-ДСП» будуць пакараны - Р.Васілевіч Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 26 лістапада 2010 г.
  32. ^ 25 кастрычніка — год ад выбуху на "Пінскдрэве". Радыё Свабода (25 кастрычніка 2011). Праверана 25 кастрычніка 2011 г.
  33. ^ а б в г д е ё Максім Трапезьнікаў (10 лістапада 2010) Да выбуху «Пінскдрэў» гарэў шэсць разоў. Наша НіваПраверана 11 лістапада 2010 г.
  34. ^ Кіраўніцтва холдынгу "Пінкдрэў" распавяло пра прычыны выбуху. Эўрапейскае радыё для Беларусі (19 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  35. ^ Новые факты о ЧП на СООО "Пинскдрев-ДСП" (рас.). Афіцыйны сайт ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» (18 лістапада 2010). Праверана 22 лістапада 2010 г.
  36. ^ Вольга Кабяк (10 сьнежня 2010) Генеральный директор "Пинскдрева" подал в отставку в связи с гибелью сотрудников (рас.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 11 сьнежня 2010 г.
  37. ^ Рабочыя паміраюць. Кіраўнікі рыхтуюцца да юбілею Грамадзтва. Радыё «Свабода» (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  38. ^ Вольга Кабяк (27 кастрычніка 2010) Семьи погибших и пострадавшие при взрыве в Пинске получат денежные компенсации (рас.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 13 красавіка 2011 г.
  39. ^ а б Таццяна Дарашчонак (2 лістапада 2010) Кіраўніцтва «Пінскдрэва» прыняло рашэнне аб дадатковых выплатах сем'ям загінулых і пацярпелых ад выбуху на заводзе ДСП Грамадства. БелаПАН. Праверана 3 лістапада 2010 г.
  40. ^ Сем'ям загінулых на «Пінскдрэве» выплацяць па 100 мільёнаў рублёў. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  41. ^ Падаткавікі: З дапамогі пацярпелым ад выбуху пінчукам нельга браць падатак. Эўрапейскае радыё для Беларусі (11 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  42. ^ ЗМНС: Бухгалтерия "Пинскдрева" не должна облагать налогом помощь пострадавшим от взрыва (рас.). TUT.BY (11 лістапада 2010). Праверана 11 лістапада 2010 г.
  43. ^ а б «Пинскдрев» купил для Брестской областной больницы две установки для лечения ожогов (рас.). naviny.by. Праверана 8 лістапада 2010 г.
  44. ^ Сем’ям ахвяраў на «Пінскдрэве» можна дапамагчы грашыма Карысная інфа. Наша Ніва (1 лістапада 2010). Праверана 13 красавіка 2011 г.
  45. ^ а б На дабрачынны рахунак пацярпелым пінчукам пералічана больш за 11 млн рублёў. Эўрапейскае радыё для Беларусі (8 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  46. ^ А.Лукашэнка падпісаў указ аб аказанні дапамогі пацярпелым пры выбуху на «Пінскдрэў-ДСП». Беларускае тэлеграфнае агенцтва (4 лістапада 2010). Праверана 5 лістапада 2010 г.
  47. ^ На Брэстчыне 3 і 4 лістапада абвешчаная жалоба. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  48. ^ Саннікаў і Міхалевіч падтрымалі заклік Мілінкевіча абвясціць дзень жалобы Грамадства. Наша Ніва (1 лістапада 2010). Праверана 13 красавіка 2011 г.
  49. ^ Як дапамогуць палітыкі пацярпелым пінчукам? Рэпартажы. Эўрапейскае радыё для Беларусі (3 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  50. ^ а б Някляеў пералічыў ахвярам трагедыі ў Пінску 3 мільёны Людзі і выбары. Радыё «Свабода» (3 лістапада 2010). Праверана 5 лістапада 2010 г.
  51. ^ Незалежныя прафсаюзы: Беларусь стаіць на парозе тэхнагеннай катастрофы. Хартыя'97 (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  52. ^ Лукашэнка праз дзесяць дзён успомніў пра трагедыю ў Пінску. Наша Ніва (3 лістапада 2010). Праверана 3 лістапада 2010 г.
  53. ^ Ольга Гриневицкая (3 сьнежня 2010) После пожара на «Пинскдреве» начались увольнения (рас.). Народная воляПраверана 3 сьнежня 2010 г.
  54. ^ а б в г д «Беллеспаперапрам» прыняў рашэнне аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў гендырэктара «Пінскдрэў» Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (6 студзеня 2011). Праверана 6 студзеня 2011 г.
  55. ^ а б Кіраўнік холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» падаў у адстаўку?. Эўрапейскае радыё для Беларусі (10 сьнежня 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г.
  56. ^ Марына Носава (5 студзеня 2011) Генэральны дырэктар "Пінскдрэва" перадумаў звальняцца Грамадзтва. Радыё «Свабода». Праверана 6 студзеня 2011 г.
  57. ^ Марына Носава (5 студзеня 2011) Гендиректор компании "Пинскдрев" отозвал свое заявление об отставке (рас.) БелаПАН. Tut.by. Праверана 6 студзеня 2011 г.
  58. ^ О некоторых вопросах холдинга «Холдинговая компания «Пинскдрев» (рас.). Советская Белоруссия (3 студзеня 2011). Праверана 6 студзеня 2011 г.
  59. ^ а б Марына Носава (5 студзеня 2011) В Беларуси возрожден институт "золотой акции"? (рас.) БелаПАН. Tut.by. Праверана 6 студзеня 2011 г.
  60. ^ а б в г д Зьміцер Лукашук (6 студзеня 2011) Эксперт: Дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прыватнага прадпрыемства Рэпартажы. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 4 жніўня 2015 г.
  61. ^ а б Зьміцер Лукашук (6 студзеня 2011) У Мінску знялі гендырэктара кампаніі «Пінскдрэў», у Пінску абвяргаюць. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  62. ^ а б в г Змена кіраўніцтва на «Пінскдрэве» не азначае якога-небудзь пераразмеркавання ўласнасці - А.Тур Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (10 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011 г.
  63. ^ В Беларуси де-факто возрожден институт "золотой акции" - эксперты (рас.) Interfax.by Праверана 11 студзеня 2011 г.
  64. ^ а б в г Interfax.by (6 студзеня 2011) У Беларусі дэ-факта адроджаны інстытут «залатой акцыі» Наша Ніва Праверана 11 студзеня 2011 г.
  65. ^ Марына Носава (11 студзеня 2011) БСПН им. Кунявского призывает отменить приказ "Беллесбумпрома" в отношении холдинга "Пинскдрев" (рас.) БелаПАН. Tut.by. Праверана 11 студзеня 2011 г.
  66. ^ ЕБРР анализирует госрешение о введении внешнего госуправления на "Пинскдреве" (рас.) Interfax.by Праверана 11 студзеня 2011 г.
  67. ^ Вяртаньне «залатой акцыі»? Эканоміка. Радыё «Свабода» (5 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011 г.
  68. ^ а б 25 кастрычніка могуць абвесціць Днём памяці загінулых на «Пінскдрэве». Эўрапейскае радыё для Беларусі (8 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 30 верасьня 2014 г.
  69. ^ Колькасць ахвяраў выбуху на «Пінскдрэве» вырасла да 14 чалавек. Наша Ніва (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  70. ^ Ужо 14 загінулых у выніку выбуху ў Пінску. Хартыя'97 (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010 г.
  71. ^ Трагедыя ў Пінску: чалавек з шакуючага відэа памёр у шпіталі Грамадства. Наша Ніва (5 лістапада 2010). Праверана 13 красавіка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]