Сусьветная арганізацыя здароўя
| Сусьветная арганізацыя аховы здароўя | |
| Сьцяг арганізацыі | |
| Абрэвіятура | СААЗ |
|---|---|
| Дата ўтварэньня | 7 красавіка 1948 (78 гадоў таму) |
| Тып | міжнародная недзяржаўная арганізацыя |
| Мэта | ахова здароўя |
| Штаб-кватэра | Жэнэва, Швайцарыя |
| Дзейнічае ў рэгіёнах | па ўсім сьвеце |
| Афіцыйныя мовы | ангельская, гішпанская, расейская, француская, кітайская, арабская |
| Генэральны дырэктар | Тэдрас Гебрэесус |
| Сайт | who.int |
Сусьве́тная арганіза́цыя аховы здаро́ўя, СААЗ (па-ангельску: World Health Organization, WHO) — адна з арганізацыяў, якая дзейнічае ў рамках ААН. Арганізацыя зьяўляецца чальцом групы разьвіцьця ААН. Папярэднік САЗ, Арганізацыя здароўя, была агенцтвам пры Лізе народаў. Штаб-кватэра СААЗ знаходзіцца ў Жэнэве.
У 1945 годзе на канфэрэнцыі ў Сан-Францыска было прынята рашэньне аб стварэньні міжнароднай арганізацыі па пытаньнях аховы здароўя. Канстытуцыя Сусьветнай арганізацыі здароўя была падпісана ўсімі 61 краінамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў 22 ліпеня 1946 году ў Нью-Ёрку. Першае паседжаньне новай арганізацыі адбылося 24 ліпеня 1948 году. З моманту свайго стварэньня, яна была адказна за ліквідацыю воспы, гуляючы вядучую ролю ў гэтым пытаньні. У цяперашні час ейныя прыярытэты ўключаюць барацьба з інфэкцыйнымі захворваньнямі, у прыватнасьці , ВІЧ/СНІДам, каранавіруснай інфэкцыяй, малярыяй і сухотамі, а таксама, зьмякчэньне наступстваў неінфэкцыйных захворваньняў, аховай сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, разьвіцьця і старэньня чалавека, харчаваньня, харчовай бясьпекі і здаровага харчаваньня, гігіены працы, таксікаманіі. Іншымі мэтамі дзейнасьці СААЗ зьяўляюцца павелічэньне супрацоўніцтва паміж краінамі ў сфэры аховы здароўя і барацьбы з пошасьцямі, а таксама ўсталяваньня нормаў складу лекаў і якасьці прадуктаў. Арганізацыя змагаецца таксама за ўсталяваньне мэдычнай бясьпекі для кожнага чалавека і зьмяншэньне сьмяротнасьці немаўлятаў.
Да асноўных посьпехаў дзейнасьці СААЗ належаць: перамога над эпідэміямі малярыі, чумы, халеры, сухотаў праз масавыя вакцынацыі. СААЗ таксама вальчыць са СНІДам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вытокі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Аркот Рамасвамі Мудаляр, які быў першым прэзыдэнтам Эканамічнай і сацыяльнай рады ААН (ЭКАСАС) у 1946 годзе, адыграў цэнтральную ролю ў заснаваньні Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Пад ягоным кіраўніцтвам ЭКАСАС ініцыяваў міжнародную канфэрэнцыю, якая заклала СААЗ як спэцыялізаваную ўстанову ААН.
Міжнародныя санітарныя канфэрэнцыі (МСК), першая зь якіх адбылася 23 чэрвеня 1851 году, былі сэрыяй канфэрэнцыяў, якія ладзіліся да 1938 году[1]. Першая канфэрэнцыя ў Парыжы была амаль выключна прысьвечана тэме халеры, якая заставалася хваробай, якая выклікала сур’ёзную заклапочанасьць у МСК на працягу большай часткі XIX стагодзьдзя. Паколькі прычына, паходжаньне і заразнасьць многіх эпідэмічных захворваньняў усё яшчэ былі нявызначанымі і прадметам навуковых спрэчак, міжнароднага ўзаемапаразуменьня аб адпаведных захадаў лячэньня і прафіляктыкі было цяжка дасягнуць[1]. Сем з гэтых міжнародных канфэрэнцыяў, якія ахапілі 41 год, былі скліканыя, перш чым якая-небудзь зь іх прывяла да міждзяржаўнага міжнароднага пагадненьня. На сёмай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Вэнэцыі ў 1892 годзе, нарэшце было ўхваленая канвэнцыі. Яна тычылася толькі санітарнага кантролю суднаходзтва, якое тычылася Суэцкага канала, і было спробай неяк прыпыніць распаўсюд халеры[2].
Празь пяць гадоў, то бок у 1897 годзе, шаснаццаць зь дзевятнаццаці дзяржаваў, якія бралі ўдзел у Вэнэцыянскай канфэрэнцыі, падпісалі канвэнцыю аб бубоннай чуме. Хоць Данія, Швэцыя-Нарвэгія і ЗША не пакінулі подпісы пад гэтай канвэнцыі, было аднагалосна пастаноўлена, што праца папярэдніх канфэрэнцыяў павінна быць кадыфікаваная дзеля рэалізацыі[3]. Наступныя канфэрэнцыі, якія ладзіліся ад 1902 году да апошняй у 1938 годзе, пашырылі кола захворваньняў, якія выклікалі заклапочанасьць, і ўлучылі абмеркаваньне захадаў рэагаваньня на жоўтую ліхаманку, бруцэлёз, лепру, тубэркулёз і брушны тыф[4]. Часткова ў выніку посьпехаў канфэрэнцыяў неўзабаве паўсталі Панамэрыканскае санітарнае бюро ў 1902 годзе і Міжнароднае бюро грамадзкай гігіены ў 1907 годзе. Калі ў 1920 годзе была створаная Ліга народаў, яна заснавала Арганізацыю аховы здароўя пры сябе. Па Другой сусьветнай вайне Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў аб’яднала ўсе астатнія арганізацыі аховы здароўя, у выніку чаго і была створаная сучасная арганізацыя аховы здароўя[5].
Заснаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Падчас канфэрэнцыі ААН па міжнароднай арганізацыі ў 1945 годзе дэлегат ад Кітайскай рэспублікі Сэмінг Сэ правёў перамовы з нарвэскімі і бразыльскімі дэлегатамі аб стварэньні міжнароднай арганізацыі аховы здароўя пад эгідай новай структуры. Пасьля таго, як рэзалюцыя па гэтым пытаньні была зацьверджаная, генэральны сакратар канфэрэнцыі Алджэр Гіс рэкамэндаваў выкарыстоўваць дэклярацыю дзеля стварэньня такой арганізацыі. Выкарыстаньне слова «сусьветны», а не «міжнародны», падкрэсьлівала сапраўды глябальны характар таго, чаго імкнулася дасягнуць арганізацыя[6]. Статут Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя быў падпісаны 51-й краінай ААН ды 10 іншымі краінамі 22 ліпеня 1946 году[7]. Такім чынам, яна стала першай адмысловай установай ААН, пад якой падпісаліся ўсе сябры арганізацыі[8]. Ейны статут афіцыйна набыў моц у першы Сусьветны дзень здароўя 7 красавіка 1948 году, калі яго ратыфікавала 26-я дзяржава-сябар арганізацыі[7]. СААЗ афіцыйна пачала сваю працу 1 верасьня 1948 году.
Першае паседжаньне Сусьветнай асамблеі аховы здароўя завяршылася 24 ліпеня 1948 году, пасьля чаго быў сфармаваны бюджэт у памеры 5 мільёнаў даляраў ЗША на 1949 год. Брок Чысголм быў прызначаны генэральным дырэктарам СААЗ, які займаў пасаду выканаўчага сакратара і аднаго з заснавальнікаў на этапах плянаваньня[6][9], а Андрыя Штампар стаў першым прэзыдэнтам асамблеі. Ейнымі першымі прыярытэтамі былі кантроль распаўсюду малярыі, тубэркулёзу і інфэкцыяў, якія перадаюцца плоцевым шляхам, а таксама паляпшэньне здароўя маці і дзіцяці, харчаваньня і гігіены навакольнага асяродзьдзя[10]. Першым заканадаўчым актам быў акт аб складаньні дакладнай статыстыкі аб распаўсюдзе і захворваньні[6]. Лягатып Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя адлюстроўвае посах Асклепія як сымбаль гаеньня[11].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1950 годзе пачалася масавая кампанія, якая прадугледжвала прышчэпліваньне ад тубэркулёзу з выкарыстаньнем вакцыны БЦЖ[12].

Праграма па ліквідацыі малярыі была пачатая ў 1955 годзе, хоць пазьней ейныя мэты былі перагледжаныя, каб у большасьці рэгіёнах сьвету выкананьне праграмы зрушылася[12]. У 1958 годзе намесьнік міністра аховы здароўя СССР Віктар Жданаў заклікаў Сусьветную асамблею аховы здароўя распачаць глябальную ініцыятыву па ліквідацыі воспы, што прывяло да прыняцьця адмысловай рэзалюцыі[13]. Першая справаздача СААЗ аб цукровым дыябэце была апублікаваная ў 1965 годзе, у тым жа годзе, калі была створаная Міжнародная агенцыя дасьледаваньня раку[12]. У 1966 годзе арганізацыя перанесла сваю сядзібу ў новы адмысловы будынак у Жэнэве[12][14].
Да 1967 года СААЗ актывізавала глябальную кампанію па ліквідацыі воспы, штогод робячы ўнёскі ў памеры 2,4 мільёнаў даляраў і ўкараняючы новыя мэтады назіраньня за хваробай у той час, калі штогод ад воспы паміралі 2 мільёны чалавек[15][16]. Асноўнай праблемай было недастатковае паведамленьне аб выпадках, якое СААЗ разьвязала, стварыўшы сетку кансультантаў, якія дапамагалі краінам ажыцьцяўляць назіраньне і стрымліваньне распаўсюду захворваньня. Арганізацыя таксама дапамагла даць рады з апошняй эўрапейскай пошасьцю воспы, якая адбылася ў Югаславіі ў 1972 годзе[17][18]. Пасьля больш чым двух дзесяцігодзьдзяў намаганьняў Глябальная камісія ў 1979 годзе абвесьціла, што воспа цалкам ліквідаваная, стаўшы першай хваробай у гісторыі, адоленай намаганьнямі чалавека[19].
У 1974 годзе СААЗ распачала Пашыраную праграму імунізацыі[12], а таксама распачала рэалізацыю праграмы барацьбы з анкацэркозам у партнэрстве з Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН, Праграмай разьвіцьця ААН (ПРААН) і Сусьветным банкам[12]. У наступным годзе ў адказ на рэзалюцыю СААЗ 1974 году была прасунутая Спэцыяльная праграма дасьледаваньняў і падрыхтоўкі кадраў у галіне трапічных захворваньняў, сумесна спонсарамі якой выступілі ЮНІСЭФ, ПРААН і Сусьветны банк. Гэтая праграма была скіравана на каардынацыю міжнародных дасьледаваньняў у галіне дыягностыкі, лекаваньня і кантролю трапічных захворваньняў, а таксама на нарошчваньне дасьледчага патэнцыялу ў эндэмічных краінах[20]. У 1976 годзе арганізацыя ўхваліла рэзалюцыю аб прафіляктыцы інваліднасьці і рэабілітацыі, у якой падкрэсьліла важнасьць дапамогі, арыентаваную на супольнасьць[12]. За ёй у 1977 годзе быў складзены першы сьпіс неабходных лекаў[12], а ў 1978 годзе была абвешчаная амбітная мэта «Здароўе для ўсіх»[12].

У 1986 годзе СААЗ пачала выкананьне сваёй глябальнай праграмы па ВІЧ/СНІДзе[12]. Праз два гады была ўлічана неабходнасьць прадухіленьня дыскрымінацыі ў дачыненьні да пацыентаў[12], а ў 1996 годзе была створаная Сумесная праграма ААН па ВІЧ/СНІДзе[12]. У 1988 годзе была створана глябальная ініцыятыва па ліквідацыі поліяміеліту[12]. У 1995 годзе СААЗ стварыла незалежную Міжнародную камісію па сэртыфікацыі ліквідацыі дракункулёзу[12]. У 1998 годзе Генэральны дырэктар СААЗ адзначыў паляпшэньне дзіцячай выжывальнасьці, зьніжэньне дзіцячай сьмяротнасьці, павелічэньне працягласьці жыцьця і зьніжэньне ўзроўню захворваньня на такія хваробы, як то воспа і поліяміеліт, у пяцідзесятую гадавіну заснаваньня СААЗ. Аднак ён прызнаў, што неабходна зрабіць больш дзеля падтрымкі мацярынскага здароўя і што прагрэс у гэтай галіне быў сьціплым[21].
У 2000 годзе было складзенае партнэрства «Спыніць тубэркулёз», а адмысловыя фармулёўкі ў барацьбе былі ўкладзеныя ў Мэты разьвіцьця тысячагодзьдзя, ухваленыя на саміце ААН[12]. У 2001 годзе была сфармаваная ініцыятыва па барацьбе з адзёрам, якой прыпісваюць зьніжэньне глябальнай сьмяротнасьці ад гэтай хваробы на 68% да 2007 году[12]. У 2002 годзе з мэтай паляпшэньня выкарыстаньня наяўных рэсурсаў быў створаны глябальны фонд для барацьбы са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй[12]. У 2006 годзе СААЗ ухваліла першы ў сьвеце афіцыйны набор інструмэнтаў дзеля лекаваньня ВІЧ/СНІДу для Зымбабвэ, які быў пакладзены ў аснову глябальнай прафіляктыкі, лекаваньня і падтрымкі пляну барацьбы з пандэміяй СНІДу[22][23]. У 2006 годзе СААЗ надаў старт выкананьню глябальнага пляну дзеяў у справе вакцынацыі супраць грыпу.
У 2016 годзе пасьля прызнаньня няўдачы ў рэагаваньні на распаўсюд віруса Эболы ў Заходняй Афрыцы была створаная Сусьветная праграма па надзвычайных сытуацыях у галіне аховы здароўя, што зьмяніла СААЗ з нарматыўнай агенцыі на арганізацыю, якая мусіць тэрмінова рэагаваць на надзвычайныя сытуацыі ў галіне аховы здароўя[24]. У 2020 годзе арганізацыя абвесьціла, што пошасьць новага каранавірусу была клясыфікаваная як надзвычайная сытуацыю ў галіне аховы здароўя, надаўшы ёй міжнародную значнасьць. Новы каранавірус быў новым штамам каранавірусу, які аніколі раней не выяўляўся ў людзей.
У 2026 годзе па абраньні Дональда Трампам прэзыдэнтам ЗША афіцыйна выйшлі з СААЗ, спасылаючыся на меркаваныя недахопы ў барацьбе агенцыі з пандэміяй каранавірусу. Адміністрацыя заявіла, што ня будзе вяртацца ў арганізацыю або браць удзел у якасьці назіральніка, а замест гэтага працягне двухбаковае супрацоўніцтва ў пытаньнях глябальнай аховы здароўя, аспрэчваючы пры гэтым тое, што ЗША мусяць выплаціць блізу 260 мільёнаў даляраў запазычанасьці перад выхадам. Выхад выклікаў фінансавы крызіс у арганізацыі, які прывёў да значных скарачэньняў бюджэту, скарачэньня ўдвая кіроўнага складу і падрыхтоўкі плянаў на скарачэньні блізу чвэрці супрацоўнікаў. Выхад ЗША з арганізацыі, якая была на момант растаньня найбуйнейшым фундатарам СААЗ, робячы ўнёсак каля 18% ейнага бюджэту, стварыў нявызначанасьць адносна будучага супрацоўніцтва, прычым генэральны дырэктар Тэдрас Гебрэесус заявіў, што выхад зробіць менш бясьпечнымі як ЗША, гэтак і астатнюю частку сьвету[25][26].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Howard-Jones 1974. С. 9—11.
- ↑ Howard-Jones 1974. С. 65.
- ↑ Howard-Jones 1974. С. 78—80.
- ↑ Howard-Jones 1974. С. 93—98.
- ↑ McCarthy, Michael A brief history of the World Health Organization. // The Lancet. — 10.2002. — Т. 360. — № 9340. — С. 1111—1112. — DOI:10.1016/s0140-6736(02)11244-x
- 1 2 3 World Health Organization // The British Medical Journal. — 07.08.1948. — Т. 2. — С. 302—303. — DOI:10.1136/bmj.2.4570.302
- 1 2 The Move towards a New Health Organization: International Health Conference // Chronicle of the World Health Organization. — 1947. — Т. 1. — № 1–2. — С. 6—11.
- ↑ Shimkin, Michael B. The World Health Organization // Science. — 27.09.1946. — Т. 104. — С. 281—283. — DOI:10.1126/science.104.2700.281
- ↑ Normalizing the Ideal: Psychology, Schooling, and the Family in Postwar Canada. — University of Toronto Press. — ISBN 978-0-8020-8259-6
- ↑ J, Charles Origins, history, and achievements of the World Health Organization // BMJ. — 1968. — Т. 2. — № 5600. — С. 293—296. — DOI:10.1136/bmj.2.5600.293
- ↑ World Health Organization Philippines. WHO. Архіўная копія ад 25.04.2012 г.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 WHO at 60. WHO. Архіўная копія ад 17.06.2012 г.
- ↑ Fenner, Frank; Henderson, Donald A; Arita, Isao; Jezek, Zdenek; Ladnyi, Ivan Danilovich Smallpox and its eradication. — Geneva: World Health Organization. — С. 366—371. — ISBN 92-4-156110-6
- ↑ Construction of the main WHO building. WHO. Архіўная копія ад 11.06.2018 г.
- ↑ Zikmund, Vladimír Karel Raška and Smallpox // Central European Journal of Public Health. — 03.2010. — Т. 18. — № 1. — С. 55—56.
- ↑ Holland, Walter W. Karel Raška – The Development of Modern Epidemiology. The role of the IEA // Central European Journal of Public Health. — 03.2010. — Т. 18. — № 1. — С. 57—60.
- ↑ Orenstein, Walter A.; Plotkin, Stanley A. Vaccines. — Philadelphia: W.B . Saunders Co, 1999. — ISBN 978-0-7216-7443-8
- ↑ Flight, Colette (17.02.2011) Smallpox: Eradicating the Scourge. BBC History. Архіўная копія ад 14.02.2009 г.
- ↑ Anniversary of smallpox eradication. WHO Media Centre (18.06.2010). Архіўная копія ад 17.06.2012 г.
- ↑ WHO Special Programme for Research and Training in Tropical Diseases (TDR) // Tropical Diseases. — 1990.
- ↑ World Health Day: Safe Motherhood. WHO (07.04.1998). Архіўная копія ад 17.06.2012 г.
- ↑ Zimbabwe launches world's 1st AIDS training package. chinaview.cn (04.10.2006). Архіўная копія ад 05.10.2009 г.
- ↑ Zimbabwe Launches First Official HIV Prevention, Treatment, Support Toolkit. KFF Health News.
- ↑ Ebola then and now: Eight lessons from West Africa that were applied in the Democratic Republic of the Congo. World Health Organization. Архіўная копія ад 24.10.2021 г.
- ↑ U.S. severs ties with WHO, raising concerns about flu epidemics. NBC News (23.01.2026).
- ↑ Farge, Emma. US withdraws from the World Health Organization // Reuters, 22.01.2026 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Howard-Jones, Norman The scientific background of the International Sanitary Conferences, 1851–1938. — World Health Organization, 1974.