Перайсьці да зьместу

Трагедыя на Нямізе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Месца трагедыі — уваход на станцыю мэтро «Няміга»

Траге́дыя на Нямі́зе — масавая таўкатня напрыканцы піўнога сьвята ў Менску 30 траўня 1999 году, зладжанага кампаніяй «Аліварыя». У гэты ж час праваслаўнае насельніцтва сьвяткавала Тройцу.

Хаваючыся ад дажджу з градам, моладзь рушыла ў пераход да станцыі мэтро «Няміга». У таўкатні загінулі 53 чалавекі, яшчэ больш за 250 пацярпелі. Бальшыня загінулых — маладыя людзі векам ад 14 да 20 гадоў, зь іх 42 дзяўчыны й 2 супрацоўнікі міліцыі. Бальшыня загінула ад задушша й траўмаў. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, сьвята цягнулася яшчэ гадзіну пасьля трагедыі.

Адразу пасьля трагедыі ў краіне была абвешчаная трохдзённая жалоба.

Першы час за трагедыю ўлады часткова прынялі адказнасьць на свой адрас. На распараджэньне гарвыканкаму сталіцы й мясцовых выканкамаў цягам двух гадоў сваякам загінулых далі права бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце, набыцьця бясплатных лекаў і вызваленьня ад аплаты камунальных паслугаў. Аднак у 2002 годзе прэзыдэнцкай пастановай палёгкі былі скасаваныя.

Доўгі час пасьля трагедыі падземны пераход быў своеасаблівым месцам паломніцтва для блізкіх сяброў і родных загінулых: людзі вешалі на сьценах партрэты, абразы, тэксты малітваў, распальвалі сьвечкі ў памяць аб ахвярах.

На месцы трагедыі, ля ўваходу на станцыю мэтро «Няміга», 30 траўня 2002 году быў усталяваны помнік у выглядзе 53 ружаў, раскіданых па мэтафарычных прыступках, а таксама малая каплічка з праваслаўным крыжом, унутры якое зьмешчаныя зьвесткі пра нагоду для яе ўсталяваньня.

Крымінальная справа была спынена 25 сакавіка 2002 году ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Вінаватых у страшнай трагедыі не назвалі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]