Ручнік
Ручні́к — прадаўгаваты выраб з тканага палатна — утылітарнага, дэкаратыўнага і традыцыйна-абрадавага прызначэньня; від тканін мастацкіх. Вядомы ў народным побыце з глыбокай старажытнасьці з пашырэньнем ткацтва. Памеры беларускіх ручнікоў: даўжыня пераважна 1,5 — 3 м і шырыня 25 — 30 см.
На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны серабрыста-белыя, тканыя ў 2—3 ніты ручнікі, а таксама ўзорыстатканыя, так званыя дэкаратыўныя, тканыя ў 4—8 (часам да 12) нітоў ручнікі, якія пашырыліся з узьнікненьнем пераборнай і закладной тэхнік ткацтва. Ручнікі ткуць на кроснах, аздабляюць натыканьнем, вышыўкаю (процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка, ланцужок, гафт і інш.), карункамі, махрамі. Выразнасьць узору дэкаратыўнага ручніка падкрэсьліваецца рытмічным чаргаваньнем геамэтрычных элемэнтаў, а таксама камбінаваньнем рознай пражы асновы і ўтку — адбелены і суравы кужаль, кужаль і бавоўна, бавоўна і каляровы ядваб. Канцы аздабляюць белымі карункамі («зубы»), а таксама разьмешчанымі ўпоперак палатна чырвонымі і чырвона-чорнымі арнамэнтальнымі шляпкамі з баваўняных нітак «горынь». Напрыканцы 19 — пач. 20 ст. з пашырэньнем анілінавых фарбавальнікаў і фабрычных нітак (асабліва на поўдні Беларусі) пашырылася паліхромнае аздабленьне, у арнамэнтыцы частымі сталі зааморфныя і расьлінныя матывы. Пры стылявым адзінстве беларускіх ручнікоў вылучаюцца іх лякальныя асаблівасьці, якія тэрытарыяльна суадносяцца зь межамі народных строяў, і блізкія арнамэнтыкай да мясцовых абрусоў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вольга Фадзеева. Ручнік // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. — С. 435—437.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Ручнік / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1987. — Т. 4. — 740 с. — 9500 ас.