Перайсьці да зьместу

Патоп на Дубравенцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Патоп на Дубравенцы
Краіна Беларусь
Месца Магілёў
Тып катастрофы прыродна-тэхнагенная
Прычына прабіцьцё аселага насыпу праз раку Дубравенка
Дата 10 красавіка 1942 (82 гады таму)
Час удзень, другая палова дня
Наступствы
Загінулі 2 тысячы чалавек

Патоп на Дубравенцыпаводка 10 красавіка 1942 году ў Магілёве, што адбылася ў выніку прабіцьця аселага насыпу праз раку Дубравенка. Найбуйнейшае прыродна-чалавекатворнае бедзтва ў Беларусі, што пацягнула сьмерць 2 тысячаў людзей.

Пры адступленьні з Магілёва ў ліпені 1941 году чырвонаармейцы падарвалі чыгуначны насып, што перасякае Дубравенку. Ад прасяданьня насып перакрыў рачное рэчышча. Да зімы за насыпам разьлілося возера з узроўнем вады да самых рэек. У пачатку красавіка 1942 г. нямецкія акупацыйныя ўлады скіравалі брыгаду на прабіцьцё насыпу некалькімі трубамі[1].

10 красавіка 1942 году рамонтнікі дайшлі да рэштак трубы, дзе савецкія вайскоўцы заклалі выбухоўку. Пры прарыве насыпу ў другой палове дня хваля імгненна змыла ўсіх рамонтнікаў. За 20 хвілінаў большасьць людзей, 129 дамоў, сынагогу і Быхаўскі рынак зь берагоў зьнесла ў Дняпро[2].

Сабраныя па берагах непрытомныя целы склалі ў адну яму. Большасьць загінулых не пахавалі праз багністы нанос глею і гліны, што замінаў падысьці да ракі яшчэ некалькі тыдняў. Трупы ў падсохлым глеі знаходзілі яшчэ цягам году.

Праз пашырэньне зьвестак аб патопе на навуковай нарадзе «Магілёў: гісторыя і сучаснасьць» у 2006 годзе студэнты Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту зладзілі збор подпісаў з просьбай да Магілёўскага гарадзкога выканаўчага камітэту аб усталяваньні помніка ахвярам бедзтва[3].

  1. ^ Аляксей Бацюкоў (30 верасьня 2005) Дубравенкі крывавыя берагі. Наша НіваПраверана 3 студзеня 2013 г.
  2. ^ Магілёў: Моладзь ушанавала ахвяраў паводкі 1942 году. Радыё «Свабода» (10 красавіка 2007). Праверана 3 студзеня 2013 г.
  3. ^ Аляксей Бацюкоў (13 красавіка 2009) Трагедыя на Дубравенцы. Магілёўскія ведамасьціПраверана 2 студзеня 2013 г.