Самасёлы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Самасёлы зоны адчужэньня (самапасяленцы, вяртанцы) — зборная назва для цывільнага насельніцтва Чарнобыльскай зоны адчужэньня, групы людзей, якія вярнуліся на месца ранейшага пражываньня пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самасёламі гэтых людзей упершыню пачалі называць журналісты яшчэ з 1980-х гг[1]. Навукоўцы, удзельнікі гісторыка-этнаграфічных экспэдыцыяў у зону адчужэньня, сярод якіх была паэтка Ліна Кастэнка, лічаць такую назву некарэктнай:

« Я адразу хацела б папрасіць, каб тых людзей ніхто не называў самасёламі: гэта абразьліва, гэта ж іхняя бацькаўшчына. Яны вырасьлі там і працягваюць жыць пасьля аварыі ў сваіх родных будынках - хай забытыя Богам і дзяржавай[2] »

Яны называюць гэтых людзей «вяртанцамі» (па-ўкраінску: повертанці).

Колькасьць самасёлаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на існае заканадаўчае абмежаваньне пражываньня цывільнага насельніцтва ў зоне адчужэньня, усё ж такі значная колькасьць эвакуяванага насельніцтва вярнулася да сваіх мясьцінаў пасьля высяленьня 1986 году.

Паводле розных крыніцаў, агульная колькасьць насельніцтва, што вярнулася ў зону адчужэньня ў 1986 г. складае каля 1200 чалавек (са ста тысячаў эвакуяваных). Станам на пачатак 2007 году іхняя колькасьць складала 314 чалавек.

Колькасьць пражываючых у зоне адчужэньня, пачынаючы з 1987 году, мае наступную тэндэнцыю:

1987 1992 1995 1998 1999 2001 2005 2007
больш за 1200 асобаў каля 1000 асобаў 820 асобаў 750 асобаў 612 асобаў 487 асобаў 328 асобаў 314 асобаў

Самасёлы пражываюць не кампактна ў адным сяле альбо горадзе, а расьселеныя па 11 населеных пунктах зоны адчужэньня. Пераважна гэта людзі сталага веку. Сярэдні ўзрост самасёлаў складае 63 гады. Асноўнай прычынай скарачэньня колькасьці самасёлаў у чарнобыльскай зоне зьяўляецца іх стары ўзрост.

Прычыны вяртаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рашэньнях Кіеўскага аблвыканкаму і Ўрадавай камісіі за 1986 год абвяшчалася пра часовую (да 3 месяцаў) эвакуацыю жыхароў Чарнобыльскага раёну. Гэта спрычыніла частку эвакуяваных да вяртаньня ў свае дамы ўжо ўвосені 1986 году, а большасьць зь іх вярнулася ўвесну 1987 году да пачатку палявых работаў; жыльлё, што было нададзена эвакуяваным, не задавальняла перасяленцаў па шматлікіх прычынах: у адзін будынак засялялі некалькі сем’яў, паколькі жыльлё будавалася хуткімі тэмпамі, яно было нізкай якасьці, а часам увогуле не прыдатнае для пражываньня; прызвычаеныя жыць у драўляных будынках (асабліва старыя людзі) не змаглі жыць у цагляна-бэтонных збудаваньнях; ня ў поўнай меры ўлічваліся асаблівасьці побыту палешукоў: яны ня мелі магчымасьці весьці традыцыйнае для іх земляробства, займацца рыбалкай і зьбіраньнем грыбоў і ягадаў у лясах; у гарадах перасяленьня карэннае насельніцтва непрыязна сустрэла эвакуяваных, мяркуючы, што яны адабралі ў іх жыльлёвыя плошчы і рабочыя месцы. Пачынаючы з восені 1986 да вясны 1981 году ў зоны адчужэньня вярнуліся больш за 1200 асобаў. Яны апрацоўвалі ўласныя будынкі і абраблялі свае прысядзібныя зямельныя дзялянкі. Большасьць зь іх пакінулі (здалі мясцовым органам улады) жыльлё, што ім было нададзена пасьля эвакуацыі.

Месцы пражываньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станам на канец 2005 году «самасёлы» жылі ў населеных пунктах Украіны:

Назва населенага пункту Колькасьць грамадзянаў
с. Залесьсе 5
с. Ільлінцы 37
с. Купаватае 32
с. Ладзіжычы 8
с. Лубянка 12
с. Новыя Шапелічы 2
с. Апачычы 20
с. Оташаў 10
с. Парышыў 16
с. Рудня-Ільлінецкая 8
с. Цярамцы 36
м. Чарнобыль 142
усяго 328

Прававы статус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля самастойнага вяртаньня часткі жыхароў у зону адчужэньня ўзьніклі зьвязаныя з тым сацыяльныя і прававыя праблемы: быў ліквідаваны Чарнобыльскі раён, органы выканаўчай улады і гарадзкія саветы. Жыхары апынуліся па-за ўплывам існуючых органаў дзяржаўнага кіраваньня. Неабходна было надаць ім пэўны статус і зарэгістраваць у мясцовых органах улады, як таго вымагала дзейснае тагачаснае заканадаўства, забясьпечыць працай і г. д.; з населеных пунктаў была эвакуяваная і часткова зруйнаваная інфраструктура, узьнікла праблема наладжваньня гандлёвага, мэдычнага, транспартнага і сацыяльнага абслугоўваньня, сыстэмы рэгістрацыі грамадзкага стану. Было незразумела, хто мусіў выконваць дадзеныя функцыі на тэрыторыі зоны адчужэньня. У задачы вытворчагага комплексу, утворанага для ажыцьцяўленьня мерапрыемтсваў па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, не ўваходзіла абслугоўваньне жыхароў, у бюджэце Іванкаўскага раёну таксама не прадугледжваліся кошты на абслугоўваньне асобаў, якія вярнуліся да зоны адчужэньня. На той час, ажно да 1992 году, гэтыя праблемы вырашаліся прадпрыемствамі зоны адчужэньня ды Іванкаўскім райвыканкамам на ўласны погляд, безь юрыдычных падставаў для іх разьвязваньня.

З прыняцьцем у 1991 годзе закону Ўкраіны «Пра прававы рэжым тэрыторыі, што падзьверглася радыяактыўнаму забруджваньню ў выніку Чарнобыльскай катастрофы», артыкулам 12 якога было забаронена пастаяннае пражываньне ў зоне адчужэньня, сытуацыя зьмянілася. Пражываньне ў зоне адчужэньня разглядалася як парушэньне заканадаўства, а жыхары павінны былі пакінуць зону адчужэньня. Пасьля ўтварэньня ў 1992 годзе Адміністрацыі зоны адчужэньня вырашэньні праблемаў, датычных пражываньня людзей у зоне адчужэньня, узяў на сябе дадзены орган дзяржаўнага кіраўніцтва. Адміністрацыя выступіла з ініцыятывай наданьня статусу «часова пражываючых» асобам, які вярнуліся ў зону адчужэньня да прыняцьця закону Ўкраіны «Пра прававы рэжым тэрыторыі…», і якія ня маюць па-за межамі зоны адчужэньня жыльля, атрыманага пасьля эвакуацыі. Адпаведна з распараджэньнем кабінэта міністраў Украіны ад 9 лютага 1993 г. № 88-р дадзеныя асобы былі часова, да высяленьня на «чыстыя» тэрыторыі, зарэгістраваныя органамі МНС у населеных пунктах Іванкаўскага раёну без наданьня жыльля. Іх абслугоўваньне і сацыяльнае забесьпячэньне Іванкаўскую раённую дзяржаўную адміністрацыю і Адміністрацыю зоны адсужэньня.

Побыт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнай крыніцай існаваньня гэтых людзей зьяўляецца прысядзібнае гаспадарства, а таксама збор грыбоў, ягадаў, рыбалоўля і часам паляваньне.

Вяртанцам часам дапамагаюць прадпрыемствы Чарнобыльскай зоны адчужэньня. Выконваюць рамонт будоўляў, транспартнае абслугоўваньне, мэдычны агляд і лекаваньне. Таксама ДСНВП «Экацэнтар» праводзіць кантроль прадуктаў харчаваньня, якія вырошчваюць самасёлы на сваіх прысядзібных дзялянках. Час ад часу прыходзіць гуманітарная дапамога зь іншых рэгіёнаў краіны.

Вырашэньне праблемаў самапасяленцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш істотным рашэньнем праблемаў пражываньня людзей у зоне адчужэньня было б наданьне ім жыльля на «чыстых» тэрыторыях. Аднак большасьць жыхароў зоны адчужэньня не пагаджаюцца перасяліцца, а прынялі для сябе рашэньне пражыць давеку ва ўласных хатах. У 1999—2000 гадах МНС і Кіеўская аблдзяржадміністрацыя прынялі рашэньне высяліць з зон адчужэньня ўсіх жадаючых. Было праведзена апытаньне самапасяленцаў з мэтай выяўленьня жадаючых перасяліцца. Папярэдне далі згоду на перасяленьне 93 сям’і. Для іх збудавалі жыльлё ў розных населеных пунтках Кіеўскай вобласьці. Калі настаў час перасяляцца, то большасьць з тых, хто даў папярэдне згоду, адмовіліся ад перасяленьня, матывуючы тым, што іх не задавольвае населены пункт альбо якасьць жыльля. Іншая частка атрымала жыльлё, але працягвала жыць у зоне адчужэньня. Такім чынам, спроба адразу высяліць з зоны адчужэньня значную частку самапасяленцаў не прынесла належнага выніку.

Артыкул 12 закону Ўкраіны «Пра прававы рэжым тэрыторыі, што падзьверглася радыяактыўнаму забруджваньню ў выніку Чарнобыльскай катастрофы» забараняе пастаяннае пражываньне грамадзянаў у зоне адчужэньня. Сыходзячы з патрабаваньняў гэтага артыкула Адміністрацыя зоны адчужэньня яшчэ ў 1993 годзе парушыла пытаньні па прымусовым адсяленьні па-за межы зоны адчужэньня асобаў, якія самавольна вярнуліся на гэтую тэрыторыю і маюць жыльлё на чыстых тэрыторыях. Але дазволу на прымусовае перасяленьне ні Генэральная пракуратура, ні Вярхоўны суд не далі, спасылаючыся на канстытуцыйнае права грамадзянаў самастойнага выбару месца пражываньня.

Галоўнай прычынай забароны пражываньня жыхароў у зонах адчужэньня і безумоўнага (абавязковага) высяленьня зьяўляецца радыяцыйны стан на гэтых тэрыторыях. Дасьледваньні радыяцыйнага стану ў месцах пражываньня самапасяленцаў сьведчаць пра тое, што застаецца ўстойлівым забруджваньне радыянуклідамі прадуктаў харчаваньня, якія вырошчваюцца на прысядзібных дзялянках, загатоўліваюцца ў лесе. Прыкладам, утрыманьне радыянуклідаў у малацэ перавышае ў 2-3 разы гранічна дапушчальныя нормы, у медзі — у 2,1 разы, у грыбах — ад 10 да 50 разоў, у рыбе — ад 2,5 да 9 разоў, у лясных ягадах да 100 разоў перавышае гранічна дапушчальную норму. Пры такіх умовах прыжваньне людзей на гэтых тэрыторыях зьяўляецца недапушчальным[3].

Адпаведна распараджэньням Кабінэту міністраў Украіны ад 9 лютага 1993 году № 88-р і ад 19 ліпеня 1999 году № 690-р прадпрыемствы зоны адчужэньня разам з Іванкаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыяй прымаюць меры па забесьпячэньні жыцьцядзейнасьці і сацыяльнай ахове пасяленцаў зоны адчужэньня: пэнсіянэрам, якія пражываюць у сёлах зоны адчужэньня, штомесяц дадому дастаўляецца пэнсія; аказваецца дапамога ва ўладкаваньні ў дом асобаў старога ўзросту, ажыцьцяўляецца нагляд за самотнымі грамадзянамі, аказваюцца рытуальныя паслугі; у васьмі сёлах, дзе пражываюць самапасяленцы (Цярамцы, Ладзіжычы, Парышаў, Ільлінцы, Рудня Ільлінецкая, Луюянка, Апачычы, Купаватае), адноўленая радыётэлефонная сувязь; электрыфікавана кожнае сяло, дзе пражываюць жыхары, зьдзяйсьняюцца аўтобусныя перавозы жыхароў для вырашэньня сацыяльна-побытавых праблемаў да раёцэнтру Іванкава за трыма асноўнымі напрамкамі: Цярамцы, Ільлінцы, Апачычы. На вялікія рэлігійныя сьвяты арганізуюцца паездкі да царквы у г. Чарнобыль; жыхарам зоны адчужэньня надаецца мэдычная дапамога. Пэрыядычна яны праходзяць мэдагляд у мэдыка-санітарнай частцы № 16. Неадкладную дапамогу надае хуткая мэдыцынская дапамога; штотыдзень у сёлы прыяжджае аўталаўка Іванкаўскай райспажыўсуполкі з харчовымі таварамі і таварамі паўсядзённага попыту. Паводле дамовы з газавым гаспадарствам у Іванкава дастаўляецца звадкаваны газ; ажыцьцяўляецца дазымэтрычны кантроль прадуктаў, вырашчаных на прысядзібных дзялянках, грыбоў, рыбы і надаюцца рэкамэндацыі жыхырам наконт спажываньня гэтых прадуктаў; паводле графіку праводзіцца тэхнічнае абслугоўваньне калодзежаў агульнага карыстаньня; надаецца дапамога ў загатоўцы і дастаўцы дроў; падтрымліваюцца ў належным стане і рамантуюцца дарогі, якія вядуць да населеных пунктаў, дзе пражываюць самапасяленцы; уведзены парадак наведваньня жыхыроў зоны адчужэньня роднымі і блізкімі. Яны маюць магчымасьць прыходзіць на тэрыторыю зоны адчужэньня пабачыць сваякоў на ўласным транспарце. МНС разам з Кіеўскай абласной дзяржаўнай фэдэрацыяй шырока арганізоўвае наведваньні зоны адчужэньня эвакуяванымі жыхарамі ў памінальныя дні; арганізавана наданьне гуманітарнай дапамогі рознымі грамадзкімі і дабрачыннымі арганізацыямі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]